Спрыт ‘дасканаласць, умельства’, ‘фізічная лоўкасць, паваротлівасць, хуткасць у руках’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘кемлівасць’ (Ласт.), спры́тны, спры́тнасць (Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). З польск. spryt, sprytny (Кюнэ, Poln., 99 з літ-рай), якое выступае ў польскай мове з XVIII ст. як запазычанне з франц. esprit ‘дух; задума, розум; здольнасць, талент і да т. п.’; гл. Брукнер, 510; Борысь, 571. Ужо Карскі (Белорусы, 146) сумняваўся ў этымалогіі, прапанаванай упершыню Ліндэ, схіляючыся да выказанай раней Міклашычам (266) думкі пра сувязь з прыць (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16–17) звязвае з гоц. sprauto ‘хутка’, чаму пярэчыць Смулкова (Бел.-польск. ізал., 118–119), якая бачыць тут налажэнне значэнняў розных па паходжанні слоў — паланізмаў спрыт, спрытны і прыткі, прытны (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 391–392; Булахаў, Бел. мова, 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стос1 ‘ворах, груд, штабель’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), ‘груда, куча’ (Сл. ПЗБ), ‘груда, капец’ (ТС), ‘касцёр, куча лому’ (Сержп. Прымхі), ‘сажань дроў’ (Арх. Федар.); сюды ж, магчыма, сто́са ‘стайма’ (Сл. ПЗБ), стэ́сам ‘з імпэтам, вельмі шпарка’ (Варл.), сто́сам ‘гуртам’ (Сл. ПЗБ), у сто́сы ‘ў поўнае падпарадкаванне’ (Ян.). Праз польск. stos ‘удар’, ‘куча’ з с.-в.-ням. stoʒ, суч. Stoß ‘тс’. Гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 100 з аглядам літры. Ст.-бел. стосъ, стусъ ‘стос, штабель, удар’ (XVI ст.) з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 420. Для польскага слова мяркуецца чэшскае пасрэдніцтва, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 373–374. Гл. яшчэ стус.

Стос2 ‘слізь’ (рас., Шатал.). Значэнне вызначана недакладна, параўн.: чысьціла трыбух і стосу многа было. Відаць, гэта тое, што “счышчаецца”. Слова цьмянае. Да цяса́ць (гл.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́сна ’млосна’ (гродз., Сл. ПЗБ), то́скна ’тужліва, сумна’ (Ласт.), ст.-бел. то́скно ’тс’ (XVII ст., Карскі, 1, 88). Да таскні́ць ’тужыць, нудзіцца, сумаваць’ (гл.), параўн. ст.-польск. teskno/tesno ’сумна’, ’непрыемна, крыўдна’ і спрошчанае дыял. ckno (*tъskn‑ > *tskn‑ > ckn‑) ’сумна, тужліва’, ’моташліва, нудліва’, ’саладжава’, н.-луж. tešno, stysno ’палахліва, жудасна’, ’цяжка, змрочна’, в.-луж. tyšno ’тс’, ’сумна, маркотна, засмучана’, чэш. je mu teskno ’яго сум, туга бярэ за сэрца’, славац. teskno, tesno ’тужліва’. Да праславянскага прыметніка *tъsknъ ’смутны, тужлівы, прыгнечаны’, які ад назоўніка *tъska ’смутак, прыгнечанасць, дрэннае самаадчуванне, млоснасць, нуда’ (гл. таска), параўн. рус. тоска́ ’туга, нуда, смутак’, стараж.-рус. тъска ’бура на моры (з марской хваробай)’, ’цяжкасць, гора, сум, неспакой’ (Борысь, 632; Фасмер, 4, 88; ЁСУМ, 5, 612). Найбліжэйшым і.-е. адпаведнікам з’яўляецца літ. taũsti ’сумаваць’ (Махэк₂, 641).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́ндаць ’хадзіць, шлёпаць’ (БРС), ’бадзяцца’ (Яўс., Нас., Бяльк.), брындацца ’боўтацца, таўчыся без толку’ (КЭС), параўн. яшчэ бры́нда ’валацуга’ (Нас., Бяльк., Янк. Мат.), ’гультай’ (Касп., Нас.), брынды біць ’хадзіць без справы, лодарнічаць’ (Янк. БП). Карскі (Труды, 394) бры́нда ’валацуга’ і бры́ндаць ’бадзяцца’ выводзіў з няпэўнай літ. крыніцы (адносна гэтага гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50). Параўн. яшчэ ўкр. дыял. бре́ндати, брендо́лити ’бадзяцца’. Брукнер (43) зыходзіў з ст.