1) у літаратуры — галоўная думка, праблема літ. твора, пастаўленая пісьменнікам. Выбар Т. абумоўлены жыццёвым вопытам, грамадскімі і асабістымі інтарэсамі, маст. густам, светапоглядам, пазіцыяй пісьменніка. З Т. звязана ідэямаст. твора. Раскрываецца пры дапамозе сюжэта, які падпарадкоўваецца гал. Т. твора. Напр., Т. зямлі, якая спрадвеку ўвасабляла для селяніна волю і шчасце, праходзіць праз усю паэму Я.Коласа «Новая зямля» і аб’ядноўвае ўсе сюжэтныя лініі. У творы могуць быць пабочныя Т., якія разам з галоўнай складаюць тэматыку твора (у трылогіі «На ростанях» Я.Коласа, побач з Т. чалавек і нацыя, становішча бел. народа ў Расійскай імперыі, жыццё розных слаёў бел. грамадства і г.д., выразна прасочваецца гал. Т. — народ і інтэлігенцыя, пошукі апошняй шляхоў духоўнага абуджэння). Існуюць т.зв. «вечныя Т.» — каханне, смерць, сэнс жыцця, — якія ў розныя часы і рознымі аўтарамі вырашаліся па-рознаму Вял. значэнне для твора мае актуальнасць узнятай Т. 2) У выяўленчым мастацтве аб’ект выяўлення, жыццёвыя з’явы, праблемы і прынцыпы, пакладзеныя ў аснову маст. твора; асн. прынцып утварэння жанраў (бытавы жанр, гістарычны жанр, нацюрморт, партрэт, пейзаж). Т. канкрэтызуецца ў сюжэце і выяўл. матывах, у ідэі твора, змесце творчасці і светаўспрыманні мастака. Пастаяннае кола Т. ў мастацтве пэўнай эпохі, кірунку, стылю, у творчасці мастака наз.тэматыкай. У мастацтвазнаўстве бытуюць паняцці тэматычнай кампазіцыі (у манум. жывапісе, у скульптуры і графіцы) і сюжэтна-тэматычнай карціны, звязаныя з іерархіяй Т. (гісторыка-рэв., батальная, быт. і інш.).
3) У музыцы — пабудова, што ляжыць у аснове муз. твора ці яго часткі, у якой увасабляецца гал. ідэя твора. Выяўляецца з дапамогай відазменных паўтораў, варыяцыйных і варыянтных пераўтварэнняў, матыўнай распрацоўкі санатнага тыпу. Т. мае дваістую прыроду: з аднаго боку, гэта маст. вобраз у драматургіі музычнай, з другога — спецыфічна арганізаваная пабудова, якая выконвае кампазіцыйную функцыю. Класічным Т. уласцівы пэўны характар (лірычны, драм., эпічны), жанравыя (танц., маршавыя, харальныя, песенныя) і стылявыя асаблівасці. Змест твора вызначаецца драматургіяй муз. твора, якая складаецца з Т. ці групы Т., а таксама засн. на трансфармацыі адной Т. (гл.Монатэматызм).
Тэрмін вядомы з 16 ст.Традыц. носьбітам Т. з’яўляецца аднагалосая мелодыя (у фузе) ці мелодыя з усімі галасамі суправаджэння (у гамафонных формах, гл.Гамафонія). З сярэдзіны 19 ст. ў гамафоннай музыцы побач з Т. класічнага тыпу пашыраюцца кароткія Т. (гл.Лейтматыў) і т.зв. бясконцая мелодыя (непарыўнае меладычнае разгортванне без выразнага вылучэння Т.). У музыцы 20 ст. ролю Т. выконваюць таксама рытм, тэмбр, фактура, гармонія і інш.
У бел.прафес. музыцы, якая развіваецца на аснове класічных традыцый, Т. — вызначальны фактар зместу муз. твора. Багацце бел.нар. песень адлюстравана ў разнастайнасці муз. Т., блізкіх да фальклору, і ў апрацоўках нар. мелодый. Меладычнасць, напеўнасць, эмац. адкрытасць і глыбіня пачуццяў — гал. рысы лепшых муз. Т. у жанры масавай песні.
