нагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Ідучы, едучы і пад., дагнаць каго, што‑н. Каля самага лесу партызан нагнала нямецкая бронемашына. Ставер. [Багдановіч] набавіў кроку і нагнаў пярэдні воз. Мікуліч. // перан. Дагнаўшы, папасці. Нагнала яе куля вось тут, ля стажка. Вартавыя камсамольцы беглі на крык Алесі і не паспелі. Пестрак.

2. перан.; каго-што. Дагнаць каго‑н. у поспехах, развіцці, выніках. Нагнаць таварышаў па вучобе. □ Да зімовых канікул.. [Грыша] нагнаў прапушчанае. Пальчэўскі.

3. што і без дап. Выканаць тое, што не было зроблена ў свой час. Юзік адлажыў прачытаную газету і ўзяўся за другую. У будні дзень часамі няма калі і глянуць у газету, дык трэба нагнаць хоць у свята. Крапіва. Пасля няўдалага вячэрняга палявання на качак мы заначавалі на лузе, спадзеючыся зранку нагнаць упушчанае. Ігнаценка.

4. што. Разм. Зберагчы час у параўнанні з вызначаным. Феадора Іванаўна ні на хвіліну не выпускала з-пад увагі рух цяжкавагавага эшалона. Вось дзяжурны па станцыі Радашковічы паведаміў, што эшалон.. [прайшоў] станцыю на 5 мінут раней графіка. Са станцыі Аляхновічы далажылі, што Забалотны нагнаў яшчэ 6 мінут. Васілёнак.

5. каго-чаго. Сагнаўшы, сабраць у адным месцы ў вялікай колькасці. Немцы пачалі перашываць чыгунку. На мясцовую сілу не спадзяваліся, нагналі палякаў. Навуменка. // часцей безас. што і чаго. Прыгнаць, нанесці (пра дождж, снег і пад.). Яшчэ з вечара паўночны вецер нагнаў дробных хмурынак. Якімовіч. Старшыня з трывогай пазіраў цяпер на неба: не нагнала б дажджу. Сіняўскі. // пераважна безас., каго. Разм. Аб з’яўленні каго‑н. нечаканага, нежаданага. — Нагналі чэрці сабаку... — вылаяўся бацька, калі лесніковыя крокі заціхлі ў гушчары лесу. Дамашэвіч.

6. перан.; што і чаго. Унушыць якое‑н. пачуццё, давесці да нейкага фізічнага ці псіхічнага стану. Нагнаць страху. Нагнаць бяссонніцу. □ Бочка зусім пахіснулася і, пакаціўшыся з грукатам наніз, нагнала вялікага перапалоху на каменданта. Лынькоў. Чаму ж, вецер, думкі злыя Ты ў душу маю нагнаў? Колас.

7. што і чаго. Выклікаць рэзкае павелічэнне якім‑н. спецыяльным прыёмам. Чырвоны, як рак, угнуўшы галаву, падаваўся Пракоп на ніз, бо такой гарачай пары, якой нагналі цяпер калгаснікі, ён, з непрывычкі мыцца ў лазні, не мог перанесці. Я. Колас.

8. што і чаго. Нацерці. Колькі мазалёў нагнаў Грыцко, пакуль зрабіў гэты буданчык! Кулакоўскі. // што. Нажыць якую‑н. хваробу ў выніку хуткага бегу. [Спіцын:] — Паглядзіце, як.. [конь] будзе бегчы дадому, прыйдзецца стрымліваць, каб не нагнаў дыхавіцы. Гурскі.

9. што. Набіць што‑н. на што‑н. Нагнаць абруч на бочку.

10. чаго. Перагонкай нагатаваць у нейкай колькасці. Нагнаць вядро спірту.

•••

Аскому нагнаць (набіць) — а) адчуць аскому ў роце ад чаго‑н. кіслага; б) перан. вельмі надакучыць каму‑н. чым‑н.

Нагнаць (набіць) цану — вельмі павысіць цану на што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круці́цца, кручуся, круціліся, круціцца; незак.

