Твар ’пярэдняя частка галавы чалавека’, ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (ТСБМ, Ласт.), ’фізіяномія’ (Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Вруб., ЛА, 3), тварь ’тс’ (Нас.), тва́ра ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), тва́рына ’аблічча’ (там жа), твар м. р. ’тс’, ж. р. ’стварэнне’ (ТС), тварь ж. р. ’тс’ (Бяльк.), твар ’воблік, від’ (Гарэц., Некр. і Байк.), тва́рычка ’тварык’ (Нас.), тва́рышча ’пыса, морда’ (Нас.), тварю́ка ’стварэнне, пачвара’ (Растарг.), ст.-бел. тварь ж. р. ’фізіяномія’: тварь збита (XVI ст., Карскі 2–3, 21), твар, тварь ’тс’; ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (канец XV ст.). Укр. твар ’жывое стварэнне’, старое ’аблічча’, рус. тварь ’жывое стварэнне’, стараж.-рус. тварь ’стварэнне’; ’істота’; ’сусвет’; ’выраб; убор’, польск. twarz ’твар’, н.-луж. twaŕ ’будаўнічы лес, будынак’, в.-луж. twar ’вулей’, чэш. tvář ’шчака; твар’, славац. tvár ’твар; воблік’, славен. tvar ’рэчыва, матэрыял’, серб.-харв. тва̑р ’рэчыва, стварэнне’, балг. твар ’жывое стварэнне’, макед. дыял. твар ’выраз твару’, ст.-слав. тварь ’стварэнне, істота; прырода’, выгляд’. Да прасл. *tvarъ ж. р., якое звязана з *tvoriti агульным праславянскім коранем *tvor‑/*tvar‑ (Фасмер, 4, 31; Чарных, 2, 231; Шустар-Шэўц, 1562–1563; Бязлай, 4, 252; Борысь, 656; Длугаш-Курчабова, 506–507), гл. тварыць. Заслугоўвае ўвагі меркаванне Карскага (2–3, 21) пра запазычанасць формы твар ж. р. ’пярэдняя частка галавы чалавека’ з польск. twarz (гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 128), якое само лічыцца запазычаным з чэш. tvář ’аблічча, твар’, што, магчыма, калькуе адносіны лац. facere — facies; гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РЭНЬЕ́ ((Régnier) Анры Франсуа Жазеф дэ) (28.12.1864, г. Анфлёр, Францыя — 23.5.1936),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1911). Па адукацыі юрыст. Дэбютаваў як паэт. У вершах спалучаў сімвалісцкія пошукі з дакладнасцю і пластычнасцю вобраза паэтаў-парнасцаў. У лірычных зб-ках «Будучыя дні» (1885), «Гульні вяскоўцаў і багоў» (1897), «Гліняныя медалі» (1900) і інш. апявае чароўнасць усяго нетрывалага і крохкага, ухваляе пачуццёвыя асалоды і ўсякія радасці. Аўтар раманаў «Двойчы каханая» (1900), «Канікулы сціплага маладога чалавека» (1903), «Жывое мінулае» (1905), «Гераічныя ілюзіі Тыта Басі» (1916), «Грэшніца» (1920), «Правінцыяльныя забавы» (1925), «Я, яна і ён» (1935), зб-каў апавяд. «Яшмавы кій» (1897), «Лакавы паднос» (1913), «Згубленае шчасце» (1924) і інш. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклаў А.​Асташонак.

Тв.:

Бел. пер — у кн.: Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—7. М., 1992—93.

А.​В.​Хадановіч.

т. 14, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прачу́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прачуць.

2. у знач. прым. Прасякнуты пачуццём. Грыміць напружанай хадой Вялікіх творцаў пакаленне... Ім верш прыветны, сціплы мой, Маё прачутае ўслаўленне. Хадыка. Прачутае жывое слова, Як сталь адменнага ліцця, Грымела мужна і сурова Над злой няпраўдаю жыцця. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

vivid

[ˈvɪvɪd]

adj.

1) я́ркі

a vivid yellow — я́рка-жо́ўты

2) по́ўны жыцьця́, жва́вы, жывы́, во́бразны

a vivid description — во́бразнае апіса́ньне

a vivid imagination — жыво́е ўяўле́ньне

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

васілі́ск

(гр. basiliskos)

1) казачнае страшыдла з галавой пеўня, тулавам жабы, хвастом змяі і каронай на галаве, ад позірку якога гіне ўсё жывое;

2) яшчарка з грэбенем на спіне, якая жыве ў трапічнай Амерыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

жывы́, ‑а́я, ‑о́е; жыў, жы́ва.

1. Які жыве, існуе; проціл. мёртвы. Партрэты бачыў, помнік не адзін, О, каб пабачыць Леніна жывога. Свірка. // Не засохлы, не завялы (пра дрэвы, лісце і пад.). На жывой яблыньцы не было ніводнага яблыка. Якімовіч. Яна [бульба] вясной Расткі пускала — белыя, жывыя. З. Астапенка. // Утвораны з людзей, жывёл або раслін. Людзі ціха цягнуліся да рэчкі жывым ланцугом. Бядуля. Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, што жывой сцяной акружалі сад. Шамякін. // Які належыць жывой істоце. На жывой касці мяса мусіць парасці. Прыказка. // у знач. наз. жывы́, жыво́е, ‑о́га, м. і н. Той або тое, што жыве. Проці цячэння вады Зможа толькі жывое паплыць. Багдановіч. Значыць, дбаць пра жывое Трэба заўжды жывому. Броўка.