Літ.:
Валькова В. К вопросу о понятии «музыкальная тема» // Муэыкальное искусство и наука. М., 1978. Вып. 3;
Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;
Назайкинский Е.В. Логика музыкальной композиции. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГРЫ́НАЎ Іван Гаўрылавіч (21.12.1934, в. Вялікі Бор Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.1.1996),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1994). Брат П.Г.Чыгрынава. Скончыў БДУ (1957). З 1957 працаваў у выд-ве «Навука і тэхніка», з 1962 у час. «Полымя». З 1975 нам. старшыні, з 1976 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1987 старшыня праўлення Бел. фонду культуры, адначасова з 1989 гал. рэдактар час. «Спадчына». Друкаваўся з 1952. Пачаткам літ. дзейнасці сам Ч. лічыў 1961, калі было апублікавана апавяд. «Праз гады». У зб-ках апавяд. «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі» (1983) і інш. духоўная прыгажосць чалавека ў мірных і ваен. умовах. Раманы «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976, за абодва Літ. прэмія імя А.Фадзеева 1979), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1996) звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (вёска Верамейкі, таму наз. «верамейкаўскі цыкл»), У іх адлюстравана атмасфера ваен. часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне партыз. руху, даследаваны вытокі гераізму і мужнасці бел. народа, створаны яркія вобразы патрыётаў перыяду Вял.Айч. вайны. Паводле сваіх раманаў і апавяд. Ч. стварыў п’есы «Плач перапёлкі» (паст. 1980, Бел.т-р імя Я.Купалы), «Апраўданне крыві» (паст. 1984, Брэсцкі абл.драм.т-р), «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (паст. 1986, Тэатр-студыя кінаакцёра). Аўтар п’ес «Следчая справа Вашчылы» (1988, пра кіраўніка Крычаўскага антыфеад. паўстання 18 ст.), «Звон — не малітва» (паст. 1988, т-р імя Я.Купалы; пра княгіню Рагнеду), «Чалавек з мядзведжым тварам» (1989, погляд на эпоху Сталіна). У трагічным гратэску «Ігракі» (1990) перадваен. падзеі. Драм. фантазія «Хто вінаваты?», абразок «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» пра Чарнобыль і звязаныя з ім праблемы. П’еса «Прымак» (1994) і драм. аповесць «Брат караля» (1995) пра бел. дзяржаўнасць часоў ВКЛ. Драма «Савіцкі» (1994) пра заступніка абяздоленых, «бел. Дуброўскага». У трагікамедыі «Госці» (паст. 1994, т-р імя Я.Купалы) аналіз стану грамадства пач. 1990-х г. П’еса «Зайграй, хлопча малы» (1995) пра бел. паэта П.Багрыма. Творчасці Ч. ўласцівы глыбокі дэталёвы аналіз унутр. свету чалавека, паэтычнасць, рэаліст. канкрэтная вобразнасць, высокая культура слова. Аўтар манаграфіі «М.Я.Нікіфароўскі» (1960, з В.К.Бандарчыкам), крытыка-публіцыстычных кніг «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам: Роздум над жыццём, культурай і літаратурай» (1994). На бел. мову пераклаў п’есы «На дне» М.Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага і інш. Сааўтар сцэнарыя шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць...» (1970, з І.Новікавым, Дзярж. прэмія Беларусі 1974). Паводле раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» рэж. І.Дабралюбаў на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў шматсерыйны тэлефільм «Плач перапёлкі» (1991). Па матывах рамана «Плач перапёлкі» У.Кандрусевіч напісаў аднайм. сімфонію.
Тв.:
Зб.тв.: У 6 т. Т. 1. Мн., 1995;
Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1984;
Звон — не малітва: Драмы. Мн., 1993.
