мерзлатазнаўства, крыяліталогія, крыяпедалогія, галіна крыялогіі, якая вывучае мёрзлыя глебы і горныя пароды. Даследуе іх утварэнне, развіццё і ўмовы існавання, а таксама з’явы, звязаныя з працэсамі прамярзання, адтавання і дыягенезу мёрзлых тоўшчаў, падземнае зледзяненне крыясферы — шматгадовамёрзлыя і сезоннамёрзлыя грунты і горныя пароды, асаблівасці іх будовы і складу, фіз.-мех. ўласцівасці, узаемадзеянне з падземным лёдам. Вывучае таксама геал., геамарфалагічныя, гідралагічныя з’явы, выкліканыя прамярзаннем і адтаваннем верхняй часткі зямной кары. Распрацоўвае тэарэт. асновы і метады кіравання мярзлотнымі працэсамі пры буд-ве і эксплуатацыі збудаванняў, правядзенні горных работ, с.-г. і транспартным асваенні тэрыторыі.
Геакрыялогія ўзнікла ў выніку развіцця мерзлатазнаўства, якое аформілася як навука ў 1920-я г. на стыку геал., геагр., геафіз. і інж.-тэхн. дысцыплін. Яе задачы вызначыў рус. вучоны М.І.Сумгін. Значнае развіццё геакрыялогія атрымала ў ЗША, Канадзе, Нарвегіі і Швецыі (у некат. працах вызначаецца як крыяліталогія або крыяпедалогія).
На Беларусі пытанні геакрыялогіі вывучаюць у БДУ і Ін-це геал. навук АН.
Літ.:
Попов А.И., Розенбаум Г.Э., Тумель Н.В. Криолитология. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬТМАН (Стафан Лявонавіч) (4.10.1886, г. Замасць, Польшча — 20.9.1937),
рэвалюцыянер, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). У 1903—05 рэдактар час. «Glos» («Голас»). З 1915 у Мінску. Адзін з арганізатараў Польск. сацыяліст. аб’яднання, старшыня праўлення яго мінскай групы, заснавальнік і рэдактар яго органа «Prawda» («Праўда»), Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. бальшавіцкай фракцыі Мінскай гар. думы, камісар па польск. справах Зах. вобласці і фронту. У 1919 нам. наркома земляробства і лясной гаспадаркі Літ.-Бел. ССР, заг. аддзела Мінскага губрэўкома, з 1921 сакратар Польбюро ЦК РКП(б). У 1924—25 нарком земляробства, старшыня Дзяржплана, эканам. савета і нам. старшыні СНКБССР. З 1925 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі ў Мінску, адначасова з 1927 заг. польск. сектара Ін-та бел. культуры. У 1930-я г. ў наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1924—29, чл.ЦВКБССР у 1924—29, Прэзідыума ЦВКБССР у 1926—29. Аўтар прац па агр.пытанні Беларусі, пра ўдзел палякаў у Кастр. рэвалюцыі 1917 і інш. У 1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ХАРАЎ (Георгій Іванавіч) (30.11.1915, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 14.4.1973),
бел. дырыжор, балалаечнік, дамрыст, педагог, дзеяч самадз. мастацтва. Скончыў Бел. кансерваторыю (1951), выкладаў у ёй (1963—73). У 1924—38 арганізатар і кіраўнік аматарскіх аркестраў у Гомелі, выступаў як саліст-балалаечнік (у т. л. на Гомельскім радыё). З 1939 кіраўнік арк. групы Ансамбля песні і танца БВА, у 1945—71 кіраўнік і саліст Секстэта домраў Бел. радыё. Арганізатар і кіраўнік шматлікіх вучэбных і аматарскіх аркестраў у Бел. кансерваторыі, Мінскім муз. вучылішчы, муз. школах, БДУ. Майстар аранжыроўкі і інструментоўкі, прапагандыст твораў бел. кампазітараў і нар. музыкі. Сярод аранжыровак: сімфоніі Ф.Шуберта, В.Каліннікава, С.Пракоф’ева, С.Васіленкі, інстр. канцэрты Э.Грыга, М.Будашкіна, Дз.Смольскага, Ю.Шышакова. Аўтар апрацовак бел.нар. песень і мелодый. Сярод яго вучняў Г.Асмалоўская, М.Лісіцын, У.Перацяцька, Л.Смялкоўскі. Дыпламант Усесаюзнага агляду-конкурсу (1939, Масква).
