све́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., аб чым, пра што і з дадан. сказам.

1. Пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго‑н. у якасці відавочніка, сведкі, дасведчанай асобы. Сведчу, што ў правінцыі Антарыо Ёсць Палерма — слаўны гарадок. Панчанка. Расказы відавочцаў сведчылі, што агонь у лесе ўспыхнуў адразу ў некалькіх месцах і амаль у адзін і той жа час. Матрунёнак.

2. Быць сведчаннем чаго‑н., пацвярджаць, даказваць што‑н. Маёр рабіўся весялейшым, пачаў насвістваць украінскія песні, што сведчыла аб яго добрым настроі. Шамякін. Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці насычаны таксама вялікай колькасцю дзеясловаў лацінскага паходжання, што сведчыць аб моцным уплыве лацінскай мовы на беларускую. Гіст. лекс. бел. мовы. Старанна дагледжаная, начышчаная, змазаная, яна [машына] павінна была сведчыць, што новы гаспадар яе — чалавек дбайны і руплівы. Васілёнак. Гледачоў — як дзверы зачыніць. Больш тут месца нельга ўжо нідзе знайсці. Здабытак люду і гарачыні Сведчыць нам пра поспех самадзейнасці. Гілевіч.

3. і каму. Даваць паказанні на судзе. Кожны сведка звычайна карыстаецца пэўнаю павагаю ў тых, каму ён сведчыць збіраецца. Колас.

4. і што. Афіцыйна пацвярджаць сапраўднасць чаго‑н. Сведчыць подпіс і сведчыць пячаць, Што ідзём мы [Рыбка, Ворчык, Зарудны] з астрогу. Куляшоў. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

nchweisen*

1. vt

1) дака́зваць, пацве́рдзіць (дакументальна, эксперыментальна)

2) (j-m) выкрыва́ць, абвінава́ціць (каго-н. у чым-н.);

j-m inen rrtum ~ абвінава́ціць каго́-н. у памы́лцы, паказа́ць каму́-н. памы́лку

3) (j-m) знайсці́, падшука́ць (каму-н. кватэру, работу шляхам пасрэдніцтва)

2. vi:

j-m mit dem Fnger ~ пака́зваць па́льцам усле́д каму́-н.

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

лама́цца, ламлюся, ломішся, ломіцца; пр. ламаўся, ‑малася; заг. ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой‑н. сілы. І на маўклівыя нізіны Бяжыць, шалеючы, вада, І ломяцца, як шкло, ільдзіны, І крыгі гнуцца, як слюда. Глебка. Палі часта ламаліся, плюшчыліся, іх прыходзілася выцягваць назад. Шамякін. Бліскае маланка, ломіцца на часткі, — і па ўсім наваколлі працяжна грукоча гром. Гамолка. // Быць крохкім, ломкім; лёгка разломвацца. Гнецца, а не ломіцца.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным. Людзі помняць усялякія здарэнні, якія адбываліся ў гэтым месцы, як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне тонкай разбоўтанай гразі. Пестрак.

3. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Парушацца, разбурацца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Гартны. // Рэзка змяняцца (пра характар, прывычкі, паводзіны). Іх [Косціка і Зосі] дружба пачала ламацца, гульні нярэдка канчаліся разладамі. Дуброўскі.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Змяняцца на тэмбру і дыяпазону ў пераходным узросце (пра мужчынскі голас). // Станавіцца перарывістым пад уплывам моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). Добры раманс гучаў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчаў, ламаўся. Шамякін.

5. перан. Разм. Ісці напралом; спрабаваць пранікнуць куды‑н. сілай. Ламацца ў дзверы. □ Ноч не збавенне — толькі забыццё... Засну. — А ў грудзі ломяцца трывогі. Зуёнак.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Быць застаўленым чым‑н., быць перапоўненым мноствам чаго‑н. Ломяцца вітрыны ад тавараў. □ Частка людзей адразу ж вярнулася ў пакой, дзе стол ламаўся ад усякай яды. Чорны. // Гнуцца пад цяжарам. Голле ў садзе ломіцца ад яблыкаў. Грамовіч.

