КІНАМУ́ЗЫКА,

спецыфічны род муз. мастацтва, адзін з кампанентаў кіна-, тэле- або відэатвора. Можа быць арыгінальнай, напісанай спецыяльна для фільма, ці складацца з муз. цытат, мець ілюстрацыйны характар, набліжацца да прыкладной музыкі або выконваць адну з асн. функцый у раскрыцці ідэйна-маст. канцэпцыі фільма, быць фактарам драматургіі.

У дагукавым кіно фільмы суправаджаліся ігрой піяніста-ілюстратара або ансамбля. Музыку да першых замежных гукавых фільмаў пісалі Л.​Анегер, Ж.​Арык, Ж.​Ібер, Д.​Міё, А.​Бліс, Р.​Воан-Уільямс, Б.​Брытэн, Дж.​К.​Меноці, А.​Копленд, Дж.​Антэйл, Г.​Эйслер, П.​Хіндэміт, В.​Этк, В.​Фортнер і інш. У сав. кінематографе з самага пачатку існаваў прыярытэт аўтарскай арыгінальнай кампазіцыі, якая стваралася ў цесным кантакце з рэжысёрам і была паўнапраўным кампанентам сістэмы выразных сродкаў фільма (музыка Дз.​Шастаковіча да фільма «Новы Вавілон», 1929, і інш.). У 1930—40-я г. фільмы будаваліся на музыцы за кадрам ці ўнутрыкадравай, што садзейнічала ўзнікненню муз. драматургіі і падпарадкоўвала зрокавы рад раскрыццю музычнага. Найб. пашыраны прынцып — вынас муз. характарыстыкі героя за кадр (напр., песні ў яго выкананні ці яе апрацоўкі ў выглядзе разгорнутых інстр. фрагментаў). Замацаваўся спачатку ў муз. кінакамедыі, заснаванай на масавай песні («Вясёлыя рабяты», 1934; «Цырк», 1936; «Волга-Волга», 1938; «Кубанскія казакі», 1949; з муз. І.​Дунаеўскага). У фільмах інш. жанраў гэтую традыцыю прадоўжылі М.​Багаслоўскі, В.​Баснер, А.​Пахмутава, А.​Пятроў, М.​Фрадкін, Ц.​Хрэннікаў, А.​Эшпай і інш. Прынцып К., калі на кадравую сітуацыю праецыруюцца сімфанічна-абагульненыя муз. вобразы, што адлюстроўваюць глыбінны падтэкст канкрэтнага паказу, увасобілі Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, Ю.​Шапорын, А.​Хачатуран, Дз.​Кабалеўскі, К.​Караеў, Г.​Свірыдаў. Да гэтай традыцыі прымыкае кіна- і тэлемузыка Э.​Дзянісава, Р.​Шчадрына, М.​Карэтнікава, А.​Шнітке, С.​Губайдулінай і інш.

Пачатак бел. К. — фільм «Першы ўзвод» (1933), дзе дэбютаваў Дунаеўскі. Музыку да бел. фільмаў студыі «Белдзяржкіно» напачатку пісалі рас. кампазітары (Пракоф’еў, В.​Салаўёў-Сядой, У.​Шчарбачоў). Нац. каларытам, зваротам да бел. фальклору вылучалася музыка А.​Туранкова да фільма «Вогненныя гады» (1939). Асн. форма К. 1930—40-х г.муз. драматургія канфліктнага тыпу ў якасці муз. ілюстрацыі да сюжэта, заснаваная на масава-быт. жанрах як сімвалах сац. асяроддзя («жорсткі» раманс або танга характарызавалі мяшчанства, марш або гімн — новы, сацыяліст. лад жыцця). Вяршыня жанравай іерархіі — «песня-ідэя», якая канцэнтравала сац.-ідэалаг. змест фільма. У 1940—50-я г. «песенная» драматургія К. ўзбагацілася інстр. эпізодамі драм. плана. У галіне К. працавалі А.​Багатыроў («Канстанцін Заслонаў», 1949), Я.​Цікоцкі («Паўлінка», 1952, з Ю.​Бяльзацкім), Дз.​Камінскі («Хто смяецца апошнім», 1954), Дз.​Лукас («Несцерка», 1956), У.​Алоўнікаў («Міколка-паравоз», 1957; «Дзяўчынка шукае бацьку», 1959; абодва з Бяльзацкім), І.​Любан («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958), Ю.​Семяняка («Каханнем трэба даражыць», 1960). З пач. 1960-х г. пачаліся адыход ад канонаў драматургіі фільма, пошукі індывід. канцэпцый, калі музыка і адлюстраванне неаддзельныя адно ад аднаго.

