надёргать сов. нарва́ць; надра́ць; навырыва́ць; наску́бці; нашмо́ргаць;

надёргать гвозде́й нарва́ць (надра́ць) цвіко́ў;

надёргать се́на из сто́га наску́бці се́на са сто́га;

надёргать ни́ток из тка́ни нашмо́ргаць ні́так з ткані́ны;

надёргать поле́ньев из поле́нницы нацяга́ць пале́н з кастра́;

надёргать льна нарва́ць ільну́ (лёну);

надёргать цита́т навырыва́ць цыта́т.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

джут​1

(англ. jute, ад бенг. jūt)

травяністая расліна сям. ліпавых з цэласным лісцем і дробнымі кветкамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках; дае валакно, якое ідзе на выраб грубай тканіны, дываноў, вяровак і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

істу́жка і сту́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Палоска каляровай тканіны, якая скарыстоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і інш. мэт. Чырвоная істужка. □ Выйшла на пляц.. [Аксеня] — у шаўковых істужках, заплеценых у косы. Пестрак. // Палоска шаўковай тканіны пэўнага колеру і памераў для ордэнскага знака, медаля; нашыўка; знак адрознення. Ордэнская істужка. □ Гарэлі на сонцы чырвоныя істужкі на шапках у партызан. Шамякін.

2. Доўгая вузкая палоска з якога‑н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб. Ізаляцыйная істужка. □ Некаторы час тэлеграф маўчаў. І вось паплыла белая стужка з кропкамі і працяжнікамі. Алешка.

3. перан.; чаго. Тое, што ўецца, цягнецца вузкай доўгай паласой. Вузкая істужка рэек ляжала ўпоперак цераз Пнівадку. Чорны. За лугам сіняй істужкай вілася рэчка. Пестрак.

4. Рухомае перадатачнае палатно ў некаторых механізмах, транспартных прыстасаваннях. Канвеерная істужка. □ Пабеглі па бясконцай істужцы транспарцёра ўгору цагліны. Паслядовіч.

•••

Кінематаграфічная істужка — празрыстая істужкападобная плёнка з нанесеным на яе слоем святлоадчувальнай эмульсіі; кінаплёнка.

Кулямётная істужка — парусінавая або металічная палоска з гнёздамі для патронаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сурвэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікі (звычайна квадратны) кавалак тканіны або паперы, якім карыстаюцца для засцеражэння вопраткі ў час яды, у цырульнях і пад. Начальнік сядзіць за сталом.., падаткнуўшы пад бараду белую сурвэтку. Сачанка. Цырульнік змахвае сурвэткай рэшткі пены і шыпіць пульверызатарам. Каршукоў.

2. Абрус (звычайна невялікіх памераў), якім накрываюць стол. Палавічкі на падлозе, засланы бялюткай сурвэткай стол — усё тут было сціпла і разам з тым акуратна. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шту́ка

(польск. sztuka, ад с.-в.-ням. stücke = кавалак)

1) асобная рэч, прадмет з шэрагу аднародных (напр. некалькі штук яблыкаў);

2) рулон тканіны (напр. ш. палатна);

3) перан. выхадка, выбрык, незвычайны ўчынак (напр. устроіць штуку).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Плю́жыць ’ліць як з вядра’ (смарг., Сл. ПЗБ), плюжыла ’слата, хлюпа’ (барыс., Стан.). У выніку кантамінацыі бел. плюхаць, плюхацца і пляжыі(ь < польск. plażyć ’хвастаць, сцёбаць, плёскаць’, якое са ст.-польск. plaga ’кліматычная зона’ (XVI–XVII стст.), а апошняе — з лац. plaga ’доўгая рыбацкая сетка’ > ’паласа неба’, plagella ’палоска тканіны’ (Банькоўскі, 2, 596). Спрыяла кантамінацыі і наяўнасць польск. plużyć ’біць струменем’, што магло быць і непасрэднай крыніцай запазычання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сурвэ́та, сурвэ́тка ’кавалак тканіны або паперы для гігіенічных мэт’, ’абрус’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сурвэ́та, сарвэ́та ’абрус, настольнік’ (паст., швянч., брасл., Сл. ПЗБ), сурвэ́та ’сурвэтка’ (Сцяшк.), ’цырата’ (Гіл.), ’святочны абрус фабрычнай работы з узорамі’ (ДАБМ, камент., 925), сурвато́ўка ’фабрычнага вырабу хустка з узорамі’ (маладз., Гіл.), ст.-бел. сервета ’абрус, настольнік’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. serweta, якое ад франц. serviette < servir ’служыць’ (Кюнэ, Poln., 96; SWO, 679). Гл. яшчэ сарвэта.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рт 1 ’прыстань, месца для прыходу і стаянкі караблёў’ (ТСБМ, Ласт.); ст.-бел. портъ ’тс’ (з XVI ст.), што, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 122; Запазыч., 253), са ст.-польск. port (з 1471 г.), якое ад лац. portus ’тс’ (Банькоўскі, 2, 706). Не выключана другаснае запазычанне праз рус. порт з ням. Port або франц. port ’тс’.

