браха́ць, брашу, брэшаш, брэша; незак.

1. Падаваць адрывістыя гукі (пра сабаку, ліса і некаторых іншых звяроў); гаўкаць. Дзесьці далёка брахаў сабака, піснула палявая мыш. Чорны. Яшчэ нават не вельмі позна — у хатах, мусіць, гараць яшчэ агні, на вуліцах сярдзіта брэшуць і выюць сабакі. Якімовіч.

2. перан. Разм. Ілгаць, хлусіць, маніць; паклёпнічаць, нагаворваць, абгаворваць. У Алёнкі пратэст з душы выбіваецца. Хочацца голасна сказаць усім гэтым плеткарам, што яны лгуць, брэшуць! Колас. — Чаго гэта мне брахаць? — націскае плячамі Пеця і падае Вольцы парожнія вёдры. — Я, канешне, мог памыліцца — гэта іншая справа, а брахаць... Вось што: гэта можам праверыць. Ракітны.

3. перан. Груб. Балбатаць, малоць языком, пустасловіць. А так Марцін спявае, брэша з хлопцамі.. — «вясёлы, жыццёвы дзядзька». Брыль. // Гаварыць непрыстойнае. Дня няма, Каб зранку.. [Кузьма] не наліваўся. ..Ідзе па вуліцы, шуміць, Бушуе, брэша і хаміць. Корбан.

•••

На ваду брахаць — прагна, многа, бясконца піць.

