падвалі́на, ‑ы, ж.

1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.

2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераадо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Дабіцца перамогі ў барацьбе. Пераадолець ворага.

2. Справіцца з якімі‑н. цяжкасцямі, перашкодамі. Пераадолець адставанне. Пераадолець перавал. □ — Цяжкавата Міхасю даецца тэхніка, але ж .. ён усё пераадолее і свайго даб’ецца. Кулакоўскі. Магутная машына звярнула з дарогі, упэўнена пераадолела канаву і рушыла проста на нас. Шыловіч. // Асіліць (дыстанцыю, адлегласць і пад.). І Міцьку здаецца, што так яны і да вечара не пераадолеюць тых дзесяць кіламетраў, што аддзяляюць яго ад калгаса. Лупсякоў.

3. перан. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. пачуцці, жаданні і пад. Пераадолець страх. Пераадолець знямогу. □ [Мацвей:] — Я і сам гэта, Андрэй, ведаю, а вот пераадолець сябе — не магу. Лобан.

4. Атрымаць перавагу, узяць верх. Пачуццё абавязку пераадолела страх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.

1. Адзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. адзенне, абутак і пад. Надзець валёнкі. Надзець шапку на галаву. □ [Люба] скінула з сябе зрэбную і палатаную бялізну і надзела новую, тонкую. Чорны. Шэмет устаў, надзеў плашч і выйшаў у калідор. Лобан. // Нацягнуць чахол, футляр і пад. на што‑н. Надзець чахол на піяніна.

2. Уздзець, прыладзіць які‑н. прадмет на каго‑, што‑н. Надзець клямку на прабой. Надзець акуляры. □ Мікола надзеў на каня аброць, вывеў на двор. Новікаў. Саўку надзелі наручнікі, абкружылі яго моцным канвоем і прывялі ў пакой допытаў. Колас. // Насадзіць каго‑, што‑н. на які‑н. прадмет. Крыху азяблымі пальцамі [хлопец] надзеў чарвячка, закінуў вуду і зноў заглядзеўся на птушак. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., што.

1. і чаго. Далучыць, дадаць што‑н. да чаго‑н.; павялічыць колькасць чаго‑н. — Бяда ўся ў зямельным голадзе. А хутары зямлі не прыбавяць. Галавач. // Павялічыць, зрабіць большым (памер, колькасць, хуткасць і пад.). Танкі прыбавілі хуткасць і паспелі пераскочыць мост раней за «праціўніка». Хомчанка. Якаў больш не сцерпеў размовы з Цітком, прыбавіў кроку і пакінуў яго ззаду. Лобан.

2. і без дап. Сказаць што‑н. у дадатак да ўжо сказанага; дадаць. А другі голас прыбавіў: — Усё ўбівае ў галовы, што не гэтак, кажа, жыць трэба, як мы жывем.. Чорны.

3. і без дап. Разм. Перабольшыць, прыхлусіць. — Чаму не скажуць? ото дзіва! Той самы «Тэш», каб падлізацца, Яшчэ прыбавіць і размажа! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. раскіс, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад дзеяннем вільгаці, вады ператварыцца ў вязкае месіва. Зямля ў стэпе адразу раскісла, набіралася цэлымі пудамі на боты. Даніленка. // Набраўшыся вільгаці, размокнуць, разбухнуць. Боты раскіслі, зняць іх было цэлае мучэнне. Карпюк.

2. перан. Расслабіцца, разамлець (ад гарачыні, выпіўкі і пад.). [Незнаёмец] адразу ж раскіс ад яды і цяпла, паваліўся спаць. Асіпенка. // Страціць волю, здольнасць дзейнічаць. — Ты прабач, але ты — баязлівец і панікёр! Пакрытыкавалі — і ты раскіс. Шамякін. Першая нягода — і раскіслі. Ніякая загартоўка не памагае... Навуменка. // Паддацца залішняй чуллівасці. Калі выйшаў Гаварушка, Зіначка нават заплакала, а Захарава з аддзела кадраў праборку ёй давала: — Раскісла! Перараджэнца гэтага шкада стала? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скон, ‑у, м.

