род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 2 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі 1 від — Н. мяцёлчатая (N. paniculata). Трапляецца каля дарог, на ўзгорках, у пасевах збожжавых культур.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя, густаапушаныя. Лісце ланцэтападобнае, сцябловае — са стрэлападобнай асновай, прыкаранёвае — чаранковае, тупое. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках. Плод — стручочак. Насенне мае алей, лісце — сіні фарбавальнік. Пустазелле.