ГО́ФМАН ((Hoffmann) Эрнст Тэадор Амадэй) (24.1.1776, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 25.6.1822),
нямецкі пісьменнік, кампазітар, мастак. Вывучаў права ў Кёнігсбергскім ун-це. Арганізаваў філарманічнае т-ва, сімф. аркестр у Варшаве (1804—07). У 1807 — 13 дырыжор, кампазітар і дырэктар у т-рах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна. Аўтар адной з першых рамант. опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інстр. і хар. твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809—14 аб’яднаны ў кн. «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1—4, 1814—15). У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асн. ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйсера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва. Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815—16) і «Начных апавяданнях» (т. 1—2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феад.-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. 19 ст. Сярод лепшых твораў Гофмана зб. навел «Серапіёнавы браты» (т. 1—4, 1819—21). Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1—2, 1820—22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825. Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р.Шумана («Крэйслерыяна»), Р.Вагнера («Лятучы галандзец»), П.І.Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А.Адана («Жызэль»), Л.Дэліба («Капелія»), П.Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Гофман — герой опер Ж.Афенбаха («Казкі Гофмана») і Г.Лачэці («Гофман»). Балет Чайкоўскага «Шчаўкунок» і опера Афенбаха «Казкі Гофмана» ўваходзяць у рэпертуар Нац.акад.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. мову асобныя творы Гофмана пераклаў В.Сёмуха. «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я.Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р.Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).
Тв.:
Бел.пер. — Дон Жуан;
Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. // Крыніца. 1996. № 20 (4);
Рус.пер. — Жизнь и творчество;
Письма, высказывания, документы. М., 1987;
Собр. соч.: В 6 т.Т. 1—3. М., 1991—96.
Літ.:
Ботникова А.Б. Э.Т.А.Гофман и русская литература. Воронеж, 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗВЯЗДА́»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Заснавальнікі — Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нац. сходу і СМ Рэспублікі Беларусь. Першы нумар выйшаў 27.7(9.8).1917 у Мінску на рус. мове, з 1925 матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах, са жн. 1927 — на бел. мове. Спачатку выдавалася як орган Мінскага, з кастр. 1917 — Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б). Арганізатары і першыя рэдактары В.Г.Кнорын, К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, В.В.Фамін, М.В.Фрунзе. Двойчы забаранялася Часовым урадам, але выходзіла пад назвамі: з 15(28).9.1917 «Молот», з 8(21).10.1917 «Буревестник», з 1(14).11.1917 пад назвай «Звезда». Рэзка крытыкавала пазіцыі Часовага ўрада, прапагандавала праграму РСДРП(б), змяшчала матэрыялы з’ездаў і канферэнцый бальшавікоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 асн.ідэалаг. і прапагандысцкі орган бальшавіцкай партыі. У сувязі з акупацыяй Беларусі германскімі войскамі з лют. 1918 выдавалася ў Смаленску як газета Паўн.-Зах.абл. і Смаленскага губ. к-таў РКП(б). Са снеж. 1918 зноў пачала выходзіць у Мінску. 3 сак. 1919 орган ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, 1—19.4.1919 выходзіла ў Вільні, з 1.5 да 8.8.1919 — зноў у Мінску. У час польскай акупацыі Беларусі з восені 1919 выдавалася ў Смаленску, штотыднёвік, з 8.8.1920 — у Мінску. У 1920—30-я г.асн. ўвагу аддавала дзейнасці камуніст. партыі, асвятляла пытанні калектывізацыі, індустрыялізацыі, культ.буд-ва. У пач.Вял.Айч. вайны ў выніку акупацыі Мінска выдавалася ў Магілёве, Гомелі (да 13.8.1941). У маі—вер. 1942 выдавалася нелегальна як орган Мінскага падп.к-таКП(б)Б (выйшлі 4 нумары); з 27.1.1943 да 1.7.1944 выдавалася ў зоне дыслакацыі партыз. злучэнняў на Міншчыне як орган ЦККП(б)Б і Мінскага абкома КП(б)Б (выйшлі 93 нумары). З 10.7.1944 выдаецца ў Мінску, да жніўня 1991 орган ЦККПБ, Вярх. Савета і СМБССР. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцця, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь. Змяшчае заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-аналітычныя, па праблемах маралі, права, навукі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сац. праблемах, навіны спорту. У 1993—94 выдавала дадатак «Чарнобыль», з 1995 — дадатак «Экалогія — чалавек».
