ПАКЛЕ́ЎСКІ-КО́ЗЕЛ Альфонс Фаміч (1809 або 1815, в. Быкаўшчына Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1890),
расійскі прадпрымальнік, мецэнат. З роду Паклеўскіх-Козелаў. Скончыў школу дамініканцаў у мяст. Ушачы, калегіум піяраў, вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1830-я г. на дзярж. службе ў Рас. імперыі, з 1838 губернскі сакратар, чыноўнік па асобых даручэннях пры ген.-губернатару Зах. Сібіры. У 1843 заснаваў першае ў Сібіры параходства. Валодаў залатымі і азбеставымі прыіскамі, жал., сярэбранымі і меднымі руднікамі, капальнямі ізумрудаў і александрытаў, заводамі па вытв-сці чыгуну, жалеза, свечак, хім. з-дам, гутамі і інш. прадпрыемствамі. Найбуйнейшы ў Сібіры вытворца гарэлкі, піва, прадуктаў харчавання. Ініцыятар будаўніцтва чыг. Екацярынбург—Цюмень, адзін са стваральнікаў у 1872 Сібірскага гандл. банка. Займаўся дабрачыннай дзейнасцю: будаваў бальніцы, дзіцячыя прытулкі, багадзельні, клубы, б-кі і фінансаваў іх; дапамагаў сасланым удзельнікам паўстання 1830—31 і 1863—64, пабудаваў у Сібіры і на Урале 5 касцёлаў. Пасля смерці П.-К. яго нашчадкі стварылі гандл. дом «Спадкаемцаў А.Ф.Паклеўскага-Козела».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найбуйнейшы навучальны і навуковы цэнтр Польшчы. Засн. ў 1816 у Варшаве паводле загаду рас. імператара Аляксандра I як Аляксандраўскі ун-т (статут зацверджаны ў 1818). Меў ф-ты: юрыд., мед., прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-матэм., тэалагічны. Пасля задушэння паўстання 1830—31 ун-т зачынены. У 1862 аднавіў дзейнасць пад назвай «Галоўная школа». Адыграў выключную ролю ў развіцці польск. культуры і навукі. Сярод яго выхаванцаў Г.Сянкевіч, Б.Прус, Бадуэн дэ Куртэнэ, гісторык матэматыкі С.Дзікштэйн і інш. У 1869 школа пераўтворана ва ун-т з выкладаннем на рус. мове. У 1893—1915 у Варшаўскім універсітэце выкладаў Я.Ф.Карскі. У час герм. акупацыі 1915—18 фармальна лічыўся ням. ун-там, з 1917 — польскі. У 2-ю сусв. вайну не працаваў. Аднавіў дзейнасць у 1945. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., хім., журналістыкі і паліт.Навук. філасофіі і сацыялогіі, фізікі, геаграфіі і вывучэння рэгіёнаў, геалогіі, гісторыі; матэматыкі, інфарматыкі і механікі; эканам.Навук. неафілалогіі, педагогікі, паланістыкі, прававых навук і адміністрацыі, прыкладных грамадскіх навук і рэсацыялізацыі, псіхалогіі, русістыкі і прыкладной лінгвістыкі (мае кафедру бел. філалогіі), кіравання. Філіял ун-та ў Беластоку. Б-ка (засн. 1817).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬКУ́ТА,
горад у Індыі. Адм. ц. штата Зах. Бенгалія. Каля 3,3 млн.ж., у агламерацыі Вял. К. 11, 9 млн.ж. (1997). Буйны трансп. вузел: чыгункі, аўтадарогі, рачны і марскі порт на рукаве Ганга—Хуглі, за 140 км ад Бенгальскага заліва. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшыпрамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: джутавая (каля 9/10 агульнаінд. вытв-сці), разнастайнае машынабудаванне (судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, эл.-тэхн.), хім., лёгкая, у т. л. гарбарна-абутковая, фармацэўтычная, папяровая, паліграф., харчасмакавая. База марскога і рачнога рыбалоўства. Буйнейшая ў свеце чайная і джутавая біржа. Метрапалітэн (з 1984). 3 ун-ты. Інд.геагр.т-ва. Інд. музей (з 1814), гісторыка-маст. музей Вікторыі. Бат. сад.