Літ.:
Грамадчанка Т.К. Жывая памяць народа. Нарыс творчасці Івана Чыгрынава. Мн., 1984;
Марціновіч А.А. Іван Чыгрынаў Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. ēlektron бурштын),
сукупнасць эл.-магн. з’яў, звязаных з існаваннем, рухам і ўзаемадзеяннем зарадаў электрычных (зараджаных цел і часціц). Існаванне нерухомых зарадаў спараджае электрастатычнае поле, праз якое яны ўзаемадзейнічаюць (вывучаецца электрастатыкай). Рух зарадаў (электрычны ток) выклікае электрычнае поле і магнітнае поле. Яны звязаны паміж сабой і ўтвараюць электрамагнітнае поле, пры дапамозе якога ажыццяўляецца электрамагнітнае ўзаемадзеянне. Часткай агульнага вучэння пра Э. з’яўляецца магнетызм. Выкарыстаннем Э. ў тэхніцы займаецца электратэхніка. У вузкім сэнсе Э. — самі эл. зарады.
Эл. і магн. з’явы вядомы з глыбокай старажытнасці Назіраліся маланкі, свячэнні на вастрыях высокіх пабудоў і інш. праявы атмасфернай электрычнасці, прыцягванне пэўнымі мінераламі кавалачкаў жалеза, а бурштынам, пацёртым аб шэрсць, — лёгкіх прадметаў (электрызацыя трэннем). Тэрмін «Э.» увёў у 1600 У.Гільберт, які ўстанавіў адрозненне паміж эл. і магн. з’явамі, існаванне магн. полюсаў і інш. У 1733—34 франц. фізік Ш.Ф.Дзюфэ выявіў існаванне 2 родаў эл. зарадаў (адмоўных і дадатных) і характар іх узаемадзеянняў. У 1745 вынайдзены кандэнсатар (лейдэнская банка), які дазволіў назапашваць вял.эл. зарады. У 1745—53 Б.Франклін стварыў першую тэорыю эл. з’яў, устанавіў эл. прыроду маланкі. У 2-й пал. 18 ст. з’явіліся першыя вымяральныя прылады — электраскопы, электрометры. Г.Кавендыш (1773) і Ш.А.Кулон (1785) устанавілі закон узаемадзеяння эл. зарадаў (Кулона закон). Л.Гальвані (1791) і А.Вольта (1794) стварылі хім. і кантактавыя крыніцы эл. току (гальванічныя элементы і батарэі з іх — т.зв. вольтавы слупы). У 1802 В.У.Пятроў адкрыў электрычную дугу. У 1820 адкрыта залежнасць паміж магн. полем і эл. токам — Біо—Савара закон; Х.К.Эрстэд устанавіў сувязь паміж эл. і магн. з’явамі; А.М.Ампер — закон узаемадзеяння эл. токаў (Ампера закон). У 1826 Г.Ом устанавіў залежнасць эл. току ад напружання (Ома закон), у 1830 К.Ф.Гаўс сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (Гаўса тэарэма), у 1831 М.Фарадэй адкрыў з’яву электрамагнітнай індукцыі, у 1833—34 — законы электролізу, упершыню ўвёў уяўленні пра эл. і магн. палі. Дж.П.Джоўль (1841) і Э.Х.Ленц (1842) даследавалі цеплавое дзеянне эл. току і абгрунтавалі Джоўля—Ленца закон. У 1861—73 Дж.К.Максвел сфармуляваў фундаментальныя ўраўненні класічнай электрадынамікі — Максвела ўраўненні, з якіх вынікае існаванне электрамагнітных хваль. Дж.Дж.Томсан у 1897 адкрыў электрон, у 1898 вызначыў абс. значэнне яго зараду. У 1880—1909 Х.А.Лорэнц стварыў электронную тэорыю будовы рэчыва, растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, заклаў асновы электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Ураўненні Максвела разам з электроннай тэорыяй Лорэнца сталі асновай класічнай электрадынамікі. Г.Л.Герц (1886—89) эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль, М.К.Э.Л.Планк (1900) і А.Эйнштэйн (1905) прыйшлі да высновы аб квантавым характары эл.-магн. поля. У 2-й чвэрці 20 ст. створана квантавая тэорыя эл.-магн. працэсаў — квантавая электрадынаміка. Вучэнне пра Э. — навук. аснова электра- і радыётэхнікі, электронікі, фіз. оптыкі, электрахіміі і інш.
