СТАНКЕ́ВІЧ Аляксандра Аляксандраўна (н. 25.12.1946, в. Вялікія Тупалы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1997), праф. (2000). Скончыла Томскі ун-т (1968). З 1968 у Мазырскім пед. ін-це, з 1969 у Гомельскім ун-це (з 1991 заг. кафедры). Даследуе праблемы сучаснай і гіст. лексікалогіі літ. і нар.-дыялектнай мовы, пытанні стылістыкі і культуры маўлення, методыкі выкладання лінгвістычных дысцыплін у ВНУ. Аўтар манаграфіі «Лексіка іншамоўнага паходжання ў беларускіх народных гаворках» (1996), «Зборніка практыкаванняў і тэкстаў па лацінскай мове» (1978, з Н.​Старасценка), «Практыкаванняў па лексіцы і стылістыцы» (1984, з В.​Ляшчынскай), зб. крылатых выслоўяў «Набожнае слова і антычная мудрасць крочаць побач» (1997, з У.​Анічэнкам), падручніка «Лацінская мова» (1999, з С.​Лін), «Слоўніка-даведніка асабовых імёнаў» (2001, з Н.​Фраловай), адзін з аўтараў «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—3, 1997—2001) і інш.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)