СТАРО́СТВА, стараства,
дзяржаўны маёнтак у ВКЛ (16—18 ст.) і Польшчы (14—18 ст.), які даваў вял. князь або кароль на часовае карыстанне феадалам за службу. Гродавыя С. прыпісваліся да судова-адм. цэнтраў — замкаў і складалі кармленне дзярж. службовых асоб — старостаў. Нягродавыя С. даваліся на пажыццёвае карыстанне як узнагарода за паслугі вял. князю ці дзяржаве, а таксама здаваліся ў арэнду за пэўную гадавую плату ці ў залог за грашовую пазыку. З 1562 уладальнікі С. ўносілі ў дзярж. скарб на ўтрыманне войска т. зв. кварту — 1/4 частку чыстага даходу. З 1775 кварта падвоена. Перыядычна праводзіліся рэвізіі (люстрацыі) С. Феадалы імкнуліся як мага даўжэй пратрымаць С. ў сваім родзе, пераўступалі яго (са згоды вял. князя) пры жыцці членам сваёй сям’і ці пабочным асобам за плату. Вял. князі выкарыстоўвалі права раздачы С. з мэтай вярбоўкі сваіх прыхільнікаў. Шляхта вяла барацьбу за абмежаванне гэтага права. У 1775 сойм забараніў раздачу С., і яны павінны былі пасля смерці ўладальніка здавацца ў спадчынную арэнду на 50 гадоў. Да 1791 удзельная вага С. сярод зямельных уладанняў на Беларусі (без усх. часткі) складала 8%. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай С. ўвайшлі ў склад дзярж. маёнткаў. Пазней некаторыя з іх, асабліва ва ўсх. Беларусі, падараваны рас. дваранам.
П.Р.Казлоўскі.
т. 15, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)