КУПА́ЛА (Янка) (сапр.Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 7.7.1882, фальварак Вязынка, Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 28.6.1942),
бел. паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч; класік бел. л-ры; адзін з заснавальнікаў сучаснай бел. л-ры і бел.літ. мовы. Нар. паэт Беларусі (1925). Акад.АНБеларусі (1928) і АН Украіны (1929). З сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку ўпамінаецца ў дакументах 17 ст.; маці — рубяжэвіцкая шляхцянка. Скончыў Бяларуцкае нар. вучылішча (1898), вучыўся на агульнаадук. курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909—13), у нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1915). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам («дарэктарам»), пісарам у суд. следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка на Сенненшчыне (1904), практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках (1905—08). У 1908—09 супрацоўнік газ. «Наша ніва» і адначасова бібліятэкар б-кі Б.Л.Даніловіча (Вільня). 3 кастр. 1913 зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—15). У студз. 1916 у Маскве ажаніўся з У.Ф.Станкевіч (гл. У.Ф.Луцэвіч), прызваны ў армію. Служыў у дарожна-буд. атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. 3 ліп. 1918 агент Аддз. забеспячэння Зах. вобласці. 21.1.1919 пераехаў у Мінск. Шмат друкаваўся як паэт і публіцыст у прэсе 1919—21 (газ. «Звон», «Беларусь», «Вольны сцяг», «Рунь», «Савецкая Беларусь»). У студз. — сак. 1920 цяжка хварэў. З 1921 актыўна ўдзельнічаў у літ.-грамадскім і культ.-маст. жыцці, у т. л. ў стварэнні БДУ, нац. тэатра, рэсп. выдавецтваў. 22.11.1930 спрабаваў скончыць самагубствам з-за праследаванняў рэпрэсіўнымі органамі, абвінавачання ў кіраўніцтве т. зв. нацдэмаўшчынай. У Вял.Айч. вайну жыў у Маскве, потым у пас. Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў у Маскве ў гасцініцы «Масква». У 1962 урна з прахам К. перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Пісаць пачаў на польск. мове. Першы вядомы бел. верш «Мая доля» датуецца 1904. Першы бел. друкаваны верш «Мужык» (мінская газ. «Северо-Западный край», 15.5.1905). Першы зб. «Жалейка» (Пб., 1908). Творчасць К. — летапіс жыцця бел. народа, адбітак нац. характару, нац. светаразумення і паэт. светаўспрымання на пераломных гіст. рубяжах 1-й пал. 20 ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, маст. арыгінальнасцю, нац. адметнасцю. Нац.-патрыятычны, адраджэнскі пафас, свабодалюбівыя матывы, ідэі сац. і нац. разняволення, паказ нар. жыцця, гіст. мінулага Беларусі, філас. асэнсаванне жыцця і чалавека наогул, бел. мужыка, інтэлігента — выхадца з нар. нізоў, у прыватнасці, увасоблены ў яго творчасці ў непаўторныя жанрава-стылявыя формы, што сталі класічнымі асновамі бел. лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.
К. — паэт-рамантык. Ён сцвердзіў рамант. тып нац. лірыкі, у якой драм. напружанне, інтэнсіўнасць перажыванняў выяўляюцца ў маштабных, раскавана-асацыятыўных вобразах. Непаўторнае хараство ім надае арганічнае зліццё лірызму і рамант. незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі фальклору — вобразамі, матывамі, паэтыкай бел.нар. песні, з міфалагічнымі ўяўленнямі, архетыпамі, каларытам бел легендаў, паданняў і казак. Ранняя лірыка К. эвалюцыяніравала ад тэм і матываў пераважна сялянскіх да паглыбленага выяўлення асобы паэта (зб-кі «Гусляр», 1910, «Шляхам жыцця», 1913). Адкрыццё вобраза бел. мужыка станавілася ў паэта адкрыццём беларусаў як народа. З працэсам пазнання бел. народа звязана ў К. цікавасць да духоўных першаасноў нар. жыцця — пошукаў свабоды, шчасця, справядлівасці, ідэалаў дабра і прыгажосці, што з асаблівай маст. сілай выявілася ў лірыцы 1910—13. Яе герой свабодалюбівы, самаахвярны і актыўны ў барацьбе за свае ідэалы. Аснова гіст. аптымізму паэта — вера ў творчыя сілы народа, любоў да Бацькаўшчыны. К. ўзвысіўся як выразнік нар.-дэмакр. ідэй, пясняр маладой Беларусі, як лідэр бел. адраджэння пач. 20 ст. Глыбокі патрыятызм паэта раскрыўся ў гімнавых вершах пра «сакаліную сям’ю» сыноў і дачок маладой Беларусі, у пейзажах роднай зямлі, творах на гіст. тэматыку («На дзяды», «На куццю»), у вершах грамадзянска-пафасных («Блізкім і далёкім», «Цару неба і зямлі», «Паязджане», «Свайму народу», «І прыйдзе»). Разам з тым К. аддаў пэўную даніну ідэям рэв. абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нац. адраджэння з радыкальна-рэв. пераўтварэннямі. Лютаўская рэвалюцыя, кастр. падзеі 1917, грамадз. вайна нарадзілі матывы асуджэння дыктатуры, класавай нянавісці, антыгуманізму. Вострыя праблемы бел. рэчаіснасці ён адлюстраваў у публіцыстыцы 1919—20.
