КРАСТО́ЎСКІ (Усевалад Уладзіміравіч) (23.2.1840, с. М. Беразанка Ягацінскага р-на Кіеўскай вобл. — 30.1.1895),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, дзе зблізіўся з перадавой моладдзю 1860-х г., пазней перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі. У 1868—74 служыў афіцэрам у палку, раскватараваным у Гродзенскай губ. Друкаваўся з 1857. Сац.-крытычны пафас характэрны для рамана «Пецярбургскія трушчобы» (1864—67). У антынігілістычных раманах «Панургавы статак» (1869) і «Дзве сілы» (1874), аб’яднаных у дылогію «Крывавы пуф», з рэакц. пазіцый адлюстраваў рэв. рух 1860-х г., паўстанне 1863—64. Аўтар трылогіі «Цемра Егіпецкая» (1888—92). Шэраг апавяданняў і нарысаў прысвяціў Беларусі, яе прыродзе і нар. побыту («Белавежская пушча», «Базарны дзень у Свіслачы»).

Тв.:

Средний солдат // Русская военная проза XIX в. Л., 1989;

Петербургские трущобы. Кн. 1—2. Мн., 1993.

Літ.:

Викторович В.А. Всеволод Крестовский: легенды и факты // Рус. лит 1990. № 2.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНАВО́Й (Васіль Сямёнавіч) (н. 16.1. 1934, Масква),

расійскі акцёр. Нар. артыст СССР (1985). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1957). Працуе ў т-ры імя Я.​Вахтангава. Акцёру ўласцівы прыгажосць і высакароднасць пластычнага малюнка ролі, рамант. пафас. Часта выконвае ролі ў амплуа «героя-палюбоўніка». Калаф («Прынцэса Турандот» К. Гоцы), Цэзар Актавіян («Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра), Казанова («Тры ўзросты Казановы» М. Цвятаевай). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Атэстат сталасці» (1954), «Пунсовыя ветразі» (1961), «Вайна і мір» (1966—67), «Ганна Карэніна» (1968), «Любоў Яравая» (1970), «Афіцэры» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Ганна і Камандор» (1976), «Дзіўная жанчына» (1978), «Пятроўка, 38» і «Агарова, 6» (1980) і інш. Ленінская прэмія 1980 за чытанне дыктарскага тэксту ў фільме-эпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Аўтар успамінаў «Шчаслівыя сустрэчы» (2-е выд. 1986).

Літ.:

Войткевич Н.Р. Ступени творчества. Ставрополь, 1975.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭ́Н ДЗЮ ГАР ((Martin du Gard) Ражэ) (23.3.1881, г. Нёі-сюр-Сен, Францыя — 22.8.1958),

французскі пісьменнік. Скончыў Эколь дэ Шарт (1905). У раманах «Станаўленне» (1909), «Жан Баруа» (1913) праблемы станаўлення чалавека, пошукі сэнсу жыцця. Асн. твор — раман-хроніка «Сям’я Цібо» (т. 1—8, 1922—40), у якім адлюстравана франц. рэчаіснасць пач. 20 ст. Аўтар фарсаў «Завяшчанне дзядзечкі Лелё» (1920), «Вадзянка» (1928), псіхал. драмы «Маўклівы» (1932), аповесцей «Афрыканскае прызнанне» (1931), «Старая Францыя» (1933). Яго творам уласцівы характэрныя рысы франц. класічнай л-ры: панарамнасць, нар. этычны пафас, высокі напал пачуццяў, выразнасць думкі. Напісаў «Нататкі пра Андрэ Жыда» (1951), «Аўтабіяграфічныя і літаратурныя ўспаміны» (1955). Нобелеўская прэмія 1937.

Тв.:

Рус. пер. — Жан Баруа. М., 1958;

Семья Тибо. Т. 1—2. М., 1972—87.

Літ.:

Наркирьер Ф.С. Роже Мартен дю Гар: Критико-биогр. очерк. М., 1963.

Р.Мартэн дзю Гар.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́ННІКАЎ (Сяргей Іванавіч) (н. 16.9.1946, в. Слабада Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, з 1978 у апараце ЦК КПБ, з 1986 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкуецца з 1963. Паэзіі ўласцівы грамадз. пафас, публіцыстычнасць, любоў да роднай зямлі, адстойванне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, увага да перажыванняў лірычнага героя ў спалучэнні з непрыняццем мяшчанства, спажывецкай маралі. У паэме «Чорная быль» (1990) успрыманне чарнобыльскай трагедыі як драмы народа, знаку катастрофы, болю ў яе сусв. апакаліпсічным вызначэнні. Аўтар зб-каў паэзіі «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1982), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць», «Вечная далеч» (абодва 1987), «Заклінанне» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1992), кніг эсэістычна-публіцыстычнай прозы «Беларускае сэрца» (1993), «Вячэра пад райскім дрэвам» (1996).

