род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды: Д. цудоўная (D. spectabilis, радзіма — Кітай, Карэя) і прыгожая, або амерыканская (D. formosa, радзіма — Паўн. Амерыка). Вырошчваюць у садах і кветніках. Размнажаюць дзяленнем кустоў і карэнішчаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамым разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце трайчаста-раздзельнае, перыстарассечанае або складанае, зялёнае ці шызавата-зялёнае. Кветкі пляскатыя, сэрцападобныя (адсюль бытавая назва расліны — «разбітае сэрца»), пераважна ружовыя або пурпуровыя, у доўгіх аднабаковых гронках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРВІ́ЛА (Diervilla),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Вельмі блізкі да роду вейгела. 5 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі 3 інтрадукаваныя віды: Д. бружмелевая (D. lonicera), сядзячалістая (D. sessilifolia) і прырэчная, або ручаёвая (D. rivularis). Вырошчваюцца пераважна ў бат. садах, дэндрарыях і парках. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Лістападныя кусты выш. да 2 м з разгалінаванымі парасткамі і шчыльнай шарападобнай кронай. Лісце простае, супраціўнае, авальна-выцягнутае або падоўжанае, бліскучае, па краі пілаватае. Кветкі двухполыя, няправільныя, зеленавата-жоўтыя, даўж. да 1 см, у гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — 2-гнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДАЕ́РА (Goodyera),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Названы ў гонар англ. батаніка Дж.Гудаера. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, трапічнай Азіі. На Беларусі зрэдку пераважна ў паўн. раёнах трапляецца гудаера паўзучая (O. repens). Расце ў сырых цяністых хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з невысокім сцяблом і шнурападобным паўзучым карэнішчам. Лісце нешматлікае, сядзячае, збліжанае ў ніжняй частцы сцябла накшталт прыкаранёвай разеткі. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, звонку зеленаватыя, з прыемным пахам, сабраны ў густое коласападобнае суквецце. Плод — шматнасенная каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБЕ́РА (Gerbera),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў трапічных, радзей умераных абласцях Афрыкі і Азіі. Найб. вядомая ў кветкаводстве Г. Джэмсана (G. jamesonii), яе садовыя формы і сарты з буйнымі кошыкамі і язычковымі кветкамі, афарбаванымі ў яркія або пастэльныя тоны. Выкарыстоўваюць як вазонныя расліны або на зразанне. На Беларусі вырошчваюць як кветкава-дэкаратыўную культуру ў цяпліцах і аранжарэях, у паўд. краінах — ў адкрытым грунце.
Шматгадовыя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом. Прыкаранёвае лісце сабрана ў разетку. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгім кветаносе (стрэлцы). Плод — сямянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЧО́ЎНІК (Conioselinum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ў лясных раёнах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдка ў паўн. і ўсх. раёнах трапляецца гірчоўнік татарскі, або похвенны (C. tataricum). Расце ў лісцевых лясах і хмызняках, у далінах невял. рэк. Патрабуе аховы.
Шматгадовыя голыя травяністыя расліны з прамастойным, каленчата-сагнутым у вузлах, уверсе разгалінаваным цыліндрычным сцяблом з шызым налётам, выш. да 150 см. Ніжняе лісце чаранковае, двойчы-тройчыперыстарассечанае, верхняе сядзячае, больш дробнае. Кветкі белыя, дробныя, у складаных парасоніках. Плод — голы, бліскучы віслаплоднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАМЕ́Я (Ipomoea),
род кветкавых раслін сям. бярозкавых. Каля 500 відаў, пашыраны пераважна ў тропіках. Культывуецца ў Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Паўд. Украіне. Найб. каштоўны батат. На Беларусі вырошчваюць І. пурпуровую (I. purpurea) як дэкар. расліну.
Адна- і шматгадовыя, павойныя ці сцелістыя травы і кусты. Карэнішча клубнепадобна патоўшчанае. Парасткі некат. (I. pes-caprae) даўж. да 18 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, часта апушанае валаскамі, якія надаюць ім шаўкавісты бляск. І. пурпуровая — павойная расліна з буйнымі белымі, ружовымі, блакітнымі і фіялетавымі кветкамі, якія закрываюцца нанач. Цвіце з чэрв. да верасня. Ёсць махровыя формы. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́САВАЯ ПА́ЛЬМА (Cocos nucifera),
кветкавая расліна сям. пальмаў. Адзіны від роду. Пашырана на акіянічных узбярэжжах трапічных абласцей, дзе шырока культывуецца.
Вечназялёнае дрэва выш. да 30 м, крона з вял. перыстага лісця даўж. 3—6,5 м, шыр. 1—1,5 м. Кветкі аднаполыя, сабраныя ў пазушныя суквецці. Плод (какосавы арэх) — касцянка 1,5—2,5 кг. Драўніну выкарыстоўваюць у буд-ве, валакністую абалонку плода (койр) — на пляценне канатаў, цыновак і інш.; з мякаці пладоў (копры) атрымліваюць какосавы алей, макуху (корм для жывёлы); насенне і яго вадкасць (какосавае малако) ядомыя. З соку суквеццяў робяць цукар, сіроп, віно. Дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАСНЯ́К (Leymus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎР (Laurus),
род кветкавых раслін сям. лаўровых. 2 віды. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на астравах Атлантычнага ак. Са стараж. часоў у культуры Л. высакародны (L. nobilis); лаўровы вянок і лаўровая галінка — сімвал славы, доблесці і перамогі. На Беларусі культывуюць у пакоях, аранжарэях.
Вечназялёныя дрэвы ці кусты. Лісце чаргаванае, скурыстае, суцэльнакрайняе. Кветкі белавата-жоўтыя, дробныя, у парасонападобных суквеццях. Плод — сіне-чорная касцянка. Лісце выкарыстоўваюць у кансервавай і кандытарскай прам-сці, з пладоў атрымліваюць эфірны алей, драўніна ідзе на дробныя вырабы. Дэкар. расліны.
Лаўр высакародны. Галінкі расліны: 1 — жаночай; 2 — мужчынскай; 3 — ліст з верхняга боку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ЛІЯ (Camellia),
род кветкавых раслін сям. чайных. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Кітаі, Японіі. Культывуецца ў адкрытым грунце (Крым, Каўказ), аранжарэях, пакоях. Найб. пашырана К. японская (C. japonica), якая мае шмат гібрыдных форм.
Вечназялёныя дрэвы і кусты выш. 8—15 м. Лісце чаргаванае, простае, на кароткіх чаранках. Кветкі адзіночныя, пазушныя, чырвоныя, ружовыя, белыя, стракатыя, простыя ці махрыстыя. Плод — касцянка, каробачка або ягада. З лісця К. сасанква (C. sasanqua) атрымліваюць алей, які выкарыстоўваецца ў зубалячэбнай практыцы, касметыцы, харч. прам-сці.