АБАВЯ́ЗАК ДАКА́ЗВАЦЬ (лац. onus probandi) у судаводстве, патрабаванне да ўдзельнікаў працэсу даказаць і абгрунтаваць наяўнасць тых ці інш. акалічнасцяў, істотных для вырашэння справы. На Беларусі абавязак даказваць у крымін. працэсе ляжыць на дзярж. органах і службовых асобах, якія абвінавачваюць асобу ў злачынстве. Суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны выявіць акалічнасці, што выкрываюць ці апраўдваюць абвінавачанага, а таксама абцяжваюць ці змякчаюць яго віну. Яны не маюць права перакладваць абавязак даказваць на абвінавачанага (падсуднага), і ён не павінен даказваць сваю невінаватасць. У цывільным працэсе кожны бок павінен даказаць акалічнасці, на якія ён спасылаецца як на падставу сваіх патрабаванняў і пярэчанняў. Напр., ісцец абавязаны даказаць і абгрунтаваць факты, якія складаюць падставу іску. Адказчык абавязаны даказаць факты, якія пацвярджаюць яго пярэчанні супраць іску. Характэрная рыса суд. даказвання ў цывільным працэсе — тое, што не толькі бакі і інш. асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, абавязаны прадстаўляць доказы ў пацвярджэнне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, але і суд з мэтай высвятлення аб’ектыўнай ісціны і вынясення правасуднага рашэння ў неабходных выпадках павінен збіраць доказы па сваёй ініцыятыве.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́СТ (ад лац. protestari публічна даказваць),
1) рашучае пярэчанне супраць чаго-н., заява пра нязгоду з чым-н.
2) У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых інш. краін адна з форм ажыццяўлення пракурорскага нагляду. Заключаецца ў матываваным пярэчанні пракурора супраць суд. або кіраўніцкага акта. Адрозніваюць П.: у парадку агульнага нагляду (на акт органа кіравання, які супярэчыць заканадаўству); касацыйны (на прыгавор або рашэнне суда, які яшчэ не набыў законнай сілы); прыватны (на вызначэнне суда, што не набыло законнай сілы). Прадугледжваецца таксама П. у парадку нагляду на рашэнне ці прыгавор суда, якія набылі законную сілу. Звычайна падаецца ў пісьмовай форме.
т. 13, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)