ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Мікалай Генадзевіч) (н. 11.3.1947, г. Ніжні. Ноўгарад, Расія),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1972). Да 1979 у Пензенскім, з 1979 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Яго мастацтва адметнае тонкай псіхал. распрацоўкай характараў, спалучэннем эмацыянальнага стану героя са знешне стрыманай манерай выканання. Сярод роляў; Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Мастакоў («Стары» М.​Горкага), Галядкін («Двайнік» паводле Ф.​Дастаеўскага), Маляр («Дзікі Анёл» Л.​Каламійца), Марк («Вечна жывыя» В.​Розава), Рамахін («Заўтра была вайна» паводле Б.​Васільева), Мікалай II («Змова» А.​М.​Талстога і П.​Шчогалева).

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛДАКО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 18.5.1929, г. Уладзікаўказ, Паўночная Асеція),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1954). Працаваў у ін-це «Валгаірадграмадзянпраект». З 1970 у ін-це «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні Саюза архітэктараў Беларусі. Асн. работы на Беларусі: Мінскі крыты рынак «Камароўскі» (1980, у сааўт.), універсамы «Рыга» (1980) і «Талін» (1982), службова-гасп. корпус СМ Беларусі (1981), будынкі Мін-ва гандлю і Мін-ва спорту і турызму (1980), праект комплексу магазінаў па вул. Няміга (1981) — усе ў Мінску; крыты рынак у Брэсце (1987). Аўтар шэрагу грамадскіх будынкаў у Валгаградзе і Бранску.

т. 6, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЦУГО́ВАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, што спалучае радкі вершаванага твора, паступова пераходзячы з адной страфы ў другую. Трапляецца ў некаторых цвёрдых формах верша, у прыватнасці ў тэрцынах, віланелі. Характэрна і для твораў з ланцуговай кампазіцыяй, у якіх асобныя радкі папярэдніх строф пачынаюць сабой строфы наступныя:

Ішла Купалка сялом, сялом,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Святліла ночкі агнём, агнём
(Бел. народная песня).

Ужываецца ў класічным санеце, дзе яднае 2 катрэны (чатырохрадкоўе) і 2 тэрцэты (трохрадкоўе), у вянках санетаў (пераходзіць з аднаго санета ў другі) і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫ́ПАЎ (Анварбек Закіравіч) (н. 28.8.1927, г. Петрапаўлаўск, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі раслін. Д-р с.-г. н. (1977), праф. (1978). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1995). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1951). З 1955 у БСГА (у 1962—67 і ў 1977—83 прарэктар, з 1967 заг. кафедры). Навук. працы па генетыцы і селекцыі збожжавых культур (пшаніца, трыцікале).

Тв.:

Биология цветения, опыления и оплодотворения видов пшеницы. Горки, 1971 (у сааўт.);

Біятыповы састаў сартоў пшаніцы і іх генетычныя формулы (разам з І.​К.​Копцікам) // Весці Акадэміі аграрных навук Беларусі. 1995. № 4.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТЫШАВА (Валянціна Якаўлеўна) (н. 5.5.1936, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед. н. (1985), праф. (1994). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1959). З 1968 у НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1995 у Гомельскім мед. ін-це. Навук. працы па аўтаімунным патагенезе неўралагічнага астэахандрозу пазваночніка, асаблівасцях клінічнага цячэння рассеянага склерозу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, распаўсюджанасці і захворванні рассеяным склерозам па рэспубліцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Эфферентные методы лечения больных рассеянным склерозом (у сааўт.) // Украінский вісник психоневрологіі. Харьков, 1995. Т. 3, вып. 1;

Применение неотропного препарата «пикамилона» в неврологии, психиатрии, наркологии. Гомель, 1997 (у сааўт.).

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНО́ВІЧ (Сяргей Іванавіч) (н. 28.3. 1938, в. Мітрапольшчына Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне клінічнай хірургіі. Д-р мед. н. (1995), праф. (1997). Засл. ўрач Беларусі (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966), з 1979 працуе ў ім (з 1992 заг. кафедры). Навук. працы па клініцы, дыягностыцы і лячэнні вострага і хранічнага панкрэатыту і перытаніту, хірург. лячэнні захворванняў вілачкавай залозы, лячэнні цукровага дыябету.

Тв.:

Клиническая хирургия. Мн., 1998 (разам з М.​І.​Батвінковым, М.​М.​Іаскевічам);

Основы практической хирургии. Мн., 1998 (разам з Р.​В.​Максіменем, Г.​Р.​Максіменя).

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНЦЮ́К (Анатоль Сяргеевіч) (н. 5.4.1932, в. Марынаўка Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне эмбрыялогіі і гісталогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1975). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955) і працуе ў ім (у 1971—97 заг. кафедры). Навук. працы па эмбрыянальным марфагенезе органаў і рэгулюючых сістэм (нерв., эндакрыннай, імуннай), матэм. аналізе арганізацыі біял. сістэм, эмбрыянальным развіцці кітападобных, эксперым. марфалогіі і транспланталогіі.

Тв.:

Информационный анализ в морфологических исследованиях. Мн., 1981 (разам з Л.​А.​Леанцюк, А.​І.​Сыкала);

Возрастная гистология. Ч. 1—5. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАШЭ́НЯ (Яўген Варфаламеевіч) (23.12.1900, пас. Альбярцін, цяпер у межах г. Слонім Гродзенскай вобл. — 6.12.1981),

генерал-лейтэнант інж. войск (1955). Канд. ваен. н. (1943). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1919, удзельнік баёў супраць Урангеля і Махно. У 1935—41 выкладчык у Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У Вял. Айч. вайну нач. інж. службы, нач. штаба аператыўнай групы інж. загарод Зах. і Крымскага франтоў, нач. штаба інж. войск 1-га Бел. і Забайкальскага франтоў, удзельнік абароны Масквы і Севастопаля, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай і Хангана-Мукдэнскай аперацый. У 1946—59 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. акадэміях.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ніна Цімафееўна) (н. 6.4.1925, г. Кіраў, Расія),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі і гігіены. Д-р мед. н. (1974), праф. (1976). Скончыла Ленінградскі сан.-гігіенічны ін-т (1949). У 1967—95 у Мінскім мед. ін-це (у 1975—89 заг. кафедры), з 1997 у Рэсп. дыспансеры спарт. медыцыны. Навук. працы па біял. заканамернасцях рухальнай актыўнасці і рэзервах здароўя дзяцей, аптымізацыі фіз. і гігіенічнага выхавання, асаблівасцях развіцця і здароўя школьнікаў у забруджаных радыенуклідамі зонах і дзяцей-інвалідаў.

Тв.:

Профилактическая и оздоровительная работа педиатра. Мн., 1982 (у сааўт.);

Школа и здоровье учащихся. Мн., 1998.

т. 9, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 13.4.1940, С.-Пецярбург),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Скончыў БДУ (1962). З 1962 у Ін-це фізікі, у 1970—93 у Магілёўскім аддз. Ін-та фізікі АН Беларусі, з 1993 у Магілёўскім дзярж. ун-це. Навук. працы па эксперым. оптыцы, фізіцы лазераў і светлаводаў, дынаміцы выпрамянення лазераў і прасвятленні асяроддзяў аптычным выпрамяненнем. Даказаў магчымасць атрымання рэгулярных звышкароткіх імпульсаў без выкарыстання метадаў актыўнай ці пасіўнай сінхранізацыі мод.

Тв.:

Регулярные автоколебания интенсивности в полупроводниковом лазере с внешним резонатором (разам з В.​І.​Барысавым, У.​А.​Юрэвічам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1989. Т. 51, № 2.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)