Літ.:
Тамм И.Е. Основы теории электричества. 9 изд. М., 1976;
Калашников С.Г. Электричество. М., 1977;
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;
Власов А.А. Микроскопическая электродинамика. М., 1955;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСЕ́НІН Сяргей Аляксандравіч [3.10.1895, в. Канстанцінава (цяпер Ясеніна) Рыбнаўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 28.12.1925], рускі паэт. Скончыў царк.-настаўніцкую школу ў Спас-Клепіках (1912). У 1912—15 працаваў канторшчыкам, карэктарам, вучыўся ў Нар. ун-це імя А.Шаняўскага ў Маскве, удзельнічаў у Сурыкаўскім літ.-муз. гуртку. Скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1914 (верш «Бяроза»). З першых зб-каў «Радуніца» (1916), «Блакіт», «Ператварэнне», «Сельскі часаслоў» (усе 1918) выступіў як тонкі лірык, майстар глыбока псіхалагізаванага пейзажу, пясняр вясковай Русі, знаўца нар. мовы і нар. душы. У 1919—23 уваходзіў у групу імажыністаў (гл.Імажынізм). У кн. «Масква кабацкая» (1924), паэмах «Кабыліныя караблі» (1920), «Чорны чалавек» (апубл. 1926) трагічнае светаадчуванне, душэўны неспакой. У паэмах «Балада пра дваццаць шэсць», кн. «Русь Савецкая» (абедзве 1924) імкненне спасцігнуць паслярэв. Расію. У паэме «Ганна Снегіна» (1925) рамант. каханне на фоне рэв. падзей у роднай вёсцы. Пачуццём душэўнага прасвятлення, светлага кахання, шчырай любові да Радзімы прасякнуты цыкл вершаў «Персідскія матывы» (1925). Выразнымі рысамі паэзіі Я. з’яўляюцца персаніфікацыя прыродных з’яў, багатая палітра фарбаў з мноствам адценняў, надзвычайная меладычнасць. Аўтар драм. паэм «Пугачоў» (1922), «Краіна нягоднікаў» (1924—26), аповесці «Яр» (1916), апавяданняў «Каля Светлай Вады» (1916), «Бабыль і Дружок» (1917), нарыса пра ўражанні аб паездцы ў 3ΙΙ1Α «Жалезны Міргарад» (1923), літ.-крытычных артыкулаў. Творчасць Я. зрабіла ўплыў на многіх паэтаў свету, у т. л. і на бел. (А.Астрэйка, А.Вялюгін, А.Дудар, А.Куляшоў, В.Маракоў, Я.Пушча, П.Трус і інш.). Асабліва блізкая бел. паэзіі яго лірыка, у якой праз карціны і вобразы прыроды выяўлены глыбокія чалавечыя пачуцці. Артыкулы і рэцэнзіі пра творы Я. пісалі З.Бядуля, С.Вальфсон, С.Грахоўскі, І.Ралько і інш. Яго памяці прысвяцілі свае вершы А.Вольны, А.Гурло, А.Дудар, С.Законнікаў, М.Лужанін, Я.Пушча, А.Салтук, М.Танк, Я.Янішчыц і інш. Я.Бобрык, П.Глебка, С.Дарожны, М.Лужанін і Я.Туміловіч 23.9.1926 напісалі ліст у «Комсомольскую правду», у якім выступілі супраць вульгарызатарскай трактоўкі творчасці Я. ў артыкуле Л.Сасноўскага, змешчаным у гэтай газеце 19 верасня. На бел. мову асобныя творы Я. пераклалі Р.Барадулін, Ю.Гаўрук, А.Глобус, Грахоўскі, А.Дудар, М.Калачынскі, Куляшоў, Лужанін, Я.Міклашэўскі, М.Хведаровіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦОВАЕ КІРАВАННЕ І САМАКІРАВАННЕ
Ажыццяўляецца грамадзянамі празмясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Мясц. Саветы дэпутатаў з’яўляюцца прадстаўнічымі органамі дзярж. улады на тэр. адпаведных адм.-тэр. адзінак і асн. звяном мясц. самакіравання, якое забяспечвае на сваёй тэр. ўзгодненую дзейнасць органаў тэр. грамадскага самакіравання. Адзіную сістэму мясц. Саветаў дэпутатаў складаюць сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя і абласныя Саветы дэпутатаў. Яны выбіраюцца грамадзянамі, якія пражываюць на адпаведнай тэр., тэрмінам на 4 гады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 20.2.1991 (у рэдакцыі закона ад 10.1.2000) да выключнай кампетэнцыі мясц. Саветаў належаць: зацвярджэнне праграм эканам. і сац. развіцця (жыллёвага і дарожнага буд-ва, добраўпарадкавання, камунальна-быт. і сац.