ПАЛЕАТЫ́ПЫ (ад палеа... +грэч. typos адбітак, форма, узор),
друкаваныя еўрап. выданні 1-й пал. 16 ст. Сярод П. выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 слав. П., надрукаваных кірыліцай, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. Служаць прадметам спец. збірання і каталагізацыі. Улік П. вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў б. Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навук. бібліятэкі імя М.Горкага Ленінградскага ун-та» (1977).
На Беларусі ў 16—19 ст. П. зберагаліся ў царк. і манастырскіх б-ках, б-ках навуч. устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць П. захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Немировский Е.Л. Славянские инкунабулы и палеотипы кирилловского шрифта в книгохранилищах Советского Союза // Сов. славяноведение. 1968. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЖА́ЕЎ (Аляксандр Іванавіч) (11.9.1804, паводле інш. звестак 1805, с. Пакрышкіна Рамаданаўскага р-на, Мардовія — 28.1.1838),
рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1826). У 1826 за паэму «Сашка» (1825—26, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1881), якая змяшчала дзёрзкія намёкі ў адрас рас. самадзяржаўя, па асабістым распараджэнні Мікалая I аддадзены ў салдаты без права выслугі. У 1829—33 удзельнічаў у ваен. дзеяннях на Паўн. Каўказе. Друкаваўся з 1825. Лірыка П. звязана з традыцыямі дзекабрысцкай паэзіі. Увёў у рус. паэзію вобраз радавога салдата. У паэмах «Эрпелі» (1830), «Чыр-Юрт» (1832), вершы «Зноў нешта» і інш. — ваен. падзеі вачыма рус. салдата, тэма бессэнсоўнасці вайны. Аўтар паэмы «Прывід Брута» (1833), аповесцей у вершах, песень «Сарафанчык», «Разлюбі мяне, пакінь мяне» і інш. Майстар паэт. перакладу.
Тв.:
Соч.М., 1988;
Стихотворения;
Поэмы и повести в стихах;
Переводы. М., 1990.
Літ.:
Васильев Н.Л. А.И.Полежаев: Пробл. мировоззрения, эстетики, стиля и языка. Саранск, 1987;
Яго ж. А.И.Полежаев и русская литература. Саранск, 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́НКІ,
абрад ушанавання памяці памерлага чалавека; звязаны з культам продкаў і верай у замагільнае існаванне. Пашыраны ў беларусаў і некат. інш.слав. народаў. П. звычайна адбываюцца ў доме нябожчыка адразу пасля пахавання і ў наступныя пасля смерці дні: 3-і (траціны), 9-ы (дзевяціны), зрэдку 20-ы (паўсарачыны), 40-ы (сарачыны), у паўгодкі і гадавіну. Потым ідуць агульныя П. па ўсіх памерлых родзічах — дзяды.
На першыя П. звычайна запрашаюцца ўся радня і ўдзельнікі пахавання, на наступныя — блізкія сваякі, часам свяшчэннік і старцы. Жалобны стол пачынаецца звычайна з куцці або кануна. У залежнасці ад мясц. традыцый існуюць розныя рытуальныя стравы: клёцкі, боб, гарачы хлеб і інш. Першыя лыжкі страў і гарэлку пакідаюць для нябожчыка. П. наладжваюць і на могілках. На наступны дзень пасля пахавання блізкія ідуць «будзіць нябожчыка» на яго магілу. упарадкоўваць магілу — абкладваць яе дзёрнам, ставіць крыж. Тое ж робяць і на радаўніцу і напярэдадні Сёмухі (на У Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́Р’Е (Pomorze),
гістарычная назва паўн. прыбалтыйскай ч. Польшчы. Складаецца з Зах. П. і Усх. (ці Гданьскага) П. У канцы 10 ст. П. насялялі памаране, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы. Зах. П. ў 1181 трапіла ў васальную залежнасць ад «Свяшчэннай Рым. імперыі», германізавана (ням. Pommern Памеранія). Да 1637 тут захоўвалася мясц. (слав.) княжацкая дынастыя. Паводле Вестфальскага міру 1648 Зах. і ч.Усх. Памераніі атрымала Швецыя, астатнюю ч.Усх. — Брандэнбургска-пруская дзяржава. Усх., ці Гданьская Памеранія (ням. Pommerellen Малая Памеранія), якую ў 1308—09 захапіў Тэўтонскі ордэн, адваявана Польшчай у выніку Трынаццацігадовай вайны 1454—66. У канцы 18 ст. далучана да Прусіі. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Польшчы была вернута б.ч.Усх. П. (без Гданьска з акругай). Патсдамскай канферэнцыяй 1945 зах. мяжа Польшчы ўсталявана па Одры і Нысе-Лужыцкай.
