Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАПСІ́Н,
зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Радапсін, гл.Зрокавы пурпур
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРА́СТ (франц. contraste),
рэзка выражаная процілегласць. 1) Зрокавы К. — зрокавая ацэнка яркасці (асветленасці) прадмета (ці яго колеру) у параўнанні з навакольным фонам. Найменшы К., які ўспрымаецца вокам, наз. парогавым.
2) К. фатаграфічны — характарыстыка негатыўнага (ці пазітыўнага) фатаграфічнага відарысу па суадносінах яго самага светлага і самага цёмнага ўчасткаў. Для чорна-белых відарысаў вызначаецца як рознасць найб. і найменшай аптычных шчыльнасцей пачарнення і паказвае скорасць нарастання пачарнення з павелічэннем экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЎКО́МА (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны + ...ома),
хранічная хвароба вачэй, пры якой павышаецца ўнутрывочны ціск і зніжаецца зрок. У аснове глаукомы — парушэнне цыркуляцыі вочнай вадкасці (найчасцей адтоку).
Бывае глаукома першасная (самастойная хвароба; хварэюць у асн. людзі пасля 40 гадоў), другасная (ад інш. хвароб вачэй — рубцы рагавіцы, пухліны) і прыроджаная (ад дэфектаў развіцця вока). Пры першаснай глаукоме пашкоджваюцца абодва вокі; нялечаная хвароба прагрэсіруе і прыводзіць да слепаты. Прыкметы: унутрывочны ціск да 70—80 мм рт. ст. (у норме 18—27), боль вока і вакол яго, пачырваненне вока, ацёк рагавіцы, расшырэнне зрэнак, пагаршэнне зроку, моташнасць, ірвота. Пры любой форме глаукомы звужаецца поле зроку, пагаршаецца зрок, атрафіруецца зрокавынерв. Лячэнне: медыкаментознае, лазернае і хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕПТРО́Н (англ. perceptron ад лац. perceptio разуменне, успрыманне),
сістэма, якая мадэлюе ўспрыманне вобразаў. Прапанаваны амер. вучоным Ф.Розенблатам (1957; зрокавы аналізатар «Марк-1»). Тэрмін «П.» выкарыстоўваюць таксама ў дачыненні да сістэм (пераважна на базе ЭВМ) для рашэння задач, звязаных з распазнаваннем вобразаў.
Мадэль успрымання (персептыўную мадэль) можна ўявіць у выглядзе 3 слаёў нейронаў: рэцэптарнага (S), пераўтваральных нейронаў (A) і слоя рэагавальных нейронаў (R). Ад знешняга ўзбурэння ў S-слоі ўзнікаюць сігналы, якія распаўсюджваюцца па нервовых шляхах (гл.Нейронная сетка) і дасягаюць A-слоя, дзе ў адпаведнасці з сукупнасцю ўваходных сігналаў выпрацоўваюцца новыя сігналы, якія паступаюць у R-слой. Успрыманне якога-н. аб’екта адпавядае ўзбуджэнню пэўных нейронаў з R-слоя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗРО́КУ О́РГАНЫ,
органы чалавека і жывёлы, якія ўспрымаюць светлавыя раздражненні. Асн. іх элемент — святлоадчувальныя клеткі (фотарэцэптары), размешчаныя пераважна ў галаўной ч. цела. Найб. простыя З.о. — ізаляваныя святлоадчувальныя без зрокавых пігментаў клеткі па ўсёй паверхні цела (напр., у дажджавога чарвяка), здольныя адрозніваць святло ад цемры. Канцэнтрацыя фотарэцэптараў са зрокавымі пігментамі (храмафорамі) прыводзіць да ўтварэння вочных плям (медузы, плоскія чэрві). Некат. кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві маюць З.о. накшталт пухіра і адрозніваюць форму прадмета. У членістаногіх — фасетачныя вочы; яны ўспрымаюць велічыню і форму прадметаў на блізкай адлегласці. Найб. дасканалыя З.о. ў чалавека (гл.Вока), пазваночных і ў некат. беспазваночных (галаваногія малюскі). У чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл зрокавы аналізатар складаецца з трох асн. аддзелаў: перыферычнага (вока), праводных (зрокавых і падкоркавых) шляхоў і цэнтр. аддзела (патылічнай долі кары вял. паўшар’я галаўнога мозга). Святлоадчувальная абалонка вока (сятчатка) мае рэцэптарныя клеткі: колбачкі і палачкі. Пра функцыі З.о. гл. ў арт.Зрок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́КА,
орган зроку ў чалавека, пазваночных жывёл і многіх беспазваночных (членістаногія, галаваногія малюскі). У чалавека і пазваночных складаецца з вочнага яблыка, перыферычнага аддзела зрокавага аналізатара, які зрокавым нервам злучаны з мозгам, з ахоўных дапаможных органаў (вокарухальныя мышцы, арбіта, павекі, у наземных пазваночных таксама слёзны апарат). Сценка вочнага яблыка мае 3 абалонкі: склеру, якая ў пярэдняй частцы празрыстая (рагавіца), сярэднюю (складаецца з радужнай абалонкі, або радужкі, раснічнага цела і ўласна сасудзістай абалонкі) і сятчаткі. Жоўтая пляма, што знаходзіцца ў цэнтры сятчаткі, забяспечвае дыферэнцыраваны каляровы зрок, перыферыя сятчаткі — чорна-белы. Збоку ад жоўтай плямы выхад зрокавага нерва ўтварае сляпую пляму, дзе няма фотарэцэптараў. Поласць вока запоўнена святлопраламляльнымі асяроддзямі: хрусталікам, шклопадобным целам, унутрывочнай вадкасцю. Праз адтуліну ў радужнай абалонцы (зрэнку) прамяні святла ўваходзяць у вока і, праламляючыся на паверхні вочнага яблыка, у рагавіцы, хрусталіку і шклопадобным целе, сыходзяцца на сятчатцы, утвараючы на ёй адлюстраванне бачнага прадмета. Некаторыя прасцейшыя (напр., жгуцікавыя) маюць святлоадчувальную пляму — вочка; у многіх чарвей і ўсіх членістаногіх акрамя простых вочак развіваюцца парныя вочы, у многіх членістаногіх — фасетачныя.