-культ. абслугоўвання насельніцтва, аховы прыроды і інш.), мясц. бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні; устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясц. падаткаў і збораў; вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; кантроль за выкарыстаннем зямель, іх нетраў, вод, лясоў, паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў і інш. прыродных рэсурсаў; вырашэнне пытанняў адм.-тэр. ўладкавання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; назначэнне мясц. рэферэндумаў. Для папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, а таксама для кантролю за выкананнем рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў з дэпутатаў выбіраюцца пастаянныя камісіі. Рэкамендацыі камісій аддаюцца на разгляд адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арганізацыямі.
Органамі мясц. кіравання агульнай кампетэнцыі і адначасова выканаўчымі і распарадчымі органамі мясц. Саветаў дэпутатаў з’яўляюцца абласныя, раённыя, гарадскія, пасялковыя і сельскія выканаўчыя камітэты з правамі юрыд. асобы. Яны падсправаздачныя і падкантрольныя вышэйстаячым выканаўчым і распарадчым органам, а таксама падсправаздачныя мясц. Саветам дэпутатаў па пытаннях, аднесеных да іх кампетэнцыі. У сістэму органаў выканаўчай улады ўваходзяць таксама мясц. адміністрацыі, утвораныя на тэр. раёнаў у гарадах, дзе не выбіраюцца раённыя Саветы дэпутатаў. Кіраўнікі мясц. выканаўчых і распарадчых органаў назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясц. Саветамі дэпутатаў. На аснове добраахвотнага волевыяўлення грамадзян па іх ініцыятыве, па ініцыятыве Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта могуць стварацца органы тэр. грамадскага самакіравання (саветы і камітэты мікрараёнаў, жыллёвых комплексаў, дамавыя, вулічныя, квартальныя, пасялковыя, сельскія камітэты і інш.) з мэтай вырашэння праблем сац.-эканам. развіцця сваёй тэр., задавальнення духоўных і культ. патрэбнасцей насельніцтва. На адпаведнай частцы адм.-тэр. адзінкі можа быць створаны толькі адзін орган тэр. грамадскага самакіравання. Мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, якія не адпавядаюць заканадаўству або абмяжоўваюць ці парушаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, адмяняюцца паводле існуючага заканадаўства або могуць быць абскарджаны ў суд. парадку. У выпадку сістэматычнага або грубага парушэння мясц. Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Саветам Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю прававых актаў у дзяржаве. Ствараецца для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе непасрэднага дзеяння на тэр. краіны, сцвярджэння законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні, вырашэння інш. задач, прадугледжаных заканадаўствам. Прававую аснову яго арганізацыі і дзейнасці складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», прыняты Парламентам 30.3.1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў 1995 і 1997), Рэгламент Канстытуцыйнага суда (прыняты 18.9.1997 з дапаўненнямі ад 11.6.2001). Канстытуцыйны суд фарміруецца на парытэтнай аснове: 6 суддзяў назначаюцца Прэзідэнтам, 6 выбіраюцца Саветам Рэспублікі з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень, валодаюць высокімі маральнымі якасцямі. З 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда Беларусі 5 кандыдатаў, 3 дактары юрыд. навук, прафесары, з іх адзін чл.-кар.Нац.АН Беларусі, 3 жанчыны. Старшыню Канстытуцыйнага суда з суддзяў назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў членаў суда — 11 гадоў, гранічны ўзрост — 70 гадоў; дапускаецца іх прызначэнне або выбранне на новы тэрмін. Суддзі Канстытуцыйнага суда не могуць быць членамі Савета Рэспублікі, дэпутатамі, а таксама членамі паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца дасягнення паліт. мэт; несумяшчальнымі з пасадай суддзі з’яўляюцца прадпрымальніцкая дзейнасць і інш. работа, якая аплачваецца (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай).
