СКУЛЬПТУ́РА (лац. sculptura ад sculpo выразаю, высякаю),
від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць фізічна-матэрыяльны, прадметны аб’ём і трохвымерную форму, размешчаную ў рэальнай прасторы. Вырабляецца з дрэва, каменю, гіпсу, косці, гліны, металу, пластмасы і інш. матэрыялаў. Найб. пашыраны аб’ект выявы — чалавек, радзей жывёлы (анімалістычны жанр), прырода (пейзаж), нацюрморт. У 20 ст. ўзнікла і распаўсюдзілася абстрактная С., для стварэння якой часта выкарыстоўваюць нетрадыц. матэрыялы (дрот, надзіманыя фігуры і інш.; гл. таксама Кінетычнае мастацтва). Гал. выразныя сродкі С. — пастаноўка фігуры ў прасторы, перадача яе руху, позы, жэста, святлоценявая мадэліроўка, якая ўзмацняе рэльефнасць формы, фактура лепкі або апрацоўка матэрыялу, архітэктанічная арганізацыя аб’ёму, зрокавы эфект яго масы, вагавых суадносін, выбар прапорцый. Аб’ёмная С. будуецца ў рэальнай прасторы па законах гармоніі, рытму, раўнавагі, узаемадзеяння з навакольным арх. ці прыродным асяроддзем і на аснове анатамічных або структурных асаблівасцей мадэлі. Асн. разнавіднасці С.: круглая С., што свабодна размяшчаецца ў прасторы (статуя, група, торс, бюст, статуэтка і інш.) і рэльефная, у якой аб’ёмныя выявы размяшчаюцца на плоскасці (барэльеф, гарэльеф, контррэльеф, паглыблены рэльеф). У залежнасці ад прызначэння С. падзяляецца на станковую (гл.Станковае мастацтва), манументальную скульптуру, манументальна-дэкаратыўную скульптуру, скульптуру малых форм, надмагільную пластыку (гл.Надмагілле), медальернае мастацтва, гліптыку і інш. Тэхналогія яе стварэння ўключае лепку, разьбу, апрацоўку цвёрдых матэрыялаў, фармоўку, адліўку, чаканку, зварку і інш.
Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У неаліце С. (круглая, звычайна выявы невял. памераў) рэзалі з мяккіх парод каменю, косці, дрэва; схематычныя рэльефы выконвалі на каменных пласцінах і сценах пячор. Часта скульптурнымі выявамі ўпрыгожвалі прадметы побыту, прылады працы і палявання; іх выкарыстоўвалі і ў якасці амулетаў. У рабаўладальніцкі перыяд С. выкрышталізавалася ў асобны від дзейнасці са спецыфічнымі задачамі (гл. ў арт.Егіпет Старажытны, Шумер, Акад, Вавілонія, Асірыя, Скіфы). Развітыя віды С. (гіганцкія выявы людзей і жывёл, рэльеф, партрэт) вядомы ў народаў Стараж. Усходу і Амерыкі. Адзін з найвыш. этапаў гісторыі С. — антычнае мастацтва (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет, Праксіцель, Скопас) з характэрнымі для яго ідэалам гарманічна развітога чалавека-грамадзяніна, з дасканалым уключэннем С. ў арх. ансамблі. Культавая С. сярэдневякоўя ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. У 2-й пал. 13 — пач 14 ст. пачалі складвацца рысы Адраджэння (Н.Пізана і інш.). Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Якопа дэла Кверча, А.Верок’ё, Мікеланджэла (Італія), К.Слютэра (Бургундыя), Ж.Гужона, Ж.Пілона (Францыя), М.Пахера (Аўстрыя), А.Крафта, Ф.Штоса, Т.Рыменшнайдэра (Германія). Цікавасць да вырашэння дэкар. задач вылучае С. маньерызму (Б.Чэліні, Італія, і інш). С. барока вызначаецца дынамічнымі формамі, імкненнем да ўрачыстасці і пышнасці: Л.Берніні (Італія), А Шлютэр (Германія), П.Пюжэ (Францыя).