1. Рухацца па кругу або паварочвацца вакол сваёй восі; вярцецца. Майстар націснуў на кнопку, і свярло з лёгкім гулам пачало круціцца. Кулакоўскі. Вялікі шліфавальны камень пачынае хутка круціцца. Асіпенка. // Варочацца з боку на бок. Хлопчык круціўся, трызніў, мабыць, снілася яму нешта страшнае. Чарнышэвіч. // Беспарадкава рухацца; хадзіць вакол чаго‑н.; кружыцца. — Круціўся я на гэтым месцы з гадзіну, нічога больш, не знайшоў. Панёс свой грыб у санаторый, як святыню, у дзвюх руках. Лужанін. Хлопчык бездапаможна круціўся на адным Месцы, адмахваючыся ад сабакі сваёю шапкаю. Арабей. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа думкі, тэмы і пад. Размова Круцілася вакол незразумелых, чужых для слыху слоў: эканамісты, сацыял-дэмакраты, анархізм. Асіпенка. [Засмужац] паспрабаваў адагнаць сон, — нейкая надакучлівая думка неадчэпна, як сляпень, круцілася ў галаве. Мележ.

2. Быць ахопленым віхравым рухам; кружыцца. Снег марудна круціўся ў сумным зімовым паветры. Гарэцкі. // Уздымаць снег, пыл і пад.; месці (пра вецер, завіруху і пад.). Доўга яшчэ круцілася, не магла нацешыцца завіруха. Васілевіч. // Узнімацца ўверх колцамі; віцца (пра пыл, туман і пад.). Застаўшыся ў кузні адзін, Міша глядзеў у задуменні, як над горнам круціўся сівы, гаркаваты дымок. Арочка.

3. Разм. Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., каля каго‑, чаго‑н. Вакол дзеда круціліся ўнукі. Колас. [Новікаў] круціўся ля канторы і ўедліва дапякаў кожнага, хто трапляўся на вочы. Дуброўскі. // Увіхацца каля каго‑, чаго‑н. Колышаў круціўся каля машыны, ламаючы галаву, відаць, над тым, што зрабіць, каб выйсці з бяды. Мележ. «Я так і ведаў! — узгарэўся Алесь. — Круціся адзін каля трактара». Шахавец. // Неадступна хадзіць за кім‑н., заляцацца да каго‑н. На гэтым спектаклі мядзведзіцкі настаўнік круціўся ўсё каля Зосі. Крапіва. Сёлета Ігнат Пацапень прыехаў адзін і зараз жа пачаў круціцца каля Вікторыі Аркадзеўны. Паслядовіч. // Перашкаджаць, замінаць. Круціцца пад нагамі.

4. Не могучы ўседзець на адным месцы, неспакойна паварочвацца то ў адзін, то ў другі бок; вярцецца. Суддзя круціўся на крэсле, нібы пад яго падсыпалі жменю іголак. Лынькоў.

5. Разм. Быць у пастаянным клопаце. — І не адзін такі я: шумім, круціліся, а толку няма. Колас. Да вечара і да зары І ад зары да вечара Грукочуць МАЗы ў Мазыры і круцяцца дыспетчары. Грахоўскі. — А Сарока — жыве, круціцца цэлымі днямі ў працы, у клопатах. Такім калгасам кіраваць — гэта ж вам не жартачкі. Краўчанка.

6. Разм. Выкручвацца, хітрыць. Арлоўскі як ні круціўся, як ні муліўся, але такі здаўся. Чарнышэвіч.

7. Разм. Быць у любоўных адносінах з кім‑н.; любіцца. — А, усе яны такія, махнуў рукою Булаўка, — або замуж выходзяць, або круцяцца з другімі... Пальчэўскі. На начлезе [Марына], бывала, толькі з хлопцамі і круціцца. Скрыган.

8. Зал. да круціць (у 1 знач.).

•••

Галава круціцца гл. галава.

Круціцца ваўчком — вельмі хутка кружыцца, вярцецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скарб, ‑у, м.

1. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў). Грошы, каштоўныя рэчы, каштоўнасці. Мне не належаць скарбы і багацце. Кляшторны. Набыткі, скарбы, аддавалі ўсё, душы і сэрца толькі не давалі. Дубоўка. // Багацці прыроды, зямных нетраў. Хацеў на цябе паглядзець, Сібір, Стоячы з думай ціхай, Скарбы пабачыць тваіх глыбінь, Паветрам тайгі падыхаць. Калачынскі. Скарб палёў — збажыну, Што ўзрасціў чалавек, Перавозяць таварнякі. Прыходзька.