-польск. bryndy ’дарагая жаночая вопратка’, bryndować się ’прыгожа апранацца’ (адсюль быццам бел. брынды біць, укр. бринди бити, далей бры́нда ’валацуга’). Фасмер (1, 222–223) прыводзіць рус. дыял. бры́нды ’шырокія рукавы’, бры́ндик ’гультай’, бринжиба́й ’тс’ і параўноўвае гэта з польск. brynda ’жарт, балаўство’, bryndzić się ’манернічаць’. Няясна. Укр. бре́ндати (resp. бел.?) Рудніцкі, 201 (услед за Шэрэхам, ZfslPh, 23, 146 і іншымі), выводзіць з брести́ з арго-суфіксам ‑н‑ (і пад уплывам пле́нтатися ’валачыцца, цягнуцца’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наха́ба ’напасць’ (Нас., Грыг., Др., Яруш., круп., ЭШ), ’напасць, непрыемнасць; нахабства’ (Гарэц.), ’гора, навалач’ (Макар.), ’няшчасце, навала; нахабнік’ (Бяльк.), ’навязаны клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’ (Янк. 2, Ян.), ’назола, прыставай, бессаромнік’ (парыц., Янк. Мат.), ’нахабнік’ (Клім., Пятк. 2), ’здань’ (касцюк., Арх. ГТ), наха́біца ’пошасць, хвароба’ (ТС), ’назола’ (івац., Жыв. сл.), наха́бны ’навязлівы, прыдзірлівы’ (Нас.), ’наглы’ (Бяльк.), укр. наха́ба ’бяда, напасць; нахабства’, рус. наха́ба ’напасць, нечаканая непрыемнасць; клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’. Ад наха́біць ’нападаць, паклёпнічаць, безпадстаўна абвінавачваць у злачынстве’ (Нас.), да незафіксаванага а́біць, параўн. ст.-бел. ахабивъ, зафіксаваную форму з аканнем ад дзеяслова *охабити (Карскі, 1, 136), параўн. ст.-польск. ochabić ’абхапіць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага хав‑ (Бернекер, 381) і можа суадносіцца з габа́ць ’браць, хапаць’ (Фасмер, 4, 215; Махэк₂, 410). Некаторыя значэнні развіліся, магчыма, пад уплывам *xabiti ’псаваць’, гл. ха́баль, хабе́та; да семантыкі параўн. нахваці́цца ’з’явіцца знянацку’ (Ян.), нахапі́цца ’накінуцца’ (Растарг.) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нутро́ ’вантробы, унутранасці’ (Нас., Гарэц., Пятк. 2, Касп.), ’сярэдзіна, унутраная частка’ (Сцяшк., ТС), нутрэ́ ’тс’ (ТС), нутрё ’унутранасці’ (Грыг.), нутра́, нутры́, мн. ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. нутро́ ’тс’, рус. нутро́, нутра́, нутрё, нутрь ’тс’. Са старога прыставачнага ўтварэння *vъn‑ǫtrь ’сярэдзіну’, што было пераасэнсавана, як *vъ‑nǫtrь (Фасмер, 3, 90), гл. уну́тр. Параўн. яшчэ ст.-бел. нꙋтрь моѧ переменилосѧ, ноутръ моѧ, нγтрь мои, оу нγтри моє​м (Псалтыр XVI ст., гл. Карскі 2–3, 17), чэш. nitro ’унутранасць, нутро’, славац. vnútro ’тс’ — новыя назоўнікі на базе пераасэнсаванай часткі *‑nǫtrъ (Махэк₂, 696). Звяртаюць увагу на паралельнае грэч. ἔντερα, мн. л. ’унутранасці, вантробы’, ст.-інд. antrám ’тс’, літ. įščios ’тс’ (Бязлай, 2, 228 і інш.). Сюды ж таксама ну́троносць ’тс’ (ТС, магчыма, пад уплывам рус. внутренность), нутраны́, нутрэнны́ ’выняты з нутра’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), нутро́ны ’унутраны’ (Сл. ЦРБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ню́хаць ’успрымаць пах; высочваць, шукаць’ (Бяльк., ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ню́шыты ’тс’ (камян., Сл. ПЗБ), укр. ню́хати, рус. ню́хать, польск. niuchać, чэш. ňuchati, славац. ňuchať, в.-луж. nuchać, н.-луж. nuchaś, славен. njuhati, серб.-харв. њу̏шити, аддзеяслоўны назоўнік њух, балг. дыял. ню́ам, ню́шкам. Прасл. *njuchati, паводле Махэка₂ (402), — вынік экспрэсіўнага змякчэння *nuchati, што мае ў аснове гукаперайманне (параўн, рус. ну́хрить ’мурлыкаць (пра ката)’ і ’нюхаць, вынюхваць, шукаць’), якое можа быць звязана з і.