Змянілася жанравая аснова К., песня стала больш камернай, аддаецца перавага інстр. музыцы як больш інтэлектуальнай і шматзначнай, павялічваецца ўплыў «дакументальнага» кірунку, калі ў фанаграму ўключаюцца гукі і музыка паўсядзённага побыту, часам запісаныя знарок неразборліва. У абнаўленне жанрава-стылявых канонаў К. значны ўклад зрабіў Я.​Глебаў («Я родам з дзяцінства», 1967; «Вянок санетаў», 1976; «Дзікае паляванне караля Стаха», 1979; тэлефільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974). Уяўленне пра К. як састаўную частку гукавой палітры фільма рэалізавалася ў творчасці А.​Янчанкі («Людзі на балоце», 1982; «Ідзі і глядзі», 1985; «Знак бяды», 1986). Менавіта ў іх работах адлюстраваны шлях развіцця сучаснай К. — ад функцыянальнай муз. драматургіі да адзінай гукавой партытуры, дзе раўнапраўна існуюць гаворка, музыка і шумы. У 1960—80-я г. ў галіне К. працавалі таксама Г.​Вагнер (бел. тэлеопера «Ранак», 1967), С.​Картэс («Вазьму твой боль», Дзярж. прэмія Беларусі 1982), П.​Альхімовіч, А.​Залётнеў, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, У.​Кандрусевіч, І.​Лучанок, У.​Солтан і інш. З 1990-х г. у сувязі з панаваннем масавых відовішчных кінажанраў адбываецца вяртанне да традыц. форм муз. вырашэння фільма, узбагачаных пошукамі новых гучанняў, новай муз. стылістыкай, у т. л. электроннай (працы С.​Бельцюкова, В.​Капыцько, Л.​Сімаковіч, А.​Хадоскі). У неігравым кіно (дакумент., навук.-папулярным) пераважае прынцып кампіляцыі, падбору муз. фрагментаў. У анімацыйным кіно вядуцца жанрава-стылявыя эксперыменты (працы У.​Будніка, А.​Елісеенкава, Э.​Зарыцкага, Я.​Паплаўскай і інш.). Асобную групу ўтвараюць музычныя фільмы, дзе музыка — аснова драматургіі.

Літ.:

Лисса З. Эстетика киномузыки: Пер. с нем. М., 1970;

Шилова И.М. Фильм и его музыка. М., 1973;

Кац Б. Простые истины киномузыки. Л., 1988;

Карпилова А.А. Киномузыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

А.​А.​Карпілава.

т. 8, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПТЫКА (ад грэч. optike навука аб зрокавым успрыманні),

раздзел фізікі, які вывучае заканамернасці выпрамянення, распаўсюджвання і ўзаемадзеяння з рознымі аб’ектамі эл.-магн. выпрамянення бачнага, ультрафіялетавага і інфрачырвонага дыяпазонаў даўжынь хваль.

