ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Канстанцін Аляксандравіч) (7.1.1905, с. Дыды Джыхаішы, Грузія — 30.7.1986),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі гуманітарны тэхнікум (1924). Друкаваўся з 1924. Раннім вершам уласцівы сац. скіраванасць тэматыкі, грамадз. пафас (зб. «Выбраныя вершы», 1926; паэма «Сценька Разін», 1927, і інш.). Перамены ў жыцці груз. вёскі адлюстраваны ў раманах «Далоў кукурузную рэспубліку» (1931) і «Водаварот» (1940; перапрацаваныя ўвайшлі ў раман «Зара Калхіды», 1931—52). Гераізму народа ў Вял. Айч. вайне прысвечаны цыкл навел «Смерць яшчэ пачакае» (1968, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1971). Аўтар рамана «Чароўны камень» (ч. 1—2, 1955—65), сцэнарыяў фільмаў і інш. У 1935 наведаў Беларусь. Прысвяціў ёй цыкл апавяд. «Бяссмерце» (1938). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі К.Чорны, М.Гіль і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Далоў кукурузную рэспубліку. Мн., 1936;
Бяссмерце. Мн., 1941;
Рус. пер. — Избранное. М., 1985.
Літ.:
Имедашвили К.И. Проза К.Лордкипанидзе. Тбилиси, 1979.
т. 9, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)