ФЛЕК, Ван Флек (Van Vleck) Джон Хазбрук ван (13.3.1899, г. Мідлтаўн, штат Канектыкут, ЗША — 27.10.1980), амерыканскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў тэорыі магн. уласцівасцей рэчыва. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1934), Нац. АН ЗША (1935) і інш. Скончыў Вісконсінскі (1920) і Гарвардскі (1922) ун-ты. З 1934 у Гарвардскім ун-це (з 1935 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі магнетызму, тэорыі валентнасці, фізіцы цвёрдага цела, фера- і ферымагнітным рэзанансе, атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Стварыў квантава-мех. тэорыю дыя- і парамагнетызму (1926—28). Развіў тэорыю ўнутрыкрышталічнага поля (поля лігандаў), даў класіфікацыю асн. тыпаў парамагнетыкаў (1932), тлумачэнне антыферамагнетызму (1941). Нобелеўская прэмія 1977 (з Ф.В.Андэрсанам і Н.Ф.Мотам).

Тв.:

Рус. пер. — Квантовая теория валентности. М., 1938 (разам з В.​Пені, А.​Шэрманам);

Квантовая механика — ключ к пониманию магнетизма // Успехи физ. наук. 1979. Т. 127, вып. 1.

Літ.:

Белов К.П. Джон Хасбрук Ван Флек: К 100-летию со дня рождения // Юбилеи науки, 1989. Киев. 1990.

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Х. ван Флек.

т. 16, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІ́ТЭЛЕР (Spitteler) Карл (24.4.1845, г. Лісталь, Швейцарыя — 29.12.1924),

швейцарскі пісьменнік. Вывучаў права і тэалогію ва ун-тах Базеля, Цюрыха, Гайдэльберга. У 1871—79 жыў у Расіі. Пісаў на ням. мове. У эпічнай паэме ў прозе «Праметэй і Эпіметэй» (1880—81) перапляценне матываў ант. міфалогіі і новых касмалагічных ідэй. Абстрактна-алегарычны характар мае зб. эпічна-фантаст. паэм «Экстрамундан» (1883), пасля якога Ш. эвалюцыяніраваў у бок рэаліст.-псіхал. метаду (драмы «Парламенцёр», 1889; «Славалюб», 1892; навелы зб. «Фрыдлі-скандаліст», 1891; аповесці «Густаў. Ідылія», 1892; «Лейтэнант Конрад», 1898). Паэт. зб-кам «Матылькі» (1889) і «Балады» (1896) уласцівы памяркоўна-эксперым. характар. Гал. яго творы — вершаваны эпас «Алімпійская вясна» (1900—05, перапрацаванае выд. 1910), у якім тэма ўзаемаадносін мастака і ўлады, і сімвалісцкі раман «Імага» (1906). Аўтар прац па літ.-знаўстве, эстэтыцы, перапрацовак нар. балад, аўтабіягр. прозы і інш. Нобелеўская прэмія 1919.

Тв.:

Рус. пер. — Избр произв. // Хейзе П. Новеллы;

Шпитгелер К. Избр. произв. М., 1999.

Л.​П.​Баршчэўскі.

К.Шпітэлер.

т. 17, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРО́ДЫНГЕР (Schördinger) Эрвін (12.8.1887, Вена — 4.1.1961),

аўстрыйскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1934). Скончыў Венскі ун-т (1910). У 1920—38 працаваў у розных ун-тах Еўропы. З 1941 дырэктар Ін-та вышэйшых даследаванняў у Дубліне, з 1956 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па квантавай механіцы, матэм. фізіцы, тэорыі адноснасці, атамнай фізіцы і біяфізіцы. Распрацаваў хвалевую механіку, сфармуляваў яе асн. ўраўненне (гл. Шродынгера ўраўненне), увёў паняцце хвалевай функцыі. Даказаў эквівалентнасць хвалевай механікі і матрычнай квантавай механікі В.К.Гайзенберга. Нобелеўская прэмія 1933 (з П.А.М.Дзіракам).

Тв.:

Рус. пер. — Новые пути в физике: Статьи и речи. М., 1971;

Что такое жизнь. 2 изд. М., 1972;

Избранные труды по квантовой механике. М., 1976.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 401—403;

Клайн Б.В. поисках: Физики и квантовая теория: Пер. с англ. М., 1971. С. 192—216.