Горад вырас з факторыі і форта Уільям, заснаваных англ. Ост-Індскай кампаніяй у 1690—91 Назва ад в Калігхат, далучанай да форта ў 1698. З 1707 сталіца Бенгаліі. З 1773 фактычна, з 1854 і юрыдычна сталіца англ. уладанняў у Індыі (да 1911, калі сталіца Індыі перанесена ў Дэлі). У 19 ст. буйны прамысл.гандл.цэнтр. У К. адкрыта першае ў Індыі метро.
Калькута. У цэнтры горада.Музей Вікторыі ў Калькуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАДЫ́ША, Мукдыша,
горад, сталіца Самалі. Знаходзіцца на ПдУ краіны, на ўзбярэжжы Індыйскага ак.Адм. ц.вобл. Банадыр. 997 тыс.ж. (1997). Вузел аўтадарог. Гал. порт краіны. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшыпрамысл. цэнтр краіны (каля 50% агульнай колькасці прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці). Прам-сць: харч., гарбарна-абутковая, метала- і дрэваапр., нафтаперапр., суднабуд. і суднарамонтная. Ун-т. Нац. музей. Арх. помнікі 13—19 ст. (мячэці Фахр-ад-дзіна, Абд аль-Азіза, руіны крапасных збудаванняў).
Засн. араб. і перс. купцамі ў 12 ст. У 12—17 ст. цэнтр аднайм. дзяржавы, буйнейшы араб. горад на ўсх. узбярэжжы Афрыкі. Гандлявала па моры з араб. краінамі і Індыяй, караванным шляхам — з унутр. абласцямі Афр. Рога, чаканіла ўласную манету. У 1499 горад моцна пацярпеў ад абстрэлу партуг. эскадры Васка да Гамы. У канцы 17 ст. далучана да Аманскага султаната, з пач. 19 ст. пад намінальнай уладай Занзібара, з 2-й пал. 19 ст. фактычна пад кантролем самалійскага султаната Геледы. У 1905—41 адм. цэнтр Італьян. Самалі. У 2-ю сусв. вайну ўзята брыт. войскамі. З 1950 адм. цэнтр падапечнай тэр. Самалі пад кіраваннем Італіі. З 1960 сталіца незалежнага Самалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й УКРАІ́НЫ,
найбуйнейшы збор укр.нац. мастацтва. Адкрыты ў 1899 у Кіеве. Засн. як Гар. музей старажытнасцей і мастацтваў. У 1904 перайменаваны ў Маст.-прамысл. і навук. музей імя імператара Мікалая Аляксандравіча, з 1919—1-ы Дзярж. музей, з 1924 — Усеўкр. музей імя Т.Р.Шаўчэнкі, з 1936 — Дзярж.ўкр. музей, з 1939 — Дзярж. музей укр. мастацтва, з 1964 — Дзярж.ўкр. музей выяўл. мастацтва, з 1994 — сучасная назва. Пл. экспазіцыі 2,12 тыс.м², у фондах больш за 30 тыс. экспанатаў. Аддзелы: стараж.-ўкр. мастацтва 12—18 ст. (іканапіс, партрэтны жывапіс, скульптура, гравюры, нар. карцінкі), мастацтва 19 — пач. 20 ст. (карціны і гравюры Шаўчэнкі, пейзажы, жанравыя кампазіцыі У.Арлоўскага, С.Васількоўскага, М.Івасюка, К.Кастандзі, П.Леўчанкі, А.Мурашкі, М.Піманенкі, С.Святаслаўскага); сучаснага мастацтва, які адлюстроўвае разнастайнасць стыляў і кірункаў 1920—90-х г. (творы авангардыстаў А.Багамазава, Д.Бурлюка, А.Экстэр, прадстаўнікоў рэаліст. школы У.Касцецкага, Ф.Крычэўскага, А.Пятрыцкага, А.Шаўкуненкі, Т.Яблонскай). Мае калекцыю твораў мастакоў канца 20 ст. Будынак музея ўзведзены ў 1897—1900 (арх. Г.Байцоў і У.Гарадзецкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАРАСІ́ЙСК,
горад-герой у Расіі, у Краснадарскім краі, на беразе Цэмескай (Новарасійскай) бухты Чорнага м. 203,3 тыс.ж. (1996). Буйны порт. Чыг. станцыя. Прам-сць; цэм., маш.-буд. і металаапр., суднарамонтная, буд. матэрыялаў, дрэваапр., харчасмакавая. Марская акадэмія, ф-т Краснадарскага політэхн. ін-та. Гіст.-краязн. музей. У раёне мыса Мысхака («Малая Зямля») мемарыяльны ансамбль.