Тв.:

Святая воля: Выбр. лірыка. Мн., 1993.

А.​І.​Сямёнава.

С.І.Законнікаў.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Канстанцін Аляксандравіч) (7.1.1905, с. Дыды Джыхаішы, Грузія — 30.7.1986),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі гуманітарны тэхнікум (1924). Друкаваўся з 1924. Раннім вершам уласцівы сац. скіраванасць тэматыкі, грамадз. пафас (зб. «Выбраныя вершы», 1926; паэма «Сценька Разін», 1927, і інш.). Перамены ў жыцці груз. вёскі адлюстраваны ў раманах «Далоў кукурузную рэспубліку» (1931) і «Водаварот» (1940; перапрацаваныя ўвайшлі ў раман «Зара Калхіды», 1931—52). Гераізму народа ў Вял. Айч. вайне прысвечаны цыкл навел «Смерць яшчэ пачакае» (1968, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.​Руставелі 1971). Аўтар рамана «Чароўны камень» (ч. 1—2, 1955—65), сцэнарыяў фільмаў і інш. У 1935 наведаў Беларусь. Прысвяціў ёй цыкл апавяд. «Бяссмерце» (1938). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі К.​Чорны, М.​Гіль і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Далоў кукурузную рэспубліку. Мн., 1936;

Бяссмерце. Мн., 1941;

Рус. пер. — Избранное. М., 1985.

Літ.:

Имедашвили К.И. Проза К.​Лордкипанидзе. Тбилиси, 1979.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГ ((Grieg) Юхан Нурдаль) (1.11.1902, г. Берген, Нарвегія — 2.12.1943),

нарвежскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыўшы гімназію, служыў матросам (1920—21), уражанні адлюстраваў у зб. вершаў «Вакол мыса Добрай Надзеі» (1922) і рамане «А карабель ідзе далей» (1924). Вучыўся ва ун-тах Оксфарда і Осла. Выдаў кн. эсэ «Рана памерлыя» (1932) пра творчасць Р.​Кіплінга, Дж.​Кітса, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Байрана. На мяжы 1920—30-х г. адбылася яго творчая і светапоглядная эвалюцыя: аптымістычны пафас вершаў (зб. «Нарвегія ў нашых сэрцах», 1929) змяняецца песімізмам (драма «Атлантычны акіян», 1932). У 1932—34 жыў у СССР. У 1937 як ваенны карэспандэнт быў у Іспаніі (зб. «Іспанскае лета», 1937, раман «Свет яшчэ павінен стаць маладым», 1938). Вяршыня яго творчасці — драма «Паражэнне» (1937, пра Парыжскую камуну 1871). У 1940—43 змагаўся супраць фашызму (паэма «Чалавечая прырода», 1942; зб. вершаў «Свабода», выд. 1945; «Надзея», выд. 1946).

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1988.

Літ.:

Крымова Н.И. Нурдаль Григ. М., 1965.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЦЫ́ЗМ,

слова, запазычанае з грэчаскай мовы візант. перыяду, а таксама тэрмін, утвораны з грэч. кораня і афіксаў. Сустракаюцца ў помніках бел. пісьменства 14—16 ст., куды трапілі са стараж.-рус. мовы, а таксама праз пераклады з грэч. мовы рэліг. і навук. л-ры (напр., «адъ», «аксамитъ», «ангелъ», «антихристъ», «канон», «мира» і інш.). Вял. колькасць грэцызмаў пранікла ў бел. мову на працягу 17—20 ст. праз рус. або польск. мовы-пасрэдніцы.

Лексіка грэч. паходжання ў сучаснай бел. мове характарызуецца: зычным «ф» у пач. слова («фаза», «філасофія»); спалучэннямі «-кс-», «-пс-», «-мв-», «-мп-» у сярэдзіне слова («сінтаксіс», «элепсіс», «сімвал», «сімптом»); спалучэннямі «-ос (-ас)», «-іка (-ыка)» у канцы слова («пафас», «батаніка»). Прадуктыўныя штучныя ўтварэнні слоў на аснове грэч. каранёў і афіксаў (напр., «антонім» < anti — супраць і onyma — імя, назва). Большасць грэцызмаў у бел. мове папаўняюць навук. тэрміналогію.