А.​І.​Болсун.

Э.Шродынгер.

т. 17, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРЫ́ФЕР (Schrieffer) Джон Роберт (н. 31.5.1931, г. Ок-Парк, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1971), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970). Замежны чл. Рас. АН (1988). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1953) і Ілінойскі ун-т (1957). З 1961 у Пенсільванскім ун-це (з 1962 праф.), з 1980 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Санта-Барбара. З 1992 ва ун-це штата Фларыда і Нац. лабараторыі моцных магнітных палёў. У 1994—96 прэзідэнт Амер. фіз. т-ва. Навук. працы па фізіцы кандэнсаваных асяроддзяў, фізіцы нізкіх т-р, тэорыі многіх цел, звышправоднасці, магнетызме. Стварыў паслядоўную мікраскапічную тэорыю звышправоднасці [з Дж.Бардзінам (гл. Дадатак) і Л.Куперам; тэорыя Бардзіна—Купера—Ш., ці БКШ-тэорыя; 1957]. Нобелеўская прэмія 1972 (з Бардзінам і Куперам).

Тв.:

Рус. пер. — Новое в изучении сверхпроводимости. М., 1962 (разам з Дж.​Бардзінам);

Теория сверхпроводимости. М., 1970;

Сверхпроводимость полупроводников и переходных металлов. М., 1972 (у сааўт.).

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Р.Шрыфер.

т. 17, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮКА́ВА (Yukawa) Хідэкі (23.1.1907, Токіо — 8.9.1981),

японскі фізік-тэарэтык; заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Чл. Яп. акадэміі (1946), замежны чл. Нац. АН ЗША (1949), АН СССР (1966). Скончыў ун-т г. Кіёта (1929), дзе і працаваў (з 1939 праф., у 1953—70 дырэктар НДІ фундаментальнай фізікі). У 1933—39 ва ун-це г. Осака, у 1949—53 праф. Калумбійскага ун-та (ЗША). Навук. працы па квантавай і ядз. фізіцы, тэорыі элементарных часціц, тэорыі нелакальных палёў. На аснове ідэй І.Я.Тама і Дз.​Дз.Іваненкі аб абменным характары ядз. сіл прапанаваў іх палявую (мезонную) тэорыю (1935). Прадказаў існаванне зараджаных (1935) і нейтральных (1938) мезонаў. Першы выказаў ідэю зараджанага прамежкавага базона (1935, гл. Прамежкавыя вектарныя базоны). Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1964). Нобелеўская прэмія 1949. Яго імем названы Ін-т тэарэт. фізікі Кіёцкага ун-та (з 1990) і малая планета.

Тв.:

Рус. пер. — Лекции по физике. М., 1981.

М.​М.​Касцюковіч.

Х.Юкава.

т. 18, кн. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЁНАЎ Мікалай Мікалаевіч (15.6.1896, г. Саратаў, Расія — 25.9.1986),

савецкі фізік і фізікахімік; адзін з заснавальнікаў хім. фізікі, заснавальнік навук. школы. Акад. АН СССР (1932, чл.-кар. 1929). Двойчы Герой Сац. Працы (1966, 1976). Скончыў Петраградскі ун-т (1917). У 1920—31 у Ленінградскім фіз.-тэхн. ін-це. З 1931 дырэктар Ін-та хім. фізікі АН СССР. Адначасова праф. Ленінградскага політэхн. ін-та (з 1928) і Маскоўскага ун-та (з 1944). У 1957—71 акад.-сакратар Аддз. хім. навук, у 1963—71 віцэ-прэзідэнт АН СССР. З 1981 гал. рэдактар журнала «Химическая физика». Навук. працы па хім. фізіцы, хім. кінетыцы, тэорыі гарэння і выбуху, каталізе. Распрацаваў тэорыю цеплавога выбуху газавых сумесей. Адкрыў разгалінаваныя ланцуговыя рэакцыі (1926—28) і з’яву ланцуговага ўзгарання. Стварыў агульную колькасную тэорыю ланцуговых рэакцый (1930—34), паказаў іх распаўсюджанасць у хіміі (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Устанавіў механізм многіх складаных ланцуговых рэакцый, даследаваў уласцівасці свабодных атамаў і радыкалаў, што ўдзельнічаюць у элементарных стадыях ланцуговых працэсаў. Развіў ланцуговую тэорыю гетэрагеннага каталізу (разам з У.У.Ваяводскім, Ф.​Ф.​Валькенштэйнам). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949. Нобелеўская прэмія 1956 (разам з С.Н.Хіншэлвудам). Ленінская прэмія 1976. Яго імем названы Ін-т хім. фізікі Рас. АН.