З 2-й пал. 1920-х г. К. трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў т.зв. нацдэмаўшчыне, ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд удачы ў асэнсаванні рэчаіснасці ў паэта рэдкія, паэтычная актыўнасць яго рэзка зменшылася і ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х г. (ляўкоўскі цыкл і інш.). У цэлым яго паэтычны геній выразна праяўляўся ў біяграфічных і пейзажных («За ўсё», «Сонцу», «Сосны», «Шоў я пушчаю...»), а таксама некаторых дзіцячых вершах. Эпас К. эвалюцыяніраваў ад апавядальна-бытавога да ўзнёсла рамантычнага і лірызаванага, ад сюжэтнага да фрагментарна-лірычнага і рэпартажнага. У ранніх (1906—08) паэмах схільнасць да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання»). Паэма-трагедыя «Адвечная песня» (1908, апубл. 1910) — апафеоз мужычай празе шчасця на зямлі. Класічнымі сталі яго фалькл.-рамантычныя паэмы «Курган» (1910, апубл. 1912), прасякнуты ідэяй неўміручасці нар. мастацтва, «Бандароўна» (1913) — эпічная песня аб героіцы нар. змагання супраць прыгнятальнікаў, «Яна і я» (1913, апубл. 1920) — творчае развіццё на нац. глебе гесіёдаўскага і гётаўскага эпасу, паэтызацыя ідэалізаванага ўяўлення селяніна-працаўніка пра шчаслівае жыццё, якое нараджае вольная праца, духоўная еднасць, каханне. Праблема ўзаемаадносін выключнай асобы і народа ставіцца ў паэме «Магіла льва» (1913, апубл. 1920). Драматызаванымі паэмамі К. аддаў даніну сімвалізму і неарамантызму. У «Адвечнай песні» ён стварыў сімвалічны вобраз мужыка, цураючыся індывідуалізацыі героя. Лёс яго раскрываў праз паэтызацыю жыццёвых абставін-праяў, манументалізуючы вобраз гал. героя, абсалютызуючы яго бязмерную прагу да лепшай долі, ягонае адмаўленне нядольнага зямнога лёсу. Паэма «Сон на кургане» (1910, апубл. 1912) таксама пра лёс бел. мужыка, але ўжо ў перыяд рэакцыі. Герой паэмы Сам — не персанаж-характар, а фантасмагарычны шукальнік выйсця з гаротнага стану. Умоўныя абставіны, што сняцца яму на кургане, чаргуюцца з рэальнымі сцэнамі на пажарышчы і ў карчме. Варожыя Саму сілы ўвасоблены ў вобразах відмаў і ў рэальных нячысціках. Сам — вобраз трагічны: гіне яго маці, а бацька аказваецца жандарам. Паэма была раскрыццём складаных жыццёвых лёсаў бел.нар. інтэлігенцыі. Паэма «Безназоўнае» (1924), якую крытыка падавала як услаўленне рэвалюцыі, фактычна была спробай выявіць ідэал нац.дзярж. будаўніцтва Беларусі. Паэма «Над ракою Арэсай» (1933), якую вульгарна-сацыялагічная крытыка захвальвала, — не з’яўляецца фактам эстэт. ўзбагачэння, але сведчыць пра адносіны паэта да тагачаснай рэчаіснасці. Паэма «Тарасова доля» (1939) — паэтызацыя жыццёвага лёсу Т.Шаўчэнкі. К. паспяхова вырашаў задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы. У камедыі нораваў «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Блізкім да камедыі нораваў з’яўляецца і сцэнічны жарг «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» (1913, паст. 1917, апубл. 1919) раскрыты цяжкі лёс бел. абеззямеленага сялянства парэформеннага саракагоддзя, пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні. Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922, апубл. 1924, паст. 1926, 1990) — вяршыня сатыр. камедыяграфіі К. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-паліт. праблемы ўзаемаадносін усх. і зах. суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да бел. адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэв. рэальнасці, высмейваецца вялікадзярж. шавінізм, варожы бел. адраджэнню. Публіцыстыка К. ўзнімала пытанні паляпшэння сац. становішча нар. мас Беларусі, спрыяла абуджэнню іх нац. самаўсведамлення; «Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры» (1910), «Адбудова Беларусі», «Беларускі сцяг уваскрос!», «Незалежнасць» (1919), «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», «Справа беларускага нацыянальнага гімна», «Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы» (усе 1920). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», польскія тэксты ў «Сялянцы» і «Залётах» В.Дуніна-Марцінкевіча, лібрэта оперы «Галька» С.Манюшкі, паэму «Медны коннік» А.Пушкіна, паэмы і вершы Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, М.