ЛІНЕ́Я (Linnaea),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Названа ў гонар К. Лінея. 1 від — Л. паўночная (L. borealis). Пашырана ў Паўн. паўшар’і. Рэлікт ледавіковага перыяду. На Беларусі праходзіць паўд. мяжа яе арэала. Занесена ў Чырв. кнігу. Расце ў хваёвых і яловых лясах імшыстага і бруснічнага тыпаў невял. курцінкамі.

Вечназялёныя сцелістыя кусцікі з тонкімі сцёбламі даўж. 1—2 м і бакавымі прамастойнымі галінкамі выш. 10—20 см. Лісце дробнае, круглаватае, скурыстае, па краях зубчастае, супраціўнае. Кветкі белыя або ружовыя з пурпуровымі жылкамі і прыемным пахам ваніліну, па 2 на канцах кветаносаў. Плод — касцянка.

Лінея паўночная.

т. 9, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)