НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень),

новы каменны век, апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.​Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёны днепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНО́ДЫЯ (ад грэч. palinōdia перапеў),

твор вершаванай формы, у якім аўтар адракаўся ад таго, што было ім напісана ў папярэднім творы. У старажытнасці асаблівай папулярнасцю карысталіся П. стараж.-грэч. паэта Стэсіхора. Пазней П. называлі ўсякае адрачэнне. На Беларусі гэты від творчасці быў пашыраны ў 1-й пал. 17 ст. ў перыяд росквіту палемічнай літаратуры. Адна з першых П. належыць М.​Сматрыцкаму, напісаная ў 1610-я г. супраць свайго ж твора «Трэнас» (не захавалася). У далейшым пад П. разумелі твор, напісаны супраць пэўнага твора процілеглага паліт. ці рэліг. зместу. Найб. значны такі твор — «Палінодыя...» З.​Капысценскага (1621—22), накіраваны супраць кнігі уніяцкага апалагета Л.​Крэўзы «Абарона уніі» (1617).

У.​Г.​Кароткі.

т. 12, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Цэнтр — г. Рагачоў. Утвораны 2.8.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі, з 2.4.1777 у Магілёўскай губ., з 23.12.1796 — у Беларускай губ. У гэты час паўд. частка павета далучана да Гомельскага пав., а на Пн яму перададзена частка Чэрыкаўскага і большая частка скасаванага Быхаўскага пав. З 27.2.1802 у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. З 1861 падзяляўся на 18 валасцей, меў 9 мястэчак. Пл. каля 7451 км², нас. 121,6 тыс. чал. (1864), 142,9 тыс. чал. (1885). У 1917 было 14 валасцей. З 26.4.1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 3.3.1924 у складзе БССР. 17.7.1924 скасаваны, яго тэр. ўвайшла ў Бабруйскую і Магілёўскую акругі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГЛА́МЕНТЫ ПЯТРА́ І,

заканадаўчыя акты Рас. дзяржавы 1-й чвэрці 18 ст. Вызначалі структуру і задачы устаноў, створаных у працэсе пераўтварэнняў, што праводзіліся ў гэты перыяд. Да іх адносяцца: ваен. статуты («Ваенны артыкул», 1716, «Статут воінскі сухапутны», 1716, «Марскі статут», 1720), «Генеральны рэгламент» для калегій (1720), «Духоўны рэгламент» для Сінода (1721), «Рэгламент Галоўнага магістрата» (1721), «Рэгламент Адміралцейства» (1722). Распрацоўваліся Пятром І сумесна з кіраўнікамі дзярж. устаноў і прадстаўнікамі саслоўяў (дваранства, купецтва, духавенства). Нормы, запазычаныя з зах.-еўрап. заканадаўстваў, дастасоўваліся да ўмоў Расіі. Садзейнічалі цэнтралізацыі дзярж. апарату, пераадоленню рэшткаў феад. сепаратызму, умацаванню арміі і флоту. Разам з тым служылі ўмацаванню эксплуатацыі прыгонных сялян і работных людзей, пашыралі правы і прывілеі пануючых саслоўяў.

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апа́тыя, ‑і, ж.

Стан душэўнай абыякавасці, раўнадушнасці. У .. [Касі] з’явілася да ўсяго апатыя, зарадзілася няўпэўненасць у сваіх поглядах. Карпюк. [Карызну] агарнула цяжкая апатыя — яму хацелася аднаго: скончыць як найхутчэй гэты няўдалы сход і адпачыць. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́кармак, ‑мка, м.

Жывёліна, выгадаваная, выкармленая ў хатніх умовах, без маткі. / у перан. ужыв. Пагард. Гэты кулацкі выкармак устроіў Апеньку спектакль, нібы бацькаў кулацкі хлеб дзярэ яму горла і ён кінуў бацьку. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абмы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Абл. Памылка. Адным словам, думаў Васіль, абмылкаю вялікаю прыйшоў на свет гэты чалавек. Колас. Анупрэй згаджаўся, што ён віноўнік церні таварышамі, што ён зрабіў цяжкую абмылку. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́дны, ‑ая, ‑ае.

Такі, дзе прысутнічае многа людзей; мнагалюдны. Людны сход. Людны рынак. // Такі, дзе бывае звычайна многа прахожых, праезджых. Людная вуліца. Людная дарога. □ У гэты ранішні час пераезд становіцца людным, бойкім. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблядне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць бледным. Твар збляднеў. Месяц збляднеў. □ Ганна збляднела; яна не чакала гэтай гаворкі [пра бацьку] цяпер, была зусім непадрыхтаваная да такога пытання ў гэты вечар. Савіцкі. Збляднела зарава пажару. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзы́ньканне і дзі́ньканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дзынкаць, дзінькаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Гэты звон не быў падобны ні на звон патэльні аб прыпечак, ні па дзынканне конскіх цугляў. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)