Не́вад ’вялікая рыбалоўная сетка, нерат’ (Некр. і Байк., БРС, ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’вялікая рыбалоўная сетка з двума крыламі і кулём пасярэдзіне’ (полац., З нар. сл.), не́вод ’самая вялікая перасоўная рыбалоўная аднасценная сетка з заходам’ (палес., Крыв., ТС), нэ́вуд ’тс’ (Бес.; пра распаўсюджанне назвы і рэаліі ў Беларусі больш падрабязна гл. Браім, Рыбалоўства, 48–49), укр. не́від, рус. не́вод, нёвод, польск. niewód, чэш. nevod, в.-луж. njewod, н.-луж. nawod, балг. на́вод, нъво́д, ст.-слав. неводъ ’рыбалоўная сетка’. Прасл. *nevodъ, паходжанне якога застаецца няясным; пры наяўнасці рус. пск. вод ’вельмі вялікі невад’, славен. дыял. vada ’доўгая рыбалоўная сетка з двума крыламі’, літ. vãdas ’сетка’, лат. vads ’вялікая сетка, крыло невада’, літ. vedė́ja ’рыбалоўная сетка, якую абслугоўваюць два чалавекі’ хутчэй за ўсё звязана чаргаваннем галоснага асновы з *vesti (< ved‑ti), параўн. згадку Пярвольфа аб наяўнасці ў балтыйскіх славян назвы рыбалоўнай сеткі невед (nyewede in vulgari vocatur, гл. Первольф, Германизация балт. славян. Спб., 1876, 113). Адмоўе тлумачыцца табуізацыяй назвы («каб рыбы не пазналі небяспечнага для іх прыстасавання», гл. Фасмер, 3, 55; Махэк₂, 398) ці непрадуктыўным словаўтваральным тыпам усходнеславянскіх назваў з не- для аб’ектаў, што падобныя да адпаведных ім аб’ектаў, але маюць прыкметныя адрозненні тыпу рус. кленне́клен ’Acer campestris’, егла ’ёлка’ ∼ негла (*неегла) ’лістоўніца’, тады водне́вод ’не надта вялікая сетка’ (Маркаў, ЭИРЯ, 8, 1976, 114–115). У рамках той жа этымалогіі тлумачацца аманімічныя формы балг. навод ’невад’ і ткацкі тэрмін ’прасоўванне нітак асновы праз бёрда’ — ад *navesti, у прыватнасці ’прыстасаванне, пры дапамозе якога рыбы накіроўваюцца ў сетку, лавушку’ (гл. Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1981, 49). Гл. таксама Шаур, SP, А 24, 33–37. Непераканальна Ільінскі, IF, 50, 1932, 59–62 (збліжэнне са сновать + суф. ‑од‑). Махэк₂ (398), улічваючы шырокае распаўсюджванне слоў тыпу паўн.-ням. Wate, швед. vada, fin. nuotta, эст. noot ’невад’, лічыць слова «праеўрапейскім», параўн. ват ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кні́га1 ’друкаванае або рукапіснае выданне ў форме збрашураваных і пераплётных разам аркушаў з тэкстам’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.). Укр. книга, рус. книга, ст.-рус. кънига ’тс’, ст.-слав. кънига, балг. книга, серб.-харв. књи̏га, славен. knjíga ’тс’, польск. księga, чэш. kniha, славац. kniha, в.-луж. kniha ’тс’. Запазычанне з усходніх моў не выклікае сумненняў. У якасці крыніцы — акад. kunukku ’пячатка’, праз арм. knik ’тс’. Гэты шлях запазычання культурных слоў адзначаецца і для іншай праславянскай лексікі (dorga ’тарговы шлях’, mědь ’назва металу’). Іншая версія: цюркская крыніца (ст.-цюрк. küinig < кіт. küen ’світак’). (Агляд версій аб запазычаннях гл. Фасмер, 2, 263; Слаўскі, 3, 272–273). Разам з тым ужо даўно высоўваліся гіпотэзы аб узнікненні слова кніга на славянскай моўнай глебе з тымі або іншымі асаблівасцямі, яны зводзіліся да прасл. kъniga < kъnъ ’пень’. Параўн. з пункту погляду семантыкі лац. codex ’пень’ > codex ’рукапіс, кніга’. Іншая інавацыя ад таго ж кораня — прасл. kъněja (гл. кнея) (агляд гэтых версій там жа, параўн. у апошнія гады Атрэмбскі WS, 12, 75–76; Шустэр–Шэўц, ZfSI, 16, 50–51). Асноўная цяжкасць тлумачэння kъniga < kъn‑iga — адсутнасць надзейных прыкладаў словаўтварэння з ‑iga. Прасл. veriga, якое прыводзяць Атрэмбскі і Шустэр–Шэўц, утворана ад дзеяслова verti і да таго ж узыходзіць да *veryga (SP, 1, 66). Іншыя прыклады або зусім не маюць этымалогіі, або таксама ўзыходзяць да ўтварэнняў з ‑yga.