Літ.:
Таірава Л. Свята памяці // Мастацтва. 1996. № 4;
Шчарбак В.М. Вялікі майстар у галіне народнай музыкі // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1993. Вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́ДКА,
іншасказальнае, вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы, якія трэба адгадаць; жанр фальклору. Узніклі ў старажытнасці. Змест іх складае ўся шматгранная рэчаіснасць: чалавек, яго дзейнасць, матэрыяльнае, сац. і духоўнае жыццё, прырода і яе з’явы, жывёльны і раслінны свет. З. вызначаецца прадметнасцю, канкрэтнасцю і рэалізмам, афарыстычнасцю і сцісласцю формы, трапнасцю, вобразнай мовай. Метафарычныя і алегарычныя З. аб прыродзе і яе з’явах найб. старадаўнія. З. можа заключаць у сабе метафару або мець формы кароткага апісання ці сціслага апавядання. Пашыраны ў народзе загадкі-пытанні і загадкі-задачы. Захаваўшы свае ранейшыя функцыі (выпрабаванне мудрасці, развіццё паэт. мыслення, кемлівасці, як забава і сродак пазнання свету ў вобразнай форме), З. бытуе і ў наш час, пераважна ў дзіцячым асяроддзі. Паэтычныя З. для дзяцей стварылі Р.Барадулін, В.Вітка, Н.Гілевіч, А.Клышка і інш.бел. пісьменнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРУ́К (Міхаіл Арсенавіч) (н. 5.7. 1926, в. Ушаловічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел.літ.-знавец, педагог. Акад.АПНСССР (1982, чл.-кар. 1979), акад.Нац.АН Беларусі (1995), чл.Рас. акадэміі адукацыі (1995), д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1951). З 1954 выкладаў у ім (з 1971 прарэктар). З 1978 у НДІ педагогікі (да 1990 дырэктар). Друкуецца з 1949. Пісаў байкі. Даследуе бел. паэму («Станаўленне беларускай паэмы», 1968; «Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX ст.», 1970), пытанні гісторыі, тэорыі і методыкі выкладання л-ры («Тэорыя літаратуры ў школе», 1967; «Уводзіны ў літаратуразнаўства», 1970, 2-е выд. 1982, з А.Я.Ленсу; «Тэорыя літаратуры», 1971; «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў», 1983, 2-е выд. 1996, з Ленсу). Адзін з аўтараў падручнікаў для сярэдняй школы і ВНУ.
Тв.:
Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Часу непадуладнае. Мн., 1981;
Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской. Мн., 1988 (разам з В.У.Івашыным, А.Я.Ленсу);
Навучанне і выхаванне творчасцю: Пед. роздумы і пошукі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ МЕТРАЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
арганізацыі, створаныя на аснове міжнар. пагадненняў для ажыццяўлення і захоўвання эталонаў асн.адзінак фізічных велічынь і забеспячэння міжнар. адзінства мер і вымярэнняў. У адпаведнасці з Метрычнай канвенцыяй (падпісана ў 1875 у Парыжы 17 дзяржавамі) Генеральныя канферэнцыі па мерах і вазе склікаюцца не менш як 1 раз у 6 гадоў і з’яўляюцца найвышэйшым органам па ўстанаўленні адзінак фіз. велічынь.
Першая Ген. канферэнцыя адбылася ў 1889. Работу па падрыхтоўцы рашэнняў канферэнцый вядзе Міжнародны камітэт мер і вагі, пры якім працуюць 7 кансультатыўных камітэтаў (па электрычнасці, фота- і радыёметрыі, тэрмаметрыі, па вызначэнні метра, секунды, па эталонах для вымярэння іанізуючых выпрамяненняў, па адзінках). Ён таксама кіруе работай Міжнароднага бюро мер і вагі — міжнар. навуковай метралагічнай арг-цыі, створанай у 1875 (г. Сеўр, Францыя). У 1956 створана Міжнародная арганізацыя па заканадаўчай метралогіі, якая распрацоўвае мерапрыемствы па ліквідацыі перашкод у міжнар.гандл. і навук-тэхн. супрацоўніцтве, выкліканых няўзгодненасцю нарматыўных дакументаў розных краін. Пытанні метралогіі вывучаюць Міжнар. электратэхн. камісія (засн. ў 1906), Міжнар.арг-цыя па стандартызацыі (засн. ў 1947) і інш.Гл. таксама Метрычная сістэма мер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІ́ЦКІ (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 21.11.1939, в. Боркавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1990). Скончыў БДУ (1966). У 1966—71 на камсамольскай рабоце, у 1975—84 нам. сакратара парткома АН Беларусі, з 1984 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, з 1996 заг. аддзела гісторыі нац.-культ. развіцця Беларусі. Даследуе пытанні грамадска-паліт. жыцця ў сав. час, гісторыю бел. культуры і канфесій у 19—20 ст. Адзін з аўтараў калектыўных прац: «Нарысы гісторыі Ленінскага камсамола Беларусі» (1975), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 4, 1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995), «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.)» (1998).
