Ру́чы ’дарослы, працаздольны, які можа на сябе зарабіць’, ’моцны, спрытны чалавек’ (бялын., Янк. Мат.), укр. ру́чий ’спрытны, лоўкі’, польск. rączy ’хуткі, жвавы; пільны’, чэш. ručí ’хуткі’, славац. rúči ’здольны, спрытны’, славен. róčen ’хуткі, спрытны’. Прасл. *rǫčьjь, роднаснае ст.-інд. r̻jyati, r̻ñjati ’напружвацца, спяшацца’, грэч. αργός ’хуткі (пра сабаку)’. Адносяць да *rǫka (Праабражэнскі, 2, 228; Махэк₂, 522), або пастулюецца народнаэтымалагічная сувязь з назоўнікам (Бязлай, 3, 189). Параўн. рука́ты (гл.); Брукнер (455), Шустар-Шэўц (2, 1249) звязваюць з *ručьjь, гл. ручай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

про́мах, ‑у, м.

1. Выстрал або ўдар міма цэлі; непападанне ў цэль. Біць без промаху. □ Не ведае промаху куля чэркеса. Броўка. Промах — мяч ляціць у ваду і вось ужо гайдаецца на хвалях, даволі хутка ўцякаючы ад берага. Брыль.

2. перан. Памылка, хіба. У рамястве.. [Васіль] быў здатны, прыкметлівы, а ў гаспадарскіх справах часта спатыкаўся, меў шмат усякіх промахаў і ўсякіх недарэчнасцей. Кулакоўскі. Я не збіраюся ідэалізаваць парторга Абраменкава. Ёсць і ў яго рабоце свае недахопы, промахі: вельмі гэта тонкая і складаная справа — партыйная работа. Дадзіёмаў.

•••

Не промах — лоўкі, кемлівы, які не ўпусціць свайго. [Стары Верас:] Ну, што ж мне сказаць... Як я пагляджу, дык мой хлопец не промах: выбраў сабе дзяўчыну да пары. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Негара́зд ’не вельмі-та, дзе там’ (Растарг.), негараст (nieharast) ’нязручна; нешчасліва’ (Арх. Федар., Федар. 7), укр. негаразд ’нядобра, дрэнна’, рус. негоразд ’не вельмі, няўдала’. Ад незафіксаванага *гаразд > параўн. рус. ’горизд ’лоўкі, удалы, вопытны’, укр. гаразд *добра, шчасліва’, чэш. horazditi ’сварыцца, бушаваць, шумець’ (< венг. < слав., гл. Махэк₂, 149), якія выводзяцца з мяркуемага гоц. *garazds ’які разумна гаворыць’ (< ga і razda ’голас, мова’), гл. Фасмер, 1, 439, што даволі праблематычна. Параўн. таксама Шаур, SP, А 24, 33 і інш. (адносна чэш. nehorázny); Фасмер, 3, 57 (рус. негориздок).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трук ‘лоўкі, эфектны прыём, нумар’ (ТСБМ). Запазычана праз рускую мову (трюк) з франц. truc ‘спрытнасць’, якое з праванс. truc ці з італ. trucco ‘палка’. Фасмер (4, 112) выводзіць рус. трюк з англ. trick ‘фокус, трук, спрытны прыём’, параўн. трык ‘trick artifice’ ў “Беларуска-ангельскім слоўніку” Я. Пятроўскага, выдадзеным у Лінцы ў 1946 г. (перавыданне — гл. Пятр.). Крыніцай запазычання англ. trik з’яўляецца ст.-франц. trique, якое з лац. tricae мн. л. ‘інтрыгі’ (Голуб-Ліер, 489; ЕСУМ, 5, 662). Сюды ж трука́цкі, тру́кавы, трука́цтва, трука́ч (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спец, ‑а, м.

Разм.

1. Прадстаўнік інтэлігентнай прафесіі, спецыяліст (ужывалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да сярэдзіны 20‑х гадоў у адносінах да выхадцаў з непралетарскага асяроддзя). Турбіну манціравалі замежныя спецы. Гроднеў. Бацька, вялікі спец, інжынер, які прыехаў у Расію яшчэ да імперыялістычнай вайны і астаўся жыць пасля рэвалюцыі, хацеў, каб адзіная яго дачка стала ўрачом. Навуменка.

