РАДО́К ВЕРШАВА́НЫ,
графічна і інтанацыйна выдзелены моўны рад у вершаваным творы; адзінка вершаванага рытму. Р.в. розных памераў спалучаюцца ў пэўным парадку, утвараючы строфы (страфоіды). Р.в., у якім поўнасцю змяшчаецца схема вершаванага памеру, наз. вершарадам.
т. 13, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́Р ВЕРШАВА́НЫ,
спосаб арганізацыі гукавога складу асобнага вершаванага твора ці яго ўрыўка (у выпадку паліметрыі). У метрычным вершаскладанні вызначаецца раўнамерным чаргаваннем доўгіх і кароткіх складоў, у сілабічным вершаскладанні — колькасцю складоў (8-складовік, 10-складовік), у танічным вершаскладанні — колькасцю націскаў (верш 3-націскны, 4-націскны), у сілаба-танічным вершаскладанні — колькасцю і якасцю асобных складоў у стапе (2-складовыя — харэй і ямб, 3-складовыя — дактыль, амфібрахій, анапест). Функцыянальна П.в. непасрэдна звязаны з агульным выяўл. патэнцыялам верша, арыгінальнасцю і навізной яго паэт. формы.
Літ.:
Гл. пры арт. Вершаскладанне.
т. 12, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМАНІ́ЧНЫ ВЕРШ,
вершаваны твор практычнага ці павучальнага характару. Форма М.в. аблягчае запамінанне пэўных правіл ці лічбаў. Такі верш пашыраны ў разнастайных жанрах дзіцячага фальклору (лічылкі, дражнілкі, заклікі, прагаворы):
Раз, два, тры, чатыры,
Мяне грамаце вучылі:
Ні чытаць, ні пісаць,
Толькі ў паплясы гуляць.
У бел. паэзіі М.в. трапляецца рэдка, пераважна ў парадыйных творах.
М.М.Грынчык.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА КУЗЬМЫ́ З АПАНА́САМ»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Упершыню апубл. І.Насовічам у «Записках имп. Рус. геогр. о-ва по отд. этнографии» (т. 5. СПб., 1873). Сюжэтную аснову «Гутаркі...» складае спрэчка паміж сялянамі пра тое, што прынесла бел. вёсцы скасаванне паншчыны. Ёсць у творы і быт. замалёўкі.
Публ.:
Гарэцкі М. Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век — 1905 год. Вільня, 1922.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАНА́КТ (Hippōnax; каля 540 да н.э., г. Эфес, Грэцыя — ?),
старажытнагрэчаскі паэт. Выгнаны тыранамі з Эфеса, пасяліўся ў Клазаменах. Жыў у галечы. Яго вершы (захаваліся фрагменты) адлюстроўвалі жыццё гар. нізоў, беднаты. Мова вершаў блізкая да жывой народнай. Уся творчасць Гіпанакта прасякнута іроніяй і самаіроніяй; іранічна гучыць і сам верш, які нібыта «прыпадае» на апошнюю стапу: гэты вершаваны памер атрымаў назву халіямб (кульгавы ямб). Гіпанакт лічыцца яго вынаходцам.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ПА́НА З ХЛО́ПАМ», «Размова пана з хлопам» («Як маешся, Сцяпане...»),
ананімны вершаваны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. антыпрыгонніцкага зместу. Упершыню апубл. М.Федароўскім у кн. «Люд беларускі» (т. 3, ч. 2, 1903). Відаць, «Гутарка...» з’явілася пасля скасавання паншчыны, бо селянін на пытанне пана, чаму яго жонка не прыходзіць у двор, дзе добра плацяць за работу, адказвае: «Ужо панскі хлеб дакучыў, як нас пан добра мучыў». Твор адрозніваецца ад традыц. бел. гутарак.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ПАЎЛЮКА́»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Запісана фалькларыстам П.П.Дземідовічам у пач. 1890-х г. у Слуцкім пав. і ўпершыню апубл. ім (пад псеўд. Беларус) у газ. «Виленский вестник» (1898. № 173). У аснове твора маналог селяніна Паўлюка, накіраваны супраць царскіх улад і памешчыкаў, якія спойваюць народ. У «Гутарцы...» моцна адчуваюцца дыдактычныя матывы («хто хоча з богам жыць, няхай пакіне гарэлку піць»). У маналог уключаны ўстаўкі, у якіх тлумачыцца, чаму сяляне цягнуцца да гарэлкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ БЕЛАРУ́СКІХ ЖАЎНЕ́РАЎ 1794 ГО́ДА»,
бел. ананімны вершаваны твор. Напісаны ў адукаваным асяроддзі шляхты з мэтай уздзейнічаць на сялянства. Стылізаваны пад нар. песню. Першы ў бел. л-ры непасрэдны заклік да нар. мас узяць у рукі зброю, далучыцца да нац.-вызв. паўстання 1794 на чале з Т.Касцюшкам. У «Песні...» выразныя водгукі польск. паўстанцкай паэзіі «касцюшкаўскіх марсельез» і патрыят. «Спеўкі кракаўскіх сялян» (1794). Паводле сваёй эстэт. сістэмы твор належыць да новай бел. л-ры.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
А.В.Мальдзіс.
т. 12, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГАНД З МА́РБУРГА (Wigand von Marburg),
нямецкі храніст 14 ст. Герольд пры двары магістра Тэўтонскага ордэна. Аўтар хронікі, прысвечанай войнам і перамогам крыжакоў, з ідэалагічным абгрунтаваннем іх захопніцкай палітыкі. Вершаваны арыгінал на ням. мове не збярогся, захаваўся лац. пераклад, зроблены для польск. гісторыка Длугаша. Хроніка ахоплівае падзеі 1293—1394, да 1350 абапіраецца на звесткі т.зв. Аліўскай хронікі, хронікі Т.Вартберга і інш. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі Беларусі 13—14 ст. У ім шмат звестак пра адносіны паміж ордэнам і ВКЛ, пра рыцарскія паходы на землі Беларусі і Літвы, асабліва на Гродзеншчыну і Брэстчыну.
т. 4, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСА́НДРЫ ((Alecsandri) Васіле) (21.7.1821, г. Бакэу, Румынія — 22.8.1890),
малдаўскі і румынскі пісьменнік, тэатр. дзеяч, збіральнік фальклору. Вучыўся ў Парыжы (1834—39). У сатыр. п’есах «Іоргу з Садагура» (1844), «Ясы ў час карнавалу», «Кірыца ў правінцыі» (абедзве 1852), казцы «Гісторыя аднаго залатога» (1843) і інш. адлюстраваў рэчаіснасць тагачаснай Малдавіі. Пад уплывам нар. творчасці напісаў вершаваны цыкл «Дойны» (1848—49, асобнае выд. 1853) і зб. «Народныя вершы» (1852). Аўтар гіст. паэмы «Чырвоная дуброва» (1872), гіст. драмы «Ваявода-дэспат» (1880), феерыі «Сінзіяна і Пепеля» (1883) і інш.
Тв.:
Опере. Вол. 1—4. Кишинэу, 1958—59;
Рус. пер. — Избр. М., 1959;
Стихотворения. М., 1975.
т. 1, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)