ЦЭЗУ́РА (лац. caesura рассячэнне),
пастаянная ўнутрырадковая паўза, якая дзеліць на інтанацыйна-рытмічныя часткі вершаваны радок твора, напісанага ант., сілабічным ці сілаба-танічным вершам. У ант. паэзіі прыпадала на сярэдзіну стапы. Такое размяшчэнне Ц. сустракаецца і ў сілаба-танічных вершах, аднак найчасцей яна супадае з заканчэннем стапы і слова і знаходзіцца пасля 2-й стапы ў 4- і 5-стопных вершах, пасля 3-й у 6-стопных, пасля 4-й у 7- і 8-стопных. Ц., як і клаўзула, бывае з нарашчэннем або ўсячэннем стапы. Нярэдка апошнія словы паўрадкоўяў, раздзеленых Ц., рыфмуюцца:
З шумам бораў, / ясакораў,
Ой, гаю, ой, гаю,
На жалейцы- / дабрадзейцы
Думку дум зайграю.
(Я.Купала. «На жалейцы»)
Часам Ц. наз. любы словападзел у радку.
А.Л.Майсейчык.
т. 17, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)