На пень брахаць — гаварыць непрыстойнасці, неразумнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наха́ба ’напасць’ (Нас., Грыг., Др., Яруш., круп., ЭШ), ’напасць, непрыемнасць; нахабства’ (Гарэц.), ’гора, навалач’ (Макар.), ’няшчасце, навала; нахабнік’ (Бяльк.), ’навязаны клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’ (Янк. 2, Ян.), ’назола, прыставай, бессаромнік’ (парыц., Янк. Мат.), ’нахабнік’ (Клім., Пятк. 2), ’здань’ (касцюк., Арх. ГТ), наха́біца ’пошасць, хвароба’ (ТС), ’назола’ (івац., Жыв. сл.), наха́бны ’навязлівы, прыдзірлівы’ (Нас.), ’наглы’ (Бяльк.), укр. наха́ба ’бяда, напасць; нахабства’, рус. наха́ба ’напасць, нечаканая непрыемнасць; клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’. Ад наха́біць ’нападаць, паклёпнічаць, безпадстаўна абвінавачваць у злачынстве’ (Нас.), да незафіксаванага *ха́біць, параўн. ст.-бел. ахабивъ, зафіксаваную форму з аканнем ад дзеяслова *охабити (Карскі, 1, 136), параўн. ст.-польск. ochabić ’абхапіць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага хав‑ (Бернекер, 381) і можа суадносіцца з габа́ць ’браць, хапаць’ (Фасмер, 4, 215; Махэк₂, 410). Некаторыя значэнні развіліся, магчыма, пад уплывам *xabiti ’псаваць’, гл. ха́баль, хабе́та; да семантыкі параўн. нахваці́цца ’з’явіцца знянацку’ (Ян.), нахапі́цца ’накінуцца’ (Растарг.) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Насты́рны ’ўпарты, настойлівы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’упарты, задзірысты’ (ТС), nastyrniony ’тс’ (Пятк. 2), сюды ж настыра́цца ’псаваць адносіны, задзірацца’ (ТС, Жд. 2), nastyrniàcsa ’задзірацца’ (Пятк. 2), насты́рыцца ’завесціся, пасварыцца’ (ТС), параўн. укр. насти́рний ’надаедлівы’, рус. насты́рный ’назойлівы, нахабны’, славен. nástoren ’упарты, надаедлівы, злы’. Відаць, звязана чаргаваннем галосных таксама з балг. дыял. наста́рам са, насто́ра са ’падбухторваць, паклёпнічаць, псаваць адносіны’, серб.-харв. nastoriti ’адчуваць агіду’, якія разам з серб.-харв. nástor ’нянавісць, злосць’, славен. nástor ’упартасць, варожасць’ узводзяць да *na‑sъ‑tor‑ ад прасл. *terti, *tьrǫ, гл. церці (Варбат, Слав. языкозн., 1973, 98; Морфонологические и словообр. аспекты реконстр. и этимологизации праслав. лексики. АДД. М., 1980, 14); адносна чаргавання галосных параўн. це́рціся і ты́рыцца ’ацірацца’ (Нас.). Сюды ж, відаць, і рус. сты́рить ’дражніць; сварыцца; спрачацца, упарціцца і інш.’, паводле Фасмера (3, 789), няяснага паходжання, якое, аднак, чаргаваннем галосных можа быць звязана з паўднёваславянскімі формамі і польск. storzyć ’хваліцца, ганарыцца, задавацца’ (Брукнер, 517, да *stor‑, *ster‑, параўн. старана́, распасце́рці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напа́сць ’несправядлівае абвінавачванне, паклёп’ (Нас., Яруш.), ’нагавор, паклёп’, ’гора, бяда’ (Гарэц.), ’дарэмшчына’ (робіць як за напасць), ’нагавор, паклёп’, ’бяда, гора’ (ТС), напась ’выдумка, памылковае непраўдзівае абвінавачванне, нападкі’ (бялын., Янк. Мат.), напа́сць (napáść) ’бяда, гора’ (рагач., будакаш., Мат. Гом., Пятк.); сюды ж напа́слівы ’які ўзводзіць на іншых паклёп, ставіць іх пад падазрэнне’, напа́сны ’небяспечны’, напа́ставаць ’несправядліва узводзіць на каго-небудзь віну, паклёп; паклёпнічаць’ (Нас.), напаснык (< напастник) ’чалавек, які прыносіць бяду, няшчасце’ (Булг.); рус. напасть ’няшчасце, бяда’, ’нагавор’, ’прынясенне’, ’нечаканае шчасце, удача’, укр. ’прычэпка’, ’бяда, няшчасце’, ’штраф’, ’паклёп’, польск. napaść ’напад, прычэпка’, ’прымус’, ’бяда, няшчасце’, ’хвароба коней і інш.’, чэш. nápast ’няшчасце’, ’прынада; западня’, ст.-чэш. ’цяжкасць’, ’жах’, славен. napâst ’нападзенне’, серб.-харв. на́паст ’няшчасце, бяда, напасць’, балг. напа́ст ’напасць, бяда, няшчасце’, макед. напаст ’тс’, ст.-слав. напасть ’спакуса’, ’нападкі’, ’няшчасце’. Шырокая семантыка сведчыць, што гэта хутчэй за ўсё самастойнае для кожнай славянскай мовы, аднак дастаткова старажытнае ўтварэнне ад дзеясловаў тыпу напа́сць, напада́ць, што маюць вялікі спектр значэнняў: ’напасці, наляцець’, ’наваліцца’, ’апанаваць’, ’раптоўна з’явіцца’, ’прыгнятаць’ і інш. (Махэк₂, 389; Фасмер, 3, 43).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сачыць ’назіраць, наглядаць за кім-небудзь, чым-небудзь’, ’адшукваць’, ’дапільноўваць’ (ТСБМ, Шат., Касп., Стан., Ласт.), ’цікаваць, высочваць, віжаваць’ (Бяльк., Гарэц.), ’пільнаваць’ (Сл. ПЗБ) ’назіраць, запільноўваць’ (Варл.) ’шукаць у галаве’ (Сержп. Прык.) ’гнаць звера (пра сабаку)’ (Сцяшк.) ’быць падобным на каго-небудзь’: сочыць бацьку — падобны да бацькі (віл., глыб., Сл. ПЗБ), сочы́ць ’высочваць’ (ТС). Укр. сочи́ти ’падпільноўваць’, рус. сочи́ть ’шукаць, дапільноўваць’, ст.