ПШЭ́МЫСЛЬ (Przemyśl),

горад на ПдУ Польшчы, у Падкарпацкім ваяводстве, на р. Сан. Каля 85 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: радыёэлектронная і эл.-тэхн., дрэваапр., хім., тэкст., швейная. Вышэйшая духоўная семінарыя. Арх. помнікі: сабор (1460—1571, перабудаваны ў 1744; уключае ратонду 12—13 ст.), кляштары і касцёлы 17—18 ст., рэшткі замка (пабудаваны пасля 1340, перабудаваны ў 1612—30), асабнякі і палацы 18—19 ст., складаныя фартыфікацыйныя збудаванні канца 19 — пач. 20 ст.

Засн. ў 10 ст. З 12 ст. ўваходзіў у Галіцка-Валынскае княства, усх.-слав. назва Перамышль. З 1340 у складзе Польшчы. У 1389 горад атрымаў магдэбургскае права. Пацярпеў ад пажараў 1489, 1498, 1535. У 15—16 ст. развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) адышоў да Аўстрыі. Ажыўленню гасп. дзейнасці ў П. садзейнічала буд-ва чыгункі да Кракава (1860). З 1876 вялося буд-ва крэпасці, якую ў 1-ю сусв. вайну абложвалі рас. войскі (1914—15). У 1918—39 у складзе Польшчы, у 1939—41 падзелены ўздоўж р. Сан на сав. і ням. часткі. У 1941 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў час Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. З 1945 у Польшчы. У 1975—99 адм. цэнтр Пшамыскага ваяводства.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІСЛАВО́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 ст. на ўскраіне Гродна ў яго б. прыгарадзе Станіславова. Сфарміравана ў 1760—70-я г. паводле праекта арх. Дж. Сака. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ансамбль уключаў сядзібны дом, 2 флігелі, гасп. пабудовы, парк. У планіроўцы ансамбля захаваліся элементы рэгулярнасці. Цэнтр. месца займаў сядзібны дом, размешчаны на вяршыні пакатага схілу. Дом — 1-павярховы (2-і паверх надбудаваны пазней) прамавугольны ў плане мураваны будынак з 2-павярховай цэнтр. ч., вылучанай на дваровым фасадзе паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а на галоўным — рызалітам з атыкавым завяршэннем і шырокай тэрасай. У дэкоры выкарыстаны вязкі пілястраў, раскрапаваныя карнізы, філёнгі, лепка. Прамавугольныя і арачныя аконныя праёмы аздоблены лучковымі трохвугольнымі франтонамі, гірляндамі і інш. У вестыбюлі захаваліся 2 печы ў стылі неаготыкі, абліцаваныя паліванымі керамічнымі пліткамі (канец 19 ст.). Ніжэй за палац сіметрычна размешчаны 2 бакавыя флігелі, якія ўтвараюць парадны курданёр, абнесены з боку ўезда невысокай цаглянай агароджай з брамай. Флігелі — 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі чарапічнымі дахамі. За зах. флігелем размешчаны гасп. пабудовы. За домам размяшчаўся парк рэгулярнага тыпу з радыяльна-прамянёвай схемай планіроўкі.

А.​М.​Кулагін.

Станіславоўская сядзіба. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Станіславоўская сядзіба. Сядзібны дом.

т. 15, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАСЕ́ЛЛЕ,

вёска ў Старасельскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПнЗ ад г. Шклоў, 50 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Копысь. 478 ж., 192 двары (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, ацтэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. За 2 км на ПнУ ад вёскі магіла сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў.