2. звычайна мн. (ска́рбы, ‑аў); чаго або якія. Духоўныя і культурныя каштоўнасці. [Народныя] масы не толькі вырабляюць матэрыяльныя каштоўнасці, неабходныя для жыцця і паступальнага развіцця грамадства, але і ствараюць яшчэ вялікія скарбы духоўнай культуры. Лушчыцкі. Мовазнаўца знойдзе ў творах .. [Коласа] скарбы народнай беларускай мовы, філосаф — нямала сапраўды філасофскіх праблем. «Полымя». // Багацці розуму, сэрца і пад. Хіба не трагічна, калі вялікія сыны народа .. вымушаны былі служыць чужой культуры, якую яны, па волі гістарычнага лёсу, узбагачаюць скарбамі свайго генія, свайго таленту. Майхровіч.

3. перан. Пра таго (тое), што мае асабліва вялікую вартасць. Добрыя кадры — гэта жывы скарб. Дуброўскі. Нават просты спеў птушыны Раджае ў сэрцах пачуццё, Што лепшы скарб — краса айчыны, Яе бясконцае жыццё! Кірэенка. Майстры сівыя навучаюць моладзь, перадаюць ёй скарб сваёй навукі і дзівяцца з таго, як хутка ловяць сакрэты ўсе іх маладыя рукі. Дубоўка. Скарб, а не дзяўчына, усё з паўслова разумее. Шыцік. // іран. ужыв. [Маці:] — Што ты нешта сёння з гэтым вужышчам усхадзіўся. Такі-та скарб. Пальчэўскі. // Пра вельмі дарагое, каштоўнае для каго‑н. Маша трымала на руках свой беленькі скарб — малое ў «канверце» — і ўсміхнулася мне, кіўнуўшы галавою. Брыль. Усяго некалькі слоў, але .. [роля] здавалася мне вялікім скарбам. Сяргейчык. Пабег шчаслівы Сцяпанка ў ток са сваёй пушачкай. Цешыла яго вельмі тое, што гэтага скарбу ўжо ніхто ў яго не адбярэ. Бядуля.

4. Каштоўнасць схаваныя, закапаныя дзе‑н. І раптам камсорг-прараб Спыніўся ўсхваляваны: — Глядзіце, знайшоў я скарб, Што быў карчмаром схаваны. Нядзведскі.

5. Багацце, маёмасць. Форма скарбу ёсць проста форма грошай, якія не знаходзяцца ў абарачэнні. Маркс. [Дзед Мікалай] вартуе начамі калгасны скарб. Якімовіч. І яго доля працы ўнесена ў агульны скарб дзяржавы. Алешка. / у іран. ужыв. Мужчыны адышлі ў куточак і падлічылі да капеечкі свой скарб. Пальчэўскі.

6. Разм. Пажыткі, хатнія рэчы. Снавалі дзеці і мужчыны, З сяней, з каморы скарб сцягалі І на вазы яго складалі. Колас. Увесь яго скарб умясціўся на возе: там ляжыць невялікі мех сухароў, сякія-такія транты. Сабаленка. Усюды на падлозе валяўся скарб — рэшаты, адзежа, кублы. Лупсякоў. За плячыма старой вісеў нейкі клунак, напэўна, з дамашнім скарбам. Мележ.

7. Уст. Дзяржаўная ўласнасць; казна. Былі там пасекі. Штогоду Тут сотні блізшага народу Дзялянкі лесу карчавалі І на трацяк іх засявалі — Капу да скарбу, дзве дадому... Колас. І грошы тыя начальства забрала да скарбу. Гарэцкі.

[Польск. skarb.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусці́цца, спушчуся, спусцішся, спусціцца; зак.

