ЛУТС ((Luts) Оскар) (7.1.1887, с. Каарэперэ Йыгеваскага пав., Эстонія — 23.3.1953),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1945). Вучыўся ў Юр’еўскім (г. Тарту; 1911—12) ун-це. Працаваў ваен. фармацэўтам у Віцебску. Друкаваўся з 1907. У сац.-псіхал. п’есах «Качан капусты», «Паўнверэ», «Камерсанты» (усе 1913) намаляваў каларытныя нар. характары. Рэалістычна-гумарыстычныя замалёўкі правінцыяльнага жыцця школьнікаў у трылогіі «Вясна» (ч. 1—2, 1912—13), «Лета» (ч. 1—2, 1918—19), «Вяселле Таотса» (1921), карціны жыцця гар. ускраін у трагікамічна-гратэскавых аповесцях «Жыццё Андраса» (1923), «Будныя дні» (1924), «На задворках» (1933). Творы адметныя займальнасцю, дынамічнасцю сюжэта, псіхалагізмам, выразнасцю вобразаў. Аўтар успамінаў (т. 1—13, 1930—41): «Старыя сцежкі» (1930), «Зімовыя дарогі», «Праз вецер і ваду» (абедзве 1931) і інш., фельетонаў. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Рус. пер. — На задворках и другие повести. Таллин, 1962;

Лето. 3 изд. Таллин, 1970;

Весна. М., 1972.

О.Лутс.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРД ((Ird) Каарэл) (27.8.1909, Рыга — 25.2.1986),

эстонскі рэжысёр, акцёр.

Нар. арт. Эстоніі (1958). Нар. арт СССР (1970). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў студыі драм. мастацтва ў Тарту (1934—36). З 1940 гал. рэжысёр т-ра «Ванемуйне» (г. Тарту). Сярод пастановак: оперы «Агні помсты» Э.​Капа (1945), «Бераг бур» Г.​Эрнесакса (1958), «Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева (1962), «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча і «Лебядзіны палёт» В.​Торміса (1966), «Джоні з Гвіяны» А.​Буша (1969), «Піквікскі клуб» Р.​Шантыра (1978); драм. спектаклі: «Мяшчане» (1946), «Ягор Булычоў і іншыя» (1950) М.​Горкага, «Венецыянскі купец» (1958), «Карыялан» (1964) У.​Шэкспіра, «Жыццё Галілея» (1961), «Швейк у другой сусветнай вайне» (1967) Б.​Брэхта, «Дзікі капітан» Ю.​Смуула (1965), «Сумленне» Э.​Ранета (усе ў т-ры «Ванемуйне»), Пастаноўкі вылучалі глыбіня трактоўкі сцэн. вобразаў, арыгінальнае вырашэнне масавых сцэн. Сярод роляў: Ральф («Жыццё ў Цытадэлі» А.​Якабсана), Хігінс («Пігмаліён» Б.​Шоў), Трыгорын («Чайка» А.​Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога). Дзярж. прэмія Эстоніі 1947. Дзярж. прэмія СССР 1967.

К.Ірд.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́УСБЕРГ ((Kuusberg) Пауль) (н. 30.4.1916, Талін),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1972). Герой Сац. Працы (1984). Дэбютаваў у 1948 як літ. крытык. Першы раман «Каменныя сцены» (1956) пра жыццё рабочых Эстоніі напярэдадні падзей 1940. У раманах «Другое «я» Энна Кальма» (1960), «У разгары лета» (1966), «Адна ноч» (1972) асэнсаванне падзей Вял. Айч. вайны, іх уплыву на духоўнае станаўленне асобы. Актуальныя сац. і маральна-этычныя праблемы сучаснасці — у раманах «Здарэнне з Андрэсам Лапетэусам» (1963), «Кроплі дажджу» (1976), аўтабіягр. рамане ў навелах «Бульвар свабоды» (1971), зб-ках апавяданняў «Усмешка» (1971), «Хто яны былі?» (1986) і інш. Проза К. адметная публіцыстычнай завостранасцю, разнастайнасцю маст. форм і прыёмаў апавядання, іроніяй, гратэскавасцю і гумарам. Аўтар кніг літ.-крытычных артыкулаў «Устаўляю слова» (1959), «Пра час, грамадзяніна свету і іншае» (1967). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Клышка, А.​Кулакоўскі, Б.​Сачанка. Дзярж. прэміі Эстоніі 1965, 1975.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1978.

П.Куусберг.

