ста́рыца, ‑ы, ж.

Старое, перасохлае рэчышча. [Сабіна] на момант застывае з іголкай у руцэ, радасна і неяк задумліва глядзіць не на бераг, а ўбок, налева, дзе бурым чаротам цямнее старыца — даўняе, парослае лазой, рэчышча ракі. Ракітны. Усё часцей трапляюцца старыцы — вялікія паўколы бліскучай, люстранай роўнядзі: гэта тыя ўчасткі, дзе цякла Прыпяць раней і якія спрамілі рачнікі. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапе́ц, ‑пца, м.

1. Лёгкі галаўны ўбор у выглядзе шапачкі, які раней насілі замужнія жанчыны. На сівых буклях непрыступна ўзвышаўся беласнежны высокі чапец. Караткевіч. Раздзялілі косачку дый на дзве касы, Абматалі косачку вакол галавы, Надзелі на косачку шаўковы чапец, Ды ўжо таго чэпчыка павек не скідаць. З нар.

2. Спец. Складка брушыны, якая ахоплівае і падтрымлівае тонкія кішкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэзавуі́раваць

(фр. désavouer)

заяўляць аб нязгодзе з дзеяннямі даверанай асобы або аб пазбаўленні яе права дзейнічаць у далейшым ад імя даверніка, а таксама адмаўляцца ад зробленых раней кім-н. заяў (напр. д. заяву пасла, д. сваю заяву ў прэсе).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

імігра́нт

(лац. immigrans, -ntis = перасяленец)

1) іншаземец, які прыехаў у якую-н. краіну на пастаяннае жыхарства (параўн. эмігрант);м

2) жывёла (від, род), якая перасялілася на дадзеную тэрыторыю з іншай, дзе яна ўзнікла і развівалася раней.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУГАЁЎ (Яўген Іосіфавіч) (н. 11.12.1912, в. Красова Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. гісторык, публіцыст. Д-р гіст. н. (1971). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры імя М.​Г.​Чарнышэўскага (1940). З 1942 у апараце ЦК ВКП(б). З 1944 сакратар Гомельскага абкома, 1-ы сакратар Мінскага абкома і гаркома КП(б)Б, сакратар Омскага абкома ВКП(б). З 1954 у час. «Партийная жизнь», «Проблемы мира и социализма», гал. рэдактар час. «Вопросы истории КПСС» (1960—61), «Партийная жизнь» (1961—66), нам. гал. рэдактара час. «Коммунист» (1966—86). Адначасова з 1943 выкладаў у ВНУ. У 1972—87 праф. Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51, яго старшыня ў 1948—50. Аўтар прац па гісторыі КПСС і КПБ. Упершыню ўвёў у гіст. навуку невядомыя раней дакументы з архіва ЦК КПСС пра ўтварэнне БССР і КПБ.

У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916, Скробава-Гарадзішчанская аперацыя 1916,

наступальная аперацыя рус. войскаў Зах. фронту (галоўнакамандуючы ген. А.​Е.​Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.​Ф.​Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс. Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс. чал., страты праціўніка — каля 25 тыс. чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.

А.​М.​Бабкоў.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГА́МБУРГ»

(«Hamburg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну супраць партызан і мясц. насельніцтва ў трохвугольніку Ліда—Баранавічы—Ваўкавыск. Адбылася 7—17.12.1942. Мэта аперацыі — наступленнем прыціснуць партызан і мясц. жыхароў, што адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокаў рэк Шчара і Нёман і знішчыць. Аперацыю праводзілі паліцэйскі полк, 5 паліцэйскіх і ахоўных батальёнаў, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, артыл. рот і дывізіёнаў пад камандаваннем брыгадэнфюрэра СС К. фон Готберга. Ім процістаялі 4 партыз. атрады (800 чал.) і Ленінская партыз. брыгада, якая прыняла асн. ўдар праціўніка. Пасля жорсткіх баёў у ноч на 17 снеж. партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны. У выніку аперацыі карнікамі было загублена 6172 чал., з іх 4498 чал. мірнага насельніцтва. Пасля перагрупоўкі сваіх сіл акупанты працягвалі аперацыю пад кодавай назвай «Альтона».

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙЕЛАЎСТО́НСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Yellowstone National Park). На ПнЗ ЗША у штатах Ваёмінг, часткова Мантана і Айдаха. Першы ў свеце нац. парк. Засн. ў 1782 1872. Пл. 898,3 тыс. га. Ландшафты Скалістых гор, каньёны, вадаспады (выш. да 94 м) на р. Йелаўстан, больш за 3 тыс. гарачых крыніц і гейзераў, у т. л. гейзер Экселсіёр (выш. вывяржэння да 90 м), найб. ў Паўн. Амерыцы высакагорнае воз. Йелаўстан (на выш. 2359 м, пл. 360 км²). 90% тэр. пад хваёвымі лясамі (хвоя, елкі блакітная і Энгельмана, піхты горная і дугласава) з дамешкамі вольхі, бярозы, асіны. Акамянелыя дрэвы на ўчастках, якія раней былі пахаваны пад вулканічным попелам і лавай. У фауне чарнахвосты алень, мядзведзі (барыбал, грызлі), бізон, лось, горны баран і інш.; каля 200 відаў птушак, у т. л. гняздоўі белагаловага арла (нац. сімвал ЗША). Біясферны рэзерват. Турызм. Уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культ. і прыроднай спадчыны.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙДАНАЎСКІ БОЙ 1812 Адбыўся каля мястэчка Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.) на дарозе Нясвіж—Мінск паміж рус. корпусам К.​В.​Ламберта і франц.-польск. атрадам Ф.​К.​Касецкага 15 ліст. ў вайну 1812. Пад націскам намнога большых рус. сіл франц.-польск. войскі пачалі адступаць у напрамку Мінска, але былі акружаны і прымушаны здацца. Касецкі страціў пад Койданавам каля 3 тыс. чал. палоннымі, а за 2 дні (13 ліст. каля Нова-Свержаня і 15 ліст. каля Койданава) больш за 1 тыс. чал. забітымі, 65 афіцэраў і 3870 чал. ніжніх чыноў палоннымі. Разам з Касецкім у Мінск прарваліся паводле адных звестак 500 чал., паводле другіх — каля 100 чал. У выніку К.б. быў адкрыты шлях 3-й Зах. арміі П.​В.​Чычагова на Мінск і Барысаў. Пасля страты 16 ліст. Мінска, Напалеон вымушаны быў адступаць па разбуранай раней дарозе на Вільню.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,

зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;

Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)