2. Вельмі дасведчаны ў чым‑н. чалавек, майстар сваёй справы. Прыходзіць, стомленая за дзень, мая суседка, кабардзінка з Нальчыка, спец па віну. Лось. [Іван:] — Як ты лічыш, хто нам соткі ўзарэ — баба, Вольга, Лявонка? А можа ты? Ты ж на ўсё спец. Паўлаў. // Іран. Лоўкі, хітры, пранырлівы чалавек. Тавару дастаць усякага .. [Віктар] спец. І ніколі не пратаргаваўся яшчэ. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пра́таць 1 ’прыбіраць’, ’засоўваць, запіхваць (рукі)’ (Нас.), ’прыбіраць, упарадкоўваць, чысціць’, ’даглядаць’, ’хаваць’ (свісл., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк. Сл.), ’ачышчаць ад карэнняў, кустоў’ (Стан.). Параўн. рус. пря́тать, пря́чу ’хаваць’, опря́тный ’ахайны, чысты’, пря́танье ’карчаванне зямлі пад ворыва’, опря́тывать ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’адзяваць нябожчыка’, укр. пря́тати ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’хаваць’, ст.-рус. с(ъ)прѧтати; польск. sprątać ’прыбіраць’, sprzęt ’начынне, прыбор’, серб.-харв. прѐтати ’закопваць, засыпаць попелам’, спре̏тан ’лоўкі’, славен. spréten ’годны, лоўкі, жвавы’, балг. опре́там се ’падрыхтоўваюся да працы’, ст.-слав. прѧтати ’ціснуць, прыгнятаць; перашкаджаць’. Прасл. *prętati з першасным значэннем ’рваць, вырываць, расчышчаць зямлю пад сяўбу’ (Мяркулава, Этимология–1974, 70), магчыма, звязанае з *prędati, *pręsti (гл. пратаць 2 ’біць’), паводле Куркінай (Балто-слав. иссл., 15, 201), з першаснай семантыкай ’рэзка рухаць, тузаць’. Іншая пашыраная версія — аб роднасці з прут (*prǫtъ); гл. Праабражэнскі 2, 145 і наст.; Брукнер 436; аднак Фасмер (3, 396) указвае на семантычны недахоп гэтай этымалогіі — *prętati не мае значэння ’аплясці, плясці’. Супастаўленне з с.-в.-ням. sprenzen (Мацэнаўэр, LF, 14, 403; Младэнаў, 515) Фасмер (там жа) таксама лічыць сумнеўным, паколькі апошняе звязана са слав. *prędati (гл. пра́даць). Агляд іншых версій гл. ESJSt, 12, 710–711. Гл. таксама апратаць.

Пра́таць 2, пря́таць ’біць, лупцаваць’ (Нас., Бяльк., Юрч.), ’біць бялізну’ (Інстр. 1). Этымалагічна тое ж, што і пратаць 1; змяненне значэння адбылося ў выніку семантычнай кантамінацыі з дзеясл. праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мотар 1 ’прывязь, аркан’ (Нас.). Да мата́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ар гл. Сцяцко, Афікс. наз., 30. Аднак Фасмер (2, 664) суадносіць гэту лексему разам з іншымі: чэш. motorný, укр. мото́рний ’лоўкі’, бел. маторны ’цяжкі’ і інш. з літ. mèsti ’кідаць’, matãras ’верацяно’, matarúoti ’матаць’, лат. matara ’гнуткі дубец’, спасылаючыся на Бугу (РФВ, 72, 192); Мюленбаха–Эндзеліна (2, 566).

Мотар 2 ’палка, пры дапамозе якой насілі вёдры, цэбры’, ’ваданос’ (Шат., Мікуц.). Да мотар 1 (гл.). Значэнне ’рычаг’ з’явілася пад частковым уплывам лексемы матор (гл.).

Мотар 3 ’спецыяльная палка, якой заганялі рыбу ў сетку і кіравалі чоўнам’ (гродз., Нар. сл.). З ⁺мутар, якое да муціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спры́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласцівы фізічны спрыт; лоўкі, паваротлівы. Сам [хлапчына] высокі, спрытны, стройны, да работы ўсякай здольны. Дубоўка. З усіх каралінскіх хлопцаў .. [Рыгор і Мікодым] былі самыя спрытныя і не баяліся лазіць на ясакар. Сабаленка. Валя ўсім падабаецца. Спрытная, усё ў яе руках гарыць. Ермаловіч. / Пра рукі, пальцы. Часам хто і слабейшы, ды спрытнай рукой зробіць больш за дужэйшых. Дубоўка. Прыемна было пазіраць, як пад спрытнымі пальцамі ў .. [маці] расцвітаюць васількі, рамонкі, сплятаюцца ў вянок. Карпаў. // Які валодае спрытам, уменнем (у якой‑н. галіне). Міхась Кірылавіч быў не надта спрытны лыжнік, ды яшчэ на пачатку крыху прыхінуўся, што не ўмее. Шамякін. Заўжды дзіўнаградцы — Племя заўзятых — І ў працы, і ў танцах Спрытныя надта. Калачынскі. Мабыць, найбольш гаваркі, вясёлы і спрытны на словы быў сёння Віктар. Зарэцкі. // Зроблены, выкананы са спрытам, уменнем; лоўкі. Віця доўга любавалася спрытнай работай Івана Харытонавіча. Новікаў. Вось .. [Мая] нагінаецца, бярэ рыбіну з вялікага каша, кладзе на стол, два спрытныя ўзмахі нажом — і рыбіна гатова. Дуброўскі. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка.