Літ.:
Historia Pomorza. T. 1—2. Poznań, 1969—84;
Dzieje Pomorza Nadwiślańskiego od VII wieku do 1945 roku. Gdańsk, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МЯТНЫЯ КНІ́ЖКІ ГУБЕ́РНЯЎ,
афіцыйныя ўрадавыя выданні, што выходзілі ў большасці губерняў Рас. імперыі на рус. мове. Мэта выданняў — публікаваць звесткі для рознабаковага вывучэння губерні. Выдаўцы — губернскія стат. к-ты. З 1860 П.к.г. выходзілі ў Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай, з 1861 — у Магілёўскай губ. Мелі раздзелы: адрас-каляндар з пералікам губернскіх і павятовых урадавых і грамадскіх устаноў і іх супрацоўнікаў; звесткі пра адм. падзел, пошту, тэлеграф, шляхі зносін, ф-кі і з-ды, навуч. ўстановы, музеі, б-кі, кнігарні і друкарні на тэр. губерні. У статыстычным раздзеле друкаваліся звесткі па с.-г., дэмаграфічнай, гандл., эканам. статыстыцы губерняў, у літ.-навук. раздзеле — архіўныя матэрыялы, пісцовыя і плацежныя кнігі, летапісы гарадоў, артыкулы па мясц. гісторыі, эканоміцы, этнаграфіі, фальклоры, біяграфіі і некралогі мясц. дзеячаў. Беларускі матэрыял змяшчалі памятныя кніжкі Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губ., дзе друкаваліся працы А.М.Семянтоўскага, П.Дружылоўскага, Ф.Сярэбранікава, М.Л.Нікіфароўскага, М.А.Дзмітрыева, Я.Ф.Арлоўскага, І.Зяленскага і інш.
рускі пісьменнік, журналіст. Муж А.Я.Панаевай. Скончыў Шляхетны пансіён пры Пецярбургскім ун-це (1830). З 1847 разам з М.Някрасавым выдаваў час.«Современник». Друкаваўся з 1834. Першыя празаічныя творы («Яна будзе шчаслівая. Эпізод з успамінаў пра пецярбургскае жыццё», 1836; «Сёння і заўтра», 1837, і інш.) у традыцыях свецкай аповесці. У 1839—46 выступаў у «Отечественных записках» як белетрыст натуральнай школы: аповесці «Анагр» (1841), «Актэон» (1842), сац.-псіхал. раман «Мамчын сынок» (1845), апавяданні, нарысы, фельетоны. Адным з першых у рус. л-ры стварыў вобраз «лішняга чалавека» з новага сац. асяроддзя — інтэлігенцыі (аповесць «Родзічы», 1847). У 1851—61 друкаваў у «Современнике» штомесячныя агляды журналістыкі і пецярбургскага жыцця пад псеўданімам «Новы паэт». Аўтар раманаў «Ільвы ў правінцыі» (1852), «Унук рускага мільянера» (1858), цыкла нарысаў «Вопыт пра хлышчоў» (1854—57), «Літаратурных успамінаў» (1861), літ. пародый (некаторыя разам з Някрасавым) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ПІДАН ((Pontoppidan) Генрык) (24.7.1857, г. Фрэдэрысія, Данія — 21.8.1943),
дацкі пісьменнік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Капенгагене (1874—77). Друкаваўся з 1881. Вядомасць прынеслі аповесць «Сандынгскі прыход» і кн.апавяд. «Вясковыя абразкі» (абедзве 1883), у якіх рэалістычна паказана жыццё тагачаснага дацкага сялянства. Палемізуючы з неарамантыкамі, стварыў раманы «Начная варта» (1894), «Найвышэйшая песня» (1896), трылогію «Запаветная зямля» (1891—95), дзе панарамна адлюстравана паліт. і рэліг. жыццё краіны канца 19 ст. У шматпланавым эпічным рамане «Шчасліўчык Пер» (1898—1904) канфлікт паміж неардынарнай асобай і бяздушным навакольным светам, праблемы палітыкі, філасофіі, маралі, культуры. Песімістычнымі матывамі прасякнуты раман «Царства мёртвых» (1912—16). Змрочныя прадчуванні расчараванняў і катастроф уласцівы раману «Нябеснае царства чалавека» (1928). Аўтар аўтабіягр.кн. «Па дарозе да самога сябе» (1943). Нобелеўская прэмія 1917 (разам з К.А.Г’елерупам).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. СПб., 1913;
Счастливчик Пер.М., 1995.