1. Сысці, перамясціцца зверху ўніз. [Лабановіч і Садовіч] прайшлі жалезны мост, спусціліся з высокага насыпу і пайшлі берагам. Колас. [Баніфацый] спусціўся з Касцельнай гары і доўга хадзіў па парку, чакаючы світання. Чарнышэвіч. Калі Рыта спусцілася з ганка і пайшла па алейцы, Вігдароўскі вынырнуў са змроку і ўзяў яе пад руку. Навуменка. // Перамясціцца ніжэй, знізіцца; апусціцца. Ужо адвячорак. Нізка спусцілася сонца. Шамякін. // Злезці адкуль‑н. уніз. — Трэба праверыць, — ледзь чутна прашаптаў Юрка і асцярожна спусціўся на зямлю. За ім злез і Сяргей. Курто. Фёдар спыніў каня, хацеў дапамагчы Апанаску сысці, але той сам спачатку абмацаў нагой утулку кола — стаў на яе ботам, а потым спусціўся на зямлю і толькі цяжка дыхаў — як усё роўна мяхі, падымаліся і апускаліся грудзі. Даніленка. // Сысці на ніжэйшае месца; апынуцца дзе‑н. [Колька:] — Мама, давай спусцімся да самай вады, пройдзем па беразе, га? Кулакоўскі. Прачытаўшы ліст Колі Высоцкага, .. [Клава] спусцілася на карчомны двор пашукаць сабе работы. Чорны. // Папасці ў сярэдзіну, у глыбіню чаго‑н. У шахту, у забой Спусціўся ён [Максім] глыбока. Куляшоў. Калі .. [Алёшка] спусціўся ў кацельную, то знясілены лёг на ложак і доўга ляжаў, без руху, без думак. Лынькоў. // Ссунуцца (пра што‑н. адзетае, абутае). Панчохі спусціліся. Спадніца спусцілася. // перан. Апусціцца да ўзроўню каго‑, чаго‑н. [Стругач:] — Сёння, бадай, трэба паехаць. Час ужо. Заседзеўся. Трэба спусціцца ў нізы. Прокша.

2. на што і без дап. Сесці, прызямліцца (пра птушак, насякомых, лятальныя апараты). Самалёт спусціўся на аэрадром. □ Сказала [крыжанка]: — Разбойнік Ідзе па гушчарах, Дзе знойдзе бяззбройных, Усіх выпішчае.. Спусціўся ўстрывожаны шпак: — І мой падабраў маладняк! Калачынскі. // перан. Наступіць, насунуцца (пра ноч, імглу, туман і пад.). А калі спусціцца поўнач, Раптам з прыціхшай даліны.. Спеў даляціць салаўіны. Танк. Спусціўся вячэрні змрок, здавалася б, самы час для лёту качак, а іх усё не відаць. Ігнаценка. // Працяглы час ісці, ліць (пра дождж, снег і пад.). У жніўні спусціліся на зямлю цяжкія ліўні. Кірэйчык.

3. Звіснуць, навіснуць. Густы чуб чорных .. валасоў спусціўся на лоб. Бядуля. А Лапко нічым не выказваў свайго хвалявання, можа толькі бровы яго трохі ніжэй спусціліся над вачыма. Колас.

4. Размясціцца па нахіленай плоскасці. Купайся, цягні падвалокі: Да ціхай азёрнай затокі Спусціўся з гары Маленькі пасёлак Суёкі. Маляўка.

5. Ідучы, выйсці куды‑н. Маленькая працэсія спусцілася на дарогу, мінула мосцік праз ручай, які шумна бег у рэчку, і пайшла па Галёнах. Васілеўская. // перан. Цягнучыся, вывесці куды‑н. За вёскай дарога спусцілася ў лагчыну, дзе сінеў ланцужок невялікіх сажалак. Беразняк.

6. Разм. Прыйсці ў заняпад, разарыцца. [Пан Бірыла:] — Мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусціцца з яе. Чорны. // Страціць ранейшыя пазіцыі, становішча. Што Славіку ранейшы брыгадзір усяляк дапамагаў, каб мы [механізатары] не спусціліся ніжэй рэкордных паказчыкаў, мне тады таксама не вельмі падабалася. Даніленка.

7. Сарвацца з чаго‑н., што ўтрымлівае. Курок сам спусціўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́ць, спыю, спыніш, спыніць; зак.