Засн. ў 1838 як ваен. ўмацаванне на зах. беразе Цэмескай бухты каля руін тур. крэпасці Суджук-Кале (засн. ў 1722, разбурана рус. войскамі ў 1812). У Крымскую вайну 1853—56 пацярпеў ад артыл. абстрэлаў англа-франц. эскадры. З 1866 цэнтр Чарнаморскай акругі Кубанскай вобл., у 1896—1920 — Чарнаморскай губ. З 1896 найбуйнейшы на Паўн. Каўказе порт, цэнтр экспарту збожжа, нафты, нафтапрадуктаў, цэменту. У рэвалюцыю 1905—07 была створана «Новарасійская рэспубліка». У грамадз. вайну паводле загаду У.І.Леніна ў Цэмескай бухце затоплены караблі рас. Чарнаморскага флоту, каб пазбегнуць захопу яго герм. войскамі. У 1918 заняты войскамі Добраахвотніцкай арміі ген. А.І.Дзянікіна, у 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1942—43), амаль поўнасцю разбураны.
Літ.:
Михайлов К.М. Город-герой Новороссийск. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́КЕРЭЙ (Thackeray) Уільям Мейкпіс (18.7.1811, г. Калькута, Індыя — 24.12.1863),
англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік англ. рэалізму. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це (1828—29). Творчую дзейнасць пачаў як мастак-карыкатурыст (2000 малюнкаў увайшлі ў кн. «Тэкерыяна», 1875). Друкаваўся з 1836. Гал. тэма яго твораў — выкрыццё заган тагачаснага англ. грамадства. Аўтар сатырыка-гумарыстычных «Нататкі Жаўтаплюша» (1840), «Пендэніс» (1850), гіст. «Гісторыя Генры Эсманда» (1852), «Віргінцы» (1857) раманаў, сямейнай хронікі «Ньюкамы» (1855). Вяршыня яго творчасці — раман «Кірмаш пыхлівасці» (1848), у якім паказаў жыццё простых людзей у перыяд напалеонаўскіх войнаў, узняў вострыя маральна-паліт. і сац.-грамадскія праблемы. Аўтар шматлікіх аповесцей, вершаў, кніг эсэ, у т. л.сатыр. «Кніга снобаў» (1847), літ.-крытычных нарысаў («Англійскія гумарысты XVIII ст.», 1853), цыкла пародый («Раманы славутых літаратараў», 1847), рэцэнзій, перакладаў і інш. Яго творы адметныя сюжэтнай разгалінаванасцю, займальнасцю інтрыгі, рытмічнай разнастайнасцю, насычаны каламбурамі, матывамі маскі, марыянеткі. На бел. сцэне паводле казкі Т. пастаўлены спектакль «Пярсцёнак і ружа» (1999, Гродзенскі абл.драм.т-р).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—12. М., 1974—80.