т. 9, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОТС ((Ots) Георг) (21.3.1920, С.-Пецярбург — 5.9.1975),

эстонскі спявак (лірычны барытон). Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1951, клас Ц.Куузіка), у 1951—52 яе рэктар. З 1945 саліст т-ра оперы і балета «Эстонія». Валодаў моцным голасам прыгожага аксаміцістага тэмбру, вял. дыяпазону, бездакорным густам і артыстызмам. Выступаў у оперы, аперэце, як камерны і эстр. спявак. Сярод партый: у нац. операх — Мэеліс («Лембіту» В.​Капа), Вампа («Агні помсты» Э.​Капа), Пятроў («Бераг бур» Г.​Эрнесакса); інш. партыі — Яўген Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Дон Жуан, Папагена, Фігара («Дон Жуан», «Чароўная флейта», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Яга, Рэната, Рыгалета («Атэла», «Баль-маскарад», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Джані Скікі, Марсель («Джані Скікі» і «Багема» Дж.​Пучыні), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці); у аперэтах — Юры («Руму Юры» Л.​Нормета і Э.​Ара), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), містэр Ікс, Тасіла, прынц Раджамі («Прынцэса цырка», «Марыца», «Баядэра» І.​Кальмана), Марка («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Дон Кіхот і Сервантэс («Чалавек з Ламанчы» М.​Лі). Першы выканаўца многіх песень сучасных кампазітараў. Здымаўся ў кіно («Святло ў Коардзі», 1952; «Містэр Ікс», 1958; «Выпадковая сустрэча», 1961; «Кала Бруньён, 1974). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952, 1968. Дзярж. прэмія Эстоніі 1975. У 1975 заснавана прэмія імя Г.​Отса.

Літ.:

Стрельников Б. Георг Отс Л.;

М., 1962;

Тынсон Х.Л. Георг Отс: Пср. с эст. Таллинн, 1981.

Л.​А.​Сівалобчык.

Г.Отс.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ О́ПЕРА «ЭСТО́НІЯ»,

эстонскі тэатр оперы і балета; буйнейшы муз. т-р Эстоніі. Засн. ў 1906 у Таліне на базе аматарскага драм. гуртка пры пеўчым т-ве «Эстонія» (існавала з 1865). З 1940 наз. Дзярж. т-р Эст. ССР «Эстонія», з 1949 — Эст. т-р оперы і балета, з 1950 акадэмічны, з 1998 сучасная назва. Напачатку ставіліся драм. спектаклі, камедыі, аперэты, з 1908 і оперы. Пастаянная оперная трупа існуе з 1918, балетная — з 1926. Першыя эст. нац. оперы — «Вікерцы» («Вікінгі») Э.​Аава (паст. 1928), «Дзева магілы» (1929), «Каханне і смерць» (1931) і «Эльга» (1934) А.​Лембы, першы эст. балет — «Дамавік» («Краць») Э.​Тубіна (1944). У рэпертуары класічныя рус., італьян., ням., франц. балеты і оперы (многія ставяцца на мове арыгінала), сучасных эст. кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры Э.Клас, Р.​Куль, К.​Раўдсеп, Н.​Ярві, рэжысёры А.​Вінер, У.​Вяльяотс, балетмайстры Р.​Ольбрэй, Э.​Суве, Г.​Экстан, мастакі Н.​Мей, В.​Пяры, Л.​Роаза, Э.​Рэнтэр, А.​Тууранд, В.​Хаас, спевакі М.Войтэс, В.​Гур’еў, А.Кааль, Х.Крум, Ц.Куузік, Г.Отс, салісты балета Б.​Бліноў, Я.​Гаранцыс, А.-Э.​Керге, А.​Койт, Ю.​Лась, А.​Лейс, Ю.​Лехістэ, Х.​Пуур, Ц.​Рандвійр, Т.​Соане, Ю.​Ула, Ц.​Хярм, Э.​Эркіна і інш. У трупе т-ра (2000): гал. дырэктар П.​Хіма, гал. дырыжор П.​Мягі, гал. рэжысёр Н.​Кунінгас, гал. балетмайстар М.​Мурдмаа, гал. хормайстар Э.​Тыйсвальд; спевакі Р.​Айрэнэ, Я.​Захараў, Н.​Курэм, В.​Куслап, І.​Кууск, Т.​Майстэ, М.Пальм, Л.​Савіцкі, У.​Таутс, В.​Юрна, салісты балета І.​Андрэ, У.​Архангельскі, Т.​Вароніна, К.​Кырб, С.​Упкін, М.​Чыркова, Ю.​Якімаў, В.​Янсанс і інш.

Літ.:

Каск К., Тормис Л., Паалма В. Эстонский театр. М., 1978.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)