Літ.:
Булацкий Г.В. Печать Белоруссии в период завершения социалистической реконструкции народного хозяйства республики (1933—1937). Мн., 1960;
Дастанка М.Е. Газета «Звязда» ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941 — май 1945 гг.). Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
творы пра з’явы прыроды, аб’екты навакольнага свету, навук. праблемы, пра вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў, адрасаваныя шырокім масам; своеасаблівае спалучэнне навук. дакладнасці і мастацкасці. Жанры Н.-пл.: публіцыстычны артыкул, праблемны нарыс, дакумент. аповесць, успаміны, біяграфія, апавяданне, падарожны дзённік, навук.-маст. твор.
Першы твор Н.-пл. — «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя Кара (1 ст. да н.э.). Да твораў гэтага жанру належаць «Ліст пра карыснасць шкла» М.В.Ламаносава, «Жыццё жывёл» А.Э.Брэма (т. 1—6, 1863—69), «Жыццё расліны» К.А.Ціміразева (1878), «Фізіялагічныя нарысы» І.М.Сечанава (1884), «Загадкі свету» Э.Гекеля (1899) і інш. У 20 ст. шэраг навук.папулярных твораў стварылі К.Паустоўскі, С.Вавілаў, В.Біянкі, Б.Жыткоў, Я.І.Перэльман, А.Азімаў, Л. дэ Бройль, М.Гарднер, А.Кларк, Ж.І.Кусто, Т.Хеердал і інш.
На Беларусі рысы асветнага і папулярызатарскага падыходу да важных філас.-светапоглядных і грамадска-паліт. праблем выяўляліся ў прадмовах Ф.Скарыны, «Катэхізісе» С.Буднага (1562), творах М.Сматрыцкага, гіст. хранографах 17—18 ст. У 19 ст. элементы Н.-пл. мелі краязн. працы К.Тышкевіча «Вілія і яе берагі», Ю.Крашэўскага «Пінск і яго ваколіцы», У.Сыракомлі «Вандроўю па маіх былых ваколіцах», П.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» і інш. Развіццё Н.-пл. на пач. 20 ст. звязана з газ. «Наша ніва», дзе друкаваліся матэрыялы пра родны край, яго гісторыю, славутых дзеячаў. У час, «Лучынка» (1914) Цётка (А.Пашкевіч) змясціла нарысы «Пералётныя птушкі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі». У 1914—15 М.Багдановіч выдаў шэраг брашур, у якіх паказаў роднасць слав. народаў. Сярод твораў Н.-пл. пасля 1917 — аповесць Я.Маўра «Чалавек ідзе!..» (1926—27), Ю.Віцьбіча «Плыве з-пад Святое гары Нёман...» (ч. 1, 1956), кнігі В.Вольскага «Афрыканскае падарожжа» (1963) і «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», П.І.Клімука «Зоры — побач», В.Рабцэвіча «Аб чым расказваюць манеты» (2-е выд.; усе 1977) і інш. Н.-пл. апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена творамі У.Арлова «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая», А.Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (абодва 1989), М.Гайдука «Паратунак» (1993), У.Емяльянчыка «Паланез для касінераў», К.Тарасава «Памяць пра легенды» (2-е выд.; абодва 1994), С.Цярохіна «Многія прыйдуць пад імем маім» (1995), В.Чаропкі «Уладары Вялікага княства» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ РАЁН.