2. Разм. Акуратны, зграбны. Спрытная постаць. □ А нос... я глянуць мушу ў неба, Бо не патраплю, як пачаць І з чым нос дзядзькаў параўнаць, Каб выйшаў ён такі, як трэба: Ну, нос кароткі і таўсматы, Ды досыць спрытны, хоць кірпаты. Колас.

3. Які лёгка знаходзіць выхад з цяжкага становішча; кемлівы, знаходлівы. Сцяпан Фёдаравіч выявіў сябе спрытным камандзірам і энергічным чалавекам. Мележ. // Неадабр. Прадпрымальны, абаротлівы. Спрытнаму на розныя махінацыі і гешэфты Хурсу добра шанцавала. Кудраўцаў.

4. Разм. Добры, зручны ў карыстанні (пра рэчы, прадметы). Спрытная сякера. □ Боты спрытны, за калені. Рог — бы чортава рабро. Завяршала ўсё адзенне Тое гордае пяро. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ве́шчы ’мудры, здольны прадракаць’ (КТС, БРС), укр. віщий ’тс’, рус. вещий: паўн. ’вядзьмар, чараўнік’, разан. ’разумны, талковы, красамоўны’, ст.-рус. вѣщий ’тс’ (з X ст.), польск. wieszczy ’вампір’, каш. ’дух чалавека, які нарадзіўся з зубамі’, wieszcz ’паэт, прарок’; ’чалавек, народжаны ў кашулі’, wieszczka ’варажбітка’, в.-луж. wěšćer ’варажбіт, прадказальнік’, н.-луж. wěšćaŕ ’тс’, чэш. věští, věštecký ’вешчы’, славен. véšča ’ведзьма’, veščec ’чараўнік’, серб.-харв. ве̏шт ’вопытны, дасведчаны, лоўкі, умелы’, макед. ’умелы, мастацкі’, вештак ’спецыяліст’, балг. вещ ’дасведчаны’, ст.-слав. вѣщь, вѣьцъ ’чараўнік, вядзьмар’, ц.-слав. вѣшть (з XIV ст.), прасл. věštь‑jь < *věstj‑ < *věd‑tjo‑. Да ведаць (гл.). Параўн. Міклашыч, 390; Праабражэнскі, 1, 110; Фасмер, 1, 309; Шанскі, 1, В, 83; КЭСРЯ, 79; БЕР, 1, 140–141; Махэк₂, 686.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адлё́т ’лоўкі, смелы’ (Бір. дыс., КТС), адлётны: отлетный (конь) ’выдатны, цудоўны’ (Нас.) поўнасцю ідэнтычныя з рус. залёт, залётный (у тым ліку залётные кони) (аб рускіх формах гл. Кошалёў, БЕ, 1964, 11, 76). Прыпадабненне да лёт, лётаць. Гэта відаць з параўнання польск. zaloty, zalotny ’заляцанні, залётнік’, семантычна тоесных zalety, zaletny. Брукнер (644) характарызуе першы тып форм як «памылковы». Чэш. zálety, славац. zálety ’заляцанні’ разам з іх польскімі адпаведнікамі ўзыходзяць да польск. zalecać się ’зарэкамендаваць сябе’, славац. zaliečat sa ’імкнуцца спадабацца’. Цікава супаставіць з гэтымі формамі больш далёкія па сэнсу бел. залеціць ’запэўніваць, пераконваць’ (гл.) і славен. zalecati ’ацэньваць, жадаць’ (Безлай, SR, 12, 225–226, Слаўскі, 4, 96). Усе гэтыя словы ўзводзяцца да прасл. lětь ’свабода, мажлівасць, магчымасць’, гл. лець ’можна’ і паралелі да яго (Мартынаў, SlW, 64).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)