ГРЫГ
(Grieg) Юхан Нурдаль (1.11.1902, г. Берген, Нарвегія — 2.12.1943),
нарвежскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыўшы гімназію, служыў матросам (1920—21), уражанні адлюстраваў у зб. вершаў «Вакол мыса Добрай Надзеі» (1922) і рамане «А карабель ідзе далей» (1924). Вучыўся ва ун-тах Оксфарда і Осла. Выдаў кн. эсэ «Рана памерлыя» (1932) пра творчасць Р.Кіплінга, Дж.Кітса, П.Б.Шэлі, Дж.Байрана. На мяжы 1920—30-х г. адбылася яго творчая і светапоглядная эвалюцыя: аптымістычны пафас вершаў (зб. «Нарвегія ў нашых сэрцах», 1929) змяняецца песімізмам (драма «Атлантычны акіян», 1932). У 1932—34 жыў у СССР. У 1937 як ваенны карэспандэнт быў у Іспаніі (зб. «Іспанскае лета», 1937, раман «Свет яшчэ павінен стаць маладым», 1938). Вяршыня яго творчасці — драма «Паражэнне» (1937, пра Парыжскую камуну 1871). У 1940—43 змагаўся супраць фашызму (паэма «Чалавечая прырода», 1942; зб. вершаў «Свабода», выд. 1945; «Надзея», выд. 1946).
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения. М., 1988.
Літ.:
Крымова Н.И. Нурдаль Григ. М., 1965.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 5, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)