паэ́ма
(гр. poiema = тварэнне)
1) вялікі вершаваны твор з апавядальным або лірычным сюжэтам;
2) муз. невялікая інструментальная п’еса свабоднай будовы лірычнага ці лірыка-апавядальнага характару.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,
вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.Гілевіч («Нарач»), Х.Жычка («Абеліск»), А.Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.Сіпакоў («Жанчына») і інш.
В.П.Рагойша.
т. 4, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛЕВІПО́ЭГ»,
эстонскі нацыянальны эпас. Складзены і выд. ў 1857—61 эст. пісьменнікам Ф.Крэйцвальдам на аснове нар. казанняў пра волата-велікана Калевіпоэга. Уключае 20 песень, вершаваны памер якіх блізкі да памеру «Калевалы», з яго запазычаны таксама некат. сюжэты і персанажы.
Асн. фалькл. сюжэты — перамога Калевіпоэга над нячыстай сілай, будаўніцтва гіганцкага моста і інш. — падпарадкаваны гал. тэме барацьбы героя з сіламі пекла і захопнікамі-крыжакамі («жалезнымі людзьмі»). Лёс героя — эпічнае адлюстраванне гіст. лёсу народа, а сам ён, прыкаваны да пякельнай брамы (так заканчваецца «К.»), сімвалізуе нязломную сілу і імкненні эст. народа да свабоды. Ідэі эпасу сталі вызначальнымі ў працэсе фарміравання нац. эст. л-ры і нац.-вызв. руху ўвогуле.
Публ.: Рус. пер. — Калевипоэг. Таллин, 1961.
т. 7, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТА́МЕТР (ад грэч. pente + metron мера, стапа),
антычны вершаваны памер; пяцістопны дактыль, раздзелены цэзурай на 2 роўныя часткі. Схема (-◡◡-◡◡-//-◡◡-◡◡-). У 1-м радку стопы дактыля (-◡◡) могуць заменьвацца на стопы спандэя (-́-́), у 2-м не заменьваюцца. Выкарыстоўваўся толькі з гекзаметрам, утвараючы элегічны двуверш. У сілаба-танічным вершаскладанні пры перадачы П. рытмічна моцным складам адпавядаюць націскныя, рытмічна слабым — ненаціскныя. П. сустракаецца ў творах А.Пушкіна, Лесі Украінкі. У бел. паэзію П. увёў М.Багдановіч (цыкл «Пентаметры»):
З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.
(2-і і 4-ы радкі — П.).
В.П.Рагойша.
т. 12, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
poetic(al) [pəʊˈetɪk(l)] adj.
1. паэты́чны, які́ мае адно́сіны да паэ́зіі;
poetic style паэты́чны стыль;
poetic language мо́ва паэ́зіі
2. паэты́чны, узвы́шаны;
poetic love узвы́шанае, паэты́чнае каха́нне;
a poetical person паэты́чная нату́ра
3. вершава́ны;
a poetical play п’е́са ў ве́ршах
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
КАПНІ́СТ (Васіль Васілевіч) (23.2.1758 або 1757, с. Вялікая Абухаўка Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1823),
расійскі паэт і драматург, адзін з прадстаўнікоў класіцызму. Выступаў у жанры оды, элегіі, анакрэантычнага верша, камедыі. Папулярнасць прынёс вершаваны твор «Сатыра першая» (1780), накіраваны супраць невуцтва, заганных якасцей характару дваран. Аўтар грамадз. антыпрыгонніцкіх твораў «Ода на рабства» (1783, апубл. 1806), «Ода на знішчэнне ў Расіі звання раба» (1786). Бюракратызм, прадажнасць тагачаснага суда і інш. негатыўныя сац. з’явы паказаны ў вершаванай сатыр. камедыі «Паклёп» (паст. 1798; першапачаткова наз. «Паклёпнік», 1793, забаронена цэнзурай). «Лірычныя творы» (1806) К. прасякнуты перадрамантычнымі матывамі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1960;
Избр. произв. М., 1973.
Літ.:
Берков П.Н. В.В Капнист. Л.;
М., 1950.
С.Ф.Кузьміна.
т. 8, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЬ НА БО́ЖЫ ЧАС»,
«Паўстанцкая песня», бел. агітацыйны вершаваны твор перыяду паўстання 1863—64. Магчыма, напісаны Ф.Ражанскім. Надрукаваны лацінкай у падп. друкарні ў выглядзе лістоўкі; распаўсюджваўся таксама ў рукапісе. Задуманы як масавая песня, мае памету «На матыў: I шуміць, і гудзіць». Складаецца з 24 радкоў; у творы выкарыстоўваюцца традыц. для фалькл. песеннай паэтыкі воклічы і паўторы, у змесце прасочваецца ўплыў ідэй К.Каліноўскага. Насуперак пашыраным тады ў вызв. руху салідарысцкім тэндэнцыям «П.п.» заклікала да барацьбы не толькі з царызмам, але і з памешчыкамі. Твор прасякнуты гіст. аптымізмам, верай у бязмежныя сілы ўзбр. народа, у шчаслівы зыход паўстання.
Публ.: У кн. — Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.:
Кісялёў Г. Стары сшытак // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Г.В.Кісялёў.
т. 12, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКЗА́МЕТР (ад гекса... + ...метр),
вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).
Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.
Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.Дрэйзіным, Б.Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.
В.П.Рагойша.
т. 5, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
верш
(польск. wiersz, ад лац. versus)
1) невялікі мастацкі твор, напісаны рытмічна арганізаванай, звычайна рыфмаванай мовай;
2) адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок;
3) рытмізаваная мова.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
С.Х.Александровіч.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)