Літ.:
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА, Понт,
эліністычная дзяржава ў М. Азіі ў 302 (ці 301) — 64 да н.э.Засн. былым дынастам Мітрыдатам II з перс. роду Ахеменідаў. Склалася шляхам дыпламатыі і заваёў яго напаўгрэч.-напаўіранскіх валадароў. Этнічны склад насельніцтва неаднародны. Разам з высокаразвітымі грэч. гарадамі ў П.ц. ўваходзілі тэр., дзе існавалі родаплемянныя адносіны. Мела гандл. сувязі з гарадамі Паўн. Прычарнамор’я, рэгіёнам Эгейскага мора. З пач. 2 ст. да н.э. вяло актыўную знешнюю палітыку. Дасягнула найвышэйшага росквіту пры Мітрыдаце VI Еўпатару, уключыўшы амаль усе землі вакол Понта Эўксінскага (адсюль назва). П.ц. супрацьстаяла экспансіі Рыма, уступіўшы з ім у працяглы канфлікт — т.зв. Мітрыдатавы войны, якія скончыліся паражэннем і ўключэннем П.ц. ў склад рым. дзяржавы. Часткова адноўлена Маркам Антоніем як залежная ад Рыма дзяржава на чале з дынастыяй Палеманідаў, з мэтай супрацьстаяння Парфіі. Паводле загаду Нерона (64 да н.э.) канчаткова ператворана ў правінцыю.
Літ.:
Ломоури Н.Ю. К истории Понтийского царства. Ч. 1. Тбилиси, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАЛЕ́КСІ (Мікалай Дзмітрыевіч) (2.12.1880, г. Сімферопаль, Украіна — 3.2.1947),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы і радыётэхніцы. Акад.АНСССР (1939; чл.-кар. з 1931). Скончыў Страсбургскі ун-т (1904), дзе працаваў да 1914. З 1918 у Адэскім політэхн. ін-це (з 1922 праф.). З 1922 у Цэнтр. радыёлабараторыі (Ленінград), з 1935 у Фіз. і Энергет. ін-тах АНСССР (Масква). Навук. працы па радыёфізіцы, радыётэхніцы, тэорыі нелінейных ваганняў. Праводзіў даследаванні па накіраванай радыётэлефоннай сувязі, па радыёсувязі з падводнымі лодкамі і тэлекіраванні, кіраваў распрацоўкай першых расійскіх радыёлямпаў (1914—16). Сумесна з Л.І.Мандэльштамам стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей. Адзін з першых выказаў ідэю радыёлакацыі Месяца. Прэмія Дз.І.Мендзялеева 1936. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Собр. трудов. М., 1948.
Літ.:
Памяти Н.Д.Папалекси // Изв. АНСССР. Сер. физ. 1948. Т. 12, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІ́РУС (лац. papyrus ад грэч. papuros),
пісчы матэрыял, які ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі вырабляўся з травяністай расліны папірусу, а таксама рукапісы на гэтым матэрыяле. Упершыню вынайдзены ў Стараж. Егіпце ў пач. 3-га тыс. да н.э. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. шырока распаўсюдзіўся ў іншых краінах Міжземнамор’я. Для прыгатавання пісчага матэрыялу стрыжань сцябла расліны разразалі на падоўжныя палосы, шчыльна ўкладвалі на гладкую дошку, склейвалі, клалі пад прэс і высушвалі на сонцы — атрымлівалі доўгую трывалую старонку. Старонкі склейвалі і скручвалі ў скруткі. У Егіпце П. карысталіся да 9 ст.н.э. Дакументы папскай канцылярыі пісаліся на П. яшчэ ў 11 ст., з 8 ст. яго пачала замяняць папера (слова паходзіць ад «П.»), якая пранікла ў Еўропу з Кітая праз Багдад. Захаваліся егіп., грэч., лац., копцкія, арабскія і інш. П. — каштоўная крыніца для вывучэння гасп., культ. і паліт. жыцця Стараж. Егіпта і антычнага свету. Тэксты П. вывучае папіралогія.
Літ.:
Коростовцев М.А. Введение в египетскую филологию. М., 1963. С. 19—27.