2. Які мае адносіны да жывёльнага або расліннага свету; арганічны. Жывая прырода.

3. Поўны жыццёвых сіл; жвавы, непаседлівы; проціл. вялы. Старэйшая дачка ў фельчара ўлюбіцца Надумала. Вясёлы ён, жывы, Гаспадаром нядрэнным будзе ў хаце. Корбан. // Выразны, ажыўлены, вясёлы (пра вочы, рысы твару). Жывая ўсмешка. □ Жывыя і бойкія вочкі.. [Габрынькі] так і свяціліся радасцю. Колас.

4. Поўны руху, ажыўлення; бойкі. Але, як вядома, гэта, калісьці вельмі жывая дарога, у тыя часы ўжо даўно была ў глухім заняпадзе. Чорны. // перан. Рухомы, зменлівы. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера.. жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін. Водбліскі зары адбіваліся на зялёнай паверхні мора і трапяталі на іх, расцякаючыся жывым агнём. Самуйлёнак.

5. Такі, як у рэчаіснасці; сапраўдны, натуральны. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. // Цэлы, непашкоджаны. Мне ў памяці горад вясёлы, жывы, Без бомбаў, Без ран і без чорных руінаў. Броўка. Я ўсё думаю аб адным і тым жа: якім чынам уцалела ферма, засталася жывой, і хто аказаўся тым чалавекам, што заступіўся за яе? Ракітны. // Выкліканы, абумоўлены жыццём, практыкай. Жывая справа.

6. Дзейны, ажыўлены, інтэнсіўны. Жывая работа. Жывая гутарка. Жывы водгук. // Здольны чутка рэагаваць; успрымальны. Жывы розум. □ [Кастусь] у жывым сваім уяўленні пакідаў не толькі тое, што сам бачыў, але і ўсё, што чуў. Чорны. // Востра адчувальны. Жывая рана. Жывое гора.

7. Яркі, выразны. Жывы расказ. Жывы малюнак. □ Мова... інтэрмедый жывая, яркая, насычаная разнастайнымі моўнымі выяўленчымі сродкамі. Шакун. // Свежы, цікавы. Гарачым і жывым струменем Ліюцца словы Ільіча... Глебка. Колькі тут было цікавага, колькі жывых думак выказана. Мядзёлка.

8. Які рэальна існуе, яшчэ не знік. Жывая граматычная форма. Жывая літаратурная мова. // Не забыты, захаваны ў сэрцы, памяці і пад. Жывая легенда не мае спачыну, Ёй, вольнай, няма берагоў. Хведаровіч.

9. Які захоўвае ў памяці многія падзеі, факты і пад. Вечарамі мужыкі сыходзіліся ў крайнюю хату дзеда Юркі. Гэта быў самы стары чалавек у вёсцы, яе жывая кніжка. Колас. [Бабка], напэўна, памятае прыгонныя часы.. Гэта ж жывая гісторыя! Апошняя наша надзея раскрыць таямніцу кургана. Якімовіч.

•••

Жывая вага гл. вага.

Жывая мова гл. мова.

Жывая рана гл. рана.

Жывая сіла гл. сіла.

Жывое срэбра гл. срэбра.

Жывое цягло гл. цягло.

Жывы інвентар гл. інвентар.

Жывы куток гл. куток.

Жывы тавар гл. тавар.

Жывыя кветкі гл. кветка.

Браць (узяць) за жывое гл. браць.

Жывая вада гл. вада.

Жывая капейка гл. капейка.

Жывая крыніца гл. крыніца.

Жывая сувязь гл. сувязь.

Жывая чарга гл. чарга.

Жывога месца няма гл. няма.

Жывое слова гл. слова.

Жывы труп гл. труп.

Жывыя мошчы гл. мошчы.

Зачапіць за жывое гл. зачапіць.

На жывую нітку гл. нітка.

