ЗМЕСТ І ФО́РМА,

суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.​Бруна, Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Т.​Гобс і інш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.​Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт. і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.

З. і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн. эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага і інш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.

Літ.:

Аристотель. Метафизика // Соч. М., 1976. Т. 1;

Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;

Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.

Т.​І.​Адула, С.​У.​Пешын.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фо́рма, ‑ы, ж.

1. Знешні контур, вонкавы выгляд, знешняе аблічча прадмета. У форме шара. □ Пры .. дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы. Чорны. Найбольш, падыходзяць для зімовай вуды маленькія паплаўкі кроплепадобнай або прадаўгаватай формы. Матрунёнак. З каморы.. [Аксіння] выносіла больш ёмістыя пакункі. І па іх форме, аб’ёму лёгка было здагадацца, што гэта былі кавалкі адборнага сала або кольцы кілбас. Ракітны. Паволі набліжаючыся, хмара бясконца мяняла сваю форму і адценне. Ваданосаў. // толькі мн. (фо́рмы, форм). Абрысы, контуры чалавечага цела, фігуры. [Касцюм] выгадна падкрэсліваў яе танклявы стан і кволыя формы і ў той жа час затушоўваў, хаваў яе падлеткавую цыбатасць і вуглаватасць. Мехаў. // У скульптараў, мастакоў — аб’ёмнасць, контуры прадмета. // звычайна мн. (фо́рмы, форм). Абрысы, выгляд архітэктурных збудаванняў, уласцівых якому‑н. кірунку. Формы архітэктуры гатычнага стылю.

2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго‑н.; структура чаго‑н., абумоўленыя пэўным зместам. Формы праўлення. Формы класавай барацьбы. Формы землеўладання. □ [Андрэй:] «Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадарання на вузкіх палосках». Колас. Арэнда і розныя іншыя формы феадальнай і капіталістычнай эксплуатацыі разаралі селяніна, ператваралі яго ў батрака, у наёмнага рабочага. Івашын.

3. Катэгорыя філасофіі — спосаб існавання, унутраная арганізацыя зместу. Адзінства формы і зместу. // У логіцы — структура, спосаб пабудовы думак. Сілагічная форма.

4. Спосаб ажыццяўлення, праяўлення якога‑н. дзеяння. Ніколі гаспадароў шал не дасягаў гэткіх страшэнных форм. Зарэцкі. Гэта была хада ў форме танца. Чорны. // Спосаб, характар выказвання. Салавей зноў вельмі абыходліва, толькі ў другой форме, паўтарыў сваё пытанне. Ермаловіч. [Выказванне Скуратовіча] ў сціслай форме перадае ўсю сутнасць жыццёвай філасофіі кулака. Барсток. // Характар працякання якога‑н. захворвання. Жыццё павольна пакідала маленькае кволае цела, зламанае цяжкай формай дыфтэрыі. Шамякін.

5. Пэўная сістэма мастацкіх сродкаў як спосаб выяўлення зместу твораў мастацтва. Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх паддаецца чытачу думка твора. Чорны. Якуб Колас патрабуе ад беларускіх пісьменнікаў твораў, дзе б мастацкая форма поўнасцю адпавядала высокім ідэям. «Полымя». // Від арганізацыі, пабудовы музычнага, літаратурнага твора. Кніжка [«Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» І. Новікава] пытаецца з цікавасцю, і гэта лепшае сведчанне, што форма рэпартажу аўтарам была абрана ўдала. «Полымя». // Жанр, разнавіднасць твораў мастацтва. Манументальныя формы ў скульптуры. Апавядальная форма. Форма санаты.

6. Прыстасаванне для надання чаму‑н. пэўных контураў, пэўнага знешняга выгляду; шаблон. Формы для капелюшоў. □ Лука Фаміч звычайна даваў нам абаім форму для вырабу цэглы. Парахневіч. [Глушакоў:] — Не люблю таго хлеба, што пячэцца ў фермах. Мяжэвіч. // У ліцейнай справе — прыстасаванне, куды ўліваюць расплаўлены метал. Разліць метал у формы.

7. У паліграфіі — друкарскі набор, заключаны ў раму, а таксама паверхня з рэльефным адбіткам, прызначаная для друкавання. Лаборная форма.

8. Строга ўстаноўлены парадак у чым‑н. Весці допыт па ўсёй форме. Форма пратакола. Звесткі прадстаўлены не па форме. // Афіцыйная папера, запоўненая або якая павінна быць запоўнена па пэўнаму ўзору. [Сакратар:] — Сакратар факультэцкага бюро скардзіўся, што затрымліваеш звесткі аб паспяховасці. Форму атрымала? Здай... Карпаў. // Прынятая норма звароту, паводзін, манер, абыходжання і пад. — Што з табой, Люда? — спалохана спытаў я, у той час адчуваючы, як лёгка і прыемна прыйшла да мяне гэтая форма звароту «ты» і «Люда». Радкевіч.

9. Знешні выгляд, знешні бок чаго‑н., якія не выяўляюць сутнасці справы і нават супярэчаць унутранаму зместу. Партызаны,.. перабягаючы ад хаты да хаты, стралялі болей для формы. Навуменка. Мы заўжды з нецярплівасцю чакалі.. звароту [маці] са сходу і адразу пыталі: што гаварылі?.. хвалілі ці лаялі? Пра лаянку, папраўдзе, мы запытвалі дзеля формы, бо ў душы лічылі: не павінны б нас лаяць. Лось.

10. Адзінае па колеру, крою і другіх прыметах адзенне для асоб пэўных катэгорый. Парадная форма. Школьная форма. Форма сувораўца. □ Адзін з мужчын быў цывільны, у цыліндры, з маноклем, другі — у форме флоцкага ваеннага афіцэра. Маўр. Па калідоры хадзілі студэнты ў форме з блішчастымі гузікамі. Хведаровіч. Сёння Алесь апрануты па форме: на новай яшчэ гімнасцёрцы блішчаць медалі і ордэн Слава. Брыль.

11. звычайна мн. (фо́рмы, форм). Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма, мінерала. Малюскі прэснаводных і наземных форм.

12. У лінгвістыцы — сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказах. Кароткая форма прыметнікаў. Неазначальная форма дзеяслова. Формы множнага ліку назоўнікаў. □ Аднародныя члены не заўсёды маюць аднолькавую граматычную форму. Цікоцкі. // Наогул — выгляд, аблічча, у якім выступае слова. Многія беларускія словы выступаюць і цяпер у сваёй спрадвечнай форме.

13. толькі адз. Стан чалавека, які дазваляе выявіць свае здольнасці, сілы, уменне. Шахматыст у бліскучай спартыўнай форме. // Наогул пра стан здароўя і пад. [Гэля:] — Зойдзем да нас. — Другім разам, — сказаў Бондар. — Сёння не ў форме. Відаць, прастудзіўся. Навуменка.

14. У алгебры — аднародны мнагачлен ад некалькіх пераменных. Лінейная форма. Квадратычная форма.

•••

Малыя формы — віды твораў мастацтва, для якіх характэрны невялікі аб’ём і нескладаная кампазіцыя.

Суплетыўныя формы — формы аднаго слова, утвораныя ад розных асноў.

Формы грамадскай свядомасці — палітычныя, прававыя, рэлігійныя, маральным, мастацкія, філасофскія і іншыя грамадскія ідэі, погляды, уяўленні, што адлюстроўваюць грамадскае быццё.

Формы мыслення — тыпы або спосабы будовы думкі.

Па ўсёй форме — як належыць, як трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)