-рус. сочити, сочу ’адшукваць; весці судовую справу’, польск. soczyć ’паклёпнічаць, цкаваць’, чэш. sočiti ’ненавідзець; раўнаваць; абгаворваць’, серб.-харв. со̀чити ’выявіць, адшукаць’, ’даказаць’, славен. sáčiti ’лавіць’, балг. со́ча ’паказваю’. Прасл. *sočiti. Звязваюць з прасл. *sokъ ’абвінаваўца, выведнік’ і параўноўваюць з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’, лат. sacît, ст.-в.-ням. sagen ’тс’ і г. д. (Бругман, IF, 12, 38; Траўтман, 255; Мюленбах-Эндзелін, 3, 603; Младэнаў, РФВ, 63, 310; Фасмер, 3, 731). Махэк₂ (566) зыходным значэннем лічыць ’дапільноўваць, адшукваць (звера)’ і супастаўляе з літ. sekù, sèkti ’ісці (следам)’, лац. sequor, ірл. sechur ’тс’, ст.-інд. sáčate ’ідзе следам’. Бязлай (Linguistika, VIII, 1, 71), славенскае слова таксама супастаўляе з літ. sèkti, лат. sekt ’ісці следам’. Аб супастаўленні слав. *sočiti з вышэйпрыведзенымі балцкімі словамі меркаваў яшчэ Фрэнкель (757, 773). Варбат (Марфан., 31–32) падтрымлівае думку Брукнера (394–395) аб зліцці ў слав. sočiti двух вышэйназваных індаеўрапейскіх гнёздаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пле́сці, плясці́, плесць, плэсты́, плыстэ́ ’перавіваючы (палосы, лазу, ніці, стужкі), злучаць (іх) у адно цэлае, вырабляць што-н.’, ’вязаць’, ’віць вяроўкі’, ’гаварыць без сэнсу’, ’гаварыць у сне’, ’узводзіць паклёп, паклёпнічаць’; сюды ж у слалучэннях: плётма пле́сці ’хлусіць’, пле́сці кашалі́ без дужак, плесці плота без калкоў ’гаварыць няпраўду, што папала’; пле́сціся, плясці́ся, пле́сцца ’паволі ехаць, ісці, заплятаючыся, чапляючы нагой за нагу’, плётма плесціся ’ўвесь час цягнуцца, ісці’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Др.-Падб., Шат.; Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС; сміл., Стан.; дзятл., Сцяшк. Сл.; ЛА, 4). Укр. плести́, рус. плести́, плесть, польск. pleść, н.-луж. plasć, в.-луж. plesć, палаб. plitě ’пляце’, чэш. plésti, славац. pliesť, славен. plésti, серб.-харв. плѐсти, харв. чак. plȅst, макед. плете, балг. плета́, ст.-слав. плести ’плесці’. Прасл. *plesti < і.-е. *plekʼ‑te/o: ст.-в.-ням. flehtan, англ.-сакс. fleohtan, лац. plectō ’плесці’; без суф. ‑te/o: ст.-грэч. πλέκω, лац. plicāre ’складаць, загінаць, звіваць’ < і.-е. *piekʼ‑ (Міклашыч, 250; Махэк₂, 459; Фасмер, 3, 280; Брукнер, 418; Бязлай, 3, 56); Трубачоў (Ремесл. терм., 248) — *plek‑ (*plekʼ‑). Мее (Études, 180) рэканструюе прасл. форму як *plet‑. Банькоўскі (2, 606) выводзіць тры прасл. формы: *plesti/*plęsti > *plěsti > *plet‑/*plēt‑/*plot ’пашыраць, павялічваць, дадаючы новыя элементы’. Тое ж абазначае і літ. plė̃sti, platùs ’шырокі’. Адносна значэння ’ілгаць, абгаворваць, узводзіць паклёп’: Брукнер (418), Махэк₂ (459). Фасмер (3, 280), Копечны (Zákl. zásoba, 269) бачаць у ім семантычны перанос прасл. *plesti. Фурлан (JS, 29, 120) выводзіць лексему з гэтым значэннем з і.-е. *pléte/o < *(s)pel‑ ’узнёсла гаварыць’, ад якога можа быць і літ. рlерė́tі ’балбатаць, несці бязглуздзіцу’ (Бязлай, 3, 56), што непераканаўча (Куркіна, Этимология–1994–1996, 199). Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1), плісціся ў значэнні ’цягнуцца’ — русізм, што неабавязкова, параўн. балг. жарт. плете́ ’ідзе’ (БЕР, 5, 342).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́дзіць 1 ’шкодзіць’ (БРС, Шпіл., Яруш., Др.-Падб., Гарэц.); ’муляць, назаляць; турбаваць; калоцца’ (Юрч., Грыг., Сцяшк. МГ, Янк. БП); ’(мяне) нудзіць, (мне) моташна, млосна’ (безасаб.) (КСТ), ва́дзіцца ’сварыцца’ (Гарэц., Хрэст. дыял., 333); ’весці звадку’ (лаг., КЭС), ва́дка ’сварка’, ва́да ’загана’ (Хрэст. дыял.); ’налог, недахоп’ (Шпіл.); ’няшчасце’ (Карскі, Труды, 337); ’недахоп, загана’ (Арх. Бяльк.); ’ганьба, фальш, хіба’ (лаг., КЭС); ’боль’ (КСТ). Рус. ва́дить ’узводзіць паклёп, сварыцца’, польск. wadzić ’сварыць, звадзіць’, wada ’недахоп’, в.-луж. wadźić ’перашкаджаць, шкодзіць’, чэш. vaditi ’тс’, vada ’звадка, сварка’, славен. váditi ’абвінавачваць’, балг. ва́дя ’паклёпнічаць, быць зламоўным’. Прасл. *vaditi роднаснае з літ. vadinti ’зваць, запрашаць’, ст.-в.-ням. farwáʒan ’абяцаць, клясціся’, ст.-інд. vádati ’гаворыць, паведамляе’. Гл. Фасмер, 1, 265–266; БЕР, 1, 112; Махэк₂, 674; Брукнер, 598; Скок, 3, 557.