Някрасава, А.Кальцова, П.Панча і інш. Творчасць К. вывучае купалазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Яго п’есы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. П’есы К. «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», паэма «Магіла льва» экранізаваны. Паводле яго твораў створаны оперы Р.Пукста «Машэка», М.Чуркіна «Раскіданае гняздо», опера-прытча У.Мулявіна «Песня пра долю», балеты Я.Глебава «Выбранніца», «Курган», муз. камедыя Ю.Семянякі «Паўлінка», сімфоніі, вак.-сімфанічныя паэмы і інш. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя К., з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Імем паэта, названы Ін-т л-ры Нац.АНБеларусі, Нац.акад. тэатр у Мінску, Гродзенскі ун-т, пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім р-нах, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску (з філіяламі), Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Помнікі К. пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Акопах, Вязынцы, Ляўках, Араў-парку ў Нью-Йорку. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд Я.Купалы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1925—32;
Зб. тв Т. 1—6. Мн., 1952—54;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1961—63;
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1972—76;
Поўны зб.тв.: У 9 т.Т. 1—5. Мн.,1995—99;
Спадчына. Нью-Ёрк;
Мюнхен, 1955;
Публіцыстыка. Мн., 1972;
Жыве Беларусь! Мн., 1993.
Літ.:
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Мазалькоў Я. Янка Купала. Мн., 1951;
Івашын В. Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.Мн., 1953;
Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;
Ярош М. Драматургія Янкі Купалы. Мн., 1959;
Яго ж. Янка Купала і беларуская паэзія. Мн., 1971;
Яго ж. Пясняр роднай зямлі. Мн., 1982;
Яго ж. Янка Купала і Якуб Колас. Мн., 1988;
Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960;
Народны паэт Беларусі. Мн., 1962;
Бярозкін Р. Свет Купалы. Мн., 1965;
Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. Мн., 1965;
Яго ж. Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы. Мн., 1969;
Шарахоўскі Я. Пясняр народных дум. Мн., 1970;
Яго ж. Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы: Савецкі перыяд.Мн., 1976;
Гульман Р. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Есакоў А. Янка Купала і беларускае мастацтва. Мн., 1972;
Яго ж. Янка Купала і беларускі тэатр.Мн., 1972;
Каханоўскі Г. На запаветнай зямлі. Мн., 1974;
Такі ён быў. Мн., 1975;
Гаробчанка Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. Мн., 1976;
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981;
Яго ж. Вяршыні. Мн., 1991;
Пуцявінамі Янкі Купалы. Мн., 1981;
Купалава і Коласава слова. Мн., 1981;
Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Лужанін М. Сустрэчы. Мн., 1982;
Успаміны пра Янку Купалу. Мн., 1982;
Навуменка І. Янка Купала. 2 выд.Мн., 1980;
Неўміручая спадчына. Мн., 1983;
Разам з народам. Мн., 1983;
Гапава В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. Мн., 1983;
Палітыка Дз. Янка Купала — перакладчык. Мн., 1986;
Багдановіч І. Янка Купала і рамантызм. Мн., 1989;
«Па сонца, па долю». Брэст, 1992;
Няхай М. Сустрэчы з Прыдняпроўем: (Янка Купала і Якуб Колас на Магілёўшчыне). Мн., 1992;
Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987;
Купалаўскія чытанні. Мн., 1991;
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Лойка А. Як агонь, як вада... // Лойка А. Выбр.тв.Мн., 1992. Т. 1;
Уладар народных дум і песень. Віцебск, 1992;
Янка Купала — дзецям. Мн., 1992;
Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. Мн., 1993;
Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Мн., 1994;
Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995;
Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні. Мн., 1996;
Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997;
Янка Купала — публіцыст. Мн., 1998;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала: Энцыкл.давед.Мн., 1986;
Слоўнік мовы Янкі Купалы: У 8 т.Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння;
Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985;
Беларускія пісьменнікі. Т. 3. Мн., 1994.