О. — адна са старажытнейшых навук, цесна звязаная з патрэбамі практыкі на ўсіх этапах развіцця. Прамалінейнасць распаўсюджвання святла была вядома ў Месапатаміі за 5 тыс. г. да н.э. і выкарыстоўвалася ў Стараж. Егіпце пры буд. работах. Піфагор (6 ст. да н.э.) меў блізкі да сучаснага пункт гледжання, што целы становяцца бачнымі з-за выпрамянення імі пэўных часцінак. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) меркаваў, што святло ёсць узбуджэнне асяроддзя паміж аб’ектам і вокам, у школе яго сучасніка Платона сфармуляваны важнейшыя законы геаметрычнай оптыкі. Эўклід (3 ст. да н.э.) разглядаў узнікненне аптычных відарысаў пры адбіцці ад люстэркаў. Хвалевая оптыка пачала развівацца ў 17 ст. пасля прац Р.Гука і К.Гюйгенса, якія далі першыя хвалевыя тлумачэнні (аналагічныя тлумачэнням акустычных хваль) многім законам О. Святло разглядалася як імгненная перадача ціску з дапамогай «эфіру». Аднак прамалінейнае распаўсюджванне і палярызацыя святла не знайшлі тлумачэння з пазіцый хвалевых аналогій святла і гуку, што прывяло І.Ньютана да развіцця карпускулярных уяўленняў. Святло разглядалася ім як паток карпускул — часцінак, падобных да пругкіх шарыкаў. Карпускулярныя і хвалевыя тэорыі святла развіваліся і надалей і напераменна дамінавалі ў навуцы. Развіццё сучаснай О. звязана з працамі Т.Юнга, А.​Ж.​Фрэнеля, Д.Ф.Араго (з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі і прамалінейнага распаўсюджвання святла растлумачаны з хвалевых пазіцый), М.Фарадэя (выяўлена ўзаемасувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі, 1846), Дж.К.Максвела (устаноўлена эл.-магн. прырода святла, 1865), П.М.Лебедзева (ціск святла, 1899), А.Р.Сталетава (фотаэфект, 1888—90), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя святла і рэчыва, 1896), М.Планка (гіпотэза квантаў, 1900) і інш. Барацьба двух пунктаў гледжання на прыроду святла прывяла да сінтэзу абодвух уяўленняў (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Доследы А.І.​Л.​Фізо і А.А.Майкельсана прывялі да стварэння спец. адноснасці тэорыі.