Ва́дзіць 2 ’прыцягваць’ (Гарэц.); ’шанцаваць, мець карысць’ (КЭС). Рус. повадка, ва́да ’звычка’, ва́дить, важивать ’вабіць, прынаджваць, прыкормліваць’, повадиться ’займець звычку’, балг. ва́дя ’атрымліваць’, серб.-харв. на́вада ’звычка’, на̀вадити ’прывучаць’, славен. vaditi ’прывучаць’, ст.-слав. навада ’прывучэнне’. Прасл. *vaditi < *vada, якое Праабражэнскі (1, 63) суадносіць з санскр. svdhhā́ ’звычка, звычай, навык’, адасабляючы ад рус. ва́да ’сварка’, ва́дзіць ’маніць, гаварыць няпраўду’. Магчымасць пераходу ’сварыцца’ > ’прынаджваць, прывучаць’ дапускае Фасмер (1, 266). Гл. яшчэ Скок, 3, 558; Варбот, Этимология, 1963, 213–216; Даруля, SR, 1968, 217–223.

Вадзі́ць 1. Прасл. *voditi — ітэратыў да весці (гл.).

Вадзі́ць 2 ’шукаць у схованках’ (КСТ). Утворана лексіка-семантычным спосабам ад вадзі́ць/ве́сці. Параўн. рус. водить ’у дзіцячых і спартыўных гульнях выконваць галоўную ролю адпаведна з правіламі’; ’канаводзіць’, балг. водя ’кіраваць’, серб.-харв. он води ’ён уперадзе’. Праабражэнскі (1, 100) указвае на рус. ва́ди́ть, якое ўжываецца ў гульнях у адносінах да таго, хто прайграў і абавязаны, напрыклад, падаваць шар, мячык. Можна меркаваць, што ў рус. ва́ди́ть «аб’яднаны» розныя дзеясловы: води́ть і ва́дить. Даль (1, 160) адзначыў, маючы на ўвазе гэта значэнне: «здаецца, гэта будзе води́ть, а не ва́дить». Параўн., аднак, ва́дзіць ’ставіць цурку пры гульні ў клёк’ (Сцяц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)