•••

Ламацца ў адчыненыя дзверыдаказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома, што не патрабуе доказаў і не выклікае пярэчанняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гавары́ць

1. sprchen* vt, vi; rden vt, vi (з кім-н. mit D; пра каго-н., пра што-н. über A, von D);

гавары́ць па-няме́цку Deutsch sprchen*;

гавары́ць намёкамі durch die Blme sprchen*;

гавары́ць без намёкаў frei von der Lber weg sprchen*;

2. (сказаць) sgen vt;

гавары́ць пра́ўду die Whrheit sgen;

гаво́раць, што… разм. man sagt, dass…;

3. (сведчыць аб чым-н., даказваць што-н.) zugen vi; besgen vt;

аб чым гаво́раць фа́кты? was besgen die Ttsachen?;

яго́ ўчы́нак гаво́рыць аб му́жнасці sine Tat zeugt von Mut;

гавары́ць зага́дкамі in Rätseln sprchen*;

пра гэ́та гаво́раць усе́ das ist in ller Mnde;

гэ́та гаво́рыць само́ за сябе́ das spricht für sich (selbst);

мно́га [ма́ла] чаго́ гаво́раць es wird so mnches gerdet [gesgt];

не гаво́рачы ні сло́ва hne ein Wort (zu sgen) [zu verleren]

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

сы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. сып; незак.

1. што. Прымушаць падаць куды‑н., паступова выпускаючы (што‑н. сыпкае ці дробнае). Сыпаць соль у кашу. Сыпаць збожжа ў мяшок. □ [Данік] сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць. Брыль. — Сып на зямлю, я ўсё падбяру! — крычаў Мірон. Маўр. Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі. Козел. // Асыпаць. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі. Колас.

2. што. Рабіць, узводзіць з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насып сыпалі высокі Па-над Днепрам сінім, Каб відаць было далёка Па ўсёй Украіне. Купала. [Загадчык клуба:] — Гэта шафёры з суседняга раёна... Дарогу тут сыпалі. Нядзведскі. // Засыпаць для захоўвання што‑н. сыпкае. Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад’язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной. Пташнікаў.

3. што, чым і без дап. Кідаць, раскідваць (што‑н. сыпкае, дробнае). Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі. Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. / у перан. ужыв. Зрэнкі .. [Ігналя] пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Бядуля. / Пра частыя, дробныя гукі. Чыстым срэбрам сыплюць у празрыстых гаях пеначкі. Ігнаценка. / Пра святло сонца, месяца. Вясновае сонца сыпала на зямлю золата промняў. Сабаленка. Поўнае начное свяціла стаяла над садам і шчодра сыпала сіняе срэбра ўніз. Хомчанка.

4. Ісці, падаць (пра дробны, часты снег, дождж). Дробны дождж ціха сыпаў з цёмнага вячэрняга неба. Ваданосаў. Сыпаў снег, густы, калючы, ды мацней свістаў вецер. Алешка.

5. перан.; што, чым. Пасылаць, накіроўваць на каго‑н. у вялікай колькасці; шчодра надзяляць чым‑н.; асыпаць. Сыпаць удары. □ — Здалося нам, Што вораг сыпаў Вакол фугасам і свінцом. І. Калеснік.

6. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць, вымаўляць што‑н. хутка, бесперапынна, адно за адным. Сыпаць лічбамі. □ [Лёнька] знарок сыпаў такімі тэхнічнымі тэрмінамі, што наўрад ці зразумеў хто яго тлумачэнні. Пянкрат. Жонка .. сыпала на .. [Тамаша] ўвесь запас лаянак, які толькі ведала. Бядуля. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. — Вечар добры, вечар зорны, дарагія мае землякі! — сыпаў .. [Язэп] ледзьве не ў рыфму. Кавалёў.

7. перан.; што. Разм. Рабіць што‑н., звязанае з частымі ўдарамі, хуткім бесперапынным рухам. Жар факстрот! Сып чарльстон На раялі ў трыццаць тон! Крапіва.

8. перан. Разм. Імкліва бегчы, ісці, ехаць. Зіма. Грудам сыплюць па вуліцы хлопчыкі. Гарэцкі. [Конюх:] — Плугі і пастронкі на возе. Там жа і пута. Запрагай і сып. Шчаслівай дарогі! Якімовіч.

9. каго-што і без дап. Разм. Выдаваць каго‑н., расказваць пра што‑н. сакрэтнае. [Гэля:] — Павел!.. Я іначай не магла... Арыштавалі Гадлеўскага з мясакамбіната. Ён сыпле ўсіх, з кім быў звязан... Навуменка. [Аляксей:] — Чуваць, што Казючок сыпле ў дэфензіве. Пестрак.

10. каго-што. Разм. Даваць прыплод у вялікай колькасці, несці яйкі і пад. [Мар’я:] — На развод — куры трэба... Вунь у мяне рабая ёсць, самая нясучая. І зімой яйкі будзе сыпаць... Паўлаў.

•••

Сыпаць бісер перад свіннямі — дарэмна гаварыць аб чым‑н. ці даказваць што‑н. таму, хто не здольны або не хоча зразумець гэта.

Сыпаць макам — а) пісаць дробнымі літарамі; б) дробна скакаць, танцаваць; в) гаварыць вельмі хутка.

Сыпаць соль на раны — рабіць каму‑н. балюча, хваляваць, засмучаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)