Кні́га2 ’кнігаўка’ (Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., Серб., Маш., Янк. III, Дразд.). Параўн. кнігаўка (гл.). Укр. книга, рус. книга, чэш. kniha ’тс’. Распаўсюджанне гэтай лексемы незразумелае. Рускія формы книга і книгалка толькі на захадзе і поўдні. Таму асноўнай тэрыторыяй распаўсюджання трэба лічыць беларуска-ўкраінскі арэал. Адсутнасць у польскай мове пры наяўнасці ў чэшскай трэба ўдакладніць. Лічыцца гукапераймальным ад кні‑кні (Махэк₂, 263; ЕСУМ, 2, 473). Магчыма, аднак, сувязь з каня, канька (гл.) як назвамі чайкі. Ці не кніга < канька (> *кника > книга) або < канюка (*кнюка > *кніка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жабра́к, жабрава́ць. Укр. жебра́к, же́брати, жебрув́ати ’тс’, же́бри ’жабраванне’, рус. пск., прыбалт. жебра́к, жеброва́ть (відаць, з бел.), польск. żebrak, żebrać, чэш. žebrák, žebrati, славац. žobrák, žobrať, в.-луж. žebrjak, žebrić, н.-луж. žebrak, žebriś, славен. žebrâvec, zebráti, серб.-харв. же̏брак, жебрачити, џе́брак, џе̏брати ’тс’. Літ. žebrõkas, žebravoti, лат. žabravât ’тс’ з бел. або польск. (Фрэнкель, 1294); венг. zsebrák (з 1456 г.) ’тс’ са слав. (MESz, 3, 1212). У ст.-бел. з канца XV ст. фіксуецца жебракъ (Булыка, Запазыч., 113), зафіксаваны дзеяслоў жебрати (Гіст. лекс., 116). Прынята этымалогія бел. слова з польск. мовы, дзе, паводле Брукнера (663), з XV ст. з ням. seffr ’бадзяга’ (Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 7, 150; Булыка, Запазыч., 113). Калі так, відаць, праз чэш., бо іначай незразумела пашырэнне ў серб.-харв. і славен. Скок (1, 471) лічыць адпаведныя словы гэтых моў запазычанымі з чэш. < ням. і далей турцызіраванымі ў серб.-харв. ž > . Махэк₂ (724) лічыць польск. і ўкр. запазычанымі з чэш., а для чэш. і славац. прыводзіць (як Голуб-Копечны, 443) шэраг дыялектных і экспрэсіўных варыянтаў, напр. škebrati, škemrati, žebronit (гл. жабанець), žgamrat ’жабраваць’ і г. д. Як і Міклашыч (406), Голуб-Копечны (443), Махэк₂ (724) не даюць, уласна кажучы, этымалогіі, на ням. паходжанне не ўказваюць, што можна расцэньваць як прызнанне слав. паходжання. Тады ці не трэба параўнаць з бел. кубрак ’чалавек, які просіць на царкву’ (Нас.), кубрыць ’кпіць’ (Нас.), укр. дыял. кубрак ’бедны чалавек’ (Жэлях.), кубрячити ’п’янстваваць’, рус. наўг. кубра ’свавольнік’. Параўн., аднак, польск. kubrak ’куртка’, якое тлумачаць, хаця і мала верагодна, у сувязі з укр. кубрак ’бядняк’ з цюрк. kubur ’адзенне’ (SWO, 405) або як запазычанне з лац. ці ням. (Слаўскі, 3, 299). Калі ўлічыць магчымую сувязь з жабанець (гл.) і формамі тыпу škomořiti/žemořiti, ці не трэба да гэтай групы аднесці і скамарох?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стру́га1 ‘вельмі грузкая даліна, балоціна’ (ТС), ‘дрыгва’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.; бяроз., ст.-дар., Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл.; ЛА, 5), ‘рукаў ракі’ (ЭШ, рук.), ‘затока’ (бярэз., Сл. ПЗБ), струга́ ‘гразкае балота’ (ст.-дар., Нар. сл.), ‘месца на балоце, зверху зацягнутае травой’ (люб., Бел. дыял.), ‘ручай, струмень’: пот ліецца стругою (беласт. Ніва, 1973, 23 верас.), ‘самы шпаркі і глыбокі праток вады ў рацэ’ (Ласт.), зах.-палес. стру́га ‘мокрае месца, зарослае хмызняком’, ‘балоцістая мясціна’ (Сл. Брэс.), ‘невялікая рэчка’ (Мат. Гом.), ‘невялікае цячэнне на балоце’, усх.-палес. стру́жка ‘старое зарослае русла ракі’ (Талстой, Геогр., 194–195), ст.-бел. струга ‘струмень, ручай’. Укр. стру́га ‘ручай; струмень’, паўн.-рус., наўг., курск. стру́га ‘глыбокае месца, лужа, якая застаецца летам ад амаль перасохлай рэчкі’, вялікалук. истру́га ‘частка старога рэчышча’, стараж.-рус. струга ‘цячэнне’, польск. struga ‘струмень, цячэнне’, в.-луж. truha ‘ручай’, н.-луж. tšuga ‘тс’, чэш. strouha ‘жолаб, канава’, славац. struha ‘тс’, славен. strúga ‘русла, рукаў ракі’, ст.-слав. строуга ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struga, дэрыват з суф. ‑ga ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’; ‑t‑ устаўное, звязана з струя, востраў, гл. Гл. Борысь, 582; Махэк₂, 583; Шустар-Шэўц, 1549; Міклашыч, 318. Генетычна роднасныя лат. straũga ‘нізкае месца, дзе можна праваліцца’, struga ‘балота’, stūga ‘струмень вады’, strũgla ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 783 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 450; Папоў, Из истории, 87 (беспадстаўна лічыць запазычаннем з польскай).

