НІДУЛЯРЫЯ́ЛЬНЫЯ (Nidulariales),
парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. 3 роды, 85 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаны гняздоўка запоўненая (Nidularia farcta), кілішак гнаявы (Cyathus stercoreus), кілішак Ола (C. olla), кілішак паласаты (C. striatus), кубачак гладкі (Crucibulum laeve). Трапляюцца на гнілой драўніне, ламаччы ў лясах і садах.
Пладовыя целы кубка-, лейка- або гнёздападобныя, знаходзяцца спачатку ў плевачнай абалонцы. Мякаць у выглядзе асобных цельцаў, якія ляжаць свабодна ў слізі ці прымацаваныя да абалонкі. Споры эліпса- або шарападобныя.
С.І.Бельская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)