Вядома з 16 ст. як маёнтак у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. ВКЛ; уладанне Сапегаў. У 1606 у С. быў касцёл. З 1656 уладанне Нерушэвічаў, потым пратэстанцкай царквы. Вёска спалена ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскай акрузе, у 19 ст. ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ.; смалакурна-шкіпінарнае прадпрыемства (1859), Троіцкая царква і царк.-прыходская школа (1862). У 1868 уладанне Л.​Цітова; 2 крупадзёрныя, вінакурны і цагельны з-ды, сукнавальня, 2 млыны, карчма. З 1886 мястэчка, цэнтр воласці Аршанскага пав.; 242 ж., 33 двары, валасное і мяшчанскае праўленне, 2 царквы, касцёл, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1909—450 ж., 88 двароў. З 1919 у Гомельскай, з 1920 у Віцебскай губ., з 1924 у БССР. З 1924 цэнтр сельсавета Копыскага, з 1931 — Талачынскага, Шклоўскага р-наў, з 1938 у Магілёўскай вобл.

В.​В.​Віталёва.

т. 15, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРО́СТВА, стараства,

дзяржаўны маёнтак у ВКЛ (16—18 ст.) і Польшчы (14—18 ст.), які даваў вял. князь або кароль на часовае карыстанне феадалам за службу. Гродавыя С. прыпісваліся да судова-адм. цэнтраў — замкаў і складалі кармленне дзярж. службовых асоб — старостаў. Нягродавыя С. даваліся на пажыццёвае карыстанне як узнагарода за паслугі вял. князю ці дзяржаве, а таксама здаваліся ў арэнду за пэўную гадавую плату ці ў залог за грашовую пазыку. З 1562 уладальнікі С. ўносілі ў дзярж. скарб на ўтрыманне войска т. зв. кварту — ​1/4 частку чыстага даходу. З 1775 кварта падвоена. Перыядычна праводзіліся рэвізіі (люстрацыі) С. Феадалы імкнуліся як мага даўжэй пратрымаць С. ў сваім родзе, пераўступалі яго (са згоды вял. князя) пры жыцці членам сваёй сям’і ці пабочным асобам за плату. Вял. князі выкарыстоўвалі права раздачы С. з мэтай вярбоўкі сваіх прыхільнікаў. Шляхта вяла барацьбу за абмежаванне гэтага права. У 1775 сойм забараніў раздачу С., і яны павінны былі пасля смерці ўладальніка здавацца ў спадчынную арэнду на 50 гадоў. Да 1791 удзельная вага С. сярод зямельных уладанняў на Беларусі (без усх. часткі) складала 8%. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай С. ўвайшлі ў склад дзярж. маёнткаў. Пазней некаторыя з іх, асабліва ва ўсх. Беларусі, падараваны рас. дваранам.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 15, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТКЕ́ВІЧЫ, Сцяцкевічы, Сцяцковічы, Стацкевічы,

Стацковічы, шляхецкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Родапачынальнік — Сцецка Пятровіч, гаспадарскі дваранін, войт магілёўскі і слуцкі (15 ст.). Меў сына Ждана, які валодаў Любанічамі, Чаркасавам і Расасною, унукаў Хаму, Яўмена і Андрэя, ротмістра і двараніна вял. князя ВКЛ Казіміра. Найб. вядомыя:

Іван Андрэевіч (?—1554), сын Андрэя Жданавіча, падскарбі надворны ВКЛ. Багдан Іванавіч (? — да крас. 1586), сын Івана Андрэевіча, староста кокенгаўзенскі, падчашы ВКЛ у 1558—72, маршалак гаспадарскі з 1572, маршалак браслаўскі. Атрымаў ад вял. князя маёнтак Заверцы ў Ашмянскім пав., адсюль прадстаўнікі роду ўжывалі прозвішча Статкевіч-Заверскі. Вільгельм (?—1616), сын Багдана Іванавіча, падкаморы браслаўскі ў 1613. Крыштоф (? — да 1652), сын Вільгельма, ротмістр, староста азярышчанскі, падкаморы браслаўскі. Вызначыўся ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 абаронай Азярышчанскага замка ў 1654. Багдан (?—1651), сын Вільгельма, падкаморы мсціслаўскі ў 1630—44, кашталян мсціслаўскі ў 1644—46 і новагародскі з 1646. Актыўна выступаў у абарону праваслаўя. Разам з жонкай Аленай Багданаўнай Саламярэцкай заснаваў Баркалабаўскі Узнясенскі жаночы манастыр, Буйніцкі Святадухаўскі манастыр, Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр, фінансаваў дзейнасць Куцеінскай друкарні. Ян (1601—34), сын Вільгельма, харунжы ашмянскі. Удзельнічаў у бітвах пад Хацінам (1621) і Смаленскам (1633—34). Ян (? — 1660), сын Яна, каралеўскі дваранін, кашталян новагародскі з 1652.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЛЬСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—17 ст. у г.п. Ула Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Узведзены ў 1563 у час Інфлянцкай вайны 1558—82 паводле загаду вял. кн. ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста для абароны вусця р. Ула і кантролю за рухам па Зах. Дзвіне. Мысавую пляцоўку адрэзалі ровам ад плато, па перыметры ўзвялі абарончы вал, схілы замчышча, звернутыя да вады, выбрукавалі валунамі. Але буд-ва У.з., якім кіраваў венецыянскі інжынер, спынілася ў сувязі з нападам атрада рус. войск. Уся буд. каманда была перабіта. У 1567 Іван IV Грозны загадаў пабудаваць тут крэпасць у выглядзе драўляных сцен-гародняў і вежаў. Запоўненыя зямлёй гародні добра вытрымлівалі артыл. абстрэл. У.з. меў 8 вежаў, вароты і брамкі. З сярэдзіны лютага да 4.3.1568 У.з. беспаспяхова штурмавала войска Я.​Хадкевіча. Разбіўшы гарматамі сцены і вежы, яно, аднак, адступіла. Толькі 20.9.1568 гетман Р.​Сангушка прыступам захапіў У.з. У палон трапілі 2 ваяводы — браты Вельямінавічы, 300 баяр і 800 стральцоў са зброяй. Спалены ў час штурму замак хутка зноў быў адноўлены. Паводле загаду Стафана Баторыя ў 1580 тут насыпалі магутны вал выш. каля 11,5 м. У пач. вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 У.з. зноў быў заняты рус. войскамі, спалены і больш не аднаўляўся.

М.​А.​Ткачоў.

Ульскі замах. Гравюра невядомага мастака. 1568.

т. 16, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАДО́СІЙ КАСО́Й (? — сярэдзіна 1570-х г.),

рэлігійны вальнадумец і прапаведнік у Маскоўскай дзяржаве і ВКЛ; адзін з кіраўнікоў рэфармацыйнага руху ва Усх. Еўропе. Ідэолаг радыкальнай антыправасл. ерасі — феадасіянства. У 1554 прыцягнуты да следства па справе рус. вальнадумца М.​Башкіна і зняволены ў адзін з маскоўскіх манастыроў. Уцёк на Беларусь, дзе жыў у 1550—60-я г. (спачатку ў Віцебску). Крытыкаваў царк. абраднасць, афіц. веравучэнне, правасл. царкву як сац. ін-т і духавенства як носьбіта ўласцівых царкве заганаў. Адмаўляў боскую прыроду Хрыста, не верыў у святых і цуды, у замагільнае жыццё і ўваскрэсенне мёртвых, крытыкаваў шанаванне абразоў, асуджаў феад. адносіны і ўладу, заклікаў да грамадскага непадпарадкавання. Выступаў за роўнасць народаў і веравызнанняў. Ідэі Ф.К. мелі шырокую падтрымку сярод гар. нізоў Беларусі і ўвогуле ВКЛ. Феадасіянства стала агульнаславянскай з’явай і адыграла немалую ролю ў генезісе антыфеад. тэндэнцый у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай, уяўляла небяспеку для духоўнай манаполіі правасл. царквы. Пад пагрозай расправы Ф.К. з аднадумцамі прымусілі пакінуць Віцебск. Самыя познія звесткі пра Ф.К. датуюцца сярэдзінай 1570-х г., калі ён прапаведаваў на Валыні. Прадаўжальнікам феадасіянскіх традыцый на Беларусі быў С.Лован.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI—начало XVII в.). Мн., 1970.

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,

акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр. б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.​Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.​Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.​Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.​Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.