Канстытуцыйны суд разглядае справы і дае заключэнні: аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь; аб адпаведнасці Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам, законам і дэкрэтам пастаноў Савета Міністраў, актаў Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, Генеральнага пракурора, нарматыўных актаў міністэрстваў, ведамстваў, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Пытанні аб канстытуцыйнасці такіх актаў суд разглядае як у цэлым, так і асобныя іх часткі. У выпадку прызнання такіх актаў не адпаведнымі Канстытуцыі або актам больш высокай юрыд. сілы яны лічацца страціўшымі сілу з моманту, вызначанага судом. У неабходных выпадках па прапанове Прэзідэнта Канстытуцыйны суд дае заключэнні аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі Парламента. Суддзі, не згодныя з прынятым рашэннем, маюць права выкласці сваё асобае меркаванне ў пісьмовай форме. Выніковае рашэнне павінна быць абвешчана не пазней як праз 15 дзён з моманту заканчэння разгляду справы. Паводле заканадаўства рашэнні Канстытуцыйнага суда з’яўляюцца канчатковымі і не падлягаюць абскарджанню і апратэставанню; яны абавязковыя для выканання ўсімі дзярж. органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Невыкананне, неналежнае выкананне або перашкоды выкананню рашэння суда цягнуць адказнасць, устаноўленую законам. Канстытуцыйны суд рыхтуе штогадова пасланні Прэзідэнту і палатам Парламента пра стан канстытуцыйнай законнасці ў краіне. Суд не валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, паколькі сам кантралюе канстытуцыйнасць нарматыўных актаў. Аднак у адпаведнасці з законам ён мае права рабіць Прэзідэнту, Нац. сходу, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншым дзярж. органам прапановы пра неабходнасць унясення ў акты дзеючага заканадаўства змен ці дапаўненняў або прыняцця новых нарматыўных актаў. Афіц. выданнем суда з’яўляецца «Веснік Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь». Дзейнасць суда фінансуецца з дзярж. бюджэту, расходы ў сувязі з выкананнем яго абавязковых рашэнняў нясуць дзярж. органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, на якія было ўскладзена выкананне гэтых рашэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІКА ЦВЁРДАГА ДЭФАРМАВАНАГА ЦЕЛА
На Беларусі пачала вывучацца ў Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі (ФТІ) пад кіраўніцтвам С.І.Губкіна. Развіваючы фіз.-хім. кірунак навукі аб пластычнасці, С.І.Губкін стварыў асновы тэорыі дэфармаванасці металаў і сплаваў. У ФТІ даследаваліся праблемы, звязаныя з цячэннем жорстка-пластычнага матэрыялу, з асаблівасцямі напружана-дэфармаванага стану ў пераходных зонах (Я.М.Макушок, В.П.Севярдэнка, У.М.Сегал). Развіваліся метады: муаравых палос; выяўлення ліній слізгання з выкарыстаннем муаравага эфекту; даследавання зруху ў нераўнацэнных палях ліній слізгання; вымярэння нармальных і датычных напружанняў кропкавымі месдозамі; назапашвання арыентаванай дэфармацыі праз паўторны зрух. Атрыманы новыя аналітычныя рашэнні для аналізу трэння слізгання і качэння, на падставе якіх пабудавана тэорыя трэння пластычных цел.
