прылада для вымярэння фотаметрычных велічынь (асветленасці, светлавога патоку, сілы святла, яркасці), а таксама каэфіцыентаў прапускання і адбіцця святла. Прасторава абмяжоўвае паток выпрамянення і рэгіструе яго прыёмнікам выпрамянення з зададзенай спектральнай адчувальнасцю.
Адрозніваюць Ф.: візуальны (зрокавы; прыёмнік святла — вока назіральніка) і фізічны (прыёмнік — фотаэлемент, фотарэзістар, тэрмаэлемент). Для градуіроўкі Ф. выкарыстоўваюць светлавы эталон. Непасрэднае вымярэнне светлавога патоку (па адным вымярэнні) робяць шаравым (інтэгральным) Ф. Да Ф. належаць дэнсітометр, колераметр, люксметр, мікрафатометр, яркамер, спектрафатометр (вымярае адносіны інтэнсіўнасці 2 светлавых патокаў у залежнасці ад даўжыні хвалі). Выкарыстоўваюць у фізіцы, астраноміі, святлатэхніцы, фатаграфіі і інш.
Схема фатометра: а — размеркавальнага (1 — люстэрка, паварот якога адлічваецца па вугламерным лімбе; 2 — крыніца святла; 3 — экран; 4 — прыёмнік выпрамянення); б — шаравога (1 — мікраамперметр; 2 — фотаэлемент для вымярэння яркасці шкла; 3 — акно, укрытае малочным шклом; 4 — экран; 5 — крыніца святла; 6 — сфера, унутраная паверхня якой укрыта белай дыфузна-адбівальнай фарбай).