ГЕЛЬМІНТАСПО́РЫЙ (Helminthosporium),

род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Шматлікія віды роду пашыраны ўсюды. Паразітныя формы, прыстасаваныя да пэўных відаў раслін, выклікаюць гельмінтаспарыёзы, сапратрофныя развіваюцца на кары, лісці, сухіх галінках і сцёблах дрэвавых і травяністых раслін. На Беларусі найб. шкодныя гельмінтаспорый ячменны (H. teres), гельмінтаспорый аўсяны (H. avenae), гельмінтаспорый злакавы (H. gramineum).

Міцэлій шматклетачны, пранізвае асобныя органы раслін, развіваецца ва ўсіх тканках або знаходзіцца ў стадыі спакою. Канідыяносцы прамыя, слабаразгалінаваныя, вузлаватыя, у паразітных відаў сабраны ў пучкі, у сапратрофаў — адзіночныя. Канідыі цыліндрычныя, падоўжана-эліпсападобныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця адзначаны стадыі сумчатых грыбоў.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нагля́дчык ’чалавек, які за кім-, чым-н. наглядае’ (ТСБМ). Пры зафіксаваным яшчэ ў Насовіча дзеяслове нагляда́ць ’сачыць, назіраць’ дапушчэнне калькавання рус. надсмотрщик (Баханькоў, Весці АН БССР, 1981, 1, 116) мае неабавязковы характар, паколькі словаўтваральны тып, прадстаўлены назоўнікамі тыпу адга́дчык, прадуктыўны ў літаратурнай мове і адзначаны ў гаворках (Сцяцко, Афікс. наз., 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АМЕ́ЖНІК (Oenanthe),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, гарах трапічнай Афрыкі, у Паўн. Амерыцы. Культывуюцца ў Галандыі. На Беларусі па берагах рэк і азёраў, на балотах расце амежнік вадзяны (O. aquatica); у наваколлях Магілёва і Гродна адзначаны амежнік дудкаваты (O. fistulosa). Ядавітыя (у каранях атрутнае смолападобнае рэчыва энантатаксін).

Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны з вельмі галінастым пустацелым сцяблом выш. да 1,2 м. Лісце двойчы-тройчы перыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя або ружаватыя ў складаных парасоніках. Плод — падоўжана-яйцападобны віслаплоднік (мае эфірны алей). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

Амежнік вадзяны.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр. ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка

(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),

італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).

Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ХАЛАДЗІ́ЛЬНІКАЎ.

Засн. ў 1959 у Мінску на базе майстэрняў па вырабе тавараў хатняга ўжытку; з 1977 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Атлант», з 1993 акц. т-ва «Атлант» закрытага тыпу. У 1962 выпусціў першы халадзільнік «Мінск-1», з 1964 пачалася серыйная вытв-сць халадзільнікаў маркі «Мінск». З 1978 пачаўся выпуск быт. маразільнікаў. Халадзільнік «М-12» адзначаны Вял. залатым медалём міжнар. кірмашу ў Лейпцыгу (1977), шэраг інш. відаў — прызам Залаты «Трафей якасці» (1992, 1993, 1994). Асн. прадукцыя (1999): быт. халадзільнікі, маразільнікі і прамысл. абсталяванне. Больш за 80% прадукцыі экспартуецца.

Вытворчы корпус і зборачны цэх Мінскага завода халадзільнікаў.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАЛІ́РЫЙ (Iphiclides podalirius, або Papilio podalirius),

дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы. Трапляецца на лясных палянах, у зарасніках цёрну. На Беларусі вельмі рэдкі (адзначаны ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абл.). Занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка бледна-жоўтая, на пярэдніх чорныя клінападобныя палосы, заднія з чорна-блакітнай аблямоўкай. Каля асновы задніх крылаў пляма, на канцы хвосцікі даўж. да 20 мм. Дарослыя кормяцца нектарам кветак, вусені — лісцем цёрну, вішні і інш. раслін, пераважна з сям. ружавых. 1—2 пакаленні за год.

Падалірый: 1 — імага; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Невялічкая дошчачка або кавалачак кардону, на якіх адзначаны вага, цана, месца прызначэння тавару, багажу. На кожнай рэчы вісела бірка з цаною.

2. перан. Характарыстыка (звычайна адмоўная), якая даецца каму‑н. па шаблону. [Стэфа Міхасю:] — Не ведаеш зусім чалавека і адразу — бірку яму. Нельга так да людзей. Савіцкі.

3. Уст. Зашпілька ў выглядзе кавалачкі дрэва замест гузіка.

4. Уст. Палачка, на якой нарэзамі вёўся ўлік чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́ва (БРС, ТСБМ, Гарэц., КТС, Сцяц. Нар., Шат., Яруш.). Як і ўкр. кава, бел. слова з польск. kawa; Слаўскі, 2, 105. У польск. мове kaffa, kafa адзначаны ў другой палавіне XVII ст. З араб. kahwa ’кава’ і ’гатунак лёгкага віна’. Араб. адназвы краіны Kaffa, дзе расце кававае дрэва. Крыніца запазычання для польск. kawaтур. kahve. Гл. кофе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,

хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.

Папярочны разрэз ствала клёна, пашкоджанага вертыцылёзам.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)