-е. *neu‑(k)s‑, *sneu‑ ’нюхаць, фыркаць’, параўн. гоц. bi‑niuhsjan ’высочваць’, нарв. nuska ’шукаць’, ’пах’, ст.-ісл. nysa ’нюхаць’ і пад. (Коген, Запіскі, 238; Бязлай, 2, 225). Тлумачаць таксама як вынік перараскладання прыставачных утварэнняў з *ǫxati (ст.-слав. ѫхати, польск. wąchać: *sъn‑ǫchati (Фасмер, 3, 93), параўн. знюхацца (Карскі, 1, 325), *vъn‑ǫchati (Скок, 3, 615), параўн. уню́хацца і пад. Гл. таксама Рыкаў, БЕ, 37, 472–474.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́б умоўны злучнік (паўн., КЭС; Нас., Рад., Сержп. Грам.), кылі́п ’каб’ (чавус., Нар. сл.). Карскі адзначаў і ст.-бел. кыліб. Як злучэнне ёсць адпаведнае ўкр. коли‑б(же). У рус. гаворках зах.-бран. кали б (фактычна беларускае, у Растаргуева), Даль адзначыў коли‑бы, да якога Бадуэн дэ Куртэнэ дадае яшчэ коли‑ба, кыли‑б (апошняе — смал.). СРНГ падае яшчэ з архіўных матэрыялаў Сразнеўскага смал. колиб, падпарадкавальны злучнік. Гэты факт разам з бел. кыліп дазваляе меркаваць аб лакальнай семантычнай інавацыі ў магілёўскіх і смаленскіх гаворках. Прыведзеныя матэрыялы даюць магчымасць рэканструяваць усх.-слав. структуры коли‑б. Што датычыць рус. коли‑бы, коли‑ба, не вельмі ясна, ці сапраўды гэтыя формы дазваляюць рэканструкцыю архетыпа коли‑бы (такую праформу дае ESSJ SG, 2, 360). Архетып koli‑by прапанаваны як больш архаічны (‑by, аснова аорыста, < byti), аднак, зыходзячы з фактычнага матэрыялу, не выключана, што старыя формы з’яўляюцца рэгіяналізмамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ме ’плячо’ (Нас., Сл. ПЗБ), ра́мя ’тс’ (Байк. і Некр.), рамяно́ ’тс’ (Сл. ПЗБ), рамёнак ’плечавая костка’ (Стан., Байк. і Некр.), ст.-бел. раме (XVII ст., Карскі 2–3, 18), рамо ’тс’ (Сл. Скар.), ра́мя ’рукаў ракі’ (Байк. і Некр.), ра́мʼя ’тс’ (мазыр., Яшк.); параўн. укр. ра́мʼя /ра́мено ’тс’, рус. дыял. ра́мо, рамена́ ’плячо, плечы’, польск. ramię ’тс’, в.-луж. ramjo/ramje, н.-луж. raḿe ’тс’, палаб. råmą ’тс’, чэш. rámě/rameno ’плячо’, славац. ramä ’тс’, славен. rama/rame ’адгалінаванне, парэнча’, ramska kost ’плечавая костка’, серб. ра̏ме/ра̏мо/рамѐница ’плячо’, рамѐњача ’плечавая костка’, балг. ра́мо ’тс’, ст.-слав. рамо ’тс’. Праслав. *ramę (< *ormę), роднаснае ст.-прус. irmo ’рука, плячо’, авяст. arəma ’рука, плячо’, асяц. arm ’далонь, жменя’, гоц. arms, ням. Arm ’рука’, англ. arm ’рука вышэй запясця’. Фанетычная форма раме падаецца запазычаннем з польскай, развіццё насавога ў беларускай дае рамя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серадо́льшы ‘сярэдні па ўзросце сярод братоў і сясцёр’ (ТСБМ, Чач., Байк. і Некр., Сцяшк., Ян., Скарбы, Янк. 1; гродз., лях., гарад., калінк., Сл. ПЗБ, Тур., ЛА, 3), ‘старэйшы з сярэдніх па гадах дзяцей’ (Нас.), сераду́льшы ‘сярэдні па ўзросце сярод дзяцей’ (Шат.), серэдо́льшы (sieredólszy) ‘сярэдні (палец)’ (Пятк. 2). Параўн. укр. середу́льший ‘тс’. Дэрыват з суф. ‑ш‑ ад прым. серадольны, серадольні ‘сярэдні (сын або дачка)’ (Нас., Сцяшк., Нар. Гом.), які ад сярэдні або ад асновы серад‑ праз прамежкавую ступень назоўніка з суф. ‑olʼa, ‑ulʼa, параўн. сераду́ля ‘мянушка каровы, якая нарадзілася ў сераду’ (лаг., Сл. ПЗБ); аб суф. гл. Слаўскі, SP, 1, 109–110. Суф. ‑ш‑, паводле Карскага (2–3, 43), па паходжанні з’яўляецца суфіксам параўнальнай ступені прыметніка, што адзначала Насовічам. Сам Карскі (2–3, 89) са знакам пытання ўзнаўляе першасную форму сераддольшы (< *середьдольший), што можа быць звязана з до́ля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)