ПШЭ́МЫСЛЬ (Przemyśl),
горад на ПдУ Польшчы, у Падкарпацкім ваяводстве, на р. Сан. Каля 85 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: радыёэлектронная і эл.-тэхн., дрэваапр., хім., тэкст., швейная. Вышэйшая духоўная семінарыя. Арх. помнікі: сабор (1460—1571, перабудаваны ў 1744; уключае ратонду 12—13 ст.), кляштары і касцёлы 17—18 ст., рэшткі замка (пабудаваны пасля 1340, перабудаваны ў 1612—30), асабнякі і палацы 18—19 ст., складаныя фартыфікацыйныя збудаванні канца 19 — пач. 20 ст.
Засн. ў 10 ст. З 12 ст. ўваходзіў у Галіцка-Валынскае княства, усх.-слав. назва Перамышль. З 1340 у складзе Польшчы. У 1389 горад атрымаў магдэбургскае права. Пацярпеў ад пажараў 1489, 1498, 1535. У 15—16 ст. развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) адышоў да Аўстрыі. Ажыўленню гасп. дзейнасці ў П. садзейнічала буд-ва чыгункі да Кракава (1860). З 1876 вялося буд-ва крэпасці, якую ў 1-ю сусв. вайну абложвалі рас. войскі (1914—15). У 1918—39 у складзе Польшчы, у 1939—41 падзелены ўздоўж р. Сан на сав. і ням. часткі. У 1941 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў час Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. З 1945 у Польшчы. У 1975—99 адм. цэнтр Пшамыскага ваяводства.
т. 13, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)