Літ.:
Вахрушев В.С. Творчество Теккерея. Саратов, 1984;
Уильям Мейкпис Теккерей: Творчество. Воспоминания. Библиогр. разыскания. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́РНЕР, Цёрнер (Turner) Джозеф Мэлард Уільям (23.4.1775, Лондан — 19.12.1851), англійскі жывапісец, акварэліст, рысавальшчык і гравёр; найбуйнейшы майстар англ.рамантызму. Вучыўся ў АМ у Лондане (1789—93), з 1808 выкладаў у ёй. Працаваў пераважна ў Лондане, шмат падарожнічаў па Англіі і краінах Еўропы. Да 1800 пісаў пераважна акварэльныя пейзажы, у пач. 19 ст. — жывапісныя пейзажы ў традыцыях галандскіх майстроў 17 ст. («Мол у Кале», 1802—03), пазней часта звяртаўся да матываў К.Ларэна, трактуючы іх у фантастыка-рамантычным духу. Для работ сталага перыяду характэрны віртуознае ўвасабленне дынамікі і проціборства прыродных сіл, рэдкіх атмасферных эфектаў. Асаблівай свабодай і дынамічнасцю вылучаюцца яго марскія пейзажы, карціны на гіст. і міфалагічныя тэмы 1820—40-х г., выкананыя чыстымі, светлымі фарбамі, пабудаваныя на кантрастах паветраных мігатлівых тонаў, якія нібыта раствараюць абрысы прадметаў: «Уліс і Паліфем» (1828—29), «Апошні рэйс карабля «Адважны» (1838), «Пахаванне на моры» (1842), «Дождж, пара і хуткасць» (1844). Каларыстычныя пошукі Т. часткова вызначылі жывапіс франц.імпрэсіянізму, а містычныя тэндэнцыі і алегарычна-маляўнічыя фантасмагорыі, што найбольш праявіліся ў позні перыяд, паўплывалі на фарміраванне сімвалізму ў еўрап. мастацтве 2-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДНЕЙ (Sydney),
горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс.ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак.Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшыэканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л.трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).
Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр. спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-й пал. 19 ст. С. — гал.прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.
У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ВЕНСАН (Stevenson) Роберт Льюіс Бэлфур (13.11.1850, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 3.12.1894),
англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік неарамантызму. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1873). Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў па Еўропе і ЗША. Дэбютаваў у 1866 як публіцыст. Сусв. вядомасць прынёс раман «Востраў скарбаў» (1883, неаднаразова экранізаваны). Аўтар прыгодніцкіх раманаў «Выкрадзены» (1886), «Гаспадар Балантрэ» (1889), «Пацярпелыя караблекрушэнне» (1892), «Катрыёна» (1893), у якіх тагачаснай цывілізацыі, расізму і каланіялізму проціпастаўляў веру ў людзей, іх высокую духоўнасць. У гіст. раманах «Прынц Ота» (1885), «Чорная страла» (1888), «Сент-Іў» (апубл. 1897, незавершаны) рамантыка прыгод спалучаецца з дакладным апісаннем экзотыкі і гіст. каларытам. Тэма «двойніцтва» ў філас.-псіхал. рамане «Дзіўная гісторыя д-ра Джэкіля і м-ра Хайда» (1886). Аўтар шматлікіх апавяданняў, нарысаў, п’ес, літ.-крытычных прац. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі А.Асташонак, В.Гардзей, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел.пер. — Востраў скарбаў. Мн., 1993;
Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы. Мн., 1999;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1992.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Стивенсон и английская литература XIX в. Л., 1984;
Олдингтон Р. Стивенсон: Портрет бунтаря: Пер. с англ.М., 1985;
Роберт Луи Стивенсон: Биобиблиогр. указ. М., 1958.