А.А.Лойка, І.У.Саламевіч.
Янка Купала. Партрэт работы мастака І.Ахрэмчыка. 1945.Я.Купала сярод удзельнікаў пленума цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». 1925.Я.Купала са студэнтамі-беларусамі. Пецярбург. 1910.Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы. Карціна З.Паўлоўскага. 1945.Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Помнік Я Купалу ў Араў-парку (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧЫ́СТКА ПАВЕ́ТРА,
выдаленне з паветра пылу, вадкіх і газападобных шкодных дамешкаў. Адрозніваюць: ачыстку забруджанага паветра, якое выдаляецца з вытв. памяшканняў і ад прамысл. абсталявання (гл.Газаачыстка); паветра, якое падаецца ў памяшканні і інш. аб’екты сістэмамі вентыляцыі і кандыцыяніравання, а таксама паветра, што выкарыстоўваецца ў тэхнал. працэсах (напр., вытв-сць кіслароду, інертных газаў, у доменнай і мартэнаўскай вытв-сці).
Ачыстка паветра — адно з найважнейшых мерапрыемстваў па ачыстцы асяроддзя, у т. л. атмасферы ў гарадах і прамысл. цэнтрах. Ачыстка паветра таксама забяспечвае неабходныя сан.-гігіенічныя ўмовы ў памяшканнях і інш. аб’ектах, папярэджвае забруджванне і пашкоджанне прамысл. абсталявання, парушэнне тэхнал. працэсаў. Сродкі ачысткі паветра выбіраюцца ў залежнасці ад віду дамешкаў і ступені забруджанасці паветра. Канцэнтрацыя пылу рознага паходжання ў сярэднім за суткі можа дасягаць 0,5 мг/м³ (у жылых раёнах прамысл. гарадоў), 1 мг/м³ (у індустр. раёнах) і 3 мг/м³ і больш (на тэрыторыі прамысл. прадпрыемстваў). У асобных выпадках вылучаныя з паветра дамешкі выкарыстоўваюцца (напр., сажа, злучэнні серы і інш.) у прам-сці і інш. галінах практычнай дзейнасці.
На Беларусі прыняты Закон аб ахове атм. паветра (1994), які прадугледжвае кантроль за сан. станам паветра і яго ачысткай. Нагляд за ачысткай паветра ажыццяўляецца Спецыялізаванай інспекцыяй па ахове і выкарыстанні атм. паветра Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і сан.-эпідэміял. службай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭ́КА (ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),
медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.
Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕТБО́Л (ад англ. basket кошык + ball мяч),
камандная спартыўная гульня. Гуляюць на пляцоўцы памерам 26 × 14 м, па кароткіх баках якой устаноўлены стойкі са шчытамі з прымацаванымі да іх кошыкамі (кольцы з сеткамі). Мэта гульні — як мага больш разоў закінуць рукамі мяч (мае 75—78 см у акружнасці, маса 600—650 г) у кошык саперніка. Гуляюць 2 каманды па 12 чалавек (адначасова на пляцоўцы знаходзяцца па 5 чалавек ад каманды). Правілы гульні распрацаваны ў 1891 Дж.Нейсмітам (ЗША) і ў далейшым удасканальваліся. Улічваецца толькі чысты час гульні: для мужчын 40 мін, для жанчын — 36, для юнакоў і дзяўчат 30, для дзяцей 24 мін. За пападанне ў кольца налічваецца ад 1 да 3 ачкоў у залежнасці ад віду кідка і пазіцыі баскетбаліста ў момант яго выканання. Гуляюць да перамогі адной з камандаў, прадугледжаны дадатковыя 5 мін на выпадак нічыёй у асн.час.