Рысы барока і класіцызму развівалі Ф.Жырардон, А.Куазевокс (Францыя) і інш. У перыяд класіцызму побач з гіст., міфалагічнай і алегарычнымі тэмамі (А.Канова ў Італіі, Б.Торвальдсен у Даніі) вял. значэнне набыў партрэт (Ж.Б.Пігаль, Э.М.Фальканэ, Ж.А.Гудон у Францыі). Пошукі новых выразных сродкаў, эмац. напружанасць уласцівы С. эпохі рамантызму (П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Л.Бары, Ф.Руд у Францыі). У С. Расіі ў 18 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковых рэліг. форм да свецкага мастацтва (Б.К.Растрэлі і інш). Пазней рас. С. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў. Сярод прадстаўнікоў рус.акад. школы С. Ф.Шубін, М.Казлоўскі, Ф.Шчадрын, І.Мартас, В.Дэмут-Маліноўскі, С.Піменаў і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў рас. і зах.-еўрап. С. класіцызму пераходзіць у салоннае мастацтва, якому проціпастаўляецца рэаліст. кірунак (гл. Рэалізм, Ж.Далу ў Францыі, К.Менье ў Бельгіі і інш.). У канцы 19—пач. 20 ст. ў перыяд стылю мадэрн С. ствараецца як адзінае цэлае з інтэр’ерам, фасадам; складваюцца імпрэсіянізм (А.Радэн, Францыя), сімвалізм. Сярод найбуйнейшых скульптараў пач. 20 ст. А.Бурдэль, А.Маёль, Ш.Дэсп’ё (Францыя), Э.Барлах (Германія), І.Мештравіч (Харватыя), К.Брынкушы (Румынія). Розныя кірункі рас. С. ўвасоблены ў творах П.Трубяцкога, С.Канёнкава, А.Мацвеева, М.Андрэева і інш. Пластычная выразнасць форм набывае асн значэнне ў С. М.Роса (Італія), А.Джакамеці (Швейцарыя), Г.Кольбе (Германія). Мадэрнісцкі эксперыменталізм 20 ст. прывёў да выкарыстання ў С. нетрадыц матэрыялаў. У рэчышчы мадэрнізму працавалі Г.Арп, А.Архіпенка, Н.Габа, А.Колдэр, А.Пеўзнер, П.Пікасо. Сярод найбуйнейшых скульптараў 20 ст. Г.Мур (Вялікабрытанія), І.Ногучы (ЗША), К.Дунікоўскі (Польшча), Ф.Крэмер, О.Шлемер (Германія), Дж.Манцу (Італія), В.В.Аалтанен (Фінляндыя), С.Лебедзева, В.Мухіна, І.Шадр, Л.Шэрвуд, Я.Вучэціч, М.Анікушкін, А.Кібальнікаў, Э.Неізвесны, О.Цадкін (Расія), Ю.Мікенас, Г.Якубоніс (Літва).
На тэр. Беларусі найб. раннія помнікі С. адносяцца да эпохі неаліту (гл.Асавецкія творы першабытнага мастацтва, Багушэвіцкая статуэтка, Шклоўскі ідал). У помніках С. часоў Кіеўскай Русі адметны ўплыў візант. мастацтва: каменныя разныя абразкі «Канстанцін і Алена» з Полацка, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (абодва 12 ст.), «Мікола і Стафан» і двухбаковы абраз «Пётр. Маці Божая» з Мінска (13 ст.), касцяны двухрадны абраз з Турава (15—16 ст.), абразок «Маці Божая Жыровіцкая» з яшмы (1470) і інш. У канцы 14—15 ст. у С. ўзмацніўся ўплыў зах.-еўрап. мастацтва. Цесная ўзаемасувязь з архітэктурай і яе маст. стылямі характэрна для культавай каменнай і драўлянай С. (гл.Скульптура драўляная). Традыцыі Адраджэння паўплывалі на мемарыяльную пластыку 16—17 ст.: надмагіллі М.К.Радзівіла ў Нясвіжскім касцёле езуітаў (17 ст.), сям’і П.Сапегі (пасля 1599 — пасля 1635). Своеасаблівасцю, высокім маст. узроўнем вызначаецца С. бел. барока: «Св. Себасцьян», «Св. Рох» з Навагрудка (пач. 17 ст.), С. алтароў Гродзенскага касцёла езуітаў (1736), Пінскага касцёла францысканцаў (18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. майстроў працавала ў Рус. дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы (гл. Беларуская рэзь); вядомы паліхромныя маёлікавыя рэльефныя выявы апосталаў, выкананыя С.Палубесам. У 17—18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гіст. дзеячаў). З 2-й пал. 18 ст. С. набыла рысы ракако. Вобразы, створаныя ў гэты перыяд, захоўваюць манументальнасць, глыбіню і ўнутр. значнасць. Побач з дрэвам пашыраны С. са стука: канфесіянал і алтар са С. у касцёле бернардзінак у Слоніме (1751—64, лепшчык Я.