1. каго-што. Затрымаць на месцы каго‑, што‑н., не даць рухацца каму‑, чаму‑н. — Глядзі ж, сынок! — спыніў .. [Міхася] бацька. — Слухай настаўніка. Колас. Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек. Лынькоў. Кандрат Назарэўскі саскочыў з воза і спыніў каня. Чорны. // Перапыніць працу чаго‑н. (механізма, завода і пад.). Механік лыпнуў вачыма, спыніў барабан і чамусьці палез на яго. Карпаў. [Рыгор Паўлоўскі] заклікаў рабочых кінуць работу, спыніць завод, пакуль гаспадар не выканае іх патрабаванняў. Кудраўцаў. // Перастаць працаваць. Памочнік спыніў работу, кіўнуў настаўніку галавою і чакаў далейшага выяснення справы. Колас. // Перапыніць свой рух. Ні самалёты, ні танкі .. — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль. Вінцэсь спыніў крокі, апусціўся на падлогу і зазірнуў Сяргею ў вочы. Мікуліч. // Затрымаць, адбіўшы атаку. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда». // Не даць магчымасці сысці крывёю. [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.

2. што. Стрымаць развіццё, пашырэнне, рух (думак, поглядаў і пад.). Але нішто не можа спыніць распаўсюджвання ідэй марксізма-ленінізма ў масах, нішто не можа аслабіць пераўтвараючую сілу рэвалюцыйнай тэорыі. «Звязда».

3. што. Перапыніць, прыпыніць, перарваць (пра гаворку, смех і пад.). Але як толькі [гаспадар] пачуў, у чым справа, то спыніў размову. Маўр. [Маці] плакала і не магла спыніць слёз радасці. Якімовіч. / у перан. ужыв. І заспяваў так салавейка, што аж спынілі гоман дрэвы. Дубоўка. // Пакласці канец чаму‑н. (дзейнасці, размове і пад.) сваім умяшаннем. Ніхто тае трагедыі не спыніць І не падставіць, не падложыць рук. Чэрня. Разгляд справы быў адложан да таго часу, калі будзе злоўлен Сомік. А калі Сомікаў канец стаў вядомы, справу пра замах на Рыгора зусім спынілі. Крапіва. Тут умяшаўся настаўнік і спыніў спрэчку .. [Грышы і Лёні]. Васілевіч. // Перапыніць, затрымаць натуральныя працэсы развіцця. Цвіцення [дрэў] нішто не магло спыніць. Мележ. Хіба ж можна сонца рух спыніць? Часу вечны бег спыніць ці ж можна? Звонак.

4. каго-што. Утрымаць каго‑н. ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў, намеру зрабіць што‑н., не раіць што‑н. рабіць. Спыніць бойку. □ Ды дзед Антон спыніў агонь: — Страляеш не па цэлі! Смагаровіч. — Што ты робіш! — закрычаў Андрэй. Але гэты вокрык не спыніў Марыны. Шахавец. Фёдараў хацеў абмінуць хлопца, але Юзік спыніў яго. Гамолка.

5. што. Затрымаць увагу на кім‑, чым‑н., накіраваць на каго‑, што‑н. (погляд, позірк). У гэты момант Андрэй паглядзеў на.. [сябровак], спыніў позірк на Насці і здзіўлена ўзмахнуў брывамі. Шамякін. З цікаўнасцю .. [Комлік] агледзеў стракатую сталовую і раптам спыніў позірк на трэльяжы ў кутку. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сябе́, ДМ сабе, Т сабой (сабою), займ. зваротны.

Указвае на адносіны дзеяння да таго, хто яго ўтварае (дзейніка), адпавядаючы па сэнсу асабовым займеннікам любой асобы і ліку. Мікола расказаў дзеду пра сябе. Якімовіч. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна ўзіраецца перад сабою. Колас. Сеем, збіраем Спелае збожжа, Сабе, краіне Багацце множым. Купала. Чырвонаармейцы пераглянуліся паміж сабою. Чорны.

•••

Авалодаць сабой гл. авалодаць.

Атэставаць сябе гл. атэставаць.

Біць сябе ў грудзі гл. біць.

Браць (узяць) на сябе што гл. браць.

Браць (узяць) сябе ў рукі гл. браць.

Бубніць сабе пад нос гл. бубніць.

Валодаць сабою гл. валодаць.

Вывезці на сабе гл. вывезці.

Вывесці з сябе каго гл. вывесці.

