ПІКУ́ЛІК (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 19.4.1948, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне заалогіі і экалогіі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р біял. н. (1993), праф. (1998). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1971). З 1976 у ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1997 у Бел. пед. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па герпеталогіі, ландшафтнай экалогіі жывёл, унутрывідавой зменлівасці, біягеацэналогіі, праблемах аховы і рацыянальнага выкарыстання біял. разнастайнасці. Распрацаваў асн. палажэнні ландшафтнай герпеталогіі, абгрунтаваў новыя падыходы да комплекснага выкарыстання герпетафауны ў экалагічным маніторынгу. Правёў даследаванні па дынаміцы фауны і стане зоацэнозаў у прыродных і антрапагенных ландшафтах Беларусі, выяўленні ролі мазаічнасці ландшафтаў і рознатыповых экатонаў, наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у фарміраванні біял. разнастайнасці дзікай фауны.

Тв.:

Земноводные Белоруссии. Мн., 1985;

Пресмыкающиеся Белоруссии. Мн., 1988 (разам з В.​А.​Бахаравым, С.​У.​Косавым);

Совершенствование принципов и методов охраны и рационального использования животного мира. Мн., 1990 (разам з Л.​М.​Сушчэнем);

Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995 (у сааўт.);

Атлас наземных пазваночных. Мн., 1996 (у сааўт.).

М.М.Пікулік.

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)