ЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. ēlektron бурштын),
сукупнасць эл.-магн. з’яў, звязаных з існаваннем, рухам і ўзаемадзеяннем зарадаў электрычных (зараджаных цел і часціц). Існаванне нерухомых зарадаў спараджае электрастатычнае поле, праз якое яны ўзаемадзейнічаюць (вывучаецца электрастатыкай). Рух зарадаў (электрычны ток) выклікае электрычнае поле і магнітнае поле. Яны звязаны паміж сабой і ўтвараюць электрамагнітнае поле, пры дапамозе якога ажыццяўляецца электрамагнітнае ўзаемадзеянне. Часткай агульнага вучэння пра Э. з’яўляецца магнетызм. Выкарыстаннем Э. ў тэхніцы займаецца электратэхніка. У вузкім сэнсе Э. — самі эл. зарады.
Эл. і магн. з’явы вядомы з глыбокай старажытнасці Назіраліся маланкі, свячэнні на вастрыях высокіх пабудоў і інш. праявы атмасфернай электрычнасці, прыцягванне пэўнымі мінераламі кавалачкаў жалеза, а бурштынам, пацёртым аб шэрсць, — лёгкіх прадметаў (электрызацыя трэннем). Тэрмін «Э.» увёў у 1600 У.Гільберт, які ўстанавіў адрозненне паміж эл. і магн. з’явамі, існаванне магн. полюсаў і інш. У 1733—34 франц. фізік Ш.Ф.Дзюфэ выявіў існаванне 2 родаў эл. зарадаў (адмоўных і дадатных) і характар іх узаемадзеянняў. У 1745 вынайдзены кандэнсатар (лейдэнская банка), які дазволіў назапашваць вял. эл. зарады. У 1745—53 Б.Франклін стварыў першую тэорыю эл. з’яў, устанавіў эл. прыроду маланкі. У 2-й пал. 18 ст. з’явіліся першыя вымяральныя прылады — электраскопы, электрометры. Г.Кавендыш (1773) і Ш.А.Кулон (1785) устанавілі закон узаемадзеяння эл. зарадаў (Кулона закон). Л.Гальвані (1791) і А.Вольта (1794) стварылі хім. і кантактавыя крыніцы эл. току (гальванічныя элементы і батарэі з іх — т.зв. вольтавы слупы). У 1802 В.У.Пятроў адкрыў электрычную дугу. У 1820 адкрыта залежнасць паміж магн. полем і эл. токам — Біо—Савара закон; Х.К.Эрстэд устанавіў сувязь паміж эл. і магн. з’явамі; А.М.Ампер — закон узаемадзеяння эл. токаў (Ампера закон). У 1826 Г.Ом устанавіў залежнасць эл. току ад напружання (Ома закон), у 1830 К.Ф.Гаўс сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (Гаўса тэарэма), у 1831 М.Фарадэй адкрыў з’яву электрамагнітнай індукцыі, у 1833—34 — законы электролізу, упершыню ўвёў уяўленні пра эл. і магн. палі. Дж.П.Джоўль (1841) і Э.Х.Ленц (1842) даследавалі цеплавое дзеянне эл. току і абгрунтавалі Джоўля—Ленца закон. У 1861—73 Дж.К.Максвел сфармуляваў фундаментальныя ўраўненні класічнай электрадынамікі — Максвела ўраўненні, з якіх вынікае існаванне электрамагнітных хваль. Дж.Дж.Томсан у 1897 адкрыў электрон, у 1898 вызначыў абс. значэнне яго зараду. У 1880—1909 Х.А.Лорэнц стварыў электронную тэорыю будовы рэчыва, растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, заклаў асновы электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Ураўненні Максвела разам з электроннай тэорыяй Лорэнца сталі асновай класічнай электрадынамікі. Г.Л.Герц (1886—89) эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль, М.К.Э.Л.Планк (1900) і А.Эйнштэйн (1905) прыйшлі да высновы аб квантавым характары эл.-магн. поля. У 2-й чвэрці 20 ст. створана квантавая тэорыя эл.-магн. працэсаў — квантавая электрадынаміка. Вучэнне пра Э. — навук. аснова электра- і радыётэхнікі, электронікі, фіз. оптыкі, электрахіміі і інш.
Літ.:
Тамм И.Е. Основы теории электричества. 9 изд. М., 1976;
Калашников С.Г. Электричество. М., 1977;
Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;
Власов А.А. Микроскопическая электродинамика. М., 1955;
Сивухин Д.В. Общий курс физики. Т. 3. М., 1977;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.
Л.І.Болсун, У.М.Сацута.
т. 18, кн. 1, с. 102