По́рт 2 ’льняная, канапляная або баваўняная тканіна ці пража’, ’тканіна з ільняных ці пяньковых нітак’ (ТСБМ, Нас., Уладз., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’кудзеля, чэсаная напалам — воўна з лёнам’ (Бяльк., Байк. і Некр.), ’пах ад гарэлага адзення з лёну’ (Нас., Байк. і Некр.), ’рэшткі спаленай анучкі’ (Скарбы), ст.-бел. портъ ’тканіна; адзенне’: портъ царскыи (Альтбаўэр, 165), сюды ж по́ртны, по́ртавы ’парцяны’ (хойн., Мат. Гом.; Байк. і Некр.), по́рця ’бялізна’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), по́рце ’тс’ (Сцяшк. Сл.); параўн. укр. порт ’канапляная або льняная нітка ў ваўнянай тканіне’, рус. порт ’(льняная або баваўняная тканіна’, ст.-рус. пъртъ ’кавалак тканіны; шматок; пялюшка’, польск. part, parć ’адрэз тканіны на адзенне’, славен. ṕrt ’кавалак палатна; прасціна’, харв. pȑt ’адзенне з лёну’, серб. пр̏тен ’ільняны’, балг. пъртуши́на ’паношаныя апранахі’, ст.-слав. прьтъ ’кавалак палатна’. Прасл. *pъrtъ выводзяць з *porti ’пароць’ (Фасмер, 3, 334): можа разглядацца як аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння ад *rūti > *ryti/*rъvati > *po‑rъtъ ’тое, што адрэзана, адарвана’ > ’тканевы адрэз, шматок’. Першасным для порт можна дапусціць значэнне ’адрэз сукна’, ці, як падае Сной (511), — ’адарваны кавалак тканіны’. Малаверагодна роднаснасць з літ. spartas ’завязка’ і грэч. σπάρτος ’расліна, з галін якой скручвалі вяроўкі’, параўн. Бязлай, 3, 130.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НУ́БІЯ,

1) гістарычная вобласць у даліне Ніла паміж 1-м і 5-м парогамі, цяпер тэр. Егіпта і Судана. У старажытнасці ўваходзіла ў склад Мераіцкага царства. З 5 ст. тут існавалі Набатыя і Мукура, якія ў пач. 7 ст. зліліся ў адзіную дзяржаву. У 1820 захоплена пашой Егіпта Мухамедам Алі.

2) Сярэдневяковая хрысціянская дзяржава нубійцаў у 7—14 ст. (іх сталіца г. Донгала Старая), у якую ўваходзіла намесніцтва Набатыя і каля 13 васальных царстваў. Была падзелена на 7 епіскапстваў. Агульнай была стараж.-нубійская мова. Пасля заваявання Егіпта арабы імкнуліся захапіць і паўн. раён Н. (640—642), асадзілі Донгалу (652), але былі разбіты нубійскімі лучнікамі. Паміж варагуючымі бакамі быў падпісаны адзіны ў сярэдневяковай гісторыі арабаў дагавор аб ненападзе, гандлі і дыпламат. адносінах, паводле якога Н. пастаўляла ім нявольнікаў у абмен на пшаніцу, віно, тканіны. Пасля вайны ў 852—853 з арабамі, у 969 зноў заключаны мірны дагавор на 100 гадоў. Дынастычныя і рэліг.-паліт. спрэчкі у 13 ст. аслаблялі дзяржаву. У выніку набегаў мамлюкаў трон у Н. захапіла ісламская партыя. Апошні раз Н. згадваецца ў 1397. У канцы 14 ст. Н. заселена араб. плямёнамі і ісламізавана.

Літ.:

Белова Г.А. Египтяне в Нубии (III—II тысячелетия до н.э.). М., 1988.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЛО́ННЫХ ДА́ХАВЫХ І ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці па вытворчасці ўсіх відаў мяккіх дахавых (руберойду, пергаміну, толю і інш.) і гідраізаляцыйных матэрыялаў.

На Беларусі руберойд і пергамін пачалі вырабляць з 1961 на Мінскім камбінаце буд. матэрыялаў (з 1994 адкрытае акц. т-ва «Керамін»), дзе пабудаваны спец. цэх на адну тэхнал. лінію магутнасцю 21 млн. м² за год. У 1973 завершана буд-ва Асіповіцкага кардонна-руберойдавага завода (з 1994 акц. т-ва «Дах») магутнасцю 50 тыс. т дахавага кардону і 125 млн. м² мяккага крыцця за год. Тэхнал. абсталяванне для вырабу кардону пастаўлена фірмай «Фампа» (Польшча), усё астатняе абсталяванне — айч. прам-сцю. Для вырабу кардону выкарыстоўваюць рыззё, макулатуру, драўніну. Адкрытае акц. т-ва «Дах» — прадпрыемства з поўным закончаным тэхнал. цыклам вытв-сці мяккіх дахавых матэрыялаў. На ім асвоены выпуск новых відаў дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў на аснове бітумнага і бітумна-палімернага кампанентаў (біпалікрын і бікрын) з палепшанымі трываласнымі і эксплуатацыйнымі паказчыкамі. У якасці асновы гэтых матэрыялаў выкарыстоўваюць новыя імпартныя і айч. поліэфірныя і шкляныя палотны, тканіны. Вытв-сць гідрашклоізолу ў Рэспубліцы Беларусь наладжана ў адкрытым акц. т-ве «Гідрашклоізол» (пас. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1994 уведзена тэхнал. лінія магутнасцю 3 млн. м² за год. Выпушчана 1,45 млн. м² гідрашклоізолу (1998).

М.​Ф.​Грынько.

т. 13, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)