Стру́га2 ‘венцер (з дубцоў)’ (касцюк., ЛА, 1). Параўн. балг. радоп. стро̑́га ‘варотцы ў плоце або кашары’, дыял. стръ́га ‘цесны праход у загоне, праз які праходзяць авечкі па адной’, престръ́га ‘шчыліна паміж пярэднімі зубамі’, серб.-харв. strȕga ‘тс’. Бярнар (Бълг. изсл., 324–326) выводзіць з прасл. *strǫga. Сюды ж, магчыма, і рум. strungă ‘цесны праход’, далейшыя сувязі якіх няясныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сэ́рца ’цэнтральны орган кровазвароту’, ’гэты орган як сімвал перажыванняў, настрою, пачуццяў’, перан. ’гнеў, злосць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Дразд., Сцяшк., Сл. ПЗБ), таксама сэ́рцо ’тс’ (Мал., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сэ́рцэ ’тс’ (Нас., Шн. 2, Сл. Брэс., Сержп. Прымхі), ст.-бел. сэ́рцэ ’тс’ (XVI ст., Золтан, Athila, 551); сюды ж сэ́рца ’цэнтральная ўнутраная частка дрэва, стрыжань’ (Сцяшк.), ’стрыжань’ (Сл. Брэс.), ’чырвы (масць у картах)’ (Наша ніва, 2002, 15 лют.), сэ́рцэ ’адтуліна ў жаку або рыбацкай сетцы’ (Тарн., Горбач, Зах.-пол. гов.); гл. таксама серца. Укр. се́рце, рус. се́рдце, стараж.-рус. сьрдьце, польск., н.-луж. serce, ст.-польск. sierce, чэш., славац. srdce, серб.-харв. ср̏це, дыял. ’унутранасці, вантробы’, славен. srcẹ̑, балг. сърдце́, дыял. съ́рце ’тс’ і ’жывот, страўнік’, макед. срце, ст.-слав. срьдьце ’тс’ і ’жывот, страўнік’. Прасл. *sьr̥dьce ’сэрца’ < *sьr̥dьko утрымлівае памянш. суф. ‑ko; каранёвае імя захоўваецца ў *milo‑sŕ̥dъ ’міласэрны’, *sr̥diti sę ’сярдзіцца, злавацца’. Першапачатковае *sьrd‑/*sьdь, роднаснае літ. širdìs ’сэрца’, лат. sir̂ds ’сэрца; мужнасць; гнеў’, ст.-прус. seyr ’сэрца’, грэч. κῆρ (< *ḱērd‑), гоц. haírtô‑ ’сэрца’, хец. kard ’тс’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 605–606; Слаўскі, SP, 1, 101; Траўтман, 302; Фрэнкель, 986–987; Вальдэ-Гофман, 1, 271–272; Покарны, 579–580; Махэк₂, 572; Шустар-Шэўц, 1284–1285; Скок, 3, 316–317; Борысь, 542; Сной, 600; ЕСУМ, 5, 222. Ацвярдзенне с‑ Карскі (1, 357) тлумачыў украінскім і польскім уплывам, дзе, аднак, да гэтага часу формы serce і sierce сустракаюцца ў гаворках, а распаўсюджанне першай з іх адбылося праз т. зв. культурны дыялект з чэшскай мовы і фіксуецца з пачатку XVI ст. (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 314). Параўн. таксама пярэчанні Векслера (Гіст., 207), які па лінгвагеаграфічных прычынах сумняваецца ў такіх уплывах і дапускае тут вынік рэгрэсіўнай асіміляцыі. Першапачатковая семантыка, суадносная з паўднёваславянскай, захавалася ў выразе натшчэ серца ’на пусты страўнік’ (Сержп. Прымхі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,

комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г. Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.

Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.​І.​Опермана і палкоўніка А.​І.​Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.

Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.​Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.

На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл. гл. ў арт. Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;

(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.

В.​І.​Анікін (архітэктура).

Да арт. Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.
Пяты форт Брэсцкай крэпасці.

т. 3, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,

рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс. чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ. калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс. чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.​Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.​Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш. еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс. рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ. ген. Ч.​Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс. англ. гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс. еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976;

Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап. культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл. Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.

Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк. выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.​Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц. этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.

Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, Р.​Падбярэскі, В.​Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.​Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел. нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп. час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, А.​Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел. перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыя нац. паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш. прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш. заканад. актах краіны.

Літ.:

Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд. Мн., 1991);

Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд. Мн., 1921;

Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд. Мн., 1992).

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,

кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.

Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф I Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.

Пасля Брэсцкай уніі 1596 правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да Польшчы, правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел. правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел. правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус. правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.

Кіруючыя мінска-бел. архірэі: архіепіскап Васілій (Ратміраў, 1944—45), мітрапаліт Піцірым (Свірыдаў, 1945—58), Гурый (Ягораў, 1958—61), Антоній (Крацэвіч, 16.3—17.7.1961), архіепіскап Варлаам (Барысевіч, 1961—63), мітрапаліты Нікадзім (Ротаў, 4.8—9.10.1963), Сергій (Пятроў, 1963—65), Антоній (Мельнікаў, 1965—78), Філарэт (Вахрамееў, з 1978).