Тое, што і скананне. Адна птушка страпянулася, пачала біцца, відаць, была недастрэленая, і паспрабавала ўзляцець перад скопам. Лужанін. Нечувана ж нідзе, каб праваслаўнага чалавека ў час яго скону спавядаў ксёндз. Сабаленка. // Апошні момант чаго‑н., што адбываецца ў часе. І вось ужо чэрвень на сконе, а адпачынку не відаць. Лобан. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба. Пташнікаў.

•••

Да (самага) скону (дзён, гадоў, жыцця) — да (самай) смерці, да апошніх дзён жыцця. Думалася Платону, што так ужо і будзе. Да самага скону. Ракітны. [Лаўрэн] да скону будзе несці .. [сваё каханне] чыстым і запаветным. Вітка. Стаў родным і будзе да скону гадоў мне І воблік яе [Вільні] незабыўны і колер. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сма́га, ‑і, ДМ смазе, ж.

1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.

2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.

3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.

•••

Сагнаць смагу гл. сагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снасць, ‑і, ж.

1. зб. Сукупнасць інструментаў, прылад, прыстасаванняў для якога‑н. занятку. Яго [бурштын] не краналі тапор і піла. Тады не было гэтай снасці. Бялевіч. [Руцкі:] — Вясна на дварэ, сеяць трэба, снасць патрэбна, колы трэба. Чорны. Снасць зарыпела, нешта злёгку трэснула, і воз з сенам, здрыгануўшыся, выкаціў на пагорак. Ляўданскі. Кабета .. каялася, што не пакінула агародную снасць на сваім участку. Кулакоўскі. // Прылады і прыстасаванні для рыбнай лоўлі. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [дзядзькі Марціна] адмысловая. Колас. — Рыбку? — запытаў Шэмет, паказваючы на снасці. [Мужчына:] — Думаю прайсці. Бывае, што карась бярэ. Лобан.

2. Канат, вяроўка і пад., якія служаць для кіравання парусамі і пад. Матросы пад камандай боцмана ўмацоўвалі снасці, прыбіралі з палубы ўсё, што нельга было замацаваць. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спе́раду, прысл. і прыназ.

1. прысл. З пярэдняга боку; проціл. ззаду. Зашпіліў [Андрэй] на ўсе гузікі паддзёўку — яна была мокрая спераду і пачынала лубянець. Пташнікаў. Потым [Ніна] паглядзела на сябе спераду, наслініла пальцы і зрабіла імі тоненькія бровы. Лобан. // На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н.; паперадзе. Вось спераду размашыста крочыць высокая і худая, з рашучым тварам, брыгадзірава жонка Настасся. Ракітны. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «спераду» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на месца паперадзе чаго‑н. Ісці спераду калоны. □ Хацяноўскі саступіў з дарогі і амаль адразу ўбачыў, што спераду кожнага матацыкла тырчыць руля. Здагадаўся: немцы! Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стоўп 1, стаўпа, м.

Абл. Сцірта, торп. Ціток узлез на жытні стоўп і адразу ўбачыў, што снапы каля сцяны паварушаны. Лобан. / у вобразным ужыв. Сваю ноч верасень дасыпае дзе-небудзь у гумне, на стаўпе духмянага мурагу. Васілевіч.

стоўп 2, стаўпа, м.

1. Спец. Вежа або калона. Александрыйскі стоўп.

2. Тое, што і слуп (у 2 знач.). Даўно ўжо зышла на зямлю .. цёплая летняя ноч, і залацісты стоўп ад поўнага месяца лёг на люстраную гладзь шырокай Волгі. Багдановіч.

3. перан. Іран. Важны дзеяч, значная службовая асоба. Стаўпы грамадства. □ Раней, бывала, «стаўпы парадку» і кроку не ступяць, каб не наведаць яго; ніколі, бывала, не абыходзілася, каб на Марціна не склалі пратакола або не ўшпілілі штрафу. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)