Тв.:

Наука и общество: Статьи и речи. 2 изд. М., 1981;

Цепные реакции. 2 изд. М., 1986.

Літ.:

Н.​Н.​Семенов, 1896—1986. 3 изд. М., 1990;

Воспоминания об академике Н.​Н.​Семенове. М., 1993.

М.М.Сямёнаў.

т. 15, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ХАРАЎ Андрэй Дзмітрыевіч (21.5.1921, Масква — 14.12.1989),

расійскі фізік і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1953). Замежны чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1969), Нац. АН ЗША (1973), Франц. АН (1981) і інш. Тройчы Герой Сац. Працы (1953, 1956, 1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). У 1945—50 і з 1969 у Фіз. ін-це АН СССР, з 1950 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы па магн. гідрадынаміцы, фізіцы плазмы, кіравальным тэрмаядз. сінтэзе, фізіцы элементарных часціц, касмалогіі, тэорыі гравітацыі. Прапанаваў выкарыстоўваць мюонны каталіз для ажыццяўлення кіравальнай тэрмаядз. рэакцыі (1948). Выказаў ідэю магн. ўтрымання высокатэмпературнай плазмы (1950) і разам з І.​Я.​Тамам развіў тэорыю магн. тэрмаядз. рэактара. Прапанаваў прынцып стварэння выбухова-магн. генератара для атрымання звышмагутных магн. палёў і эл. токаў (1952). Выказаў ідэю лазернага абціскання плазмы (1961), гіпотэзу аб нестабільнасці пратона і выкліканай ёй барыённай асіметрыі Сусвету (1967). Адзін са стваральнікаў вадароднай бомбы ў СССР (1953). У 1956—62 актыўна выступаў за абмежаванне выпрабаванняў ядз. зброі. З канца 1960-х г. адзін з лідэраў праваабарончага руху ў СССР. Пасля публікацыі на Захадзе арт. «Разважанні аб прагрэсе, мірным суіснаванні і інтэлектуальнай свабодзе» (1968) быў адхілены ад сакрэтных прац. За асуджэнне ўводу сав. войск у Афганістан пазбаўлены ўсіх дзярж. узнагарод і высланы ў г. Горкі (1980; вярнуўся ў 1986). Імем С. наз. малая планета. Дзярж. прэмія СССР 1953. Ленінская прэмія 1956. Нобелеўская прэмія міру 1975.

Тв.:

Мир, прогресс, права человека. Л., 1990;

Тревога и надежда. М., 1990;

Науч. труды. М., 1995;

Воспоминания. Т. 1—2. М., 1996.

Літ.:

Конституционные идеи Андрея Сахарова. М., 1990;

Андрей Дмитриевич: Воспоминания о Сахарове. М., 1990;

Гражданин мира (А.​Д.​Сахаров): Рекомендат. указ. лит. М., 1993;

Он между нами жил...: Воспоминания о Сахарове. М., 1996.

М.​М.​Касцюковіч.

А.​Дз.Сахараў.

т. 14, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ (Fermi) Энрыка (29.9.1901, Рым — 29.11.1954),

італьянскі фізік, адзін са стваральнікаў ядз. і нейтроннай фізікі, заснавальнік навук. школ у Італіі і ЗША. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1935). Замежны чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Пізанскі ун-т (1922). З 1926 праф. Рымскага ун-та. З 1938 у ЗША. З 1939 праф. Калумбійскага, з 1942 — Чыкагскага ун-та, у 1944—45 у Лос-Аламаскай лабараторыі, з 1946 у Ін-це ядз. даследаванняў (г. Чыкага). Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, статыстычнай механіцы, фізіцы элементарных часціц, астрафізіцы і тэхн. фізіцы. Распрацаваў квантавую статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл. Фермі—Дзірака статыстыка), тэорыю бетараспаду (1934). Адкрыў штучную радыеактыўнасць, выкліканую бамбардзіроўкай атамных ядзер нейтронамі і з’яву запавольвання нейтронаў у рэчыве (у сааўт.; 1934). Пабудаваў першы ў свеце ядз. рэактар, на якім атрымаў ланцуговую ядз. рэакцыю (1942). Разам з Я.Ч.Янгам прапанаваў састаўную мадэль элементарных часціц (1949; мадэль Фермі—Янга), адкрыў адронны рэзананс (1952). Яго імем названы хім. элемент фермій, квантавая вадкасць і газ (гл. Фермі-вадкасць, Фермі-газ), часціцы з паўцэлым спінам ферміёны, таксама прэстыжная прэмія па фізіцы ў ЗША і інш. Нобелеўская прэмія 1938.