Баскетбол — алімпійскі від спорту ў мужчын з 1936, у жанчын — з 1976. Дзейнічае Міжнар. федэрацыя баскетболу (ФІБА, з 1932). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1950 у мужчын і з 1953 у жанчын. На Беларусі баскетбол развіваецца з 1921, рэгулярныя чэмпіянаты з 1946. Сярод бел. майстроў баскетболу алімпійскія чэмпіёны І.Ядзешка, Т.Івінская, І.Сумнікава, А.Швайбовіч. Каманда юнакоў Беларусі — чэмпіён Еўропы па баскетболе (1994).
Да арт.Баскетбол. Пляцоўка для гульні, стойка і шчыт з кошыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (БелАМ),
вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова. Засн. ў 1945 у Мінску як Бел.тэатр.ін-т, з 1953 Бел.тэатр.маст.ін-т, з 1991 — БелАМ. У 1995—96 навуч.г. ф-ты: тэатр., мастацкі, дызайну; 15 кафедраў, 624 студэнты, 120 выкладчыкаў, у т. л. 12 прафесараў, дактароў навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1969, з 1993 асістэнтура-стажыроўка. Рыхтуе кадры для кіно і тэлебачання з 1984. З 1978 працуе студэнцкі тэатр, з 1985 — музей. Пры БелАМ дзейнічаюць Мінскае маст. вучылішча, Мінскі маст. ліцэй. Рэктары: М.А.Гурскі (1945—46), І.П.Прыс (1946—57), А.І.Бутакоў (1957—58), В.К.Цвірка (1958—60), П.В.Масленікаў (1960—64), В.А.Захараў (1964—68), Э.П.Герасімовіч (1968—84), А.В.Сабалеўскі (1984—89), В.П.Шаранговіч (з 1989).
Сярод выпускнікоў: нар. мастакі Беларусі А.Анікейчык, В.Грамыка, Л.Гумілеўскі, А.Кашкурэвіч, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў; засл. дзеячы мастацтваў Б.Герлаван, А.Бараноўскі, Г.Паплаўскі, І.Рэй, У.Савіч, Ю.Тур, У.Тоўсцік, У.Уродніч, І.Міско, С.Вакар, У.Маланкін; нар. артысты Беларусі Г.Аўсяннікаў, С.Акружная, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, А.Дубашынскі, Г.Дубаў, М.Захарэвіч, У.Куляшоў, Б.Луцэнка, В.Тарасаў, Т.Кокштыс, В.Раеўскі; пісьменнікі і мастацтвазнаўцы А.Дудараў, У.Клімовіч, Г.Марчук, М.Раманюк.
Літ.:
Вытокі творчасці: Беларуская акадэмія мастацтваў: [Альбом]. Мн., 1995.
навукова-даследчая ўстанова, якая зберагае кінафотафонадакументы Нац. архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Створаны ў маі 1941 паводле пастановы СНКСССР ад 29.3.1941 у Мінску, з 1987 у Дзяржынску Мінскай вобласці. Зберагае (1995) 22 987 адзінак захоўвання хранік.-дакументальных, навук.-папулярных фільмаў, кіначасопісаў, спецвыпускаў, асобных кінасюжэтаў, кіналетапісаў за 1920—90-я г., мастацкіх кінастужак. У іх адлюстраваны найб. значныя падзеі паліт. і культ. жыцця Беларусі: уз’яднанне Зах.Беларусі з БССР, дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве, партыз. барацьба і дзеянні Чырв. Арміі ў Вял.Айч. вайну і інш., кінадакументы пасляваен. часу. У архіве захоўваецца больш за 187 850 фотанегатываў, пазітываў з 1880-х г. да нашых дзён, у т. л. каштоўныя фотадакументы перыяду Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і інш. Сярод гуказапісаў (больш за 8200) выступленні грамадскіх і паліт. дзеячаў, бел. пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва (у т. л. прамова Я.Купалы на 1-м Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў у 1934), успаміны ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны, бел. музычныя творы ў выкананні майстроў і калектываў рэспублікі.
Аддзелы: камплектавання, экспертызы каштоўнасці дакументаў, кантролю за арганізацыяй ведамаснага захоўвання дакументаў; дзярж. ўліку дакументаў і навук.-даведачнага апарата; забеспячэння захавання дакументаў і фондаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; аўтаматызаваных інфарм.-пошукавых сістэм; тэхн. кантролю. Лабараторыя забеспячэння захаванасці кіна-, фота-, фонадакументаў.
А.М.Грыневіч.