Літ.:

Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

У.​Б.​Ламека.

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ГАЎТ ((Kohout) Павел) (н. 20.7.1928, Прага),

чэшскі пісьменнік, драматург. Працаваў культ. аташэ ў Маскве (1949—50), гал. рэдактарам гумарыстычнага час. «Dikobraz» («Дзікабраз»), Удзельнік дысідэнцкага руху 1960—70-х г. З 1979 у Аўстрыі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў паліт. і лірычных вершаў «Вершы і песні» (1952), «Час кахання і барацьбы» (1954). Крытычны пафас характэрны для п’есы «Такое каханне» (1957; паст. Гродзенскім абл. драм. т-рам і Бел. т-рам імя Я.​Коласа ў 1958, Магілёўскім абл. драм. т-рам у 1962), сатыр. рамана «Катыня» (1978), аўтабіягр. раманаў «З дзённіка контррэвалюцыянера» (1969), «Дзе закапаны сабака» (1987); маральная праблематыка ў п’есах «Добрая песня» (1952), «Жнівень, жнівень, жнівень» (1968). Аўтар п’ес «Марыя ў змаганні з анёламі» (1981), «Ecce Constantia» (паст. 1990), рамана «Канец вялікіх канікул» (1990), сатыр. апавяданняў, артыкулаў пра л-ру і т-р. На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў М.​Калачынскі. Дзярж. прэмія Аўстрыі 1977.

Тв.:

Рус. пер. — Хорошая песня. М., 1957;

[Вершы] // Антология чешской поэзии. М., 1959. Т. 3.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РТАС (Іван Пятровіч) (1754, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 17.4. 1835),

расійскі скульптар; прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773), выкладаў у ёй у 1779—1835 (з 1814 рэктар). У 1773—79 пенсіянер АМ у Рыме. Майстар мемар. пластыкі, у якой гарманічна спалучаў грамадз. пафас і ідэальную ўзнёсласць вобразаў з іх жыццёвай пераканаўчасцю: надмагіллі С.​С.​Валконскай (1782), М.​І.​Паніна (1788), Е.​С.​Куракінай (1792), Паўла I (1807) і інш. Помнікі К.​Мініну і Дз.​Пажарскаму (1804—18, Масква), А.​Э.​Рышэльё (1823—28, Адэса), М.​Ламаносаву (1826—29, Архангельск), Аляксандру I (1828—31, Таганрог) вызначаюцца велічнасцю вобразаў, якая ўвасабляе ант. ідэалы мужнасці і дасканалай прыгажосці. Аўтар манум.-дэкар. статуі «Актэон» для фантанаў Пецяргофа (1801), рэльефу «Здабыванне Майсеем вады ў пустыні» на атыку Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), партрэтных бюстаў і інш.

Літ.:

Гофман И.М. И.​П.​Мартос. Л., 1970.

І.Мартас. Надмагілле княгіні С.​С.​Валконскай. 1782.

т. 10, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЙМАН ((Neumann) Станіслаў Костка) (5.6.1875, Прага — 28.6.1947),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Гандлёвай акадэміі. Удзельнік нац.-вызв. руху чэш. моладзі «Омладзіна», быў зняволены. Дэбютаваў сімвалісцкімі зб-камі «Я — апостал новага жыцця» (1896) і «Слава сатаны сярод нас» (1897). Ідэямі нац. і сац. вызвалення прасякнуты зб-кі «Сон пра натоўп, які страціў надзею, і іншыя вершы» (1903), «Чэшскія песні» (1910). Антыфаш. пафас характэрны для паэт. зб-каў «Сэрца і хмары» (1935), «Саната зямных даляглядаў» (1937), «Бяздонны год» (1945), «Зачумленыя гады» (1946). Аўтар зб-каў пейзажнай і філас. лірыкі («Кніга лясоў, узгоркаў і вод», 1914), інтымнай («Каханне», 1933), кніг публіцыстыкі і мемуараў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.​Аўрамчык, М.​Гамолка, Х.​Жычка, К.​Кірэенка, М.​Машара, С.​Шушкевіч і інш.

Тв.:

Бел пер. — у кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Соната земных горизонтов: Избр. лирика. М., 1986.

Літ.:

Шерлаимова С.А. Станислав Костка Нейман. М., 1959.

А.​У.​Вострыкава.

Дж.Нейман.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)