Тв.:
Участие Ленинского комсомола Белоруссии в борьбе за подъем народного образования (1920—июнь 1941 гг.). Мн., 1979 (разам з Я.К.Новікам);
Комплексный подход к воспитанию трудящихся: (На материалах БССР). Мн., 1981;
Человеческий фактор: пути активизации: (На материалах БССР).
Мн., 1987; Белорусская ССР: курсом перестройки. Мн., 1989 (разам з І.Я.Марчанкам); Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мл., 1997 (разам з Л.М.Лычом).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЖДЗІН (Мікалай Іванавіч) (17.10.1804, г.п. Белаомут Лухавіцкага р-на Маскоўскай вобл. — 23.1.1856),
рускі крытык, журналіст, гісторык і этнограф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1824). У 1831—35 праф. Маскоўскага ун-та. З 1831 выдаваў час. «Телескоп» з дадаткам газ. «Молва», у якіх супрацоўнічаў В.Р.Бялінскі. За публікацыю «Філасафічнага пісьма» П.Чаадаева ў 1836 «Телескоп» закрыты, а Н. сасланы. У 1843—56 рэдактар «Журнала Министерства внутренних дел», адначасова з 1848 старшыня Аддзялення этнаграфіі Рус. геаграфічнага т-ва. Адзін з пачынальнікаў рас.літ. эстэтыкі, у якой развіваў ідэі Ф.Шэлінга. Адыграў значную ролю ў фарміраванні эстэт. прынцыпаў рэалізму. Аўтар літ.-крытычных арт. «Літаратурныя боязі за будучы год» (1828), «Гора ад розуму». Камедыя... А.Грыбаедава» (1831), цыклаў «Летапісы айчыннай літаратуры» (1832), «Рускі тэатр. Лісты ў Пецярбург» (1833), гіст., этнагр. прац, у т. л. «Пра гістарычную ісціну і дакладнасці» (1837), «Пра гаворкі рускай мовы» (1841) і інш. Распрацоўваў пытанні этнаграфіі славян. Беларусі прысвечаны арт. «Паўночна-Заходні край імперыі ў мінулым і сучасным выглядзе» (1843).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА МО́ЎНАЯ,
сукупнасць варыянтаў моўных адзінак, якія прызнаюцца грамадствам найлепшымі для здзяйснення маўленчай камунікацыі. Выяўляецца на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах функцыянавання моўнай сістэмы: у фанетыцы (вымаўленне, інтанацыя), марфалогіі (словаўтварэнне і словазмяненне), лексіцы і фразеалогіі (выбар і ўжыванне слоў і іх эквівалентаў), сінтаксісе (спалучэнне слоў, пабудова сказа, парадак слоў), стылістыцы, арфаграфіі (пісьмо). Н.м. — вядучая адметная рыса літаратурнай мовы як сістэмы уніфікаваных і стабільных моўных сродкаў і правіл іх ужывання. Адначасова яна з’яўляецца сістэмна-структурнай і сацыялінгвістычнай катэгорыяй. Яе захаванне або парушэнне добра ўсведамляецца большасцю адукаваных людзей і адлюстроўваецца ў метамоўных ацэнках накшталт «правільна — няправільна», «дарэчна — недарэчна», «прыгожа — непрыгожа» і г.д. Н.м. кадыфікуюцца ў граматыках і слоўніках. Мае гістарычна зменлівы характар. Выступае істотным паказчыкам культуры мовы асобы і культуры грамадства ў цэлым. Унармаванне нацыянальнай мовы — адна з гал. задач мовазнаўства, моўнай педагогікі, творчай дзейнасці пісьменнікаў, журналістаў, прамоўцаў і інш.
Літ.:
Семенюк Н.Н. Норма // Общее языкознание. М., 1970;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн.. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),
1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).
2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.
3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).