Будынак Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ МУЗЕЙ СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ.
Існаваў у Вільні з 1856 да пач. 1-й сусв. вайны. Засн. 29.4.1855 Я.П.Тышкевічам, адкрыты 1.12.1856. Аддзелы: археалогія, этнаграфія, мастацтва, зброя, мінералогія, арніталогія. Свае калекцыі музею перадалі Я.П. і К.П.Тышкевічы, У.Сыракомля, А.К.Кіркор, Т.У.Нарбут, М.І.Балінскі, Ф.К.Багушэвіч, А.А.Плятар і інш. У канцы 19 ст. ў фондах налічвалася больш за 12 тыс. экспанатаў, у т. л.стараж. рукапісы, інкунабулы, рэдкія выданні 15—18 ст., багатыя калекцыі зброі, слуцкіх паясоў, габеленаў, графікі, скульптуры, партрэтаў прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, гербаў гарадоў Беларусі і Літвы, этрускіх ваз, яп., італьян. і кіт. тканін, фарфору, бронзавых вырабаў, нумізматычныя калекцыі (у 1858 былі 3264 антычныя, усх., рус., польска-літ., зах.-еўрап. манеты). Пераважная большасць матэрыялаў была з Беларусі. У фондах музея ўпершыню выкарыстаны метад захавання прадметаў па аднароднасці матэрыялаў, з якіх яны зроблены (метал, дрэва, шкло, косць, папера і г. д.). Пры Віленскім музеі старажытнасцей дзейнічала Віленская археалагічная камісія. У сувязі з паўстаннем 1863—64 музей падвергнуты рэвізіі, пасля якой шмат экспанатаў адпраўлена ў Маскву, але пазней частка іх вернута. Большасць экспанатаў цяпер зберагаецца ў гіст.-этнагр. музеі АН Літвы і Рэсп. мастацкай галерэі Літвы, Музеі бурштыну (г. Паланга), Дзярж.гіст. музеі (г. Масква), Нар. музеі (г. Варшава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЕ ЭКАНАМІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
першае ў Расіі навук.-эканам.т-ва ў 1765—1919. Засн. ў С.-Пецярбургу па ініцыятыве Кацярыны II. Задачы і метады работы, статут распрацаваны М.В.Ламаносавым. Вывучала эканам. стан у дзяржаве, прапагандавала перадавыя спосабы апрацоўкі зямлі, укараняла лепшыя сарты збожжа і тэхн. культур, спрыяла развіццю жывёлагадоўлі, пчалярства, шаўкаводства і інш. Аб’яўляла конкурсныя задачы палітэканам. і навук.-гасп. характару. Праводзіла гасп. анкетныя абследаванні, выстаўкі. Выдавала навук. і навук.-папулярную л-ру, навуч. дапаможнікі, «Труды», «Экономические известия», «Лесной журнал», «Русский пчеловодный листок», «Почвоведение» і інш. Апублікавала больш за 160 работ па розных галінах ведаў, у якіх змешчаны матэрыялы і з Беларусі: пра асваенне балот Палесся, ураджайнасць с.-г. культур, клімат, вынікі навук. і практычнай дзейнасці Горы-Горацкай земляробчай школы, справаздачы Мінскага і інш.с.-г. т-ваў Беларусі. Сярод дзеячаў А.Т.Болатаў, А.І.Сінявін, Г.Р.Дзяржавін, К.Дз.Кавелін, Дз.І.Мендзялееў, В.В.Дакучаеў, А.М.Бутлераў і інш. У 2-й пал. 1880-х г. у Вольным эканамічным таварыстве пачалі пераважаць сілы ліберальнай апазіцыі. У 1915 т-ва забаронена, але працягвала працу. Распалася пасля спынення фінансавання ўрадам.
Літ.:
Орешкин В.В. Вольное экономическое общество в России, 1765—1917: Ист.-экон. очерк. М., 1963;
Гриценко Н.Ф. Вольное экономическое общество и земское либеральное движение в последней четверти XIX в. // Общественное движение в России XIX в.: Сб. ст.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).
Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.Дэкарт (1637) і П.Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.Лейбніца, І.Ньютана, Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Г.Монжа, С.Лакруа і інш.Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.
Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.К.Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусіматэм. манаграфія, 1928) і І.К.Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ КРАЁВА (АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),
падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр.б.СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.Равецкі, Т.Камароўскі, Л.Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс.чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав.партыз. атрадамі. На тэр.Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр.Зах. Украіны, Зах.Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.