ЧЫГРЫ́НАЎ Іван Гаўрылавіч (21.12.1934, в. Вялікі Бор Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.1.1996),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1994). Брат П.Г.Чыгрынава. Скончыў БДУ (1957). З 1957 працаваў у выд-ве «Навука і тэхніка», з 1962 у час. «Полымя». З 1975 нам. старшыні, з 1976 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1987 старшыня праўлення Бел. фонду культуры, адначасова з 1989 гал. рэдактар час. «Спадчына». Друкаваўся з 1952. Пачаткам літ. дзейнасці сам Ч. лічыў 1961, калі было апублікавана апавяд. «Праз гады». У зб-ках апавяд. «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі» (1983) і інш. духоўная прыгажосць чалавека ў мірных і ваен. умовах. Раманы «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976, за абодва Літ. прэмія імя А.Фадзеева 1979), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1996) звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (вёска Верамейкі, таму наз. «верамейкаўскі цыкл»), У іх адлюстравана атмасфера ваен. часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне партыз. руху, даследаваны вытокі гераізму і мужнасці бел. народа, створаны яркія вобразы патрыётаў перыяду Вял.Айч. вайны. Паводле сваіх раманаў і апавяд. Ч. стварыў п’есы «Плач перапёлкі» (паст. 1980, Бел.т-р імя Я.Купалы), «Апраўданне крыві» (паст. 1984, Брэсцкі абл.драм.т-р), «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (паст. 1986, Тэатр-студыя кінаакцёра). Аўтар п’ес «Следчая справа Вашчылы» (1988, пра кіраўніка Крычаўскага антыфеад. паўстання 18 ст.), «Звон — не малітва» (паст. 1988, т-р імя Я.Купалы; пра княгіню Рагнеду), «Чалавек з мядзведжым тварам» (1989, погляд на эпоху Сталіна). У трагічным гратэску «Ігракі» (1990) перадваен. падзеі. Драм. фантазія «Хто вінаваты?», абразок «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» пра Чарнобыль і звязаныя з ім праблемы. П’еса «Прымак» (1994) і драм. аповесць «Брат караля» (1995) пра бел. дзяржаўнасць часоў ВКЛ. Драма «Савіцкі» (1994) пра заступніка абяздоленых, «бел. Дуброўскага». У трагікамедыі «Госці» (паст. 1994, т-р імя Я.Купалы) аналіз стану грамадства пач. 1990-х г. П’еса «Зайграй, хлопча малы» (1995) пра бел. паэта П.Багрыма. Творчасці Ч. ўласцівы глыбокі дэталёвы аналіз унутр. свету чалавека, паэтычнасць, рэаліст. канкрэтная вобразнасць, высокая культура слова. Аўтар манаграфіі «М.Я.Нікіфароўскі» (1960, з В.К.Бандарчыкам), крытыка-публіцыстычных кніг «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам: Роздум над жыццём, культурай і літаратурай» (1994). На бел. мову пераклаў п’есы «На дне» М.Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага і інш. Сааўтар сцэнарыя шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць...» (1970, з І.Новікавым, Дзярж. прэмія Беларусі 1974). Паводле раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» рэж. І.Дабралюбаў на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў шматсерыйны тэлефільм «Плач перапёлкі» (1991). Па матывах рамана «Плач перапёлкі» У.Кандрусевіч напісаў аднайм. сімфонію.
Тв.:
Зб.тв.: У 6 т. Т. 1. Мн., 1995;
Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1984;
Звон — не малітва: Драмы. Мн., 1993.
Літ.:
Грамадчанка Т.К. Жывая памяць народа. Нарыс творчасці Івана Чыгрынава. Мн., 1984;
Марціновіч А.А. Іван Чыгрынаў Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1999.