Выдаць сябе гл. выдаць.

Выдаць сябе з галавой гл. выдаць.

Выйсці з сябе гл. выйсці.

Грудзьмі пракласці (пралажыць) сабе дарогу гл. пракласці.

Даць аб сабе знаць гл. даць.

Даць сябе адчуць гл. даць.

Замкнуцца ў сабе гл. замкнуцца.

Зарубіць сабе на носе гл. зарубіць ​2.

Звязаць сябе вузамі Гіменея гл. звязаць.

Звярнуць на сябе ўвагу гл. звярнуць.

Здрадзіць сабе гл. здрадзіць.

Зжыць сябе гл. зжыць.

Знайсці сябе гл. знайсці.

Ірваць на сабе валасы гл. ірваць ​1.

Лавіць сябе на чым гл. лавіць.

Матаць сабе на вус гл. матаць ​1.

Мераць па сабе гл. мераць.

Набіць сабе цану гл. набіць.

Налажыць (накласці) на сябе рукі гл. налажыць ​1.

На сябе не забыць гл. забыць.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (падзець) гл. ведаць.

Не па сабе каму — няёмка (пра стан збянтэжанасці, разгубленасці і пад.). Уся гэта абстаноўка для Панаса незвычайна, і ён адчувае сябе крыху не па сабе сярод тлумнага зборышча дарослых людзей. Колас.

Не помніць сябе гл. помніць.

Несці сябе (высока) гл. несці ​1.

Не чуць зямлі пад сабой гл. чуць.

Ног не чуць пад сабой гл. чуць.

Паводзіць сябе гл. паводзіць.

Паказаць сябе гл. паказаць.

Па сабе — па свайму густу.

Прабіць сабе дарогу гл. прабіць.

Прывесці ў сябе гл. прывесці.

Прыйсці ў сябе гл. прыйсці.

Псаваць сабе кроў гл. псаваць.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Сам не ў сабе гл. сам.

Само сабой (зразумела) гл. сам.

Сам (сама, само, самі) па сабе гл. сам.

Сам праз сябе гл. сам.

Сам (сама, само, самі) сабе гл. сам.

Сам сабе не рад гл. сам.

Сам сабе пан (гаспадар, галава) гл. сам.

Сам (сама, само, самі) сабою гл. сам.

Строіць з сябе каго гл. строіць.

Трымаць пры сабе гл. трымаць.

Трымаць сябе гл. трымаць.

Трымаць сябе ў руках гл. трымаць.

Трымаць у сабе гл. трымаць.

Убіць (набраць) сабе ў галаву гл. убіць.

У сябе — у сваім доме, пакоі і пад., у месцы знаходжання.

Цераз сябе браць гл. браць.

Як за сябе закінуць гл. закінуць.

Які з сябе (сабою)? гл. які.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варушы́цца, ‑рушу́ся, ‑ру́шышся, ‑ру́шыцца; незак.

1. Прыходзіць у ледзь прыкметы рух ад чаго‑н. Ледзь варушылася лісце ліпавых прысад — кроны іх цямнелі ў святле электраліхтароў. Хадкевіч. // Рабіць рухі, шавяліцца. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На губах настаўніка заўсёды блукае стомленая ўсмешка, і ён стараецца захаваць яе, і ад гэтага варушыцца левы вус. Чарнышэвіч.

2. Кішэць, знаходзіцца ў хаатычным руху (пра вялікую колькасць людзей, жывёл). Каля.. [негра] стаяў кошык, у якім варушыліся ядавітыя змеі. Арабей. // Праяўляць прыкметы ажыўлення. Перон варушыўся, нібы муравейнік. Васілевіч.

3. перан. Разм. Займацца чым‑н., актыўна дзейнічаць. Калі трэба было рабіць што ў полі, ці з’ездзіць куды на людзі, то гэтым займаўся бацька: не такі ўжо і стары, варушыўся яшчэ як мае быць. Скрыган. // Ажыўляцца, праяўляць актыўнасць (пра думкі, пачуцці і пад.). Першы момант анямення .. прайшоў, і думкі мае пачалі крыху варушыцца. Колас. І толькі недзе там, у глыбіні душы, балюча варушылася ўчарашняя крыўда. Гамолка.