Хедэль) і інш. У С. канца 18 ст. прыкметны ўплыў класіцызму; яны вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў: «Маці Божая» з в. Ганута Вілейскага р-на, стукавы дэкор у Свяцкім палацы (Гродзенскі р-н; мастакі Т.Манькоўскі, А.Смуглевіч), Верхнім замку ў Гродне, касцёле Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага р-на і інш. Рысы позняга класіцызму ўласцівы творам К.Ельскага, А.Скірмунт, А.Ромера. У творчасці мастакоў канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы мадэрнізму: Я.Тышынскі, Я.Багушэўскі, К.Змігродскі, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі. Рэалістычнасцю вызначаюцца партрэты сучаснікаў, выкананыя В.Смакоўскім, Р.Слізнем, керамічныя работы анімалістычнага жанру М.Міхалапа, творы К.Каганца, Я.Драздовіча. У 19 ст. пашыраны таксама палацава-паркавая, прыдарожная культавая і мемарыяльная С. (надмагіллі К.Радзівіл у Нясвіжскім касцёле езуітаў, 1825; А.Тызенгаўза ў Гродзенскім касцёле езуітаў, скульптар Т.Дыкас, 1887, і інш.). Пасля 1917 скульптары стваралі помнікі дзеячам рэв. руху. У 1920-х г. развіваўся пераважна станковы партрэт (творы А.Бразера, А.Грубэ). Пэўную ролю ў падрыхтоўцы кадраў адыграла скульптурнае аддзяленне Віцебскага маст. тэхнікума, выпускнікі якога ў пач. 1930-х г. удзельнічалі ў афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. У 1953 адкрыўся маст.ф-т у Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). У станковай С. ствараліся партрэты дзярж. дзеячаў, дзеячаў мастацтва і культуры, у 1940—50-я г. — Герояў Сав. Саюза (З.Азгур, А.Бембель, Грубэ). У манум. С. вылучаюцца шматфігурныя рэльефы для Манумента Перамогі ў Мінску (Азгур, Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў). У 1960—70-я г. ставіліся помнікі партызанам, падпольшчыкам і воінам Сав. Арміі: патрыётам Асінторфа (Г.Мурамцаў), воінам і партызанам у калгасе «Бальшавік» Чэрвеньскага р-на (А.Анікейчык, Б.Івонцьеў); рэльефы на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (Бембель, А.Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў), Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў). У 1970—2000 ствараліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, мемарыяльныя знакі, партрэты вядучым дзеячам бел. культуры, навукі і мастацтва (Азгур, Анікейчык, Э.Астаф’еў, С.Вакар, С.Гарбунова, Глебаў, І.Голубеў, Л.Гумілеўскі, М.Інькоў, Міско, М.Якавенка, В.Янушкевіч і інш). Развіваецца садова-паркавая скульптура (С.Гумілеўскі, Л.Давідзенка, У.Жбанаў, М.Канцавой, У.Слабодчыкаў). Пошукамі сучасных форм выяўлення, канцэптуальным падыходам да вырашэння ідэі, метафарычнасцю маст. мовы вылучаюцца творы І.Засімовіча, Т.Сакаловай, К.Селіханава, Слабодчыкава, А.Фінскага; выразнасцю і пластычнай завершанасцю — творы А.Арцімовіча, М.Байрачнага, А.Бачкарова, Г.Буралкіна, А.Дранца, Канцавога, П.Лука, В.Мурашова, А.Шатэрніка і інш. С. часта з’яўляецца састаўной часткай інсталяцый, маст. праектаў (С.Войчанка, У.Цэслер і інш.).
Літ.:
Кацар М.С. Скульптура Савецкай Беларусі. Мн., 1957;
Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Валериус С.С. Прогрессивная скульптура XX в.: Пробл. и тенденции. М., 1973;
Bazin G. The history of world sculpture. London, 1970.
А.К.Лявонава, Э.А.Петэрсон.
Да арт.Скульптура. Фараон Мікерын з жонкай. Егіпет. Каля 2,5 тыс.г. да н.э.Да арт.Скульптура. Мікеланджэла. Хлопчык, які скурчыўся. Паміж 1520—34.Да арт.Скульптура. Г.Мур. Фігура ляжыць. 1935.Да арт.Скульптура. Венера Таўрычаская. Рымская копія. 3 ст. да н.э.Да арт.Скульптура. Венера Вілендорфская. Аўстрыя. 30—25 тыс.г. да н.э.Да арт.Скульптура. А.Глебаў. Ф.Скарына. 1954.Да арт.Скульптура. А.Анікейчык. Г.Ахматава. 1982.Да арт.Скульптура. А.Шатэрнік. Мікола Гусоўскі. 1984.Да арт.Скульптура. А.Бачкароў. Феафан Грэк. 1988.Да арт.Скульптура. А.Фінскі. Адчуванне палёту. 1997.Да арт.Скульптура. А.Бембель. Барэльеф у Доме ўрада ў Мінску.