Літ.:

Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;

Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;

Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;

Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;

Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;

Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Мікалай Крыштоф (мянушка Сіротка; 2.8.1549, г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 28.2.1616),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат, пісьменнік. Сын М.Радзівіла Чорнага. З 1563 вучыўся ва ун-тах Страсбурга і Цюбінгена. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83: у 1567 узначаліў уласны атрад у Радашковіцкай аперацыі, у 1568 удзельнічаў у аблозе Улы. У час заключэння Люблінскай уніі 1569, як і большасць паноў ВКЛ, адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту II Аўгусту са сваіх маёнткаў на Падляшшы і зрабіў гэта толькі пад пагрозай іх канфіскацыі. Адыход ад палітыкі сабатажу каралеўскага плана уніі і ўдзел у Лівонскай вайне прынеслі Р. ў 1569 годнасць маршалка надворнага ВКЛ. У 1573 быў у складзе дэлегацыі ў Парыж, каб запрасіць на трон Генрыка Валезы. З 1574 пачаў контррэфармацыйную дзейнасць: выдаў сродкі для скупкі пратэстанцкай л-ры (у т. л. Брэсцкай Бібліі), падтрымліваў праваслаўныя цэрквы, але больш клапаціўся пра пабудову касцёлаў. Пасля ўцёку Генрыка Валезы (1574) на трон Рэчы Паспалітай падтрымліваў кандыдатуру Эрнеста Габсбурга, але пасля паразумеўся са Стафанам Баторыем. За ўдзел у кампаніі 1579 прызначаны маршалкам вялікім ВКЛ. У 1581 удзельнічаў у аблозе Пскова. У 1582 выехаў у Італію, адкуль у 1583 — вырушыў у Святую Зямлю. Падарожжа апісаў у кн. «Пэрэгрынацыя» (на лац. мове; Бранева, 1601). У 1586 адмовіўся ад пасады маршалка вялікага ВКЛ на карысць свайго брата Альбрыхта і быў прызначаны кашталянам трокскім, а ў 1590 ваяводам трокскім. Падтрымаў заключэнне Брэсцкай уніі 1596, быў адным з 3 каралеўскіх паслоў на сабор у Брэсце. У 1604 прызначаны ваяводам віленскім. Разам з інш. лідэрамі ВКЛ выступаў супраць падтрымкі Лжэдзмітрыя I і ўмяшання ва ўнутр. справы Масквы, супраць вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У ВКЛ валодаў найбуйнейшымі латыфундыямі. Разам з братамі Станіславам і Альбрыхтам стварыў у 1586 Нясвіжскую, Клецкую і Алыцкую ардынацыі, стаў 1-м нясвіжскім ардынатам. У 1579 выдаў прывілей на самакіраванне г. Мір. Па хадайніцтву Р. ў 1586 Стафан Баторый даў Нясвіжу магдэбургскае права. У ліку першых правёў валочную памеру ў многіх сваіх маёнтках. Фундаваў касцёлы і шпіталі ў Нясвіжы, Дуброве, Чарнаўчыцах, Міры, Свержані. Бялай. Збудаваў замкі ў Бялай і Нясвіжы (сабраў там галерэю партрэтаў, б-ку, збраёўню), Нясвіжскі езуіцкі калегіум, Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў (разам з жонкай), заклаў парк у Альбе (пад Нясвіжам). Па ініцыятыве Р. і за яго кошт выдадзена 1-я дакладная карта ВКЛ (каля 1603, захавалася 2-е выд., Амстэрдам, 1613).

Тв.:

Бел. пер. — Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ясна асветленага князя ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю // Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

Літ.:

Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus: Fundacje Mikolaja Radziwiłla «Sierotki» w ordynacji Nieświeskiej. Warszawa, 1998;

Kempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłl Sierotka (1549—1616), wojewoda wileński. Warszawa, 2000.

М.​Ф.​Гурын.

М.К.Радзівіл Сіротка. Гравюра Л.​Кіліяна. 17 ст.

т. 13, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПАКРЫ́СІС», Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...»,

помнік стараж. бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж. пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр. сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.

Літ.:

Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)