4. Разм. Ехаць, ісці (звычайна павольна). Тралейбус, здавалася, ледзь варушыўся, а прыпынкі былі доўгія, як знарок. Дамашэвіч.

5. заг. варушы́(це)ся. Разм. Ужываецца пры пабуджэнні да дзеяння. [Скіба:] Варушыцеся, не давайце сябе ў крыўду, не забывайце, што вы — людзі. Крапіва. — Но-о, гняды, варушыся! — ляснуў ляйчынаю стары. Гурскі.

6. Зал. да варушыць (у 1, 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.

2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.

3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

•••

Дрэнныя жарты гл. жарт.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глухі́, ‑ая, ‑ое; глух, ‑а.

1. Часткова або поўнасцю пазбаўлены слыху; няздольны чуць. Глухі на адно вуха. □ Як ем, дык глух і нем. Прымаўка. // у знач. наз. глухі́, ‑ога, м.; глуха́я, ‑ой, ж. Пра чалавека, пазбаўленага слыху. Жылі ў адной вёсцы сляпы, глухі і бязногі. Якімовіч. Глухі не дачуе, дык прыдумае. Прымаўка. // перан. Неспагадлівы, нячулы, раўнадушны. Жанчына жыла толькі .. [дзіцем], глухая да навакольнага. Карпаў.

2. Невыразны, нязвонкі, прыглушаны. Глухі голас. Глухія выбухі. □ Прызвычаенае вуха інжынера пачула.. глухі перастук колаў, водгукі рэха, якое кацілася над палямі. Лынькоў. // Які вымаўляецца без удзелу голасу (пра гукі). Глухі зычны. // перан. Затоены, невыразны. Між сялян пайшла глухая гаворка, у якой чулася нейкая трывога і страх. Колас. Не патрэбна ні скарг, ні скрухі, ні глухіх нараканняў на лёс. Глебка.

3. Густы, цёмны, непраходны. Наўкол глухія хмызнякі — Сынок малы ад жалю плакаў, Калі ў піліпаўку ваўкі Заелі сёмага сабаку. Арочка.

4. Які знаходзіцца ў глушы, далёка ад населеных месц; далёкі ад жыццёва важных цэнтраў. Глухая вёска. □ Калісьці гэткі цёмны і глухі, Мой родны кут, сягоння ты ў агнях. Смагаровіч. // Пустынны, бязлюдны. Глухі завулак. Глухая дарога.

5. перан. Такі, калі спыняецца рух, замірае жыццё; глыбокі, позні. Глухая поўнач. Глухая восень.

•••

Глухая крапіва гл. крапіва.

Глухая сцяна гл. сцяна.

Глухія дзверы гл. дзверы.

Глухое акно гл. акно.

Глухі як пень — зусім глухі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. завёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Ведучы, даставіць куды‑н. Завесці дзіця ў сад. □ Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.

2. Адвесці не туды, куды трэба. [Іван Цуба] завёў карнікаў у непраходнае балота. Краўчанка. Дарога на ток здавалася вельмі доўгай. Язэпу ўвесь час хацелася ўцячы, знікнуць або завесці гэтых людзей куды-небудзь далей ад току. Асіпенка. // перан. Прымусіць выйсці за межы жаданага, мажлівага і пад. Капрызнай бывае думка рацыяналізатара. Яна можа завесці яго туды, куды ён, здавалася б, і не меў намеру ісці. Шахавец.

3. Заснаваць, набыць што‑н., абзавесціся чым‑н. Завесці пчол. Завесці гаспадарку. □ Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. Усе нашы хлопцы без выключэння завялі сабе прычоскі. Навуменка.

4. Устанавіць, увесці. Завесці новыя парадкі. Завесці строгі ўлік.

5. і без дап. (звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Пачаць што‑н. Каб крыху перабіць настрой, каб стала весялей, дзяўчаты завялі песню. Дубоўка. Пятро паспрабаваў завесці гаворку пра надвор’е, пра ўраджай. Пальчэўскі.

6. Прывесці ў дзеянне, пусціць у ход які‑н. механізм. Завесці гадзіннік. Завесці патэфон. Завесці матор.

•••

Завесці катрынку — пачаць дакучлівую размову, гаварыць адно і тое ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)