КРА́СІН (Леанід Барысавіч) (15.7.1870, г. Курган, Расія — 24.11.1926),

савецкі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1900). У 1903—07 чл. ЦК РСДРП. З 1908 у эміграцыі. У 1918 чл. прэзідыума ВСНГ, нарком гандлю і прам-сці, у 1919 нарком шляхоў зносін. З 1918 на дыпламат. рабоце, удзельнічаў у перагаворах з Германіяй у Брэст-Літоўску і Берліне. У 1921—23 гандл. прадстаўнік у Вялікабрытаніі, адначасова нарком знешняга гандлю (1921—24), з 1924 паўпрэд у Францыі, з 1925 у Вялікабрытаніі.

А.К.Красін.

т. 8, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫ ЛІСТ,

1) дакумент на права правядзення даследчыкамі археал. разведак і раскопак. Выдаецца навук. ўстановамі. На Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14.12.1818 А.​Чарноцкі (З.Я.Даленга-Хадакоўскі) за подпісам рэктара Віленскага ун-та. З 1992 наз. дазвол.

2) Дакумент, які выдаецца ведамствам замежных спраў або дыпламат. прадстаўніцтвам іншаземцу, што карыстаецца дыпламат. прывілеямі і імунітэтам або з’яўляецца госцем краіны. Адрасаваны мытнай і пагранічнай службе сваёй краіны з просьбай садзейнічаць уладальніку адкрытага ліста ў час яго пераезду праз граніцу. Асобы, якія маюць адкрыты ліст, як правіла, вызваляюцца ад мытнага дагляду.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРС (Мікалай Карлавіч) (21.5.1820, г. Радзівілаў, цяпер Чырвонаармейск, Украіна — 26.1.1895),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Правадз. тайны саветнік (1878), статс-сакратар (1879), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1876). З 1838 на дыпламат. службе: надзвычайны пасланнік у Іране (з 1863), Швейцарыі (з 1869) і Швецыі (з 1872). З 1875 кіраўнік Азіяцкага дэпартамента і таварыш (нам.) міністра замежных спраў, сенатар. З 1882 міністр замежных спраў і чл. Дзярж. савета. Прыхільнік збліжэння з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, захавання «Саюза трох імператараў». Падпісаў Пецярбургскі дагавор 1881 з Кітаем, ратыфікаваў рус.-франц. ваен. канвенцыю 1893. Аўтар мемуараў.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТА, Высокая Порта, Бліскучая Порта (франц. Porte, італьян. Porta літар. дзверы, брама),

назва ўрада Асманскай імперыі ў еўрап. дыпламат. дакументах і літаратуры. Паходзіць ад назвы тур. султанскага палаца.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА (Пётр Кузьміч) (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Канд. гіст. н. (1976). Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. З 1985 сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1990—94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45—48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, старшыня камісіі па міжнар. справах Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1996).

П.К.Краўчанка.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДУС ПРАСЕДЭ́НДЗІ (лац. modus procedendi спосаб дзеяння),

тэрмін, што выкарыстоўваецца ў дыпламат. практыцы і азначае, якім чынам і ў якім парадку павінна быць выканана тое або інш. абавязацельства або дзеянне.

т. 10, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧАКО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (15.6.1798, г. Хаапсалу, Эстонія — 11.3.1883),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, дзярж. канцлер (з 1867). Са стараж. княжацкага роду Гарчаковых. На дыпламат. службе з 1817. Да 1854 на розных дыпламат. пасадах у Лондане, Рыме, Берліне, Вене. У 1856—82 міністр замежных спраў. На Венскай канферэнцыі (1854) прадухіліў уступленне Аўстрыі ў Крымскую вайну 1853—56 на баку Францыі. Палітыка Гарчакова садзейнічала захаванню Расіяй нейтралітэту ў войнах Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866), Францыяй (1870—71). У 1871 на міжнар. канферэнцыі ў Лондане дамогся адмены абмежавальных артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, падпісання канвенцыі, якая пацвердзіла суверэнныя правы Расіі на Чорным м. Удзельнік стварэння «Саюза трох імператараў» (1873). Забяспечыў нейтралітэт еўрап. дзяржаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Адмоўныя для Расіі вынікі Берлінскага кангрэса 1878 падарвалі прэстыж Гарчакова. У 1879 фактычна адышоў ад спраў, з 1882 у адстаўцы.

Літ.:

Семанов С.Н. А.​М.​Горчаков — русский дипломат XIX в. М., 1962;

Хитрова Н.И. Триумф А.​М.​Горчакова. Отмена нейтрализации Черного моря // Российская дипломатия в портретах. М., 1992.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАКО́Л (ад грэч. prōtokollon першы аркуш),

1) дакумент, складзены паводле пэўнай формы, які змяшчае запіс выступленняў удзельнікаў сходу, нарады, пасяджэння і прынятыя імі рашэнні.

2) Працэсуальны дакумент, у якім у пісьмовай форме фіксуюцца ход і вынікі працэсуальных дзеянняў, што ажыццяўляюцца следчым, асобай, якая вядзе дазнанне пры расследаванні крымін. спраў, і судом пры разборы крымін. і цывільных спраў, а таксама арбітражным або гасп. судом пры разборы спраў, аднесеных да іх кампетэнцыі.

3) Акт, складзены службовай асобай, які ўтрымлівае апісанне выкананых ёю дзеянняў і ўстаноўленых фактаў.

4) Рашэнне міжнар. канферэнцыі, якое мае сілу міжнар. дагавора.

5) Дыпламат. П. — сукупнасць правілаў, якія рэгулююць парадак выканання розных дыпламат. актаў.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЖЭ́Н ((Vergennes) Шарль Граўе дэ) (28.12.1717, г. Дыжон, Францыя — 13.2.1787),

французскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. На дыпламат. службе з 1739. Працаваў у франц. пасольствах у Партугаліі (1739—42 і 1746—49) і Германіі (1742—45). Франц. пасланнік у герм. гарадах Кобленц (1750—52), Гановер (1752) і Мангейм (1753). У 1755—68 пасол у Турцыі, у 1771—74 у Швецыі. У 1774—83 міністр замежных спраў. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 падтрымліваў каланістаў, удзельнічаў у заключэнні амерыкана-французскага дагавора 1778, амер. палітыку замацаваў у Версальскім мірным дагаворы 1783. У 1783—87 узначальваў фін. савет. Заключыў англа-французскі (1786) і руска-французскі (1787) дагаворы аб гандлі.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ (Анатоль Емяльянавіч) (н. 9.9.1924, в. Слатвін Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949), Вышэйшую дыпламат. школу МЗС СССР (1951). Удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1944 на сав. і гасп. рабоце. З 1951 у МЗС БССР, з 1957 у прадстаўніцтвах СССР і БССР пры ААН, заг. аддзела міжнар. эканам. арг-цый МЗС БССР, з 1961 нам. міністра, у 1966—90 міністр замежных спраў БССР. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1966—90 узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН. Чл. ЦК КПБ у 1971—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1967—90.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)