РЫ́ЧАРД III (Richard; 2.10.1452, замак Фотэрынгей, каля г. Корбі, Вялікабрытанія — 22.8.1485),

кароль Англіі [1483—85]. Апошні з дынастыі Йоркаў. З 1461 герцаг Глостэрскі. Стаў каралём у час Пунсовай і Белай руж вайны: прызначаны ў 1483 пратэктарам каралеўства пры малалетнім каралю Эдуарду V, скінуў яго і зняволіў у Таўэры. У бітве пры Босварце (1485) пацярпеў паражэнне і забіты. Новы кароль Генрых VII афіцыйна абвінаваціў Р. III у забойстве Эдуарда V і яго брата. Р. III — герой твораў Т.​Мора («Гісторыя Рычарда III») і У.​Шэкспіра («Рычард III»).

т. 13, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕРВА́Ж (франц. réservage ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),

1) від паглыбленай гравюры на метале спосабам траўлення; разнавіднасць афорта. Узнік у 2-й пал. 19 ст. Малюнак пяром або пэндзлем, нанесены мастаком спец. чарнілам непасрэдна на паверхню металу, пакрываюць кіслотатрывалым грунтам і апускаюць друкарскую форму ў ваду. Пры набрынянні чарніла прыўзнімае часткі грунту, якія лёгка здымаюцца і агаляюць метал для траўлення.

2) Спосаб двухколернай афарбоўкі керамічных вырабаў з выкарыстаннем натуральнага тону самой керамікі: часткі вырабу, не прызначаныя для афарбоўкі, пакрываюць слоем тлушчу ці алею, які выгарае пры абпальванні.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙКА,

1) Р. зубчастая — прызматычны стрыжань з нарэзанымі зубамі; дэталь рэечнай зубчастай перадачы. Выкарыстоўваецца ў механізмах станкоў, грузападымальных кранаў, пагрузачна-разгрузачных машын.

2) Р. геадэзічная — драўляны брус даўж. 3—4 м з нанесенай шкалой. Бываюць дальнамерныя (для вызначэння адлегласцей), тапаграфічныя (для вызначэння адлегласцей і перавышэнняў), нівелірныя (для вызначэння перавышэнняў); адна- і двухбаковыя, падвесныя, складныя, высоўныя.

3) Разнавіднасць піламатэрыялу, які атрымліваецца пры абпілоўванні краёў неабразных дошак, а таксама вузкія загатоўкі з драўніны, што выкарыстоўваюцца пры вырабе сталярных пліт.

Рэйкі: 1 — геадэзічная нівелірная (шашачная); 2 — для высокадакладнага нівеліравання (штрыхавая).

т. 13, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЕ́ ЧА́СУ,

прыстасаванне (прылада), кантакты якога замыкаюцца або размыкаюцца з некаторай затрымкай у часе пасля атрымання кіроўнага сігналу. Затрымку рэгулююць адвольна, для чаго выкарыстоўваюць розныя яе схемы.

У эл. Р.ч. такая схема заснавана на замаруджванні нарастання або спадання сілы току (велічыні напружання) у эл. ланцугах, якія маюць кандэнсатары, шпулі індуктыўнасці, рэзістары, лічыльнікі імпульсаў. У цеплавых Р.ч. выкарыстоўваюць дэфармацыю біметал. пласцін пры награванні токам, у пнеўматычным — змену скорасці выцякання газу (паветра) з рэзервуара. Час затрымкі Р.ч. ад некалькіх мікрасекунд да некалькіх гадзін. Выкарыстоўваюцца ў рэлейнай ахове, сістэмах аўтаматыкі, пры фотадрукаванні і інш.

т. 14, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДЗЕ́РСКІ (Савелій Аляксеевіч) (23.4.1905, в. Дзяньгубка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 13.5.1977),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу кавалерыі (1938). У Чырв. Арміі з 1927. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Калінінскім, Зах., Цэнтр., Бранскім, 1-м і 2-м Бел. франтах, камандзір палка. Палк. С. вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Одэр (Германія) і захопе плацдарма, дзе асабістым прыкладам натхняў воінаў падраздзяленняў свайго палка на рукапашныя схваткі пры адбіцці некалькіх контратак праціўніка. Да 1953 у Сав. Арміі.

С.А.Свідзерскі.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад позналац. sensitivus адчувальны + ...метрыя),

сукупнасць метадаў вымярэнняў фатагр. уласцівасцей святлоадчувальных матэрыялаў; раздзел метралогіі. Узнікла ў 1840-я г. (з адкрыццём фатаграфіі).

Падзяляецца на дэнсітаметрыю (вымярэнне аптычных шчыльнасцей праяўленых фотаслаёў), інтэгральную С. (вымярэнне ўласцівасцей святлоадчувальных матэрыялаў пры ўздзеянні на іх выпрамяненняў складанага спектральнага саставу) і спектральную С. (вымярэнне ўласцівасцей пры ўздзеянні монахраматычнага святла). Да сродкаў С. адносяць дэнсітометры, мікрафатометры, сенсітометры і інш. Метадамі С. карыстаюцца ў тых галінах навукі і тэхнікі, дзе праводзіцца фатагр. рэгістрацыя выпрамянення (спектраскапіі, астраноміі, ядз. фізіцы, аэрафатаграфіі і інш.).

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫЎЛЕ́ННЕ ПАЗВАНО́ЧНІКА, скаліёз,

бакавое скрыўленне пазваночніка (у франтальнай плоскасці). Бывае прыроджанае і набытае. Развіваецца ў выніку парушэнняў структуры пазваночніка, змяшчэння цэнтра цяжару цела ў бок ад падоўжнай восі. Бывае пры рахіце, траўмах, пухлінах, запаленнях пазваночніка і інш. У 90% выпадкаў назіраецца ідыяпатычнае С.п. (парушэнне абмену ў злучальнай тканцы, што вядзе да аслаблення сувязі міжпазванковых дыскаў з пазванкамі). Пры С.п. адзначаецца дэфармацыя грудной клеткі, змяншэнне яе аб’ёму і ўтварэнне рэбернага гарба, парушэнне функцый лёгкіх і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Лячэнне: лячэбная фізкультура, масаж, хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАІ́СТА-ДАЖДЖАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Nimbostratus (Ns)],

шэрае воблачнае покрыва змрочнага выгляду са значным верт. развіццём (да выш. 8 км). Здаецца размытым у выніку выпадзення ападкаў. Займае ўсё неба без прасветаў. Складзена з кропель (пры адмоўных т-рах пераахалоджаных) у сумесі са сняжынкамі, у цёплы час года ў ніжняй ч. воблака — буйныя кроплі дажджу. Узнікаюць пераважна пры ўзыходным руху паветра, як найб. магутныя па вертыкалі ч. франтальных воблачных сістэм. З іх выпадае аблажны дождж або снег, зрэдку — ледзяны дождж. Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.

Слаіста-дажджавыя воблакі.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

маркірава́ць

(фр. marquer = адзначаць)

1) ставіць кляймо, марку на якім-н. тавары, вырабе;

2) праводзіць маркёрам 2 разоркі або радкі для пасадкі ці пасеву чаго-н.;

3) адзначаць біткі пры гульні ў карты або ачкі пры гульні ў більярд.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

артыкуля́цыя

(лац. articulatio)

1) работа органаў маўлення (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак) пры вымаўленні гукаў;

2) спосаб выканання паслядоўнага рада гукаў пры спевах і ігры на музычных інструментах;

3) мера якасці сістэмы сувязі, прызначаная для перадачы моўных паведамленняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)