Тэарэт. аснова апісання аптычных з’яў — Максвела ўраўненні для вектараў эл. і магн. напружанасцей светлавога поля ў матэрыяльным асяроддзі. Пры рашэнні канкрэтных аптычных задач карыстаюцца рознымі мадэлямі і набліжэннямі, а таксама ўяўленнямі і прынцыпамі, многія з якіх устаноўлены да адкрыцця эл.-магн. прыроды святла. На аснове законаў геам. оптыкі вырашаюцца пытанні асвятлення аб’ектаў і памяшканняў (гл. Святлатэхніка), распаўсюджвання святла ў аптычных прыладах, у т. л. ў воку, пераносу энергіі з дапамогай светлавых патокаў і інш. Шэраг задач фотаметрыі вырашаецца з улікам заканамернасцей успрымання чалавечым вокам святла і яго асобных колеравых складальных. Такія заканамернасці вывучае фізіялагічная О., якая цесна змыкаецца з біяфізікай і псіхалогіяй, даследуе зрокавы аналізатар (ад вока да кары галаўнога мозга) і механізмы зроку. Фізічная оптыка вывучае праблемы, звязаныя з прыродай святла і светлавых з’яў. Папярочнасць эл.-магн. хваль вынікае з эксперым. даследаванняў дыфракцыі святла, інтэрферэнцыі святла, палярызацыі святла і распаўсюджвання яго ў анізатропных асяроддзях (гл. Оптыка анізатропных асяроддзяў, Крышталяоптыка). Хвалевая оптыка вывучае сукупнасць з’яў, дзе выяўляецца хвалевая прырода святла. Паводле яе прынцыпаў светлавое поле ў любым пункце ўяўляе сабой суму хваль, якія прыйшлі з інш. пунктаў, і складанне адбываецца з улікам іх амплітуд, фаз і палярызацый. Уплыў асяроддзя на светлавое поле ўлічваецца з дапамогай паказчыка пераламлення, каэфіцыента паглынання (ці ўзмацнення), а таксама тэнзараў дыэл. і магн. пранікальнасцей. Разам з развіццём атамна-малекулярных уяўленняў аб структуры рэчыва развівалася малекулярная оптыка, у межах якой аптычныя параметры асяроддзя вызначаюцца на аснове ўліку рэакцыі (водгуку) элементаў яго мікраструктуры (атамаў, малекул і інш.) на ўздзеянне светлавога поля. У выніку ўстанаўліваецца іх залежнасць ад частот і сіл асцылятараў квантавых пераходаў часцінак асяроддзя, іх шчыльнасці і характарыстык узаемадзеяння паміж імі, часу рэлаксацыі розных працэсаў і інш. Па выніках аптычных вымярэнняў выяўляецца інфармацыя аб мікраструктуры асяроддзяў і працэсах, што працякаюць у іх (гл. Спектраскапія). Пасля стварэння лазераў працэсы распаўсюджвання светлавых патокаў у асяроддзі разглядаюцца з пазіцый нелінейнай оптыкі. Выпрамяненне святла адбываецца пры пераходах часцінак рэчыва (атамаў, малекул, іонаў і інш.) з узроўняў з больш высокай энергіяй на энергетычна больш нізкія ўзроўні (спантанна ці вымушана; гл. Вымушанае выпрамяненне, Лазерная фізіка). Паглынанне наадварот — з больш нізкіх узроўняў на больш высокія. У гэтых працэсах выяўляецца квантавая прырода святла, яго фатонная структура. У нялазерных крыніцах святла выпрамяненне спантаннае і такія пераходы ў розных часцінках адбываюцца незалежна адзін ад аднаго, што выяўляецца ў малых кагерэнтнасці і монахраматычнасці, а таксама ў адсутнасці рэзка выражанай накіраванасці выпрамянення. Аптычнае выпрамяненне цеплавых крыніц (Сонца, зоркі, полымя, лямпы напальвання і інш.) з’яўляецца часткай іх цеплавога выпрамянення. Свячэнне, выкліканае інш. фактарамі (не цеплавымі), наз. люмінесцэнцыяй. Праходжанне святла праз асяроддзі суправаджаецца яго рассеяннем на неаднастайнасцях і флуктуацыях іх структуры (гл. Оптыка рассейвальных асяроддзяў, Рассеянне святла), выклікае розныя фіз. (напр., награванне, фоталюмінесцэнцыю, фотаэфект, іанізацыю атамаў і малекул), хім. (гл. Фотахімія, Фатаграфія, Фотабіялогія), мех. (напр., тармажэнне ці паскарэнне часцінак, іх захоп) і інш. з’явы і працэсы. Аптычныя з’явы і метады даследаванняў выкарыстоўваюцца для рашэння навук. і практычных задач. Напр., з дапамогай вока чалавек атрымлівае асн. аб’ём інфармацыі аб навакольным свеце, у т. л. запісанай на розных носьбітах (кнігі, фотаздымкі, відэадыскі, касеты). Карэкцыя зроку, павелічэнне яго далёкасці і раздзяляльнай здольнасці праводзяцца з дапамогай розных аптычных прылад (акуляры, біноклі, тэлескопы, мікраскопы). Развіццё тэхнікі асвятлення, удасканаленне крыніц святла, сродкаў запісу, счытвання, перадачы і захоўвання інфармацыі, аптычных метадаў даследаванняў, вывучэння будовы і хім. саставу рэчыва, апрацоўкі матэрыялаў, у т. л. з дапамогай лазернай тэхнікі, і інш. абумоўлена паглыбленнем ведаў аб законах распаўсюджвання святла і яго ўзаемадзеяння з рэчывам, а таксама развіццём і ўдасканаленнем аптычных прылад.

На Беларусі даследаванні ў галіне О. пачаты ў канцы 1940-х г. у БДУ, праводзяцца таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це прыкладной оптыкі, Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі Нац. АН, БПА, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка і стварэнне новых лазерных сістэм, вывучэнне заканамернасцей узаемадзеяння лазернага выпрамянення з рознымі асяроддзямі, выкарыстанне лазераў у біялогіі, медыцыне і прамысл. тэхналогіях, распрацоўка апаратуры для лазернага зандзіравання і авіякасм. спектраметрыравання і інш. У Мінску выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;

Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ. 2 изд. М., 1973;

Ландсберг Г.С. Оптика. 5 изд. М., 1976;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику. [Т. 1—4]. Мн., 1989—91.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 11, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)