Та́та ’бацька’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Бяльк.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’бацька (дзіцячае слова)’ (Шымк. Собр.), та́туль ’бацька’ (Сцяшк.), та́тка ’бацька; ласкавы зварот не толькі да мужчын, але і жанчын’ (Ян.), та́то, та ’бацька’ (ТС), та́то ’тата, бацька’ (маст., пруж., кам., Сл. ПЗБ; Федар. 4; Горбач, Зах.-пол. гов.), тату́ля ’бацька’ (Ласт., Мат. Маг.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), тату́лё ’хросны бацька’ (Сцяц. Сл., Сцяц.), тату́ля, тату́ня ’ласкавы зварот да бацькі, святара і дзіцяці’ (Нас.), тату́лька ’тата’ (Касп.), ’хросны бацька’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пачцівы зварот да святара’ (Нас.), тату́ленька ’бацюшка, святы айцец — зварот да святара; зварот да чужой асобы пры здзіўленні’ (Нас.), тату́лечка ’тс’ (Нас.), та́тусь ’бацька’ (Скарбы, Сцяц. Сл., Сцяшк.), ’тата (ласкальнае)’ (воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), ’тата (зневажальнае)’ (Сцяц.), та́тусь ’бацька’ (Ласт.), ’хросны бацька’ (Сл. Брэс., ТС, Касп.), ’бацюшка, святы айцец — пра святара’ (Нас.), та́туська ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), та́тушко ’татка’ (Сцяц., Сцяц. Сл.), тату́лечка, тату́лька, тату́сечка, тату́ся, тату́хна ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’татуля (ужываецца ў песнях)’ (Бяльк.), та́ты ’тата’ (Сцяшк.), та́тычка ’памяншальнае да тата’ (Бяльк.), ст.-бел. тато ’тата’ (XVII ст., КГС). Укр. та́то ’тата’, дыял. та́та ’тс’, рус. дыял. та́та ’тс’, польск., н.-луж. tata, tato, в.-луж. tata, чэш. táta, славац. tata, tato, славен. táta, tátek, серб.-харв. та̏та, та́та, та́то, дыял. та̏тe, балг. та́те, тато, дыял. та́та ’мой бацька’, макед. тате ’татка, бацька (пры звароце)’, ст.-слав. тата. Прасл. *tata ’бацька, тата’ з першаснага дзіцячага падваення складоў, як і паралельныя ст.-інд. tatáḥ ’тата’, tātaḥ ’тата, сын, мілы’, хец.-лув. tati‑ ’бацька’, грэч. τέττα, τάτᾶ — клічная форма (пры звароце да бацькі), лац. tata ’тата’, карнуэлск. tat ’тс’, літ. tė̃tis, tė̃tė ’тс’, лат. tētis, tēte ’тс’, прус. thetis ’дзядуля’ (ЕСУМ, 5, 527; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 567; Махэк₂, 637; Борысь, 629). Частка слоў адлюстроўвае клічныя ці ўсечаныя формы або ўскладнена памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лю́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Чалавечны, пачцівы. Людскае абыходжанне.

2. Такі, як трэба; прыстойны. Максіму крыўдна станавілася за сваё жыццё, за тое, што ў яго і касцюма няма людскага, бо ўсе грошы забірае мачыха. Дайліда. [Тварыцкі:] — Каб людская жонка, можна было б разам з ёю рабіць усё, а то туляйся, як ад ворага. Чорны. / у знач. наз. лю́дскае, ‑ага, н. [Зіна:] Каб яе перуны высмалілі гэту вайну. Цяпер будзеш чакаць Івася можа тры гады... А колькі таго жыцця ў чалавека, а маладосці яшчэ менш. Ды я яшчэ людскага і не зазнала ў жыцці. Кучар.

3. Добры, прыгодны для чаго‑н. [Колас:] Пажар гэты я добра помню, бо я адзін быў пры маці і нічога людскага выхапіць з агню мы не змаглі. Лужанін. За кузняй сапраўды дзірванеў пустыр.. Яма на яме і адно каменне з жарствою. Там нават трава людская не расце. Якімовіч.

людскі́, а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да людзей, належыць людзям (у 1 знач.). Дзе-нідзе праснуе людская фігура і зараз жа знікне невядома куды. Колас. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы. В. Вольскі. Знаць не знаў Паўночны полюс Урачыстасці такой. Тут спакон вякоў, ніколі Не было нагі людской. А. Александровіч. // Які складаецца з людзей. Людскі паток. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін. // Які робіцца, ажыццяўляецца чалавекам, людзьмі. Людскія справы. □ Маўчыць усё навокала, не чутна гамонкі людской. Нікановіч.

2. Уласцівы людзям (у 1 знач.); чалавечы. Людскі лёс. Людская памяць. □ Вынікла новае мора, Пакорнае волі людской. Колас. [Салігорцы] шануюць слаўную памяць аб героях партызанах, якія аддалі тут сваё жыццё за шчасце людское. Кулакоўскі.

3. Які мае адносіны да людзей (у 2 знач.); іншы. — Хадзі ў калгас на работу, як людскія жонкі, будзеш мець і грошы і хлеб. Пальчэўскі.

4. Уст. Прызначаны для прыслугі. Запас .. [сухароў] Язэпка рабіў два апошнія дні — па кавалачку ад скупых лустак, што перападалі яму на людской кухні і ў лесарубнай арцелі. Якімовіч.

5. у знач. наз. людска́я, ‑ой, ж. Уст. Памяшканне для прыслугі пры панскім маёнтку. Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі.., а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы: — Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і пюць, як перад пагібеллю. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)