На З Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 40,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 45 %. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Масты. Уключае 154 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Азёркаўскі, Галубоўскі, Глядавіцкі, Гудзевіцкі, Дубненскі, Зарудаўеўскі, Курылавіцкі, Лунненскі, Малькавіцкі, Мастоўскі, Мікелеўшчынскі, Пацавіцкі, Пескаўскі, Харціцкі.
Амаль уся тэр. раёна размешчана ў межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, агульны нахіл з Пд на Пн да даліны р. Нёман, 80 % яе — на выш. да 120 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на Пд ад в.Вял. Рагозніца). Карысныя выкапні: торф, цэментныя мел і гліны, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 540 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рака Нёман з прытокамі Шчара з Сіпай, Зальвянка, Рось, Ельня. Меліярацыйныя каналы: Нацкава, Ланцавічы, Міклашоўскі. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,3 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8 %). Пад лесам 33 % тэр. раёна. Суцэльныя масівы лесу захаваліся ўздоўж р. Нёман (часткі Нёманскіх лясоў і Ліпічанскай пушчы). Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. Пад балотамі 20,7 тыс.га, з іх асушана 17,2 тыс.га. Помнікі прыроды рэсп. значэння: катлавіны Гумнішча і Падбярэззе, Пабоеўскі вял. камень з ямкамі, Княжаводскае і Пашынскае агаленні стараж. адкладаў Княжаводскае агаленне стараж. адкладаў, роў Яна і Цэцыліі (з агаленнем Самастрэльнікі), Дубненскае і Пескаўскае агаленні азёрных і рачных адкладаў. Зоны адпачынку Масты, Воўпа, Скідзель.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 64,8 тыс.га, з іх асушаных 22,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 10 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), харч. (крухмал, маянэз), металаапр. (рамонтны з-д у в. Пескі) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла). ГЭС каля в. Пацавічы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск і Гродна—Масты; аўтадарогі Шчучын—Масты—Ваўкавыск, Масты—Слонім, Масты—Гродна і інш. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. школы, школа-інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, муз. школа, 23 дашкольныя ўстановы, 32 клубы, 37 б-к, 6 бальніц, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Гудзевіцкі дзярж.літ.-краязнаўчы музей, мастоўскі музей «Лёс і чалавек». Арх. помнікі: касцёл Ганны (1782) у в. Лунна, Троіцкі касцёл (1740) у в. Струбніца. Выдаецца газ. «Зара над Нёманам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
nature[ˈneɪtʃə]n.
1. прыро́да;
(Mother) Nature ма́ці-прыро́да;
the laws of nature зако́ны прыро́ды
2. нату́ра, хара́ктар;
human nature чалаве́чая/людска́я прыро́да, чалаве́чыя сла́басці;
by nature па прыро́дзе, па хара́ктары, па нату́ры;
He is kind by nature. Па характары ён добры чалавек.
3. тып, род, сорт;
Things of that nature do not interest me. Падобныя рэчы мяне не цікавяць.