У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);

Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНК (ад італьян. banco крама мянялы),

фінансавая ўстанова, спецыялізаваная на акумуляцыі грашовых сродкаў і зберажэнняў (укладаў), крэдытаванні, пасрэдніцтве ў грашовых разліках і інш. банкаўскіх аперацыях у адпаведнасці з заканадаўствам. Мае статутны і рэзервовы фонды. Паводле формаў уласнасці банкі бываюць: акцыянерныя, партнёрскія, індывідуальныя, кааператыўныя (узаемныя), муніцыпальныя (камунальныя), дзяржаўныя (нац.), змешаныя (з удзелам дзяржавы), сумесныя (з удзелам замежнага капіталу), замежныя, міждзяржаўныя; паводле функцый і характару аперацый — камерцыйныя банкі, ашчадныя банкі, інвестыцыйныя, іпатэчныя, знешнегандлёвыя банкі і інш., якія на чале з цэнтр. банкам утвараюць банкаўскую сістэму краіны; цэнтр. банк у большасці краін належыць дзяржаве і валодае манапольным правам эмісіі грошай. Пры ажыццяўленні знешнеэканам. аперацый адрозніваюць банкі-рэзідэнты (зарэгістраваныя на нац. тэрыторыі) і банкі-нерэзідэнты (замежныя). Банкі, якія выпускаюць уласныя каштоўныя паперы, наз. банкамі-эмітэнтамі.

Вытокі банкаўскай справы адносяцца да практыкі захоўвання каштоўных металаў у карпарацыях жрацоў і мяняльнай справы ў рабаўладальніцкім грамадстве. Як самаст. ўстановы банкі ўзніклі ў сярэднявеччы, крэдытавалі пераважна каралёў і буйных феадалаў. У 16 ст. ў буйных гандл. цэнтрах (Амстэрдам, Гамбург) з’явіліся банкі новага тыпу — т.зв. жырабанкі, якія ажыццяўлялі безнаяўныя разлікі паміж сваімі кліентамі. Сучасныя прынцыпы банкаўскай справы найперш сфарміраваліся ў Англіі. У Расіі пачалі стварацца з 1750-х г.

Першы на Беларусі Мінскі камерцыйны банк заснавалі ў 1873 буйныя памешчыкі і купцы, меў філіялы ў Гомелі, Літве, на Украіне. У 1881—84 у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне адкрыты аддзяленні Дзярж. банка Расіі (іх баланс на 1.1.1914 — 32,5 млн. руб.). У канцы 19 — пач. 20 ст. адкрыты філіялы рас. акцыянерных камерц. Банкаў. Да 1-й сусв. вайны на Беларусі дзейнічалі аддзяленні банкаў Рас. імперыі: Злучанага (баланс на 1.1.1914 — 5,6 млн. руб.), Руска-Азіяцкага (13,1 млн.), Віленскага прыватнага (11,5 млн.), Азоўска-Данскога (7,3 млн.), Маскоўскага (1,4 млн.), Руска-Французскага (2,8 млн.). Праз гэтыя аддзяленні банкаў на Беларусь ішоў прыток кароткатэрміновых пазыковых капіталаў з інш. рэгіёнаў Расіі (агульны аб’ём крэдытных укладанняў на 1.1.1914 склаў 38,6 млн. руб.). Дзейнічалі таксама т-вы ўзаемнага крэдыту, крэдытныя кааператывы, гар. грамадскія банкі. Але яны не задавальнялі патрэбы бел. прам-сці і гандлю ў крэдыце, што спрыяла ўзнікненню банкірскіх дамоў і кантор, развіццю ліхвярскага крэдыту, пранікненню замежнага капіталу. Былі адкрыты аддзяленні іпатэчных банкаў: акцыянерных зямельных Віленскага, Маскоўскага, С.-Пецярбургска-Тульскага, дзярж. Сялянскага пазямельнага (аперацыі з 1883) і Дваранскага зямельнага (з 1885). Сав. банкаўская сістэма пачала фарміравацца ў 1922 з адкрыццём Бел. канторы Дзяржбанка РСФСР (потым СССР). Пазней адкрыты Прамбанк, Усекабанк, Белкамунбанк, Белсельбанк і інш. Пасля 1959 засталіся Бел. канторы Дзяржбанка СССР і Будбанка СССР.