Ні адной жывой душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы — у стане вялікага страху, знямення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ілюстра́тар. Ст.-бел. иллюстраторъ, олюстраторъ ’рэвізор’ (1710 г.) запазычана з лацінскага праз польскае пасрэдніцтва (Булыка, Лекс. запазыч., 23) ці непасрэдна (Булыка, Зала зыч.). Сучасная семантычная структура сфарміравалася, відаць, пад уплывам рускай мовы, для якой адпаведную ролю адыгралі нямецкая ці французская. Крыніца: лац. illustrator ’той, хто асвятляе’. Дзеяслоў ілюстрава́ць з лац. illustrare ’асвятляць, упрыгожваць’ праз польск. ilustrować. Тым жа шляхам ілюстра́цыя з лац. illustratio ’выява, жывое апісанне’. Гл. SWO, 297–298; Фасмер, 2, 127; Шанскі, 2, I, 51–52.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГА́РВЕЙ, Харві (Harvey) Уільям (1.4.1578, г. Фолкстан, Вялікабрытанія — 3.6.1657), англійскі ўрач, заснавальнік сучаснай фізіялогіі і эмбрыялогіі. Д-р медыцыны (1602), праф. (1616). Чл. Каралеўскай калегіі ўрачоў (1607). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1597). Працаваў у Падуі (Італія). З 1609 гал. ўрач і хірург у Бальніцы св. Варфаламея, праф. анатоміі, фізіялогіі і хірургіі ў Каралеўскім ун-це ў Лондане. Навук. працы па эксперым. фізіялогіі, стварыў вучэнне пра кровазварот (1628), вызначыў функцыян. значэнне розных аддзелаў сэрца і буйных сасудаў, апісаў малы (лёгачны) і вял. кругі кровазвароту, выявіў памылковасць поглядаў Галена, што ў артэрыях знаходзіцца асаблівая «жыццёвая моц», якая забяспечвае пульсацыю сасудаў, за што трапіў пад жорсткія нападкі вучоных-схаластаў і царквы. Выявіў матэрыяльную аснову паходжання жывёльнага свету ў процівагу вучэнню Арыстоцеля аб самазараджэнні; сфармуляваў асновы тэорыі эпігенезу (аўтар формулы: «ўсё жывое — з яйца»), прадугадаў ідэю біягенетычнага закону.

Тв.:

Рус. пер. — Анатомическое исследование о движении сердца и крови у животных.

нац. Л., 1948.

Літ.:

Быков К.М. Уильям Гарвей и открытие кровообращения. М., 1957;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РА (ад бія... + сфера),

абалонка Зямлі, састаў, структура і энергетыка якой абумоўлены сукупнай дзейнасцю і ўплывамі жывых арганізмаў. Першыя ўяўленні пра біясферу сфармуляваў франц. вучоны Ж.​Б.​Ламарк (1802). Тэрмін «біясфера» ўвёў аўстр. геолаг Э.​Зюс (1875). Стварэнне цэласнага вучэння пра біясферу належыць рус. вучонаму У.​І.​Вярнадскаму (1926). Біясфера ўключае арганізмы (каля 3 млн. відаў), іх рэшткі, прыземную ч. атмасферы да вышыні азонавага экрана (20—30 км), усю гідрасферу і верхнюю частку літасферы; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва і энергіі. Ніжняя мяжа біясферы на сушы на глыб. да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у Сусветным ак. на 1—2 км ніжэй за дно. У біясферы (паводле Вярнадскага) адрозніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расліннае, жывёльнае і мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыццядзейнасці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і інш.), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарган. паходжання, вада і інш.), біякосныя рэчывы (прадукты распаду і перапрацоўкі горных і асадкавых парод жывымі арганізмамі), радыеактыўнае рэчыва, рассеяныя атамы і рэчыва касм. паходжання (метэарыты, касм. пыл). Асн. функцыя біясферы — выкарыстанне сонечнай энергіі (фотасінтэз) і біялагічны кругаварот рэчываў і энергіі, які забяспечвае развіццё ўсіх жыццёвых працэсаў. Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іх жыццёвае асяроддзе арганічна звязаны паміж сабой і ўтвараюць сістэмы глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лакальных сістэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясферы: біёмы, біягеацэнозы (экасістэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вертыкальныя) прыродныя паясы ў гарах. Біясфера мазаічная паводле структуры і саставу адлюстроўвае геахім. і геафіз. неаднароднасць аблічча Зямлі (мацерыкі і акіяны, прыродныя зоны і паясы, раўніны і горы і інш.) і нераўнамернасць у размеркаванні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясферы прыпадае на наземную расліннасць. Агульная маса жывога рэчыва ў Б. ацэньваецца ў 1,8—2,5∙10​12 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную ч. масы біясферы (3∙10​18 т). На стан біясферы моцна ўплывае гасп. дзейнасць чалавека. Антрапагеннае ўздзеянне стымулюе пераход біясферы ў якасна новы стан — наасферу. Ахова біясферы прадугледжвае сістэму мерапрыемстваў: вядзенне біясфернага маніторынгу, арганізацыю біясферных запаведнікаў і інш., накіраваных на захаванне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнар. праграма «Чалавек і біясфера». Гл. таксама Ахова прыроды, Забруджванне навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Вернадский В.И. Химическое строение биосферы Земли и ее окружения. 2 изд. М., 1987;

Никитин Д.П., Новиков Ю.В. Окружающая среда и человек 2 изд. М., 1986;

Сытник К.М., Брайон А.В., Гордецкий А.В. Биосфера, экология, охрана природы: Справ. пособие. Киев, 1987.

Г.​А.​Семянюк.

Агульная структура біясферы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

pięta

pięt|a

ж. пята;

aż mu w ~y poszło — яго закранула за жывое;

~a Achillesowa — ахілесава пята

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)