Тв.:

Рус. пер. — Научные труды. Т. 1—2. М. 1971—72.

Літ.:

Ферми Л. Атомы у нас дома: Пер. с англ. 2 изд. М., 1959;

Лятиль П. Энрико Ферми: Пер. с фр. М., 1965;

Сегре Э. Энрико Ферми — физик: Пер. с англ. М., 1973.

А.​І.​Болсун.

Э.​Фермі.

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Томас Вудраў (28.12.1856, г. Стантан, штат Віргінія, ЗША — 3.2.1924), дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1879), праф. права і паліт. эканоміі (1890—1902), рэктар (1902—10) у ім.

Губернатар штата Нью-Джэрсі (1910—12). Двойчы перамагаў на прэзідэнцкіх выбарах ад Дэмакр. партыі, 28-ы прэзідэнт ЗША (1913—21). Адміністрацыя Вільсана ў першыя гады яго прэзідэнцтва правяла шэраг прагрэс. рэформаў (прыняцце закону аб тарыфах і падаходным падатку, антытрэстаўскага закону, увядзенне 8-гадзіннага прац. дня на чыгунцы і інш.). У міжнар. палітыцы дэклараваў імкненне зрабіць ЗША вядучым абаронцам міру, аднак пры Вільсане ЗША ажыццявілі інтэрвенцыю ў Мексіку, акупіравалі Гаіці і Санта-Дамінга. У 1-ю сусв. вайну Вільсан, урад якога да 1917 прытрымліваўся нейтралітэту, спрабаваў ініцыіраваць мірныя перагаворы варагуючых бакоў, у пач. 1917 Вільсан прапанаваў кангрэсу ЗША план усталявання міру шляхам стварэння Лігі Нацый. Пры Вільсане ЗША аб’явілі вайну Германіі (крас. 1917), ажыццявілі інтэрвенцыю ў Сав. Расію. Вільсан — аўтар праграмы міру з 14 пунктаў (уключала і пункт аб стварэнні Лігі Нацый), актыўны ўдзельнік распрацоўкі і прыняцця Версальскага мірнага дагавора 1919. Нобелеўская прэмія міру 1919.

Т.В.Вільсан.

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІРА́К (Dirac) Поль Адрыен Марыс (8.8.1902, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 20.10.1984),

англійскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі і квантавай тэорыі поля. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1930), замежны чл. АН СССР (1931). Скончыў Брыстольскі (1921) і Кембрыджскі (1926) ун-ты. У 1932—69 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1971 праф. ун-та штата Фларыда (ЗША). Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі электрычных часціц і тэорыі гравітацыі. Распрацаваў матэм. апарат квантавай механікі — тэорыю пераўтварэнняў, прапанаваў метад другаснага квантавання (1926—27). Незалежна ад Э.​Фермі ў 1926 распрацаваў статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл. Фермі—Дзірака статыстыка), разам з В.​Гайзенбергам адкрыў абменнае ўзаемадзеянне (1928). Развіў рэлятывісцкую тэорыю руху электрона (гл. Дзірака ўраўненне) і прадказаў існаванне пазітрона (1928). Выказаў гіпотэзы аб існаванні элементарнага магн. зараду (1931) і антырэчыва (1933). Нобелеўская прэмія 1933 (разам з Э.Шродынгерам).

Тв.:

Рус. пер. — Лекции по квантовой теории поля. М., 1971;

Общая теория относительности. М., 1978;

Принципы квантовой механики. М., 1979.

Літ.:

Поль Дирак и физика XX века: Сб. науч. тр. М., 1990.

М.​М.​Касцюковіч.

П.Дзірак.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)