З прыняццем законаў «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (снежань, 1990) пачалося фарміраванне нац. банкаўскай сістэмы. Яна складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і камерцыйных банкаў, якіх на 1.1.1996 было 42, з іх найбольшыя (паводле памеру фактычнага статутнага фонду; млн. руб. і тыс. ЭКЮ): акцыянерны ашчадны Беларусьбанк (184970,1 і 12555,1), акцыянерны камерцыйны «Прыёрбанк» (117742,9 і 7992), акцыянерны камерцыйны «Пошук» (69347,4 і 4707,1), Белпрамбудбанк (49942,5 і 3389,9), Знешэканомбанк (47823,2 і 2960,7), акцыянернае т-ва «Інвестбанк» (40776 і 2467,7), Белбізнесбанк (40334,2 і 2737,7), Белаграпрамбанк (36000 і 2443,6), «Садружнасць» (35291,3 і 2395,4), Белсувязьбанк (31681,6 і 2150,4), «Мінск-транзіт банк» (31483,3 і 2137), акцыянерны рэгіянальны камерцыйны банк «Комплекс» (31192 і 2117,2), Масбізнесбанк (30791,7 і 2090), Бел. біржавы банк (30589 і 2076,3), спецыялізаваны камерцыйны Тэхнабанк (30518,2 і 2071,5), Б.н.банк (29794 і 2022,3), Брэсткамбанк (29614,8 і 2010,1).

На сучасным этапе дзейнічаюць банкаўскія сістэмы: нацыянальная (адной краіны, як правіла, на чале з цэнтр. банкам, з адной грашовай адзінкай, ажыццяўляе сувязь з інш. нац. сістэмамі), рэгіянальная (забяспечвае інтарэсы некалькіх краін і ва ўзаемных разліках звязана асобнымі эканам. адносінамі) і міжнар. (для разлікаў у міжнар. маштабе). Сярод нац. банкаўскіх сістэм асабліва вядомыя швейцарская, банкі якой дзякуючы працягламу нейтралітэту гэтай краіны строга захоўваюць тайну банкаўскіх укладаў, маюць вял. залатыя рэзервы і таму прыцягальныя для кліентаў усяго свету. Да рэгіянальных банкаўскіх сістэм адносяцца еўрап., ціхаакіянская і інш.; некаторыя з іх (Еўрап. Валютная Сістэма) па ўзроўні інтэграцыі набліжаюцца да нац. банкаўскіх сістэм. Аснову міжнар. банкаўскай сістэмы складаюць Міжнародны валютны фонд, Міжнарод. банк рэканструкцыі і развіцця, Банк міжнародных разлікаў. Найбольшыя банкі краін свету: «Сумітома банк», «Фудзі банк» (Японія), «Сіці карпарэйшэн», «Чэйз Манхатан банк», «Банкамерыка карпарэйшэн» (ЗША), «Барклейс банк», «Нэшанал Вестмінстэр банк», «Мідленд банк» (Вялікабрытанія), «Амстэрдам-Ротэрдам банк» (Нідэрланды), «Інстытута банкарыо сан паўла ды Тарына» (Італія), «Роял банк оф Канада» (Канада), «Рэдзі агрыколь», «Банк насьёналь дэ Пары», «Сасьетэ жэнераль» (Францыя), «Дойчэ банк», «Дрэзднер банк», «Комерцбанк» (Германія), «Юньён банк швітцэрланд», «Сюіс банк карпарэйшэн» (Швейцарыя). У дзесятку найбуйнейшых банкаў свету ўваходзіць найбольш японскіх, сярод якіх самы буйны «Сумітома банк». Сучасная банкаўская справа мае высокі ўзровень тэхн. аснашчанасці: у сусв. маштабе выкарыстоўваюцца электронная сістэма разлікаў тыпу SVIFT, безнаяўныя разлікі з дапамогай пластыкавых картак і інш.

Літ.:

Альманах банков Республики Беларусь. Мн., 1993;

Деньги, кредит, банки: Справ. пособие. Мн., 1994.

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)