Даследаваны працэсы валачэння і прасавання, заканамернасці фарміравання структуры паверхневых слаёў пры пластычнай дэфармацыі, устаноўлена колькасная сувязь паміж ступенню пластычнай дэфармацыі і скажэннем структуры паверхневага слоя, паказаны ўплыў умоў на кантактавай паверхні на мех. ўласцівасці дэфармаванага металу (Л.І.Гурскі, В.П.Севярдэнка). Даследаваны ўмовы пластычнасці пры розных тэмпературна-скарасных рэжымах дэфармавання металаў і сплаваў. Устаноўлены заканамернасці дэфармацыйнага ўмацавання ў залежнасці ад мех. схем формазмены (М.І.Калачоў, В.П.Севярдэнка). Вывучаны: працэс дэфармацыі ліставых металаў пад уздзеяннем імпульсных нагрузак, заканамернасці перамяшчэння загатоўкі пад дзеяннем ціску прамой і адбітай хвалі, нагружэнне патокам кавітуючай вадкасці і квазістатычным ціскам. Распрацавана методыка разліку універсальных камер, якая дае магчымасць выбіраць умовы найб. эфектыўнага выкарыстання розных механізмаў нагружэння (В.М.Чачын). Створана матэм. тэорыя анізатропнага трэння, даследавана ўзаемадзеянне кола і гусеніцы з грунтам (Ф.А.Апейка). Атрыманы новыя прадстаўленні агульных формул і рашэнні асн. гранічных задач аб знаходжанні тэмпературных палёў і напружанняў у ізатропных і анізатропных неаднародных целах. Прапанаваны спец. прадстаўленні комплексных патэнцыялаў тэмпературнага поля і напружана-дэфармаванага стану пругкіх цел (Ю.У.Васілевіч, М.А.Жураўкоў, М.І.Кулак, І.С.Кулікоў, В.В.Мажароўскі, М.Дз.Мартыненка, Э.І.Старавойтаў). З пазіцый механікі суцэльных асяроддзяў даследаваны з’явы кумуляцыі, хвалеўтварэння, умацавання, фазавых ператварэнняў, што адбываюцца ў працэсе прыкладвання ўдарных нагрузак. Удасканалена тэорыя і практыка працэсаў зваркі, кансалідацыі і ўдарнай тэрмамеханічнай апрацоўкі выбухам пры атрыманні новых і кампазіцыйных матэрыялаў (Г.С.Смірноў). Распрацаваны новыя варыяцыйныя і аператарныя метады рашэння задач матэм. і прыкладной тэорыі пругкасці (А.Я.Крушэўскі), пластычнасці і нелінейнай механікі разбурэння (В.А.Ібрагімаў); метады ўсярэднення для рашэння прамых і адваротных задач распаўсюджвання хваль у неаднародных асяроддзях (А.У. і Ю.У. Чыгаравы).
Літ.:
Северденко В.П., Гурский Л.И. Структура в объеме и на поверхности прокатных материалов. Мн., 1972;
Сегал В.М., Макушок Е.М., Резников В.И. Исследование пластического формоизменения металлов методом муара. М., 1974;
Макушок Е.М. Механика трения. Мн., 1974;
Прусов И.А. Метод сопряжения в теории плит. Мн., 1975;
Яго ж. Термоупругие анизотропные пластинки. Мн., 1978;
Василевич Ю.В. О формах решения уравнений упругости и термоупругости для трехмерных анизотропных тел // Актуальные проблемы динамики и прочности в теоретической и прикладной механике. Мн., 2001;
Журавков М.А. Математическое моделирование деформационных процессов в твердых деформируемых средах. Мн., 2002.