♦
against nature ненатура́льны, ненарма́льны; амара́льны;
let nature take its course не ўме́швацца ў ход падзе́й; дазваля́ць падзе́ям ісці́ сваі́м пара́дкам
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
Вала́нда ’маруда, левы чалавек’, вала́ндацца ’вазіцца, марудзіць’ (КЭС). Рус.валандаться ’марудзіць’, вала́нда, вала́ндала ’няўклюда, маруда’, валанде́р ’лежань’, укр.валандатися ’бадзяцца’. Карскі ўказвае, што дзеяслоў больш уласцівы вялікарускай мове. Валандацца < валанда < літ.valandá ’(кароткі) час’ (Карскі, Труды, 394; Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 33, 35; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13; Непакупны, Бел.-укр. ізал., 54; Шанскі, 1, В, 9; Рудніцкі, 1, 298). Змену націску можна тлумачыць уплывам блізкіх семантычна і падобных структурна слоў (мару́да, няўклю́да, валакі́да). Форма валы́ндацца ўзнікла, магчыма, пад уплывам валынка, валыніцца. Форма валэндацца, як можна меркаваць, — вынік збліжэння з паланізмамі, што маюць суфіксы з насавымі (валацэнга, недалэнга) або з дзеясловамі wałęsać się, wałęgać się ’бадзяцца’ ва ўмовах беларуска-польскага білінгвізму.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лахма́ты, лахма́тый ’касматы, калматы’, ’зроблены са скуры з доўгай і густой поўсцю, з доўгім ворсам’, ’чалавек з доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.; паст., Сл. паўн.-зах.), лахмач ’тс’ (міёр., З нар. сл., ТСБМ), лъхмаціна ’лахматая асоба’ (міёр., Нар. словатв.), мсцісл.лахмаценечкій, лахмаценькій ’лахматы’ (Нар. словатв.), лахмаціцца ’станавіцца лахматым’, лахмаціць ’рабіць лахматым’ (ТСБМ), лахмацець ’тс’ (в.-дзв., Сл. паўн.-зах.), лахма́тка ’непрычасаная жанчына’, ’калматая жывёла’ (Юрч. Вытв.). Паўн.-усх.бел.рус. ізалекса. Утворана ад лохма < лох‑ма, якое чаргаваннем галоснай кораня звязана з лах1 (гл.) (Фасмер, 2, 524). Сюды ж лыхма́ціння ’рызманы’ (Юрч. Вытв.). Параўн., аднак, ст.-грэч.λάχνος ’шэрсць, воўна’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Не́радзь ’неўраджай, неўрадлівы год, недарод’ (Сцяшк.; любан., Жыв. сл.; слаўг., Нар. сл.), нёродзь ’тс’ (ТС). Сюды ж нерадзь (nieradź) ’дробныя ягады; заморкі, няўдалая гародніна’ (Жд. 1; в.-дзв., Шатал., Арх. Фед., ТС), ’што-небудзь дробнае, невялікага памеру, росту’ (Сл. ПЗБ), ’машкара’ (свісл., карэл., Сл. ПЗБ), нэрадзь (нэраць) ’тс’ (зэльв., Сл. ПЗБ). З не і радзіць (гл.). Меркаванні пра запазычанне часткі пералічаных слоў са значэннем ’машкара’, ’што-небудзь дробнае, невялікага памеру, росту’ з літ.пегёсіа ’нікчэмнасць, нечысць (пра мух), ненасытны чалавек, пераборлівае ў ядзе парася’ (гл. Сл. ПЗБ) не пераконвае, паколькі значэнне ’машкара’ добра выводзіцца са значэння, ’нешта дробнае, малое, дрэннае’, што ў сваю чаргу з ’якое не ўрадзілася’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кала́ндыш ’целяпень, непаваротлівы чалавек’ (івац., Нар. сл.). Фармальна як быццам бы няма пярэчанняў супраць таго, каб суаднесці з каланда́ (гл.), для якога можна рэканструяваць значэнне ’кашалёк, каліта’. Параўн. да семантыкі бел.дыял.капшук ’мяшочак (для тытуню і інш.)’ і ’жывёла, якая многа наядаецца’. Гэту версію, аднак, нельга лічыць задавальняючай (словы адзначаны ў розных гаворках, семантыка каланда не вельмі ясная, няма надзейных прыкладаў прапанаванай намі семантычнай мадэлі ’тоўсты кашалёк’ — ’целяпень’). Больш пэўна суаднесці каландыш і карантыш, мяркуючы мену плаўных і азванчэнне зычнага. Не выключана, што гэтыя змены — вынік пранікнення слова ў іншыя гаворкі, унутраная форма не асэнсоўваецца і таму пачынаюцца фармальныя змены. Аб далейшай этымалогіі гл. карантыш.