ФРА́ЗА (ад грэч. phrasis выраз) у мовазнаўстве, 1) асноўная найменшая адзінка маўлення, што выступае як актуалізаваная адзінка зносін і адпавядае розным тыпам сказаў-выказванняў. Характарызуецца пэўнай грамат. структурай і можа выступаць у мове ў якасці асобнага паведамлення. У такім разуменні Ф. пераважна выступае як сінтаксічна-фанет. цэлае, якое мае сінтакс. структуру, сэнсавую завершанасць і інтанацыйную аформленасць. У паэт. тэксце Ф. ўкладваецца ў вершаваны радок, але нярэдка можа разрывацца ў выніку несупадзення сінтакс. паўзы з рытмічнай.
2) Інтанацыйнае адзінства, якое выступае як закончаны паводле сэнсу адрэзак мовы паміж дзвюма паўзамі і аб’ядноўвае некалькі сінтагмаў, што звязана з сэнсавымі адценнямі, лагічным вылучэннем (націскам) або сінтакс. аманіміяй.
3) Тое, што сказ.
А.С.Аксамітаў.
т. 16, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)