ГА́РВЕЙ,

Харві (Harvey) Уільям (1.4.1578, г. Фолкстан, Вялікабрытанія — 3.6.1657), англійскі ўрач, заснавальнік сучаснай фізіялогіі і эмбрыялогіі. Д-р медыцыны (1602), праф. (1616). Чл. Каралеўскай калегіі ўрачоў (1607). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1597). Працаваў у Падуі (Італія). З 1609 гал. ўрач і хірург у Бальніцы св. Варфаламея, праф. анатоміі, фізіялогіі і хірургіі ў Каралеўскім ун-це ў Лондане. Навук. працы па эксперым. фізіялогіі, стварыў вучэнне пра кровазварот (1628), вызначыў функцыян. значэнне розных аддзелаў сэрца і буйных сасудаў, апісаў малы (лёгачны) і вял. кругі кровазвароту, выявіў памылковасць поглядаў Галена, што ў артэрыях знаходзіцца асаблівая «жыццёвая моц», якая забяспечвае пульсацыю сасудаў, за што трапіў пад жорсткія нападкі вучоных-схаластаў і царквы. Выявіў матэрыяльную аснову паходжання жывёльнага свету ў процівагу вучэнню Арыстоцеля аб самазараджэнні; сфармуляваў асновы тэорыі эпігенезу (аўтар формулы: «ўсё жывое — з яйца»), прадугадаў ідэю біягенетычнага закону.

Тв.:

Рус. пер. — Анатомическое исследование о движении сердца и крови у животных.

нац. Л., 1948.

Літ.:

Быков К.М. Уильям Гарвей и открытие кровообращения. М., 1957;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)