ШПІ́ТЭЛЕР (Spitteler) Карл (24.4.1845, г. Лісталь, Швейцарыя — 29.12.1924),
швейцарскі пісьменнік. Вывучаў права і тэалогію ва ун-тах Базеля, Цюрыха, Гайдэльберга. У 1871—79 жыў у Расіі. Пісаў на ням. мове. У эпічнай паэме ў прозе «Праметэй і Эпіметэй» (1880—81) перапляценне матываў ант. міфалогіі і новых касмалагічных ідэй. Абстрактна-алегарычны характар мае зб. эпічна-фантаст. паэм «Экстрамундан» (1883), пасля якога Ш. эвалюцыяніраваў у бок рэаліст.-псіхал. метаду (драмы «Парламенцёр», 1889; «Славалюб», 1892; навелы зб. «Фрыдлі-скандаліст», 1891; аповесці «Густаў. Ідылія», 1892; «Лейтэнант Конрад», 1898). Паэт. зб-кам «Матылькі» (1889) і «Балады» (1896) уласцівы памяркоўна-эксперым. характар. Гал. яго творы — вершаваны эпас «Алімпійская вясна» (1900—05, перапрацаванае выд. 1910), у якім тэма ўзаемаадносін мастака і ўлады, і сімвалісцкі раман «Імага» (1906). Аўтар прац па літ.-знаўстве, эстэтыцы, перапрацовак нар. балад, аўтабіягр. прозы і інш. Нобелеўская прэмія 1919.